Бона Сфорца

каралева польская і вялікая княгіня літоўская

Бо́на Сфо́рца д’Араго́на (па-італьянску: Bona Sforza d’Aragona; 2 лютага 1494, Віджэвана — 19 лістапада 1557, Бары) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1518—1557), другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта Аўгуста і Ганны Ягелонкі.

Бона Сфорца
Bona Sforza
Каралева польская, вялікая княгіня літоўская, княгіня Русі, Прусіі і Мазовіі, герцагіня Міляну, Бары, прынцэса Расана і інш.
 Каралева Польшчы
18 красавіка 1518 — 18 лістапада 1557
Каранацыя 18 красавіка 1518
Папярэднік Барбара Заполья
Наступнік Лізавета Аўстрыйская
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 2 лютага 1494, Віджэвана
Памерла 19 лістапада 1557 (63 гады), Бары
Пахаваная Базыліка сьвятога Мікалая (Бары)
Нашчадкі
Дынастыя Сфорцы
Муж Жыгімонт Стары
Бацька Джан Галеаца Сфорца
Маці Ізабэля Арагонская

Поўны тытул: Бона, Божай ласкаю каралева Польшчы, вялікая княгіня Літвы, герцагіня Бары, прынцэса Расана(it), Русі, Прусіі, Мазовіі і да т. п. (па-лацінску: Bona Dei gratia regina Poloniae, magna dux Lithuaniae, Barique princeps Rossani, Russiae, Prussiae, Masoviae etc. domina).

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Дачка мілянскага герцага Джаваньні-Галеаца са знакамітага італьянскага роду Сфорцаў. Хоць ейны бацька быў законным герцагам Міляну, уладу захапіў Людавіка іль Мора, які кіраваў ад імя свайго пляменьніка. Па сьмерці мужа Ізабэля Арагонская, маці Боны, разам з дачкамі пераехала ў Бары.

У маладосьці Бона Сфорца атрымала добрае выхаваньне. Дзякуючы настаўнікам вывучала творы Вэргіліюса, Цыцэрона і Айцоў Царквы[4], навучылася шляхетна выказвацца, мела веды ў гісторыі, праве, адміністрацыі і багаслоўі. Была гаспадарлівай, ашчаднай, умела аказваць уплыў на людзей.

Дзякуючы намаганьням Габсбургаў Ізабэля здолела выдаць дачку за аўдавелага польскага караля і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта I. Шлюб і каранацыя адбыліся ў Кракаве 18 красавіка 1518[4].

Ад самага прыезду ў Польшчу ў 1518 годзе Бона старалася займець моцную палітычную падтрымку. Акрамя прывезеных з сабою італьянцаў, зьбірала атачэньне і зь мясцовых шляхцічаў. На ейным баку былі, між іншага, Пётар Кміта, Андрэй Крыцкі і Пётар Гамрат — гэтак званы трыюмвірат.

Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваеньня фэўдаламі. Да 1524 Бона ўжо валодала як каралеўскімі ўладаньнямі Пінскім і Кобрынскім княствамі, Сялецкім маёнткам, вялікім кавалкам пушчы каля Нараву, а пасьля намервалася вярнуць каралеўскую маёмасьць на Падляшшы. Выкупала таксама ўладаньні на Літве, у 1536—1546 роках атрымаўшы кантроль над мытнымі пунктамі па ўсім Вялікім Княстве, што прыносіла велізарныя прыбыткі.

У 1527, паваліўшыся з каня, каралева заўчасна нарадзіла другога сына Ольбрахта, памерлага ў той жа дзень[5]. Пасьля здарэньня яна ўжо не магла мець дзяцей. Каб гарантаваць Ягайлавічам польскі сталец, Бона пастанавіла змусіць шляхту і магнатаў да каранацыі адзінага сына, непаўнагадовага Жыгімонта Аўгуста. Найперш з выкарыстаньнем падарункаў і раздачай уладаньняў пераканала літоўскую шляхту паставіць яго князем вялікім літоўскім (к. 1527—1528). Пасьля ў 1530 року Жыгімонт II быў каранаваны ў Польшчы. Гэта выклікала вялізнае незадавальненьне польскіх паноў, таму была прынятая пастанова пра тое, што наступная каранацыя адбудзецца толькі па сьмерці Жыгімонта Аўгуста і тое са згоды ўсіх прадстаўнікоў шляхты.

У 1544 Жыгімонт Аўгуст атрымаў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і пераехаў у Вільню. Гэта было прычынай значнага аслабленьня ўлады каралевы, якая працівілася ад’езду. Гэты канфлікт інтарэсаў, а таксама справа шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл прывялі па сьмерці Жыгімонта Старога да ад’езду Боны з дачкамі ў Мазовію. Прабыўшы там 8 гадоў і пераканаўшыся, што паразуменьня з сынам ня знойдзе, у 1556 вярнулася ў графства Бары. Пры гэтым на жаданьне шляхты мусіла вырачыся ад усіх тэрытарыяльных уладаньняў у Польшчы.

Праз год па вяртаньня ў Бары Бона Сфорца была атручаная сваім давераным дваранінам Джанам Лярэнцам Папакодам. Ініцыятарамі забойства былі Габсбургі, якія намерваліся зарабіць на фальшаваньні ейнага тэстамэнту, а таксама пазьбегнуць сплаты доўгу ў памеры 430 тыс. дукатаў, які Бона пазычыла графу Альбе, намесьніку караля Гішпаніі Філіпа II. Пахаваная каралева ў базыліцы сьвятога Мікалая ў Бары вельмі сьціплым чынам. Толькі ейная дачка Ганна Ягелонка замовіла флярэнцкаму майстру Санці Гучы надмагільле. Выкананы ў 1593 року помнік у маньерысцкім стылі захаваўся да сёньняшняга дню.

Дзейнасьць рэдагаваць

Запрошаныя ёю італьянцы, адмыслоўцы розных галін, аказалі значны ўплыў на пашырэньне найноўшых заходнеэўрапейскіх культурных і тэхнічных дасягненьняў, спажывецкіх прыхільнасьцяў эпохі Рэнэсансу, у тым ліку на ўдасканаленьне мэню, спачатку толькі найвышэйшых арыстакратычных колаў Польшчы і ВКЛ. Закладзеныя ў яе шматлікіх маёнтках, у тым ліку ў Беларусі, прынцыпы інтэнсыўнага, у інтарэсах фэўдалаў, гаспадараньня (мэліярацыя, палепшаны севазварот), узмоцненага, але ўнармаванага падаткаабкладаньня, пазьней былі распаўсюджаныя на ўсе дзяржаўныя маёнткі ВКЛ (гэтак званая валочная памера 1557 году) і да канца XVI стагодзьдзя прынятыя большасьцю землеўладальнікаў.

Боне Сфорцы таксама прыпісваецца дасканалае валоданьне атрутамі, яе падазраюць у арганізацыі атручаньня апошніх зь незалежных мазавецкіх князёў у 1522 годзе і непажаданай нявесткі Барбары Радзівіл у 1551 годзе.

У зьнешняй палітыцы была зацятай праціўніцай Габсбургаў і намагалася хаўрусу з Францыяй. У Вугоршчыне пасьля бітвы пад Мохачам падтрымала — насуперак Габсбургам — Яна Запольяі, за якога аддала сваю найстарэйшую дачку Ізабэлю[4]. Таксама Бона старалася захаваць добрыя стасункі з Асманскай імпэрыяй і кантактавала з Раксаланай, галоўнай жонкай Сулеймана Пышнага.

Зь дзейнасьцю Боны Сфорцы зьвязваюць зьяўленьне або пашырэньне ў мэню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны — апэльсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыправаў — шафрану, фэнхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў, каштанаў, разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу, артышокаў, капэрсаў і г. д. Найбольш яскравым новаўвядзеньнем эпохі Боны лічыцца салата і іншая гародніна, а таксама ўвядзеньне ў карыстаньне відэльцу і да т. п.

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б RKDartists (нід.)
  2. ^ а б в г Catalog of the German National Library (ням.)
  3. ^ а б в г Deutsche Nationalbibliothek Record #119138158 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  4. ^ а б в Maria Bogucka Bona Sforza. — II. — Warszawa: Zakład narodowy im Ossolińskich, 1998. — С. 25. — ISBN 83-04-04705-5
  5. ^ Grzybowski, Dzieje Polski i Litwy (1506—1648), s. 47.

Літаратура рэдагаваць

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»
Папярэднік
Барбара Заполья
Каралевы польскія
1518—1557
Наступнік
Лізавета Аўстрыйская