Беласто́к (польск. Białystok) — места ў Польшчы, на рацэ Белай. Адміністрацыйны цэнтар Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2017 год — 297 288 чалавек. Знаходзіцца за 174 км ад Варшавы. Чыгуначны вузел.

Беласток
лац. Biełastok
польск. Białystok
Палац Браніцкіх
Палац Браніцкіх
Герб Беластоку Сьцяг Беластоку
Першыя згадкі: 1320
Горад з: 1892
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Мэр: Тадэвуш Трускаласкі
Плошча: 102 км²
Вышыня: 120—160 м н. у. м.
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 297 288 чал.
шчыльнасьць: 2914,59 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовыя індэксы: ад 15-001 да 15-899
Нумарны знак: BI
Геаграфічныя каардынаты: 53°7′0″ пн. ш. 23°10′0″ у. д. / 53.11667° пн. ш. 23.16667° у. д. / 53.11667; 23.16667Каардынаты: 53°7′0″ пн. ш. 23°10′0″ у. д. / 53.11667° пн. ш. 23.16667° у. д. / 53.11667; 23.16667
Беласток на мапе Польшчы
Беласток
Беласток
Беласток
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.bialystok.pl

Беласток — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся збудаваны у стылі рэнэсансу Стары Фарны касьцёл, збудаваныя ў стылі барока меская ратуша, палацава-паркавы комплекс Браніцкіх «Падляскі Вэрсаль», кляштар шарытак і аўстэрыя, збудаваныя ў стылі клясыцызму царква саборная Сьвятога Мікалая, палацава-паркавы комплекс Рудыгераў, будынак масонскай ложы і Дом Напалеона, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод усіх местаў Польшчы ў Беластоку жыве найбольшая колькасьць беларусаў. У месьце знаходзіцца Генэральны Кансулят Беларусі.

Гісторыя рэдагаваць

Паміж Вялікім Княства Літоўскім і Каралеўствам Польскім рэдагаваць

 
Герб Беластоку з Пагоняй
 
Палац Браніцкіх. Н. Орда, 1876 г.

Паводле паданьня, Беласток заснаваў вялікі князь Гедзімін у 1320 годзе. У падляскіх граматах XIV ст. упамінаецца Бяльшчаны сток. Паводле некаторых зьвестак, у першай палове XV ст. Беласток быў у валоданьні Рачкі Табутовіча[1]. У 1426 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў яго разам з ваколіцамі Мацею з Тыкоціна. Тым часам першы дакладны пісьмовы ўпамін пра Беласток як сяло ў Падляскім ваяводзтве датуецца 1514 годам[2]. У 1547 годзе ён перайшоў у валоданьне Весялоўскіх.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Беласток перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1581—1584 гадох Пётар Весялоўскі фундаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, а ў 1617 годзе пачаў будаваньне новага касьцёла, скончанае ўжо яго сынам. У 1646 годзе Беласток увайшоў у склад Тыкоцінскага староства. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 і 1660 гадох сяло спустошылі маскоўскія захопнікі. У 1659 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў маёнтак Стэфану Чарнецкаму за перамогу на швэдамі. У 1685 годзе Беласток па кудзелі перайшоў да Браніцкіх. Відаць, за Стэфанам Мікалаем Браніцкім у 1692 годзе места атрымала Магдэбурскае права[2] (паводле іншых зьвестак — у 1723[3] або толькі ў 1749 годзе[4]). У 1697 годзе Браніцкія збудавалі тут палац, пры якім існавалі тэатар, сад, аранжарэі, вадасховішчы і 2 зьвярынцы.

У XVIII ст. Беласток стаў найбольшым і найважнейшым местам Падляшша, места ўмацавалі мурам зь вежамі-брамамі. У 1715 годзе тут збудавалі сынагогу. У 1727 годзе Ян Клемэнс Браніцкі заснаваў у месьце царкву Сьвятога Мікалая, збудаваў цэрквы Сьвятога Роха (1750 год) і Марыі Магдалены (1758 год). у 1745—1746 гадох у Беластоку збудавалі ратушу. 1 лютага 1749 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас паўторна[2] надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі пад залатой каронай срэбны грыф, які трымае залатую манаграму K[lemens] B[ranicki]»[5]. У 1753 годзе Беласток пацярпеў ад вялікага пажару. У 1771 годзе места перайшло ў валоданьне Патоцкіх.

Пад уладай Прусіі і Расейскай імпэрыі рэдагаваць

 
Герб Беластоцкай вобласьці з Пагоняй
 
Старая Фара. Н. Орда, 1876 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Беласток апынуўся ў складзе Прусіі, дзе стаў цэнтрам дэпартамэнта. У гэты час Варшаўскую і Баярскую вуліцы забудавалі 2-павярховымі камяніцамі, пачаў дзеяць Беластоцкі інстытут павітух. Па паразе Прусіі ў вайне з Францыяй паводле Тыльзыцкага міру ў 1807 годзе Беласток апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе ў 1808 годзе стаў цэнтрам вобласьці. Такім чынам, у адрозьненьне ад Львова ва ўкраінцаў і Караляўца ў летувісаў, што засталіся па-за межамі гвалтоўнай русіфікацыі, Беласток страціў магчымасьць стаць асяродкам беларускага адраджэньня[6].

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Беластоку ліцьвінамі: у 1825 годзе ў матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэтуту адзначыўся Rohmann (Romahn) O. August., Bialystock Lithuan[us][7].

У 1835 годзе ў Беластоку працавалі пялюшная і суконная фабрыкі. У 1843 годзе места стала цэнтрам павету Гарадзенскай губэрні. На 1857 год тут было 780 дамоў, працавалі 7 фабрык і 9 заводаў, дзеяў Беластоцкі камэрцыйны банк. 7 лютага 1861 году зьявіўся праект расейскага гербу Беластоку[8]. У 1862 годзе празь места прайшла Пецярбурска-Варшаўская чыгунка.

У 1860-я гады ў Беластоку дзеялі касьцёл, 2 царквы, 5 капліц, лютэранская кірха, 2 сынагогі і 15 малітоўных дамоў, працавала 14 фабрык (зь іх 3 кордавыя, 2 суконныя, 2 паперні, 2 маслабойні, 2 мылаварні, 2 гарбарні), 9 млыноў і 2 бровары. На 1889 год у месьце было 4127 жылых дамоў, дзеялі касьцёл, царква, лютэранская кірха і 2 сынагогі, працавалі рэальная, павятовая, прыходзкая і пачатковая жыдоўская вучэльні, інстытут шляхетных дзяўчат, 2 прыватныя школы, 2 лякарні, шпіталь, 2 тэатры, 4 аптэкі, 29 крамаў, 27 заводаў і 133 фабрыкі (больш за 2 тыс. работнікаў), штогод праводзіўся кірмаш. У пачатку ХХ ст. галоўнай галіной прамысловасьці была суконна-кортавая, працавалі таксама гарбарні, шаўковыя і тытунёвыя фабрыкі, машынабудаўнічы, мылаварныя заводы, лесапільні, млыны і іншае. На прадпрыемствах працавала каля 6 тыс. чалавек. Вытворчасьць тканін служыла базай для разьвіцьця кравецтва.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Беласток занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час рэдагаваць

 
2-гі зьезд Таварыства беларускай школы ў Беластоку, 8 сьнежня 1929 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Беласток абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Беласток увайшоў у склад Беларускай ССР[10], дзе стаў цэнтрам падраёну Гарадзенскага раёну[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам ваяводзтва. У міжваенны час у Беластоку дзеялі беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі. У 1927—1931 гадох тут дзеяў драматычны гурток Таварыства беларускай школы пад кіраўніцтвам К. Сідарэвіча, які паставіў спэктаклі «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Зьбянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага і іншыя. У 1929 годзе самадзейны гурток Віленскай беларускай гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканьне» Ў. Галубка. У 1937—1938 гадох у месьце дзеяла Таварыства працаўнікоў беларускага тэатру «Полымя».

 
Выдавецка-асьветнае таварыства «Сяўба», вуліца Ліпавая, дом 6

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Беласток акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. 28—30 кастрычніка ў Беластоку прайшоў Народны сход Заходняй Беларусі. У лістападзе 1939 году места ўвайшло ў склад БССР, дзе 4 сьнежня стала цэнтрам раёну і вобласьці. У 1939 годзе Беласток стаў сядзібай для ўправы Беластоцкае чыгункі. У 1939 годзе тут утварыліся Беларускі ансамбль песьні і танцу на чале з Рыгорам Шырмам і Беластоцкі аддзел Беларускай дзяржаўнай эстрады.

23 чэрвеня 1941 году Беласток зноў занялі войскі нацысцкай Нямеччыны. Быў заснаваны Беластоцкі беларускі нацыянальны камітэт, які дзеяў да 1944 году. Нацысты вынішчалі жыдоўскае насельніцтва. У 1943 годзе адбылося паўстаньне ў гета. 27 ліпеня 1944 году Беласток занялі савецкія войскі 2-га Беларускага фронту.

У верасьні 1944 году Сталін перадаў Польскай Народнай Рэспубліцы 17 раёнаў Беластоцкай вобласьці і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці, хаця фармальна гэтая тэрыторыя кіравалася БССР да 16 жніўня 1945 году — часу прыняцьця закону аб савецка-польскай граніцы. Пры гэтым падрыхтоўка, падпісаньне і ратыфікацыя дамовы ажыцьцяўлялася без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР, яна не абмяркоўвалася ў найвышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі, дамова парушала палажэньні Канстытуцыі СССР 1936 году і Канстытуцыі БССР 1937 году, якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на зьмяненьне яе граніц. З пункту гледжаньня міжнароднага права дамова ўяўляла сабой чарговы падзел тэрыторыі Беларусі[12]. Па ўлучэньні беларускіх тэрыторыяў у склад Польшчы аднавілася Беластоцкае ваяводзтва. У паваенны час у Беластоку ўтварыліся Беларускае грамадзка-культурнае таварыства і Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне.

У 1982—1999 гадох у Беластоку вялося будаваньне царквы Сьвятога Духа. У 1999 годзе згодна з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзелам замест Беластоцкага ваяводзтва ўтварылася Падляскага ваяводзтва з цэнтрам у Беластоку.

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XVIII стагодзьдзе: 1772 год — 1845 чал., зь іх 1025 (55,6%) грэка-каталікоў[13]
  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 13 787 чал.; 1860 год — 16 544 чал. (8146 муж. і 8398 жан.), зь іх паводле стану 386 купцоў, 12 544 мяшчаніны і 1680 рамесьнікаў, паводле веры 3887 каталікоў, 713 эвангелістаў, 643 праваслаўныя, 11 288 юдэяў і 13 мусульманаў[14]; 1878 год — 34 506 чал. (19 009 муж. і 15 497 жан.), зь іх 5560 эвангелістаў (3054 муж. і 2506 жан.), 5185 праваслаўных (3014 муж. і 2171 жан.), 3084 каталікі (1674 муж. і 1414 жан.), 20 365 юдэяў (10 961 муж. і 9404 жан.) і 312 мусульманаў (306 муж. і 6 жан.)[15]; 1889 год — 56,6 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1989 год — 225 чал.[16]; 1992 год — 275 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2012 год — 294 675 чал., зь іх каля 3% складалі этнічныя беларусы[17]; 2017 год — 297 288 тыс. чал.

Адукацыя рэдагаваць

У Беластоку працуюць унівэрсытэт, політэхнічны інстытут, мэдычная акадэмія, духоўная сэмінарыя, іншыя ВНУ. Ёсьць пачатковая школа і гімназія, дзе як дадатковы прадмет вывучаецца беларуская мова (у 2012 годзе вывучалі 20 школьнікаў), дзіцячы садок, у якім выхаваньне вядзецца па-беларуску (у 2012 годзе было 40 дзяцей). У Беластоцкім унівэрсытэце працуе катэдра беларускай філялёгіі.

Культура рэдагаваць

Дзеюць драматычны і лялечны тэатры, філярмонія, галерэі, музэі, заапарк. Ёсьць нацыянальныя беларускія арганізацыі: Беларускае Грамадзка-культурнае Таварыства ў Польшчы, Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай, Беларускае аб’яднаньне студэнтаў і іншыя. Штогод адбываюцца Дні беларускай культуры, Фэстываль беларускай песьні, фэстываль беларускай альтэрнатыўнай музыкі «Басовішча» і іншыя акцыі, якія прапагандуюць беларускую культуру.

Мас-мэдыя рэдагаваць

У месьце выдаюцца рэгіянальныя газэты і часопісы, выходзяць у этэр радыё- і тэлеперадачы мясцовай студыі. Па-беларуску выдаецца тыднёвік «Ніва», выходзіць месячнік «Czasopis» з матэрыяламі на польскай і беларускай мовах, іншыя выданьні, прысьвечаныя беларускай тэматыцы. Беластоцкае радыё штодзённа трансьлюе перадачы на беларускай мове, мае сваіх карэспандэнтаў на Беларусі. Незалежнае «Радыё Рацыя» трансьлюе таксама перадачы на Беларусь.

Эканоміка рэдагаваць

Беласток — вялікі прамысловы цэнтар. У прамысловасьці места працавала ў 2003 годзе 16,5 тыс. чал. Найбольшую ўдзельную вагу ў прамысловай прадукцыі маюць харчовая і тэкстыльная прамысловасьць, машынабудаваньне, а таксама энэргетыка, газа- і водазабесьпячэньне.

У Беластоку працуе завод стальных канструкцыяў, які выпускае абсталяваньне для чыгункі: элемэнты для мастоў, тунэляў, вакзалаў. Беластоцкі камбінат «Bison-Bial» належыць да інструмэнтальнае прамысловасьці. Аб’яднаньне «Biawar» — вытворца вядомых у Польшчы і за мяжой награвальнікаў вады. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беластоку — баваўняны камбінат «Fasty». Існуюць у Беластоку прадпрыемствы хімічнай, гарбарнай, шкляной прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, працуе дывановая фабрыка і іншыя прамысловыя прадпрыемствы.

Транспарт рэдагаваць

Беласток — буйны транспартны вузел. Чыгункі ідуць у пяці кірунках: на Горадню, Варшаву, Баранавічы, Берасьце і Граева. Аўтамабільныя магістралі злучаюць Беласток з Горадняй, Ваўкавыскам, Варшавай, Сувалкамі, Ломжай, Люблінам.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Славутасьці рэдагаваць

  • Аўстэрыя (XVIII ст.)
  • Будынак масонскай ложы (1803—1806)
  • «Дом Напалеона» (сярэдзіна XIX ст.)
  • Камяніцы (XVIII-XIX стагодзьдзяў)
  • Капліца (XVIII ст.; цяпер царква Марыі Магдалены)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Старая Фара; 1617—1626)
  • Касьцёл Сьвятога Войцеха (1909—1912)
  • Касьцёл Сьвятога Роха (1927—1946)
  • Касьцёл Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Новая Фара; 1900—1905)
  • Кляштар Сясьцёр Міласэрнасьці (шарытак; 1769)
  • Могілкі: каталіцкія фарныя, лютэранскія, праваслаўныя, эвангелісцкія, юдэйскія
  • Палацава-паркавы комплекс Браніцкіх («Падляскі Вэрсаль», XVII—XVIII стагодзьдзі; цяпер сядзіба Мэдычнай акадэміі) — вялікая рэзыдэнцыя ў стылі барока з галерэямі, павільёнамі, дзядзінцамі, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі
  • Палац Гасбаха (1880-я)
  • Палац гасьцявы Браніцкіх (сярэдзіна XVIII ст.)
  • Палац Трылінгаў (1898–1899)
  • Палацава-паркавы комплекс Рудыгераў (сярэдзіна XIX ст.)
  • Ратуша з гадзіньнікавай вежай (1745—1761)
  • Царква ганізонная (2-я палова XIX ст., мураўёўка; цяпер касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Езуса)
  • Царква гарнізонная Сьвятога Серафіма Сароўскага (1895, мураўёўка; цяпер касьцёл Сьвятога Станіслава Біскупа Мучаніка)
  • Царква саборная Сьвятога Мікалая (1846)
  • Царква Ўсіх Сьвятых (XIX ст.)

Страчаная спадчына рэдагаваць

  • Гатэль Рытц (1912—1913)
  • Камяніца Заблудоўскага (1825)
  • Сынагога Вялікая (1909—1913)
  • Сынагога Заблудаўская (1834)
  • Сынагога Номер Тамід (1703)
  • Сынагога Пулкава (1861)
  • Сынагога Старая (1764)
  • Царква саборная Ўваскрасеньня Хрыстова (1898—1912, мураўёўка)

Галерэя рэдагаваць

Асобы рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 305.
  2. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 306.
  3. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 69.
  4. ^ Пракопчык Б. Невядомы Беласток // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2010. — № 225 (26833). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 114.
  6. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 306.
  7. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 751.
  8. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 115.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 197.
  13. ^ Karczewska M., Karczewski M. Cmentarz wielowyznaniowy na wzgórzu Św. Marii Magdaleny w Białymstoku. Historia miejsca. — Białystok — Poznań, 2012. S. 23.
  14. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 201.
  15. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 200—201.
  16. ^ Госцеў А. Беласток // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 488.
  17. ^ Пракопчык Б. Дыпляматыя — праз чалавечыя стасункі // Зьвязда : газэта. — 10 красавіка 2012. — № 69 (27184). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць