Ашмянскі мясакамбінат

Каардынаты: 54°26′0″ пн. ш. 25°56′59″ у. д. / 54.43333° пн. ш. 25.94972° у. д. / 54.43333; 25.94972

«Ашмянскі мясакамбінат» — дзяржаўнае мясаперапрацоўчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1903 году ў Ашмянах у якасьці мескай бойні.

«Ашмянскі мясакамбінат»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз З павагай да якасьці
Заснаваная 27 студзеня 1903 (121 год таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гарадзенская вобласьць
Адрас Ашмяны, вул. Піянэрская, д. 52
Ключавыя фігуры Іван Лупіш, Міхаіл Філіповіч
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя кураціна, ялавічынныя ныркі, печань і сэрца, сьвіныя адбіўныя, вяндліна, грудзінка, катлеты, кілбаса, кумпяк, паляндвіца, паштэт, пяльмені, рулет, сардэлькі, сасіскі, стэйк, фарш, цяфцелі, шніцэль і шпік
Абарачэньне 96,997 млн руб.[1] (2017 г.; $50,172 млн)
Апэрацыйны прыбытак 10,551 млн руб. (2017 г.; $5,458 млн)
Чысты прыбытак 8,021 млн руб. (2017 г.; $4,149 млн)
Лік супрацоўнікаў 733 (2018 г.)
Матчына кампанія ААТ «Гораднямясамалпрам»
Аўдытар УП «ЭвэртанАўдыт» (Ждановічы, Менскі раён)

Ёсьць найстарэйшым мясакамбінатам Беларусі[2]. На канец 2018 году прадпрыемства ўлучала наступныя ўчасткі: цэх першаснай перапрацоўкі, цэх тэхнічных паўфабрыкатаў, цэх апрацоўкі скуры, кілбасны цэх з 4 аддзяленьнямі (сыравінным, машынным, лівэрным і тэрмічным), цэх паўфабрыкатаў зь лініяй катлетаў і пяльменяў, лядоўня на 500 тонаў, лябараторыя, газавая кацельня з хімічнай водаачысткай, сталярная і электрамэханічная майстэрні. Фірмовая сетка налічвала 26 уласных крамаў «Пачастунак» у 7 гарадах Гарадзенскай вобласьці: 8 у Ашмянах, 7 у Смаргоні, 4 у Астраўцы, 3 у Горадні, 2 у Шчучыне і па адной у Іўі і Наваельні (Зьдзецельскі раён)[3]. «Ашмянскі мясакамбінат» вырабляў кураціну, ялавічынныя ныркі, печань і сэрца, сьвіныя адбіўныя, вяндліну, грудзінку, катлеты, кілбаса, кумпяк, паляндвіцу, паштэт, пяльмені, рулет, сардэлькі, сасіскі, стэйк, фарш, цяфцелі, шніцэль і шпік.

Мінуўшчына рэдагаваць

27 студзеня 1903 годзе ў Ашмянах адчынілі мескую бойню, якую пачалі будаваць у 1900 годзе. У 1936 годзе пры бойні будавалі за 9000 злотых бактэрыялягічную лябараторыю, вагавую і артэзіянскі калодзеж. У 1938 годзе мэханізаваная бойня мела магутнасьць 50—60 галоваў за дзень. У 1940 годзе магутнасьць вырасла ўдвая. На пачатак 1940 году на бойні працавала 22 работнікі. У 1945 годзе Ашмянскі мясакамбінат выпускаў бараніну, ялавічыну, сьвініну, паўвэнджаную кілбасу і жывёльны тлушч. У верасьні 1946 году камбінат пераўтварылі ў забойны пункт Маладэчанскага мясакамбінату. У жніўні 1954 году прадпрыемства пераўтварылі птушкакамбінат. У 1958 годзе запусьцілі падвясную лінію. У 1967 годзе Ашмянскі птушкакамбінат паўторна стаў мясакамбінатам. У студзені 1971 году прадпрымества пераўтварылі ў аддзяленьне Лідзкага мясакамбінату. У студзені 1991 году Ашмянскі мясакамбінат зноў становіцца самайстойным прадпрыемствам і адчыняе базу перадзабойнага знаходжаньня быдла. У 1993 годзе дабудавалі цэх першаснай перапрацоўкі з 2 канвэерамі для буйнога рагатага быдла і сьвіней. У 1994 годзе запусьцілі цэх тэхнічных фабрыкатаў, скурапасолачны цэх і аўтамайстэрню. 30 студзеня 1995 году Ашмянскі мясакамбінат стаў акцыянэрным таварыствам.

У 1995 годзе паўторна адчынілі кілбасны цэх. У 2000 годзе пусьцілі новы кілбасны цэх плошчай 1500 м². 7 ліпеня 2005 году мясакамбінат адчыніў у Ашмянах уласную кавярню «Галяктыка». У 2007 годзе Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці НАНБ распрацаваў для ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» паўфабрыкаты з рубленага мяса для дзіцячага харчаваньня: катлеты «Школьныя» зь ляктулёзай і «Здравачка» з марской капустай, дзіцячыя сасіскі з малаком, цяфцелі «Казка», сардэлькі «Лапачка» і пяльмені «Сыбірскія экстра». У жніўні 2009 году ўсталявалі лядоўню на 500 тонаў. На 2013 год «Ашмянскі мясакамбінат» збываў свае вырабы ў больш як 500 крамах Беларусі, у тым ліку праз 18 фірмовых крамаў «Пачастунак». Уласныя крамы месьціліся ў Менску па вуліцы Платонава і ў 5 гарадах Гарадзенскай вобласьці: Астраўцы, Ашмянах, Наваельні (Зьдзецельскі раён), Смаргоні і Шчучыне. У іх вырабы завозілі двойчы на дзень. Экспарт ажыцьцяўлялі ў Летуву і Расею. Выпускалі 200 відаў кілбасы і 60 відаў паўфабрыкатаў, частку якіх з 2005 году прыпраўлялі духмяным ляфантам вытворчасьці мясцовага фэрмэра[2].

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Справаздача за 2017 год (рас.) // ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», 29 сакавіка 2018 г. Праверана 12 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б Тацяна Лазоўская, Віктар Пазьнякоў. Гісторыю пішуць людзі // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27543). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Фірмовы гандаль (рас.) // ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», 2018 г. Праверана 12 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць