Бабінавічы

вёска ў Лёзьненскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі

Бабі́навічы[1] — вёска ў Беларусі, на заходнім беразе Зелянскога (Бабінавіцкага) возера пры вытоцы зь яго ракі Лучосы. Цэнтар сельсавету Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 461 чалавек. Знаходзяцца за 30 км на паўднёвы захад ад Лёзна, за 52 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Лёзна — Арэхаўск.

Бабінавічы
лац. Babinavičy
Герб Бабінавічаў


Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Лёзьненскі
Сельсавет: Бабінавіцкі
Вышыня: 140 м н. у. м.
Насельніцтва: 461 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2138
Паштовы індэкс: 211206
СААТА: 2230804006
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°50′11″ пн. ш. 30°34′33″ у. д. / 54.83639° пн. ш. 30.57583° у. д. / 54.83639; 30.57583Каардынаты: 54°50′11″ пн. ш. 30°34′33″ у. д. / 54.83639° пн. ш. 30.57583° у. д. / 54.83639; 30.57583
Бабінавічы на мапе Беларусі ±
Бабінавічы
Бабінавічы
Бабінавічы
Бабінавічы
Бабінавічы
Бабінавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бабінавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся драўляныя царква і касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст.

Назва рэдагаваць

Тапонім Бабінавічы, імаверна, утварыўся ад назвы старажытнага сяла Бабіна Аршанскага староства, выхадцы зь якога заснавалі мястэчка. Згодна зь іншай вэрсіяй, паселішча магло ўзьнікнуць на месцы, дзе знаходзіўся паганскі ідал («баба»)[2].

Паводле Я. Сяргеенкі, сябра гуртка краязнаўства часоў беларусізацыі, вымаўленьню мясцовых жыхароў адпавядае форма «Бабынавічы»[3].

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

 
Плян Бабінавічаў, 1798 г.

Бабінавічы знаходзяцца на старым волаку, які злучаў Дняпро з Дьвіной праз рэкі Аршыцу, Вярхіту, Бабінавіцкае возера і Лучосу. З старажытных часоў тут разьмяшчаліся склады, дзе зьберагалася нарыхтаваная драўніна. Упершыню Бабінавічы ўпамінаюцца ў канцы XVI ст. як мястэчка, цэнтар староства Віцебскага павету. У канцы XVII—XVIII стагодзьдзях гэтая мясцовасьць знаходзілася ў фактычным уладаньні князёў Агінскіх. Частка Бабінавічаў належала да аршанскага кляштару трынітарыяў. Вуліцы мястэчка сыходзіліся да Рынку, дзьве зь іх былі дарогамі на Віцебск і Воршу. У 1742 годзе непадалёк ад Рынку збудавалі царкву, у 1782—1797 гадох на Касьцельнай гары — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У архіве касьцёла захоўваліся дакумэнты, найстарэйшы зь якіх датаваўся 1705 годам[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

 
Герб, 1843 г.
 
Праект пляну Бабінавічаў, 1839 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бабінавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1777—1796 і 1802—1840 гадох яны мелі статус места і былі цэнтрам павету. У 1778 годзе афіцыйна зацьвердзілі праект пераплянаваньня Бабінавічаў, у якім прадугледжвалася перанесьці места на другі бераг ракі Вярхіты і забудаваць яго ў выглядзе прастакутніка з пляцам у цэнтры. 16 жніўня 1781 году Бабінавічы атрымалі герб: «у верхняй частцы тарчы частка гербу Магілёўскага: у залатым полі Расейскага гербу: чорны двухгаловы арол, які выходзіць да палавіны, увенчаны трыма залатымі каронамі. у ніжняй — у блакітным полі 2 мачты з флюгерамі»[5] — у знак таго, што ў ваколіцах места нарыхтоўваўся карабельны лес. У гэты час у Бабінавічах існавалі прыстань і склад лесаматэрыялаў, што сплаўлялі адсюль рэкамі Лучосай і Дзьвіной у Рыгу. У канцы XVIII ст. зьявіўся праект забудовы Бабінавічаў на старым месцы, паводле якога плян прыводзіўся ў прастакутную сыстэму і места атачалася валамі і равамі. Гэты праект ажыцьцявілі часткова. У 1796—1802 гадох і з 1840 году Бабінавічы мелі статус заштатнага места Магілёўскай губэрні на тэрыторыі Дабрамысьлінскай воласьці Аршанскага павету. У 1806—1812 гадох тут працавала двухклясная павятовая вучэльня. У вайну 1812 году ў месьце спыняўся Напалеон.

 
Плян мястэчка, 1926 г.

У 1841 годзе ў Бабінавічах было 176 будынкаў, 3 драўляныя масты, 8 незабрукаваных вуліцаў, 4 асабістыя сады, 142 гароды, 2 могілак, дзейнічалі 2 царквы, мураваная капліца, працавалі 7 крамаў, у 1860 годзе — 159 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, царква і сынагога. У XIX — 1-й чвэрці XX стагодзьдзяў дасягнула свайго росквіту Бабінавіцкае ганчарнае рамяство, вядомае з часоў заснаваньня паселішча. 3ь мясцовай чырвонай гліны выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку (гарлачы, гаршкі, збанкі, міскі), якую з пачатку XX ст. пачалі аздабляць размалёўкай. У канцы XIX ст. у месьце было 155 будынкаў, зь іх хрысьціянам належалі 92, юдэям — 63[6], працавала 39 рамесьнікаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — царкоўнапрыходзкая школа, пошта, тэлеграф, прыходзкая царква, касьцёл Сьвятой Тройцы, збудаваны аршанскімі трынітарыямі, сынагога. На Рынку праводзіліся кірмашы 4 разы ў год: 19 студзеня, на Сёмуху, 22 сьнежня і 21 верасьня.

Найноўшы час рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабінавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. На 1923 год тут было 232 жылыя будынкі і 281 нежылы; усе ў адзін паверх, драўляныя. Працавала 3 каапэрацыйных і 4 прыватная крамы, 26 прамысловых прадпрыемстваў, зь іх 2 смалакурні і 2 гарбані. У 1924 годзе Бабінавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Высачанскага раёну (з 3 ліпеня 1931 году ў Лёзьненскім раёне). 6 ліпеня 1925 году Бабінавічы атрымалі афіцыйны статус сяла. У 1926 годзе тут працавалі школа, хата-чытальня, народны дом, пошта, лясьніцтва. На 1939 год у Бабінавічах было 376 двароў, на 1970 год — 234, на 1990 год — 532, на 1995 год — 317.

У 2000-я гады Бабінавічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку». 24 ліпеня 2014 году афіцыйна зацьвердзілі герб паселішча: «француская тарча, у блакітным полі якой выяўленыя дзьве мачты натуральнага колеру з залатымі флюгерамі»[7].

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XVIII стагодзьдзе: 1780 год — 70 чал., зь іх 66 хрысьціянаў і 4 юдэя[8]
  • XIX стагодзьдзе: 1841 год — 1541 чал., зь іх шляхты — 66, духоўнага стану — 11, ганаровых грамадзянаў — 4, купцоў — 11, мяшчанаў-хрысьціянаў — 627, разначынцаў — 114, адстаўных салдатаў зь сем’ямі — 666, дваровага люду — 42[9]; 1860 год — 1271 чал.[10]; 1879 год — 1320 чал.[10]; 1897 год — 1157 чал. (575 муж. і 582 жан.), зь іх пісьменных 26,1%; мясцовых 1017, іншых паветаў Магілёўскай губэрні 31, іншых губэрняў 109; паводле стану: шляхты нашчадкавай і асабістай 25, духавенства 10, купцоў 6, мяшчанаў 1060, сялянаў 54, іншых станаў 2; паводле мовы: расейская і беларуская 571, ідыш 552, польская 2, латыская 2, летувіская 30; паводле веры: праваслаўных 550, каталікоў 55, юдэяў 552; 1900 год — 950 чал. (464 муж. і 486 жан.), зь іх 664 праваслаўныя, 16 каталікоў, 270 юдэяў[6][11].
  • XX стагодзьдзе: 1 студзеня 1909 году — 1355 чал. (655 муж. і 780 жан.), зь іх праваслаўных 215 муж. і 253 жан., каталікоў 14 муж. і 16 жан., пратэстантаў 2 муж. і 3 жан., юдэяў 424 муж. і 458 жан.; 20 жніўня 1919 году — 1386 чал.[9]; 1920 год — 1179 чал.; 1923 год — 1222 чал. (582 муж. і 640 жан.)[12]; 1939 год — 1618 чал.; 1970 год — 753 чал.; 1990 год — 1430 чал.[13]; 1995 год — 754 чал.[14]; 1999 год — 683 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 589 чал.; 2010 год — 461 чал.

Інфраструктура рэдагаваць

У Бабінавічах працуюць сярэдняя школа, дом культуры, 2 бібліятэкі, аптэка, пошта.

Забудова рэдагаваць

Вуліцы і пляцы рэдагаваць

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Ленінградзкая вуліца Віцебская вуліца Пецярбурская вуліца
Савецкая вуліца Сідапаўская вуліца
? Асінаўская вуліца
? Кляштарны завулак
? Рынак пляц
? Школьны завулак

З урбананімічнай спадчыны Бабінавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Аршанская і Зарэчная.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Славутасьці рэдагаваць

У Бабінавічах і каля вёскі захавалася група археалягічных помнікаў розных часоў: 2 нэалітычныя стаянкі (на беразе Бабінавіцкага возера і на правым беразе ракі Вярхіты), гарадзішча, 6 могільнікаў («валатоўкі») і адзіночны курган, а таксама земляное ўмацаваньне Салдацкая Слабада[15][16][17][18][19].

  • Помнік на брацкай магіле 1273-х воінаў 5-й і 11 гвардзейскай арміяў загінулым у час баёў 1943—1944 гадоў пры вызваленьні Бабінавіч[17].

Страчаная спадчына рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 293.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 110.
  3. ^ Сяргеенка Я. Бабынавічы // Наш Край. № 2—3 (5—6), 1926. С. 56.
  4. ^ Сяргеенка Я. Бабынавічы // Наш Край. № 2—3 (5—6), 1926. С. 57.
  5. ^ П.П. фон-Винклер. Гербы городов, губерний, областей и посадов Российской Империи, внесенные в Полное Собрание законов с 1649 по 1900 год. / Дозволено цензурою. С.-Петербург, 20 Июля, 1899 года. — Издание книготорговца Ив. Ив. Иванова. — С.-Петербург: Типография И.М. Комелова, Пряжка д.3, 1899. — 312 с.
  6. ^ а б Krzywicki J. Babinowicze // Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 61.
  7. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 24 июля 2014 г. № 373 «Об учреждении гербов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской и Гродненской областей»
  8. ^ а б Топографическія примѣчаніи на знатнѣйшія мѣста путешествія Ея Императорскаго Величества в Бѣлорусскія намѣстничества.. — СПб.: Импер. Акад. Наукъ, 1780. — С. 87, 88. — 134 с.
  9. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лёзненскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1992.
  10. ^ а б Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 73.
  11. ^ Населенные мѣста Россійской Имперіи въ 500 и болѣе жителей съ указаніемъ всего наличнаго въ нихъ населенія и числа жителей преобладающихъ вѣроисповѣданій по даннымъ первой всеобщей переписи населенія 1897 г. Губерніи европейской Россіи. / Подъ редакціею Н. А. Тройницкаго. — С. Петербургъ: Общественная польза, 1905. — Т. XXIII. Могилевская губернія.. — С. 110. — 269 с.
  12. ^ Сяргеенка Я. Бабынавічы // Наш Край. № 2—3 (5—6), 1926. С. 58.
  13. ^ Камінскі М., Насевіч В. Бабінавічы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 245.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 181.
  15. ^ Свѣдѣнія 1873 г. о городищахъ и курганахъ. / Спицынъ А. А.. — Извѣстія императорской археологической коммисіи. — С.-Петербург: Главное Управленіе Удѣловъ, 1903. — Т. Выпускъ 5-й. — С. 48. — 127 с.
  16. ^ Зайковский Э. М. Раскопки неолитической стоянки Бабиновичи 1 / Л. Д. Поболь, А. З. Таўтавичюс // Древности Белоруссии и Литвы : Зборнік. — Менск: Навука и тэхніка, 1982. — С. 28—35.
  17. ^ а б Вяргей В., Ткачоў М., Зайкоўскі Э., Трызна Дз. Бабінавічы (№№ 1522—1526) / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі : энцыкляпэдыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1985. — Т. Віцебская вобласьць. — С. 289—290.
  18. ^ Зайковский Э. М. Этапы развития неолита Северной Белоруссии / Л. Д. Поболь, А. З. Таутавичюс // Древности Белоруссии и Литвы : Зборнік. — Вильнюс: Мокслас, 1988. — ISBN 5-420-00187-X.
  19. ^ Зайкоўскі Э. Бабінавіцкага тыпу помнікі; Бабінавічы. / В. Гетаў і інш. // Археалёгія і нумізматыка Беларусі : Энцыкляпэдыя. — Менск: Беларуская энцыкляпедыя, 1993. — С. 66, 67. — ISBN 5-85700-077-7.
  20. ^ Черницкій. Военно-статистическое обозрение Российской Империи. - Ч. 3 : Могилевская губерния. — Санктъ-Петербургъ: Департаментъ Генерального штаба, 1848. — Т. 8: Белорусские губернии : Ч. 1-3. — С. 6(Свѣдѣнія спеціальныя). — 150 с.
  21. ^ Списки населенных мест Могилевской губ. по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] = РГИА. Ф. 1290. Оп.4. Д. 80. — Ленинград: Фонд Центрального статистического комитета МВД., 1857. — С. 401. — 613 с.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць