Беларуска-літоўскія летапісы

Белару́ска-літо́ўскія ле́тапісы[1][2] або летапісы Вялікага Княства Літоўскага[3] — частка беларускіх летапісаў, умоўны назоў гістарычна-літаратурных твораў, складзеных у Вялікім Княстве Літоўскім на старабеларускай мове. Традыцыйнае летапісаньне заняпадае ў XVII стагодзьдзі, саступіўшы месца шматлікім новым жанрам, такім як: мясцовыя летапісы (гарадзкія хронікі), дыярыюшы, хранографы[4]. Вядома чатыры асобныя помнікі XV—XVI стагодзьдзяў: Летапісец вялікіх князёў літоўскіх, Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году (першы збор), Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага (другі збор), Хроніка Быхаўца (трэці збор)[2]. Беларуска-літоўскія летапісы паслужылі крыніцай для напісаньня хронік Мацея Стрыйкоўскага, Аляксандра Гваньіні і Марціна Бельскага. Летапісы — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадзка-палітычнай думкі беларускага народу, ягонай мовы і беларускай гістарычнай прозы[2].

Найменьне рэдагаваць

Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя летапісы, напісаныя на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў гістарычных колах звычайна называлі «літоўскімі», «рускімі»[5]; пазьней пачалі прапаноўвацца шматлікія іншыя назвы, такія, як «беларускія аб Вялікім Княстве Літоўскім» (Восіп Бадзянскі, 1846), «беларускія» (Мікалай Кастамараў, 1861, Вячаслаў Чамярыцкі, 1969), «літоўска-рускія» (Іларыён Ціхаміраў(ru), 1901), «заходнярускія» (Аляксей Шахматаў, 1901), «летапісы Вялікага Княства Літоўскага» (Уладзімер Пашута, 1977). Такі погляд быў абумоўлены памылковымі ўяўленьнямі аб беларускім народзе і яго гісторыі або чыста палітычнымі прычынамі[5]. Назоў «беларуска-літоўскія летапісы» быў прапанаваны беларускім гісторыкам Мікалаем Улашчыкам (1906—1986) і стала замацаваўся ў айчыннай гістарыяграфіі[a].

Летапісаньне рэдагаваць

Асноўны артыкул: Беларускія летапісы

Беларускія летапісы — складаліся на землях Беларусі ў эпоху фэадалізму на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. У XVIXVIII стагодзьдзях называліся пераважна хронікамі. Паводле зьместу і агульнага характару падзяляюцца на дзяржаўныя і мясцовыя, аднак рэзкай мяжы паміж імі няма. Вытокі летапісаньня на Беларусі ў мясцовых гістарычных паданьнях і дзелавой пісьменнасьці, у традыцыях гістарычнай прозы і летапісаньня Русі.[4]

Пачаткі летапісаньня рэдагаваць

Узьнікненьне і разьвіцьцё летапісаньня на землях Беларусі цесна зьвязана з гістарычным жыцьцём беларускага народу, з надзённымі грамадзка-палітычнымі праблемамі і тэндэнцыямі часу. Летапісы ня толькі адлюстроўвалі падзеі мінулага, захоўваючы пра іх памяь для наступных пакаленьняў, але і выконвалі важную ідэйна-публіцыстычную ролю ў фармаваньні грамадзкай думкі і гістарычнай сьвядомасьці[4].

У старажытнарускі пэрыяд (XIXIV стагодзьдзі), у эпоху фэадальнай раздробленасьці, летапісаньне Беларусі, як і іншых славянскіх зямель, характарызуецца мясцовай скіраванасьцю і лякальнасьцю. Паводле жанравай формы старажытныя летапісы не былі цэльнымі творамі, сюжэтна закончанымі гістарычнымі аповесьцямі, а мелі фрагмэнтарны характар, падзяляліся на асобныя, нярэдка слаба зьвязаныя паміж сабой часткі — пагадовыя запісы, аб’яднаныя толькі агульнасьцю тэмы і формы гістарычнага апавяданьня. На беларускіх землях у эпоху сярэднявечча бытавалі таксама гістарычныя зборнікі наўгародскага, маскоўскага, цьвярскога, пскоўскага паходжаньня (напрыклад, летапісы Фоція, Аўрамкі) і іншыя. У цэнтры ўвагі тагачасных летапісцаў былі пераважна падзеі, непасрэдна ці ўскосна зьвязаныя з гісторыяй пэўнага ўдзельнага княства. Такі выразна мясцовы характар маюць, напрыклад, Кіеўскі летапіс (XII стагодзьдзе), Галіцка-Валынскі летапіс (XIII стагодзьдзе), наўгародзкія летапісы (XIIIXIV стагодзьдзі), а таксама першыя летапісныя помнікі, што ўзьніклі на тэрыторыі Беларусі: Полацкі летапіс (XII стагодзьдзе) і Смаленскі летапіс (XIIIпачатак XV стагодзьдзяў)[7].

У Вялікім Княстве Літоўскім рэдагаваць

Характэрнай рысаю летапісаньня XVXVI стагодзьдзя на землях Вялікага Княства Літоўскага зьяўляецца яго агульнадзяржаўная скіраванасьць. Характар летапіснага жанру паступова зьмяняецца. Спэцыфічнай яго асаблівасьцю стала спалучэньне традыцыйнай, пагадовай формы выкладу з прагматычным, зьвязным апавяданьнем пра мінулае, кароткіх дакумэнтальных запісаў-паведамленьняў з гістарычнымі аповесьцямі. У летапісах пачаў шырока выкарыстоўвацца літаратурны вымысел, узмацнілася белетрызацыя гістарычных апавяданьняў, яны сталі больш разнастайнымі паводле зьместу, стылю, ахопу гістарычных падзей[8]. Асобныя гістарычныя аповесьці на пэўных этапах дапаўняліся новым матэрылам і аб’ядноўваліся ў летапісныя зводы, якія складаліся традцыйна, бяз творчай перапрацоўкі тэксту. Пачынаючы зь XVII стагодзьдзя агульнадзяржаўныя летапісы (уласна беларуска-літоўскія летапісы) заняпадаюць, на зьмену ім прыходзяць шматлікія новыя жанры: мясцовыя летапісы (гарадзкія хронікі), дыярыюшы, хранографы[4].

Беларуска-літоўскія летапісы і хронікі захаваліся ў шматлікіх сьпісах, на сёньняшні час вядома каля 22-ух захаваўшыхся[b][9]:

Захаваліся таксама некаторыя не ўключаныя ў пералік летапісныя сьпісы, якія зьяўляюцца пераказамі іншых пісьмовых помнікаў альбо дайшлі да нашага часу ў выглядзе дробных летапісных урыўкаў.

Беларуска-літоўскія летапісы паслужылі крыніцай для напісаньня хронік Мацея Стрыйкоўскага, Аляксандра Гваньіні і Марціна Бельскага[2].

Дасьледваньні рэдагаваць

Вывучэньне спадчыны рэдагаваць

Навуковае вывучэньне беларуска-літоўскіх летапісаў пачалося з публікацыі Ігнатам Даніловічам Супрасьлеўскага летапісу (1823—1827) і ягонай працы па «літоўскіх» летапісах (1840. Пазьней Тэадор Нарбут зрабіў палеаграфічнае дасьледаваньне «Хронікі Быхаўца» (1838) і выдаў яе поўны тэкст у 1846 годзе.

Фактычна, яшчэ раней да сюжэтаў «літоўскіх» летапісаў зьвяртаўся Аўгуст Шлёцэр(ru) (1735—1809), але ставіў пад сумнеў існаваньне апошніх, бо ў той час гэтыя летапісы былі невядомымі, меліся толькі спасылкі на іх Мацея Стрыйкоўскага, апроч таго, Шлёцэр атаясамліваў Вялікае Княства Літоўскае з этнічнай Летувай, а пад «літоўскімі» разумеў помнікі, пісаныя на летувіскай (жамойцкай) мове, якіх, сапраўды, не існавала. Таксама існаваньне літоўскіх летапісаў адмаўляў Юзэф Крашэўскі.

Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя вывучэньне «літоўскіх» летапісаў актывізуецца, хоць і ненадоўга. Апроч выданьня Нарбутам «Хронікі Быхаўца» (1846), Бадзянскі выдаў урыўкі зь летапісу Рачынскага (1846), Андрэй Папоў(ru) — частку Слуцкага летапісу (1854). У «Лекцыях па рускай гісторыі» Кастамарава (1861) «беларускім» летапісам прысьвячаецца невялікі разьдзел. Аднак, пасьля гэтых прац у вывучэньні гэтай праблемы настаў пэрыяд пэўнага застою, і толькі ў 1880-я-1890-я гады невялікую частку сваіх дасьледваньняў па гісторыі прысьвяцілі «літоўскім» («рускім», «руска-літоўскім») летапісам украінскія (Амяльян Аганоўскі(ru), Уладзімер Антановіч(ru), Мікалай Дашкевіч(ru), Міхаіл Грушэўскі) і польскія гісторыкі Ісідар Шараневіч(ru), Станіслаў Смолька(pl)), Антоні Прахаска(uk)). У пэрыяд з пачатку XX стагодзьдзя да дзяржаўнага перавароту выходзяць таксама некалькі манаграфій расейскіх навукоўкаў («Аб складзе заходнярускіх, гэтак званых літоўскіх летапісаў[10]», «Заходнярускія летапісы як помнікі літаратуры» і іншыя такога кшталту).

Праблеме дасьледваньня беларуска-літоўскіх летапісаў пачалі прысьвячаць свае працы дасьледнікі ў міжваеннай і савецкай Летуве, а таксама і ўласна беларускія навукоўцы. Сярод першых зь быў рэктар БДУ Уладзімер Пічэта, грунтоўныя працы былі зробленыя Мікалаем Улашчыкам, Вячаславам Чамярыцкім. Тамы 17, 32 і 35 Поўнага збору рускіх летапісаў(ru) прысьвечаныя спадчыне беларуска-літоўскіх летапісаў[d].

На тэрыторыі незалежнай Беларусі дасьледваньне беларуска-літоўскіх летапісаў атрымала новы імпульс, дасьледуюцца ня толькі летапісы, але і гарадзкія хронікі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод іншага, у 1997 годзе МГА «Беларускі Кнігазбор» выдала асобную кнігу, прысьвечаную беларускім летапісам і хронікам[11], у 2000 годзе Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт выдае вучэбны дапаможнік «Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі[12]», у 2010 беларускім часопісам ARCHE была падрыхтавана да друку манаграфія, прысьвечаная летапісам і хронікам Беларусі[13].

Клясыфікацыя рэдагаваць

Вядомыя сьпісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Нягледзячы на агульнасьць паходжаньня гэтых помнікаў, узаемнае падабенства і блізкасьць у асобных частках, шмат якія іх сьпісы значна адрозьніваюцца сваім зьместам, колькасьцю і аб’ёмам зьвестак, характарам апісаньня асобных падзей і нават рэдактарскай апрацоўкай тэксту. Летапісы і хронікі некаторых сьпісаў заснаваны на зусім розных крыніцах. Адзіным агульным для ўсіх сьпісаў тэкстам зьўляецца фактычна толькі Летапісец вялікіх князёў літоўскіх, які складае нязначную частку летапіснага тэксту большасьці сьпісаў[14].

Неаднароднасьць складу летапісаў розных сьпісаў была даўно заўважана дасьледнікамі, што натуральна выклікала патрэбу ў спэцыяльнай іх клясыфікацыі. Пры вывучэньні гісторыка-культурнай спадчыны беларуска-літоўскіх летапісаў пачынаючы з канца XIX стагодзьдзя робяцца шматлікія спробы ўпарадкаваньня летапісаў рознымі навукоўцамі. Так паводле клясыфікацыі Іларыёна Ціхамірава[10] ўсе беларуска-літоўскія летапісы можна падзяліць на два зводы-рэдакцыі: кароткі і поўны, Міхаіл Грушэўскі нават чатыры іх рэдакцыі[15]. Але найбольшае пашырэньне атрымаў падзел беларуска-літоўскіх летапісаў на тры асноўныя тыпы — тры асобныя летапісныя зводы[13]:

  • Першы летапісны звод ці Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году, які прадстаўлены Нікіфіраўскім, Супрасьлеўскім, Акадэмічным, Слуцкім сьпісамі. Узьнікненьне зводу 1446 году зьвязана са Смаленскам, дакладней з дваром мясцовага япіскапа, а потым Мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Русі Герасіма.
  • Другі летапісны звод ці Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага, створаны ў першай трэці XVI стагодзьдзя, у які ўвайшлі летапісы Красінскага, Альшэўскі, Румянцаўскі, Рачынскага, Еўраінаўскі. Натхняльнікі гэтага твору — літоўскія магнаты, сярод якіх часьцей за ўсё называюць віленскага біскупа Паўла Гальшанскага.
  • Трэці летапісны звод прадстаўлены ўсяго адным творам — Хронікай Быхаўца. Дасьледнікі даўно зьвярнулі ўвагу на асаблівую цікавасьць летапісца да князёў Алелькавічаў-Слуцкіх і на яго добрае знаёмства зь мясцовасьцю ў раёнах Наваградку, Клецку, Слуцку. Настрой гэтага летапісу, у параўнаньні зь іншымі летапісамі. Летапісец імкнецца залагодзіць усе супярэчнасьці і спрэчкі паміж Літвой і Русьсю, удала абыходзячы вострыя вуглы ў гісторыі іх узаемін.

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Абсалютная большасьць вядомых на сёньняшні час беларуска-літоўскіх летапісаў былі створаныя на тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі, меншая частка — на тэрыторыі сучасных Украіны і Расеі, невядома ніводнага летапісу, створанага на тэрыторыі этнаграфічнай Летувы, калі не ўлічваць Вільні, якая апынулася сёньня па-за межамі сучаснай Беларусі[6].
  2. ^ У ЭВКЛ прыводзіцца лічба ў ~50 захаваўшыхся сьпісаў беларускіх летапісаў (ня блытаць з уласна беларуска-літоўскімі летапісамі, вузейшым азначэньнем)[4].
  3. ^ Тэксты Патрыяршага А. і Патрыяршага Б. сьпісаў — гэта дзьве асобныя рэдакцыі адной і той жа хронікі, зьмешчаня ў адным рукапісу.
  4. ^ Былі апублікаваныя 17 вядомых (ацалелых) летапісаў. Апроч гэтага, у Мацея Стрыйкоўскага былі зьвесткі аб яшчэ 15 летапісах, якія не дайшлі да нашага часу альбо дагэтуль ня знойдзеныя.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Назаров В. Д. Летописи белорусско-литовские // Большая советская энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия, 1969—1978.  (рас.)
  2. ^ а б в г Вячаслаў Чамярыцкі. Летапісы беларуска-літоўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 192.
  3. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 113.
  4. ^ а б в г д Вячаслаў Чамярыцкі. Летапісы беларускія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 192—193.
  5. ^ а б Вячаслаў Чамярыцкі. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 192 с.: С. 11.
  6. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 192 с.: С. 14.
  7. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 192 с.: С. 6.
  8. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Летапісы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 191.
  9. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 192 с.: С. 13.
  10. ^ а б И. Тихомиров. О составе западнорусских, так называемых литовских летописей. ЖМНП, ч. CCCXXXIV, март, 1901. С.1-36. (рас.)
  11. ^ Беларускія летапісы і кронікі, МГА «Беларускі кнігазбор».
  12. ^ * Альбіна Семянчук. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Мн.: ГрДУ, 2001. — 161 с ISBN 985-417-206-6
  13. ^ а б Прадмова да кнігі «Хронікі і летапісы Беларусі»(недаступная спасылка), часопіс ARCHE.
  14. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 192 с.: С. 15.
  15. ^ М. Грушевський. Історія України — Руси. Т. VI. Жите економичне, культурне, національне XIV—XVII віків. Київ—Львів, 1907. С.357, 360.  (укр.)

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць