Барысаўскі галодны бунт (1933)

Барысаўскі галодны бунтантысавецкая акцыя пратэсту ў Барысаве, выкліканая голадам і якая адбылася 3 траўня 1933 году. У акцыі адзельнічала болей за 2 тысячы чалавек[1].

Барысаўскі галодны бунт (1933)
Дата3 траўня 1933 года
Месца Барысаў, БССР
Прычыныголад
Мэтывяртаньне ранейшых харчовых нормаў
Вынікарышты
Удзельнікі канфлікту
Сьцяг Беларусі Галодныя
Страты
Арыштаваныя1400 чалавек

Перадумовы рэдагаваць

Напрыканцы красавіка 1933 году ў Барысаве была атрыманая непасрэдна з Масквы, мінаючы сталічны для БССР Менск, дырэктыва аб зьніжэньні харчовых нормаў. Паводле яе:

  • Партыйныя дзеячы, працаўнікі цяжкое працы мусілі атрымаць па 500 г хлеба на дзень;
  • Працаўнікі менш цяжкое працы мусілі атрымаць па 300 г хлеба на дзень;
  • Працаўнікі на лёгкай рабоце мусілі атрымаць па 150 г хлеба на дзень;
  • Службоўцы мусілі атрымаць па 100 г хлеба на дзень.
  • Дарослым утрыманцам і дзецям у хлебе было зусім адмоўлена.

Аднак партыйныя дзеячы, нягледзячы на абмежаваньні, спажывалі, колькі самі жадалі.

Бунт рэдагаваць

Пачатак бунту рэдагаваць

3 траўня 1933 году галодныя жанчыны й дзеці выйшлі зранку на вуліцы Барысава і накіраваліся да дзяржаўных установаў з патрабаваньнем хлеба. Па дарозе яны ўбачылі падводы з хлебам, які перавозілі з тутэйшых складоў на чыгуначную станцыю для вывазу. Абураны галодны натоўп затрымаў гэтыя падводы й разабраў той хлеб, што ляжаў на іх. Аднак яго было замала, каб накарміць усіх галодных. Тады а 2-3 гадзіне апоўдні натоўпы, што па-ранейшаму складаліся пераважна з жанчынаў ды дзяцей, пачалі разбураць харчовыя крамы, пранікаючы туды спачатку праз павыбіваныя вокны, а потым выламваючы і дзьверы. Тутэйшы конны атрад НКУС і міліцыі пачаў разганяць людзей, топчучы жанчынаў і дзяцей коньмі, аднак быў ня ў стане разагнаць натоўп. Нкусаўцы й міліцыянты яшчэ не пасьпелі прымяніць зброю, аднак ужо пакалечылі галодных конскімі капытамі.

Адзін з двух міліцыянтаў, што стрымлівалі націск галодных на харчовую краму, нечакана падняў руку, каб зьвярнуць на сябе агульную ўвагу, і закрычаў:

Жанчыны! Маткі! Жонкі! Сёстры! Навошта вы гэтак мардуецеся і без усялякае карысьці калечыце сябе і дзяцей? Ідзіце да сваіх хатаў, ідзіце да фабрыкаў і цягніце сюды сваіх мужоў, сыноў ды братоў. Няхай яны абароняць вас. Тады хутчэй будзе толк.

Два нкусаўцы, што стаялі паблізу, пачуўшы гэты зварот аднаго зь міліцыянтаў да народу, пачалі страляць у іх з крыкам «Рукі ўгору!». У адказ міліцыянты двойчы стрэлілі ў нкусаўцаў, а потым кінуліся ўцякаць, але іх хутка спаймалі.

Забастоўка на «Бярэзіне» рэдагаваць

Пасьля закліку міліцыянта працаўнікі самай вялікай у Барысаве запалкавай фабрыкі «Бярэзіна» нечакана спынілі працу й патрабавалі ад адміністрацыі павелічэньня хлебных нормаў. Гэты выступ спрабаваў супакоіць тутэйшы сакратар фабрычнай партыйнай арганізацыі сваёй прамовай, у якой ён спрабаваў адказаць на патрабаваньні працаўнікоў:

Таварышы! 3 кім змагаецеся? Самі з сабою? Са сваёй работніцка-сялянскай уладай? 3 гістарычнымі дасягненьнямі Вялікае Кастрычніцкае сацыялістычнае рэвалюцыі? Вярніцеся назад! Вярніцеся да сваіх асірацелых машынаў, на якіх вы куяце сусьветную пралятарскую рэвалюцыю. Калі раней мы недаядалі на радасьць буржуям, дык цяпер мы галадуем на страх ім. Кажнае зернятка хлеба ёсьць удар па капіталістычных акулах.

Аднак яшчэ падчас свае прамовы партарг пачуў з натоўпу забастоўцаў такія рэплікі, як «Цецярук!», «Болбат!», «Талалай!», і асабліва не прыймаўся імі, хаця браў для сябе на вока ўсіх тых, хто кідаў гэтыя заўвагі ў ягоны адрас. Абураныя работнікі схапілі яго і пацягнулі на раку Бярозу тапіць.

Камуністы, сюды! — крыкнуў партарг і адразу ж пераканаўся, што бальшыня падуладных яму камуністаў адсутнічае. Яны, ратуючы сябе, разьбегліся яшчэ на пачатку забастоўкі хто куды. А частка іх разам зь беспартыйнымі пайшла тапіць свайго партарга. Дайшоўшы да ракі, працаўнікі ўзялі партарга за рукі і за ногі, раскачалі ды кінулі ў ваду. Пэўна, ніхто сур’ёзна не хацеў пазбаўляць яго жыцьця, бо калі ён паплыў, дык ніхто ня кідаў усьлед каменьне, а калі ён паблізу вылез на бераг, дык ніхто не памкнуўся яго пераймаць. Магчыма, нікчэмны выгляд перапалоханага партыйца цалкам задавольніў работнікаў.

Агульны бунт рэдагаваць

Жанчыны, да якіх цяпер далучыліся й мужчыны, павярнулі ад крамаў да тутэйшых савецкіх і партыйных установаў і да будынка НКУС. Сакратар Барысаўскага райкаму КП(б)Б зьвярнуўся да галодных людзей з ушчувальнай прамовай, якая нагадвала прамову партарга з фабрыкі «Бярэзіны». Аднак калі партарга толькі напалохалі, дык сакратар быў зьбіты на горкі яблык. Убачыўшы гэта, усе астатнія партыйныя і савецкія службоўцы пахаваліся хто куды. Толькі нкусаўцы зь вінтоўкамі ў руках густым частаколам акружылі будынак НКВД.

На патрабаваньні галодных вызваліць двух арыштаваных міліцыянтаў, што знаходзіліся ў гэтым будынку, ім адказалі рашучай адмовай. Людзі хваляваліся. Тады нкусаўцы стрэлілі некалькі разоў угору. Натоўп ня толькі не разышоўся, аднак наадварот, з кожнай хвілінай павялічваўся, пагражаючы зламаць ахову і ўварвацца ў будынак. Хісткае становішча апошняе савецкае цытадэлі ў Барысаве выратаваў начальнік НКУС. Ён выйшаў на балькон зь нейкай паперай у руцэ і сказаў, што кагадзе атрымаў тэлеграму з Масквы, якая дазваляе захаваць старыя харчовыя нормы. Задаволены натоўп пачаў паступова меншаць. Шмат хто з галодных цешыўся сваёй перамогай.

Пакараньне рэдагаваць

Уначы барысаўскія нкусаўцы разам з прыбылым вялікім атрадам менскіх нкусаўцаў арыштавалі 1400 барысаўцаў. У горадзе не было аб’яўленае ваеннае становішча, аднак на другі дзень па ўсіх ягоных вуліцах і завулках паходжвалі ўзброеныя патрулі, якія забаранялі жыхарам зьбірацца разам па двое-трое й больш чалавек. Фабрыка «Бярэзіна» ў сувязі з арыштам работнікаў часова спыніла працу. Празь некалькі дзён прыехала надзвычайная сэсія Рэвалюцыйнага трыбуналу БССР і пачала судзіць арыштаваных. Гэты трыбунал не прызнаваў складанай юрыдычнай працэдуры. Праз два дні[1] 1200 чалавек былі сасланыя на тэрмін ад 8 да 10 гадоў у аддаленыя канцэнтрацыйныя лягеры бяз права ліставаньня, 200 барысаўцаў былі расстраляныя, бальшыня зь якіх складалася з жанчынаў, юнакоў ды юначак.

Вынікі рэдагаваць

Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, не атрымалі абяцаных начальнікам НКУС ранейшых харчовых нормаў. Штодзень і штоноч рабіліся павальныя ператрусы ў пошуках разабранага хлеба, і тыя, у каго ён знайшоўся, адразу ж арыштоўваліся. Адначасова сябры Саўнаркаму СССР вырашылі, што паколькі барысаўцы «самазабясьпечыліся» зь дзяржаўных складоў і крамаў, трэба пазбавіць іх харчовага забесьпячэньня на неакрэсьлены час. Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, не атрымалі нават і зьніжанай харчовай нормы.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

Цікавосткі рэдагаваць

  • Паводле гісторыка й краязнаўца Аляксандра Балябіна, ніякага бунту ў 1933 годзе не было, хаця ён прызнаў гэткі бунт у 1932 годзе.[4]

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Крыж памяці, меч лёсу
  2. ^ У Барысаве згадвалі галодны бунт 1933-га
  3. ^ Міжнародная канферэнцыя: 1929-1934: сталінская «рэвалюцыя зверху» ці вынішчэнне сялянства і галадамор
  4. ^ Галоднага бунту ў Барысаве ў 1933 годзе не было

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць