Беларускі ПЭН-цэнтар

беларуская пісьменьніцкая арганізацыя

Белару́скі ПЭН-цэ́нтар — грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, створанае ў лістападзе 1989 году аргкамітэтам з 20 пісьменьнікаў.

Беларускі ПЭН-цэнтар
Дата ўтварэньня лістапад 1989
Тып пісьменьніцкае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта абарона правоў пісьменьнікаў
Штаб-кватэра Залатая Горка, д. 2
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Старшыня Сьвятлана Алексіевіч
1-ы намесьнік Павал Анціпаў
Матчына кампанія Міжнародны ПЭН-клюб (Лёндан, Ангельшчына)
Зьвязаныя кампаніі Беларускі Хэльсынскі камітэт
Сайт pen-centre.by

Прыняты ў Сусьветную асацыяцыю пісьменьнікаў «Міжнародны ПЭН-клюб» у траўні 1990 году на Сусьветным кангрэсе. Зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі 16 лістапада 1990 году на падставе Статуту і Пастановы Савету міністраў Беларусі № 274 ад 1 лістапада 1990 году, а таксама перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 году. Як сябра Міжнароднага ПЭН-клюбу Беларускі ПЭН-цэнтар мае статус «А» ў ЮНЭСКО і дарадчы статус у ААН. Аб’яднаньне створанае з мэтай пашырэньня інтэлектуальнай супрацы прадстаўнікоў творчых прафэсіяў, удзелу ў міжнароднай літаратурнай супрацы, разьвіцьця беларускай культуры, выхаваньня ў грамадзкай сьвядомасьці высокіх гуманістычных ідэалаў.

9 жніўня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі пра закрыцьцё Беларускага ПЭН-цэнтру. Прысуд вынесла судзьдзя Ганна Сакалоўская згодна з абвінавачаньнем пракуроркі І.А. Кавальчук паводле 3-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: 357 (частка 1) за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, 361 (частка 3) за заклікі да шкоды нацыянальнай бясьпецы і 361-1 (частка 1) за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні. Прадстаўніком Міністэрства юстыцыі выступіў А.У. Печкуроў[1].

Кіраваньне рэдагаваць

  • Сход. Склікаецца аднойчы на 2 гады. Паўнамоцны пры ўдзеле звыш паловы чальцоў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў ад ліку прысутных. Абірае Раду і Кантрольную камісію.
  • Рада. Складаецца з 7 чалавек, у тым ліку абраных Сходам старшыні і ягоных трох намесьнікаў. Склікаецца прынамсі аднойчы на 6 месяцаў. Правамоцная пры прысутнасьці прынамсі 4 чальцоў. Ухваляе пастановы агульнай згодай без аднаго голасу. Выконвае пастановы Сходу, стварае журы літаратурных узнагародаў і кіруе маёмасьцю.
  • Кантрольная камісія. Складаецца з трох чальцоў. Правамоцная пры прысутнасьці большасьці чальцоў, якой ухваляе пастановы. Зьбіраецца прынамсі штогод для праверкі справаводзтва і захаваньня маёмасьці.

Старшыні:

Праграмы рэдагаваць

Літаратурныя прэміі рэдагаваць

У 1994 годзе заснаваныя дзьве штогадовыя літаратурныя прэміі, якія прысуджаюцца выдатным прафэсіяналам з мэтай заахвочваньня іх працы і адзнакі зробленага на карысьць распаўсюджваньня ідэяў адкрытага грамадзтва.

Беларускі ПЭН-цэнтар выступіў у якасьці аднаго з заснавальнікаў Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца.

Пісьменьнікі ў зьняволеньні рэдагаваць

З 1996 году Беларускі ПЭН-цэнтар зьяўляецца сябрам камітэту «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў міжнароднага ПЭН-клюбу.

Пісьменьнікі ў выгнаньні рэдагаваць

Праграма працуе на падтрымку пісьменьнікаў, якія вымушаны жыць у выгнаньні, і была ініцыявана ПЭН-клюбам у мэтах абмену інфармацыяй і вопытам, а таксама ў мэтах прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да праблем, зь якімі сутыкаюцца пісьменьнікі-выгнаньнікі.

Лінгвістычнае права рэдагаваць

Беларускі ПЭН-цэнтар удзельнічае ў рабоце Камітэту міжнароднага ПЭН-клюбу па мастацкім перакладзе і лінгвістычным праве, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Барсэлёне, і ў першую чаргу па праграме «Ўсеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў».

Крытыка рэдагаваць

У 2015 годзе пра свой выхад зь Беларускага ПЭН-цэнтру заявілі літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў. Паводле словаў Алеся Аркуша, знаходзіцца ў складзе гэтай арганізацыі — значыць «даваць магчымасьць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна», бо «з сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца», ніхто не цікавіцца іх меркаваньнем па тым ці іншым пытаньні[2], а сам ПЭН-цэнтар, які павінен абараняць правы пісьменьнікаў, апошнім часам «ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменьнікаў, чым павінны былі ў першую чаргу займацца»[3]. Дадатковай прычынай паслужыла заява ПЭН-цэнтру пра дыскрымінацыю расейскамоўных пісьменьнікаў. Па падобнай прычыне пакінуў арганізацыю і пісьменьнік Сяргей Дубавец[2]. Пасьля заявы пра «дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў» пакінуў арганізацыю і драматург Юры Станкевіч, які патлумачыў прычыну свайго сыходу яшчэ й тым, што ён стаў сябрам ПЭН-цэнтру, калі «арганізацыя імкнулася прытрымлівацца пісьменьніцкага праваабарончага кірунку і нацыянальнай ідэі. А потым прыйшлі „эпігоны“, набылі сяброўства выпадковыя і невыпадковыя людзі, і наступіла непазьбежнае»[4].

У 2016 годзе ў беларускай літаратурнай прасторы ўзьнік скандал па выніках уручэньня літаратурнай прэміі «Дэбют», заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам. На цырымоніі ўручэньня прэміі намінацыя «Паэзія» засталася безь пераможцы, у выніку чаго маладыя паэты палічылі такое рашэньне журы зьняважлівым да іх. Пасьля інцыдэнту паэт Алесь Плотка, які ўвайшоў у шорт-ліст прэміі, зьвярнуўся да арганізатараў конкурсу з просьбай, «каб брыдкі скандал, які ўзьнік вакол гэтай намінацыі, быў вырашаны». Яго падтрымалі і астатнія шортлістэры. Алесь Плотка пракамэнтаваў, што сваім рашэньнем не прызначаць пераможцу сярод паэтаў журы парушыла статут прэміі, дзе напісана: «ў кожнай намінацыі вызначаюцца пераможца (1 месца) і даюцца два заахвочвальныя прызы»[5].

Існуюць праблемы і зь іншай літаратурнай прэміяй, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам — «Прэмія Цёткі». Так, у сьпіс намінантаў могуць ня трапіць калектыўныя зборнікі зь вялікай колькасьцю аўтараў альбо мастакоў, хаця дадзены выпадак нідзе не прапісаны, а ў Палажэньні аб прэміі згодна п. 1.3. наадварот, нават гаворыцца, што «ў выпадку калектыўнага аўтарства прэмія дзеліцца між усімі аўтарамі кнігі-пераможцы». Пры гэтым арганізатары спасылаюцца на тое, што журы можа прымаць рашэньні аб прыняцьці кнігі да разгляду ў прэміі згодна з уласным меркаваньнем[6].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Вярхоўны суд вырашыў зьліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтар // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 жніўня 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
  2. ^ а б Анна Шайкоўская Беларускі ПЭН-цэнтр скалануў скандал. Беларускае Радыё РацыяПраверана 8 сакавіка 2018 г.
  3. ^ Літаратары пакідаюць Беларускі ПЭН-цэнтр праз моўны скандал. Эўрапейскае радыё для Беларусі (12 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018 г.
  4. ^ Пісьменьнік Юры Станкевіч выходзіць з ПЭН-цэнтра. Наша Ніва (19 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018 г.
  5. ^ Настасься Салановіч (24 сакавіка 2016) Скандал на прэміі «Дэбют». Як «Паэзія» засталася без пераможцаў. БелаПАНПраверана 8 сакавіка 2018 г.
  6. ^ Алег Грушэцкі (8 сакавіка 2018) Журы Прэміі Цёткі абвясціла намінантаў. Новы ЧасПраверана 8 сакавіка 2018 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць