Багрымавічы

вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Багры́мавічы[1] — вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці. Багрымавічы ўваходзяць у склад Пціцкага сельсавету. Знаходзіцца ля правага берага ракі Пціч, у 1 км ад месца яе ўпадзеньня ў Прыпяць.

Багрымавічы
Першыя згадкі: каля 1432 году
Былая назва: Багрынавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Петрыкаўскі
Сельсавет: Пціцкі
Насельніцтва: 130 чал. (2004)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2350
Паштовы індэкс: 247910
СААТА: 3243860006
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°9′25″ пн. ш. 28°50′30″ у. д. / 52.15694° пн. ш. 28.84167° у. д. / 52.15694; 28.84167Каардынаты: 52°9′25″ пн. ш. 28°50′30″ у. д. / 52.15694° пн. ш. 28.84167° у. д. / 52.15694; 28.84167
Багрымавічы на мапе Беларусі ±
Багрымавічы
Багрымавічы
Багрымавічы
Багрымавічы
Багрымавічы
Багрымавічы

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

 
Павіннасьці сяла Багрынавічы Бчыцкай воласьці ў 1552 годзе.
 
Заходні анкляў Багрымавіцкага староства ў канцы XVIII ст.
 
Усходні анкляў староства.

Вядома, што жыхары сяла Багрынавічы мелі грамату на карыстаньне грунтам Піліпаўшчына яшчэ ад вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы і атрымаць яе маглі не пазьней 1432 года, пасьля чаго манарх заняўся войнамі і было не да разгляду гаспадарчых пытаньняў, тым больш зваротаў даньнікаў. У апісаньні Мазырскага замку 1552 года сказана, што сяло дало назву нядзелі[a] і належала да Бчыцкай воласьці. На той час у Багрынавічах налічвалася 12 гаспадарак[3]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 году, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 году, была вызначана мяжа сяла Бахрынавічы (Bachrynowicze) воласьці Пчыцкай (Pczycka) замку ЯКМ Мазырскага. Шырыня таго грунту ўздоўж склала дзьве мілі, а ўпоперак — паўтары мілі. Асобна адзначаныя багатыя рыбныя ловы на рэках Прыпяці, Пцічы і азёрах, гоны бабровыя на Пцічы аж да Прыпяці.[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Багрымавічы — у складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пасьля падпісаньня акту Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводзтва.

Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[5]. Недзе ад 1738 году[b], паводле кансэнсу караля Аўгуста ІІІ, староства трымаў пан Рафал Алаіз Аскерка. У 1760 годзе тую каралеўшчыну пераняў яго сын Антоні Яўхім[6]. На 1789 год у складзе Багрымаўскага староства паноў Аскеркаў названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[c][7].

Расейская імпэрыя рэдагаваць

 
Багрымавічы і Скрыгалаў на схематычным пляне Мазырскага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багрымавічы — у межах Расейскай імпэрыі. З траўня 1795 году сяло знаходзілася ў складзе адноўленага Мазырскага павету Менскага намесьніцтва, ад сьнежня 1796 году – Менскай губэрні[8]. Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1795 годзе ў Багрымавічах было 19 двароў, 154 жыхары.

У 1816 годзе ў сяле было 22 двары. На 1834 год — 141 жыхар. Да 1842 году тут дзейнічала прыходзкая царква, вядомая яшчэ з крыніцаў XVIII ст. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Багрымавіцкага казённага маёнтку была ўтворана воласьць[d] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 395 дзяржаўных сялянаў, 2 аднадворцы, 2 пасяленцы «разного звания»[9]. У 1858 годзе ў паселішчы налічвалася 29 двароў.

У парэформавы пэрыяд Багрымавічы адміністрацыйна належалі да Капаткевіцкай воласьці Мазырскага павету. На 1879 год вяскоўцы заставаліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы ў Капаткевічах[10]. У 1886 годзе ў сяле было 40 двароў, 298 жыхароў, царква[e][11]. Згодна зь перапісам 1897 году, у Багрымавічах налічваўся 71 двор з 466 жыхарамі, існавалі хлебазапасны магазын, прыстань, карчма. На 1909 год вёска мела 90 двароў і 692 жыхары[12].

Найноўшы час рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багрымавічы, аднак, у складзе Капаткевіцкай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Багрымавічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У 1921 годзе ў вёсцы было 117 гаспадарак і 694 жыхары. З 20 жніўня 1924 года — у межах Пціцкага сельсавету Капаткевіцкага раёну Мазырскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года вёска — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Багрымавічах налічвалася 150 двароў з 523 жыхарамі. У сакавіку 1944 году нямецкія акупанты спалілі 102 двары і зьнішчылі 124 чалавекі[14]. 45 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласьці. Па дадзеных перапісу 1959 году ў вёсцы пражывала 720 жыхароў. 25 сьнежня 1962 года Капаткевіцкі раён быў скасаваны, Пціцкі сельсавет зь вёскай Багрымавічы апынуліся ў складзе Петрыкаўскага раёну. Пасьля спыненьня сплаву лесу па рацэ Пціч на мяжы 1960—1970 гадоў і закрыцьця сплаўнога ўчастка паселішчаа пачало паступова занепадаць. У 2004 годзе ў вёсцы пражывалі 130 жыхароў.

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Нядзелі ці чэргі (у складзе кожнай адно вялікае альбо некалькі меншых паселішчаў), на якія падзяляліся воласьці, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[2]. Да гэтай адзінкі належала і сяло Капатковічы, большае за самыя Багрынавічы.
  2. ^ На 1742 г. гэта вядома дакладна.
  3. ^ На мапе «Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі» пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
  4. ^ Ня варта блытаць з валасьцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформавага часу.
  5. ^ Тут зьвесткі пра царкву і адпаведна пра статус сяла, магчыма, памылковыя, бо надалей не паўтараюцца.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
  3. ^ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 639
  4. ^ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 490—491
  5. ^ Насевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260
  6. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 203, 205, 206, 211
  7. ^ Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
  8. ^ Насевіч, В. Мазырскі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 5. – Мінск: БелЭн, 1999. C. 41
  9. ^ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 6
  10. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. V. Мозырский уезд. — Минск, 1879. С. 82, 84
  11. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 106
  12. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 5
  13. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны)
  14. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 446

Літаратура рэдагаваць