Берасьцейская мынца

Берасьце́йская мы́нца, берасьце́йская ме́ньніца, берасьце́йскі манэ́тны двор — мынца, створаная падчас грашовай рэформы караля Яна Казіміра для выбіцьця літоўскіх медных шэлягаў — гэтак званых барацінак.

Рашэньне пра заснаваньне мынцы было прынятае Варшаўскім Соймам 22 сакавіка 1659 году. Аднак праз вайсковыя дзеяньні, і акупацыю ВКЛ маскоўскім войскам, мынца ў Берасьці пачала сваю працу толькі 4 сьнежня 1665 году і працавала да 16 сьнежня 1666 году, калі была зачыненая каралеўскім распараджэньнем. Праца адбывалася на падставе пагадненьня ад 6 ліпеня 1665 году паміж прадстаўніком земскага скарбу ВКЛ і Цырусам Бандзінэльлі (Cyrus Bandinelli), прадстаўніком арэндатара мынцы Тытуса Лівіюша Бараціні.

На Берасьцейскай мынцы выбіта 240 680 150 медных шэлягаў на суму 2 674 268 злотых і 10 грошаў ці 240 680 150 шэлягаў (1 злоты = 90 грошам, 1 грош = 3 шэлегам).

Шэлягі, выбітыя на берасьцейскай мынцы, падобныя да барацінак бітых віленскай мынцай. На авэрсе — партрэт Яна Казіміра, вакол надпіс IOAN CAS REX, пад партрэтам манаграма Бараціні — TLB. На рэверсе — Пагоня, вакол надпіс SOLI MAG DVC LIT 1665/1666. Над Пагоняю Вялікакняская карона, пад Пагоняю манаграма вялікага падскарбія літоўскага Гэраніма Крышпіна Кіршэнштэйна — KHPL. Некаторыя беларускія дасьледнікі сьцьвярджаюць, што гэта першае ў гісторыі Рэчы Паспалітай ўжываньне на манэтах не лацінскага, а польскага ці беларускага скароту.

Берасьцейскія барацінкі адрозьніваюцца ад віленскіх малой манаграмаю KHPL, і «Пагоняю», якая мае толькі шчыт, у той час, як «Пагоня» на віленскіх барацінках акрамя выгнутага шчыта мае «крылы».

Літаратура рэдагаваць

  • Сінчук Й. Бэрысьтіјська мінньця в 1660—1666 роках // Јітјежа (поліська) штудіјно-прахтыцька конфырэнция. — Пінск, 1990
  • Wojciech Niemirycz. Polska Moneta Miedziana w XVII wieku. — Беласток, 1979