Барыс Кавэрда (12 жніўня 1907, Вільня — 18 лютага 1987, Вашынгтон, ЗША) — дзяяч расейскай Белай эміграцыі беларускага паходжаньня. У 1927 годзе зьдзейсьніў забойства паўпрэда СССР у Варшаве Войкава.

Барыс Кавэрда
Дата нараджэньня 21 жніўня 1907
Месца нараджэньня Вільня
Дата сьмерці 18 лютага 1987 (79 гадоў)
Месца сьмерці Вашынгтон (акруга Калюмбія), ЗША
Прычына сьмерці хвароба
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак рэдактар

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Сапрона і Ганны Кавэрдаў. Бацька ўваходзіў у расейскую партыю эсэраў.

Падчас Першай сусьветнай вайны ваяваў на германскім фронце. Пасьля рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі камандзірам. Пасьля перайшоў савецка-польскую мяжу і пасяліўся асобна ад жонкі і дзяцей на Падляшшы. Яго маці Ганна Кавэрда разам з трыма дзецьмі ў 1915 годзе эвакуявалася спачатку ў Тамбоў, а потым у мястэчка Зубчанінава пад Самарай.

У 1921 годзе Ганна Кавэрда зь дзецьмі вярнулася ў Вільню, там яна ўзначаліла беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. Барыс, як і яго дзьве сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але паводле яго сьведчаньняў адчуваў сябе там блага, бо на яго меркаваньне тамашнія вучні былі камуністамі. Зь беларускай гімназіі перайшоў у гімназію Віленскага расейскага таварыства, але беднасьць не дазваляла плаціць за навучаньне, ён прапускаў заняткі, за што і быў выключаны.

Бацька не дапамагаў сям’і — займаўся вэрбоўкаю добраахвотнікаў у створаную з ініцыятывы Беларускай вайсковай камісіі падпольную арганізацыю «Зялёны Дуб».

Барыс пачаў працаваць экспэдытарам беларускай газэты «Наша думка», пазьней яе ён палічыў камуністычнай і перайшоў у рэдакцыю газэты антыкамуністычнай арыентацыі «Грамадскі голас». Там, добра валодаючы беларускай моваю, працаваў карэктарам і экспэдытарам. У студзені — лютым 1926 году выдавец Арсень Паўлюкевіч, перайменаваў сваё выданьне ў «Беларускае слова».

Замах на Войкава рэдагаваць

Разам з рэдактарам газэты «Беларускае слова» Арсенем Паўлюкевічам і казачым есаўлам Міхаілам Якаўлевым падрыхтаваў замах на паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, якое павінна было стаць актам адплаты за ўдзел Войкава ў расстрэле царскай сям’і і наогул за чырвоны тэрор.

Кавэрда па газэтах сачыў за паведамленьнямі аб пераездах Войкава. За дзень да ад’езду зь Вільні ў Варшаву Барыс быў выключаны з расейскай гімназіі за неаплату вучобы. Апошнія грошы Кавэрда выдаў на білет і некалькі тыдняў побыту ў Варшаве, дзе ён здымаў прыватную кватэру і меў, па ягоных словах, паўгалоднае існаваньне. Споўніць свой плян Кавэрду не ўдавалася, і ён зрабіў апошнюю спробу, прыйшоўшы на пэрон 7 чэрвеня 1927 году. Там ён убачыў Войкава, якога ўжо ведаў у твар, і гандлёвага прадстаўніка Разэнгольца, якога Кавэрда палічыў за супрацоўніка польскага міністэрства замежных справаў. Зрабіўшы некалькі стрэлаў, Кавэрда цяжка параніў Войкава і здаўся паліцыянтам[1].

На судзе Кавэрда заявіў: «Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што зьдзейсьнілі бальшавікі ў Расеі, — за мільёны людзей…»[2]

Ня хочучы абвастрэньня з Саветамі, польскі суд засудзіў Кавэрду на пажыцьцёвыя катаржныя работы, якія пасьля замянілі на 15-гадовыя. Вызвалены па амністыі ў 1937 годзе, пасьля таго як адбыў 10 гадоў пакараньня.

Па вызваленьні рэдагаваць

Пасьля 10 гадоў у турме Кавэрда па амністыі выйшаў на волю й перабраўся ў Югаславію, ажаніўся, вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Белградзе. Вайной быў у Варшаве, пасьля вайны празь Ліхтэнштэйн і Францыю перабраўся ў Злучаныя Штаты. Першыя спробы Кавэрды трапіць у Амэрыку былі няўдалыя, але пасьля прыняцьця Акту Макарана-Ўолтара Кавэрда змог, з дапамогай Талстоўскага фонду і Аляксандры Талстой, дачкі пісьменьніка, прыехаць у Нью-Ёрк. Там ад 1952 году жылі ягоная жонка і дзеці. Там да 1963 году працаваў у газэце «Расія» (Нью-Ёрк), пасьля ў друкарні «Новага рускага слова».

Падзеі 1927 году ды іх матывы былі апісаныя Кавэрдам у кароткім мэмуары, надрукаваным у 1984 годзе.

Літаратура рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць