Апалі́нар (Апалін, Апалё́н) Гафме́йстар (па-расейску: Аполлинарий Павлович Гофмейстер; 1825, Берасьце, Расейская імпэрыя — 1 ліпеня 1890[1], Кракаў, Вялікае княства Кракаўскае) — дзяяч польскага і беларускага рэвалюцыйнага руху, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў; мэмуарыст.

Апалін Гафмейстар
Род дзейнасьці рэвалюцыянэр, мэмуарыст
Дата нараджэньня 1825(1825)
Месца нараджэньня Берасьце
Дата сьмерці 1 ліпеня 1890
Месца сьмерці Кракаў
Месца пахаваньня
Грамадзянства Расейская імпэрыя
Аўстра-Вугоршчына
Занятак рэвалюцыянэр
Бацька Павал Гафмейстар

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Паходзіў з пратэстанцкага нямецкага роду[2]. Бацька — палкоўнік расейскага войска Павал Гафмейстар, маці паходзіла з Курляндыі, з роду баронаў Штакельбергаў, была пратэстантка. Сын Гафмейстараў, аднак, як і бацька, быў ахрышчаны каталіком, хоць пазьней, з прагматычных мэтаў, бацька намаўляў яго стаць пратэстантам. У хуткім часе пасьля нараджэньня Апаліна сям’я Гафмейстараў пераехала ў Сімбірск, дзе бацька каля шасьці гадоў служыў паліцмайстарам. Пасьля сьмерці ўладальніка в. Шастакова расейскага генэрала Альбэрга, які прыходзіўся дзядзькам маці Апаліна Гафмейстара, сям’я вярнулася ў Беларусь. Бацька з маленства выхоўваў свайго сына ў спартанскім духу.

Апалінар Гафмейстар навучаўся ў Варшаўскай гімназіі. Потым паступіў у Бэрлінскі ўнівэрсытэт, дзе быў сябрам таемнага студэнцкага гуртка[3]. Вучобу ва ўнівэрсытэце ня скончыў.

У 1845 актыўна далучыўся да дзейнасьці студэнцкага гуртка, праз год зьехаў на Літву дзеля падрыхтоўкі паўстаньня. Жыў ва ўладаньнях бацькоў у Шастакове Берасьцейскага павету. У тым самым годзе спрабаваў узьняць паўстаньне. Аднак быў арыштаваны і атрымаў вырак два гады турэмнага зьняволеньня па г. зв. «справе Рэра». На пачатку 1848 публічна ганьбаваны ў Вільні і накіраваны ў арыштанцкую роту Орскай фартэцыі(uk), дзе сядзеў адначасна з Тарасам Шаўчэнкам. Тамсама сустракаўся з Зыгмунтам Серакоўскім[3]. Пасьля перасланы ў Арэнбург.

У 1857 імпэратар Аляксандар II аб’явіў амністыю. Пасьля гэтага Апалін Гафмейстар вярнуўся ў Шастакова пад таемны нагляд паліцыі. Вядома, што ён прыязна ставіўся да сялянаў, намагаўся іх вызваліць[3]. Адчыніў школу для вясковых дзяцей і заняўся сельскай гаспадаркай[4].

Падчас нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 року прызначаны цывільным ваяводзкім кіраўніком паўднёвага Гарадзенскага, пасьля Берасьцейскага ваяводзтва. Супрацоўнічаў з Кастусём Каліноўскім. У 1864 арыштаваны і сасланы на катаргу ў Сыбір, сьпярша ва Ўсольле, пасьля ў Табольск. У 1873 дзякуючы спрыяньню аўстрыйскай амбасады вызвалены і атрымаў эміграцыйны пашпарт бяз права вяртаньня ў Расею. Рэшту жыцьця правёў сьпярша ў Бродах на Галіччыне, пасьля ў Кракаве[5]. Навернуты з пратэстанцтва ў каталіцтва айцом Вацлавам Навакоўскім. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках[6].

Да нас дайшла частка ягоных мэмуараў у выглядзе ліста да Агатона Гілера (1882)[7].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Оренбургская биографическая энциклопедия (рас.) Библиотека :: Энциклопедии. История Оренбуржья. Праверана 1 чэрвеня 2012 г.
  2. ^ Jean-Baptiste Bouchaud: MIŁOŚĆ ZA MIŁOŚĆ - Życie zakonne św. Rafała Kalinowskiego Rozdział VIII (пол.). Polska Katolicka Witryna Marii Teresy Tuszyńskiej. Праверана 1 чэрвеня 2012 г.
  3. ^ а б в Генадзь Кісялёў. Апалін Гофмейстар ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. № 95-96.
  4. ^ Шестаково (Каменецкий район) (рас.) Каменетчина — Беларусь в лучшем виде Праверана 1 чэрвеня 2012 г.
  5. ^ Hofmeister — w największej bazie powstańców styczniowych (пол.) Dynamiczny Herbarz Rodzin Polskich Праверана 1 чэрвеня 2012 г.
  6. ^ Spis osób pochowanych na Cmentarzu Rakowickim w Krakowie (osoby pochowane do 1939 r.) (пол.) Cmentarium Праверана 1 чэрвеня 2012 г.
  7. ^ Из письма А.Гиллеру // Общественно-политическое движение на Украине в 1863-1864 гг. / Введ. В. Д. Королюка и Г. И. Марахова, с. V-XXI. Ред. коллегия: В. Королюк и др.. — Киів: Вид. Акад. наук УРСР, 1964.

Літаратура рэдагаваць