БелКА (скарот ад Беларускі касьмічны апарат) — супольны беларуска-расейскі касьмічны праект, першы штучны спадарожнік Зямлі, які належыць Беларусі.

Першая спроба запуску рэдагаваць

Першапачаткова запуск сатэліта быў заплянаваны на 5 сьнежня 2005 году, але пасьля яго перанесьлі на 26 ліпеня 2006 году. У красавіку 2005 году спадарожнік быў перавезены зь Менску ў Маскву ў навукова-вытворчае аб’яднаньне НВА «Энэргія». Наземны пункт прыёму інфармацыі зь беларускага сатэліта быў створаны ў Менску (прадугледжваліся запасныя пункты ў Маскве і Ханты-Мансійску), для гэтага ў Менску на адным з высотных будынкаў была ўсталявана радыё-люстра радыюсам 9 мэтраў.

Праект распачаўся ў 2003 годзе. Працы над стварэньнем спадарожніка былі часткова засакрэчаныя: створаная ў сыстэме Нацыянальнай Акадэміі Навук прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сыстэмы» ад кантактаў з прэсай устрымлівалася. Сярод галоўных функцыяў спадарожніка «БелКА» — інфармацыя для геадэзіі і картаграфіі, сачэньне за пажаранебясьпечнай сытуацыяй, забруджаньнем вады і навакольнага асяродзьдзя. Плянавалася, што дадзеныя са спадарожніку будуць выкарыстаныя Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях, Міністэрствам прыроды, Міністэрствам транспарту і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі структурамі.

Плянавалася, што сатэліт «БелКА» будзе лятаць на вышыні 510 кілямэтраў, аблятаючы за содні ўсю паверхню Зямлі, у тым ліку пралятаючы над Беларусьсю адзін раз за трое сутак. Здымкі, якія плянавалася атрымліваць са спадарожніка, павінны былі даць магчымасьць разглядаць аб’екты на зямной паверхні ў панхраматычным рэжыме з дакладнасьцю распазнаваньня ў 2—2,5 мэтру (адзін канал), або ў шматканальным рэжыме (4 каналы) з распазнаваньнем 10 мэтраў. Інакш кажучы, беларускі спадарожнік мог бы «заўважыць» наземныя аб’екты, якія маюць памер ад двух мэтраў. Плянаваўся таксама камэрцыйны продаж фатаздымкаў з арбіты.

Беларускі спадарожнік «БелКА», які меў прыкладную масу 200—250 кг, а таксама расейскі спадарожнік «Баўманец», плянавалася даставіць на касьмічную арбіту расейскай канвэрсійнай ракетай-носьбітам «Дняпро». Мінімальны тэрмін працы «БелКА» на арбіце — 5 гадоў.

Падчас пуску з касмадрому «Байканур» у Казахстане першы варыянт БелКА загінуў: ракета-носьбіт РС-20 «Дняпро», якая павінна была вывесьці апарат на калязямную арбіту, узарвалася.

Падрыхтоўка і пасьпяховы запуск рэдагаваць

12 ліпеня[1] 2007 году 1-ы намесьнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Пётар Віцязь падпісаў у Менску з кіраўніком Усерасейскага навукова-дасьледніцкага інстытуту электрамэханікі Леанідам Макрыдзенкам дамову аб стварэньні беларускага спадарожніка аддаленага зандаваньня (назіраньня) Зямлі[2]. 30 студзеня 2008 году Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт адчыніў Цэнтар аэракасьмічнай адукацыі для падрыхтоўкі наземных кіраўнікоў спадарожніка[3]. 29 лістапада 2010 году ў Беларусі стварылі цэнтар кіраваньня касьмічнымі палётамі[4].

22 ліпеня 2012 году ў 9 гадзін 41 хвіліну паводле менскага часу з пускавой пляцоўкі 31[5]касмадрома Байканур (Казахстан) адбыўся запуск ракеты-носьбіта «Саюз-ФГ» з разгонным блёкам «Фрэгат» і клястарам з 5 спадарожнікаў, сярод якіх быў і беларускі. У 10:26 адбыўся вывад на разьліковую арбіту[6]. Праз 2 гадзіны пасьля запуску спадарожнік даслаў зьвесткі аб сваім месцазнаходжаньні[7].

Маса БКА склала 400 кг. Абсталяваньне ўлучала:

  • сонечную батарэю;
  • антэну перадачы мэтавых зьвестак;
  • антэну тэлекаманднай сыстэмы[8];
  • тэлескопы з расьпазнаваньнем 2 м у чорна-белым адлюстраваньні і 10 м — у каляровым, што дазваляла зьняць усе землі Беларусі за 80 дзён.

Галоўным канструктарам спадарожніка быў Сяргей Залаты[9]. Абсталяваньне за 2 гады вырабілі на менскім канструктарскім прадпрыемстве «Пеленг»[10]. Працоўная арбіта спадарожніка склала 500-520 км[11]. БКА пралятае над Беларусьсю за суткі да 6 разоў і мае заставацца на арбіце 5 гадоў[12]. Стварэньне і запуск спадарожніка каштавалі 16-17 мільёнаў даляраў ЗША[13] або 600 млн. расейскіх рублёў[14].

Цэнтар кіраваньня палётам разьмясьцілі ў Аб'яднаным інстытуце праблемаў інфарматыкі НАНБ, на даху будынка якога ўстанавілі прыёмную антэну. Камандна-вымяральны пункт стварылі ў Плешчаніцах (Лагойскі раён, Менская вобласьць)[15].

Атрыманыя з спадарожніка здымкі прызначаюцца для абновы тапаграфічных мапаў і нагляду за:

  • землекарыстаньнем,
  • прыроднымі багацьцямі,
  • надзвычайнымі здарэньнямі,
  • навакольным асяродзьдзем[16].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ У Беларусі зьявіцца ўласны касьмічны комплекс. Эўрарадыё (12 ліпеня 2007). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  2. ^ У Менску падпісаны кантракт на стварэньне Беларускага касьмічнага комплексу дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі. Радыё «Беларусь» (13 ліпеня 2007). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  3. ^ У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце створаны Цэнтар аэракасьмічнай адукацыі. Радыё «Беларусь» (30 студзеня 2008). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  4. ^ Вольга Бяляўская (29 лістапада 2010) Цэнтар кіраваньня палётамі беларускага спадарожніка створаны ў Беларусі. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 1 жніўня 2012 г.
  5. ^ Вячаслаў Будкевіч (22 ліпеня 2012) Разгонны блок «Фрэгат» выводзіць клястар зь пяці спадарожнікаў на мэтавыя арбіты Эканоміка. БелаПАНПраверана 1 жніўня 2012 г.
  6. ^ Сёння а 9 гадзіне 41 хвіліне з касмадрома Байканур быў запушчаны беларускі касьмічны апарат Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія (22 ліпеня 2012). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  7. ^ Кацярына Бірэцкая (22 ліпеня 2012) Беларускі спадарожнік перадаў на Зямлю першыя сыгналы Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  8. ^ Беларусь уступіла ў «касьмічны клюб» Інфаграфіка. БелТА (24 ліпеня 2012). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  9. ^ Вячаслаў Будкевіч (22 ліпеня 2012) З касмадрома Байканур стартавала ракета з беларускім спадарожнікам Эканоміка. БелаПАН. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  10. ^ Лілія Крапівіна (24 ліпеня 2012) Запушчаны на арбіту беларускі касьмічны апарат працуе стабільна Грамадзтва. БелТА. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  11. ^ Вячаслаў Будкевіч (22 ліпеня 2012) Беларускі касьмічны апарат выведзены на разьліковую арбіту Эканоміка. БелаПАН. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  12. ^ Вадзім Шчаглоў (22 ліпеня 2012) Беларусь увайшла ў клюб касьмічных дзяржаваў Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  13. ^ Тамара Савіч (24 ліпеня 2012) Інфармацыя будзе паступаць са спадарожніка прама ў... трактар. Эўрарадыё. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  14. ^ Павал Берасьнеў (25 ліпеня 2012) Запуск спадарожніка — акупны праект Надзённае. Зьвязда, № 141 (27257). Праверана 1 жніўня 2012 г.
  15. ^ Вячаслаў Будкевіч (22 ліпеня 2012) Пасьля другой спробы Беларусь стала чальцом клюбу касьмічных дзяржаваў Эканоміка. БелаПАН. Праверана 1 жніўня 2012 г.
  16. ^ Вячаслаў Будкевіч (22 ліпеня 2012) Раскосмас падаў справаздачу пра вывядзеньне на мэтавыя арбіты расейскіх, беларускага, нямецкага і канадзкага касьмічных апаратаў Эканоміка. БелаПАН. Праверана 1 жніўня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць