Барыс Васілевіч Базылеўскі (па-ўкраінску: Бори́с Васи́льович Базиле́вський, па-расейску: Бори́с Васи́льевич Базиле́вский) — савецкі астраном, таксама калябарацыяніст і намесьнік нямецкага бурґамістра Смаленску падчас Другое сусьветнае вайны.

Барыс Базылеўскі
Дата нараджэньня 7 чэрвеня 1885(1885-06-07)
Месца нараджэньня Камянец-Падольскі, Падольская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 24 лютага 1955(1955-02-24) (69 гадоў)
Месца сьмерці Новасыбірск, СССР
Месца вучобы
Занятак астраном, настаўнік
Навуковая сфэра астраномія
Месца працы

Біяґрафія рэдагаваць

Нарадзіўся ў мястэчку Камянец-Падольскі (сучасная Хмяльніцкая вобласьць, Украіна) у сям’і дваранаў.

У 1904 годзе скончыў ґімназію ў Екацерынбургу. У 1910 годзе скончыў фізыка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у маґнітна-мэтэараляґічнай абсэрваторыі ў Слуцку, займаўся выкладаньнем касмалёґіі, матэматыкі й фізыкі ў Варшаўскім унівэрсытэце.

У 1918 годзе пераехаў у Смаленск. З 1919 па 1922 гады ўзначальваў катэдру фізыкі й астраноміі ў Смаленскім дзяржаўным пэдаґаґічным унівэрсытэце, з 1922 па 1926 гады быў кіраўніком астра-фізычнае камісіі на пэдаґаґічным факультэце, з 1926 па 1941 кіраваў катэдрай астраноміі, быў дырэктарам мясцовай абсэрваторыі. З 1929 году зьяўляўся прафэсарам, з 1919 па 1938 гады — дэканам факультэту. Быў кіраўніком смаленскага аддзяленьня ўсесаюзнага астранома-ґеадэзічнага таварыства пры Акадэміі навук СССР.

Падчас нямецкае акупацыі ня зьехаў у тыл, застаўшыся зь сям'ёй на радзіме. У гэтыя часы працаваў намесьнікам нямецкага бурґамістра. З кастрычніка 1942 году працаваў дырэктарам Смаленскае настаўніцкае сэмінарыі. Карыстаючыся службовым становішчам, ратаваў мясцовую моладзь ад прымусовае працы ў Нямеччыне.

У лютым 1944 году пераехаў у Новасыбірск. У 1946 годзе выступаў як сьведка на Нюрнбэрскім працэсе.

У Новасыбірскім пэдаґаґічным інстытуце займаўся выкладаньнем астраноміі на фізыка-матэматычным і геаґрафічным факультэце. У Новасыбірскім інстытуце інжынэраў геадэзіі, аэраздымкі й картаґрафіі чытаў тэорыі фіґураў Зямлі, геафізыку, сфэрычную ды практычную астраномію. З 1 ліпеня па 5 кастрычніка 1944 году быў дэканам фізыка-матэматычнага факультэту ў Новасыбірскім пэдаґаґічным інстытуце, з 18 лістапада — дэканам астранома-геадэзічнага факультэту ў Новасыбірскім інстытуце інжынэраў геадэзіі, аэраздымкі й картаґрафіі.

Памёр у Новасыбірску ў 1955 годзе.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць