Ба́скі (саманазва: euskaldunak) — этнас, які ў большасьці гістарычна пражывае на поўначы Гішпаніі ў правінцыях Краіна Баскаў ды Навара і на паўднёвым-захадзе Францыі, якія агулам складаюць гістарычны рэгіён Краіна Баскаў. Агульная колькасьць баскаў, паводле ацэнак, сягае да 12 мільёнаў чалавек. Існуюць некалькі недаказаных гіпотэзаў паводле паходжаньня баскаў. Гэтак паводле некаторых зь іх, баскі альбо нашчадкі ібэрыйцаў, альбо далёкія сваякі каўкаскіх народаў, альбо нават частка старажытнага даіндаэўрапейскага першабытнага насельніцтва Эўропы.

Баскі
Колькасьць ~ 12 млн. чалавек
Рэгіёны пражываньня

Аргентына Аргентына 3 500 069 чал.,
Краіна Баскаў ~ 2 589 669 чал.,
Чылі Чылі ~ 2 500 699 чал.,
Куба Куба ~ 1 699 690 чал.,
Мэксыка Мэксыка 1 100 000 чал.,
Пэру Пэру ~ 700 000

чал.,
Гішпанія Гішпанія (за выключэньнем Краіны Баскаў) ~ 500 000 чал.,
Уругвай Уругвай ~ 102 690 чал.
Мовы басконская (нацыянальная мова),
гішпанская
Рэлігія хрысьціянства (каталіцтва)
Блізкія этнасы ня выяўленыя

Гісторыя рэдагаваць

У дагістарычныя часы продкі баскаў былі шырока распаўсюджаныя ў заходняй Эўропе, засяляючы тэрыторыі Гішпаніі й Францыі (аквітанцы). Пасьля былі выцесьнены кельтамі.

 
Абшар асноўнага расьсяленьня баскаў

Да X стагодзьдзя краіна баскаў разам з правінцыяй Навара ўтварала Каралеўства Навара, якое ў наступстве ўвайшло ў склад Гішпаніі. Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя баскі карысталіся адмысловымі правамі і мелі некаторую аўтаномію ў дачыненьні да гішпанскай кароны.

За ўсю сваю гісторыю ў баскаў толькі аднойчы была ўласная дзяржава. Падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі баскі ў кастрычніку 1936 году абвесьцілі рэспубліку Эўскадзі, якая аднак ужо ў чэрвені 1937 году перастала існаваць.

У канцы эпохі дыктатуры Франсыска Франка ўтварылася падпольная басконская арганізацыя Басконія і свабода (бас. Euskadi Ta Askatasuna), вядомай пад скаротам ЭТА. Ейнай мэтай было вызваленьне ад дыктатуры і ўтварэньне незалежнай басконскай дзяржавы. Для гэтага яна выкарыстала тактыку тэрарыстычных актаў, якія яна праводзіла па ўсёй Гішпаніі. У якасьці аднаго з мэтадаў фінансаваньня ЭТА шантаж прадпрымальнікаў і прымус іх да выплаты гэтак званага «рэвалюцыйнага падатку», займалася таксама рабункамі банкаў і атрыманьня выкупу праз выкраданьне людзей. Па лібэралізацыі ў Гішпаніі баскі нароўні зь іншымі народамі краіны атрымалі ўласную аўтаномную супольнасьць, але й дагэтуль у краіне захоўваюцца тэрарыстычная дзейнасьць шэрагу нацыянальных арганізацыяў баскаў або сэпаратысцкія рухі.

Паходжаньне рэдагаваць

На цяперашні час агульнапрынята, што баскі не зьяўляюцца роднаснымі іншым этнасам Эўропы, якія належаць да індаэўрапейцаў (большая частка этнасаў Эўропы), фіна-вуграў (вугорцы, фіны, саамы, эстонцы, шэраг народаў эўрапейскае Расеі) і сэмітаў (мальтыйцы).

Шэраг гісторыкаў і лінгвістаў ставілі спробы высьветліць роднасныя сувязі баскаў зь іншай дараманскай этнапляменнай групай Гішпаніі, ібэрамі, аднак яе гістарычныя й лінгвістычныя аргумэнты на цяперашні час лічацца недастаткова абгрунтаванымі (так, мовазнаўцы ХІХ ст. адзначаліся пэўнымі нацяжкамі й няправільнымі этымалёгіямі ў пошуку роднасьці між ібэрскай і басконскай мовай). Пазьней паўстала гіпотэза аб роднасьці баскаў з аквітанамі (неіндаэўрапейскім насельніцтвам поўдня Францыі пачатку н.э.), якая ў некаторай ступені пацьвярджаецца дзякуючы некаторай этымалягічнай сувязі між зафіксаванымі аквітанскімі імёнамі й сучаснымі лексэмамі басконскае мовы. Сярод савецкіх мовазнаўца была папулярнай гіпотэза сувязі баскаў з картвэльскімі народамі, якая, аднак, моцна крытыкавалася заходнімі дасьледчыкамі. У параўнальна нядаўнія часы пэўныя штуршкі атрымалі гіпотэза васконскага субстрату (згодна зь якой баскі ўяўляюць сабою рэшткі роднасных даіндаэўрапейскіх этнасаў прыатлянтычнага рэгіёну) і сына-каўкаская гіпотэза (пастулюе даўнюю роднасьць баскаў з сына-тыбэцкімі, паўночнакаўкаскімі, тырэнскімі, гурыта-ўрарцкімі народамі і шэрагам іншых).

Некаторыя гісторыкі адзначаюць у Краіне Баскаў даўнюю прысутнасьць індаэўрапейскіх тапонімаў, што, на іх думку, можа сьведчыць на карысьць позьняй міграцыі баскаў у гэты рэгіён.

Мова рэдагаваць

Нацыянальная мовабасконская, таксама распаўсюджаныя гішпанская мова (асабліва ў Навары) і француская (у сумежных частках Францыі) мовы. Баскі ёсьць адзіным заходнеэўрапейскі народам, які не размаўляе на мове індаэўрапейскай групы. Басконская мова лічыцца ізаляванай мовай, бо ў лінгвістаў дагэтуль не атрымалася выявіць аніводнай сур’ёзнай сувязі басконскай мовы зь іншымі мовамі.

Зыходзячы з праблемы паходжаньня баскаў, сярод лінгвістаў здаўна прадпрымаюцца спробы па выяўленьні генэтычных сувязяў басконскае мовы зь іншымі. Першай падобнай гіпотэзай стала спроба выяўленьня сувязі між басконскай ды ібэрскай мовай (мова ібэраў — аднаго з даіндаэўрапейскага насельніцтва Гішпаніі), якая, аднак, пазьней стала крытыкавацца за нацяжкі пры пошуку агульнай этымалёгіі. Пазьней ставіліся спробы выявіць роднасныя сувязі мовы з картвэльскімі мовамі (была асабліва папулярнай сярод савецкіх мовазнаўцаў, моцна крытыкавалася заходнімі басколягамі). Найбольш прадстаўнічымі сучаснымі гіпотэзамі зьяўляюцца гіпотэзы роднасьці басконскае мовы з аквітанскай мовай (неідэнтыфікаванай мовай поўдня Францыі пачатку н.э.) або сына-каўкаскімі (аб’ядноўвае басконскую, паўночнакаўкаскую, сына-тыбэцкія, тырэнскія, гурыта-ўрарцкія, енісейскія мовы, мовы на-дэнэ й мову бурушаскі, але й само гэтае аб’яднаньне зьяўляецца дыскусійным). Пэўнай падтрымкай сярод заходніх басколягаў карыстаецца гіпотэза васконскага субстрату (гл. вышэй), якая грунтуецца на эўрапейскай гідраніміі. Лексыка й марфалягічны лад мовы рэзка адрозьніваюцца ад усіх моваў Эўропы.

На грунце басконскае мовы ўзьнікла крэольская мова эрамінчэла — мова цыганоў Краіны Баскаў.

Пісьмовая мова на аснове лацініцы, поруч з гішпанскай ёсьць афіцыйнай мовай Краіны Баскаў і Навары.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць