Апуле́й Луцый (124/125, г. Мадаўра, Паўночная Афрыка — каля 180) — старажытнарымскі пісьменьнік, аратар.

Апулей
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 125[1][2][3]
Памёр каля 170[3]
Сужэнец невядома[4]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, філёзаф, навэліст, паэт, рыторык, лекар
Мова лацінская мова[5][6]

Біяграфічныя зьвесткі рэдагаваць

Нарадзіўся ў горадзе Мадаўра на мяжы Гетуліі і Нумідыі ў сучасным Альжыры. Быў сынам заможнага чыноўніка высокага рангу. Добрую адукацыю атрымаў у родным горадзе, потым у Картагене. Выявіў здольнасьці да рыторыкі і філязофіі. Пасьля сьмерці бацькі атрымаў значны спадак і свабоду дзеяньня, ад’ехаў да Атэн. Далучыўся да школы плятонікаў, вывучаў філязофію. Шмат падарожнічаў па правінцыях Рымскай імпэрыі. Дасканала авалодаў лацінскай мовай у Рыме. Працаваў адвакатам у судзе. Вярнуўся ў родны горад, у якім пражыў некалькі гадоў. Займаў значныя пасады ў гарадзкой управе. Потым накіраваўся ў Александрыю, але на шляху цяжка захварэў і спыніўся ў горадзе Эе ў Трыпалі. Сустрэў свайго знаёмага па Атэнах Пантыяна. Ажаніўся зь ягонай маці Пундэтылі, якой было больш за 40 гадоў — на 15 гадоў больш, чым яму. Брат яе першага мужа і малодшы сын абвінавацілі Апулея ў тым, што ён ажаніўся на ёй з дапамогай магіі толькі дзеля ўзбагачэньня. Была распачатая судовая справа, якая магла скончыцца для Апулея сьмяротным пакараньнем. Апулей пасьпяхова абараніўся ў судзе ад прад’яўленых яму абвінавачваньняў. Гэтая гісторыя была занатаваная ў творы пад назвай «Апалёгія». Нягледзячы на гэта, пазьней Апулей усё ж лічыўся чараўніком. Гэта было выклікана зьместам ягонага другога значнага твору «Мэтамарфозы», якія мелі багата магічных і містычных матываў. У канцы жыцьця Апулей вярнуўся да Катрагена, карыстаўся аўтарытэтам, быў вядомы як добры аратар, стаў вярхоўным жрацом. Дакладная дата сьмерці Апулея невядомая. Яшчэ пры жыцьці ў горадзе зьявіліся дзьве ягоныя скульптуры, але як выглядаў Апулей, дагэтуль невядома. Захваваўся адзін мэдальён IV ці V стагодзьдзя, на якім напісана імя Апулея. Мэдальён паказвае сцэну з абвінаваўчага акта, пра які распавядаецца ў «Апалёгіі». Твар Апулея на ім правільны, крыху падобны на жаночы, з кучаравымі валасамі.

Творчасьць рэдагаваць

Зь яго літаратурнай спадчыны дайшла невялікая частка: «авантурна-алегарычны раман» «Мэтамарфозы» на лацінскай мове (шырэй вядомы пад назвай «Залаты Асёл»). «Залатымі» зваліся творы літаратуры, якія мелі вялікі посьпех. «Мэтамарфозы» складаюцца з 11 кніг, у якіх устаўленыя 12 навэл (сярод якіх, напрыклад, казка пра Амура і Псыхею, кнігі 4-6), з рэалістычнымі і сатырычнымі малюнамі з жыцьця рымскай правінцыі 2 ст. н. э. у спалучэньні з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін зь першых псыхалягічных раманаў у эўрапейскай літаратуры. Аповед у «Мэтамарфозах» вядзецца ад першай асобы, герой твору грэк, месца дзеяньня — Грэцыя. Час стварэньня твору ацэньваецца ў 170—175 гг.

Іншыя творы — «Апалёгія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачваньня ў магіі»; зборнік урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Флярыды»; навукова-філязофскія трактаты і інш.

На беларускую мову «Метамарфозы» пераклаў Пятро Бітэль.

Творы рэдагаваць

Беларускія пераклады рэдагаваць

  • Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою… : Раманы. Мн.: «Мастацкая літаратура», 1991. — С. 93-273.

Крыніцы рэдагаваць