Андрэй Цікота (5 сьнежня 1891, хутар Плавушка, Сьвянцянскі павет — 11 лютага 1952, пас. Навачунка, ваколіцы Брацку, Расея) — каталіцкі сьвятар лацінскага і бізантыйскага абраду, архімандрыт Ордэну марыянаў, Апостальскі адміністратар для католікаў бізантыйскага абраду ў Маньчжурыі ў Кітаі, Генэральны супэрыёр Ордэну айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч, адзін з творцаў беларускага хрысьціянскага руху 20 ст., душпастыр і пэдагог.

Андрэй Цікота
Дата нараджэньня 5 сьнежня 1891(1891-12-05)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 лютага 1952(1952-02-13) (60 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак каталіцкі сьвятар

Нарадзіўся на хутары Плавушка[1] непадалёку ад фальварка Тупальшчына Дуброўскай воласьці Сьвянцянскага павету Віленскай губэрні ў сялянскай сям’і Фэлікса і Разаліі Цікотаў. 15 сьнежня 1891 году быў ахрышчаны паводле лацінскага абраду ў рыма-каталіцкім храме мястэчка Жодзішкі.

Адукацыя рэдагаваць

Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымаў у Ашмянах.

З кастрычніка 1909 па чэрвень 1913 праходзіў фармацыю і навучаньне ў Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай сэмінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асьветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца ў Пецярбург, дзе ў 1913 быў прыняты ў Мітрапалітальную рыма-каталіцкую духоўную акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Рукапакладзены на сьвятара 13 чэрвеня 1914. Скончыў Петраградзкую духоўную акадэмію ў 1917 з ступеньню кандыдата багаслоўя.

У 1917—1918 — пробашч парафіі ў Маладэчна, дзе заснаваў парафіяльную агульнаадукацыйную школу. З блаславеньня біскупа Эдварда Ропа актыўна карыстаўся беларускай мовай у сваёй душпастырскай дзейнасьці ў парафіях у Маладэчне, Вілейцы і Будславе. Удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху. Удзельнік 1-га зьезду беларускіх каталіцкіх сьвятароў у Менску (24-25.05.1917), сябра Саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1918 году з дазволу біскупа Віленскага Юрыя Матулевіча вызвалены ад парафіяльнай працы і пераехаў у Менск, дзе распачынаўся беларускі каталіцкі рух. З 1918 — прафэсар фундамэнтальнай і дагматычнай тэалёгіі ў Менскай духоўнай сэмінарыі. У 1918 абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Да верасьня 1919 працаваў у складзе Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту. Падчас польска-бальшавіцкай вайны арыштоўваўся бальшавікамі як закладнік, але быў вызвалены.[2]

1 верасьня 1920 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, праходзіў навіцыят (пэрыяд паслушэнства) пры Марыямпальскай мясьціне, 24 верасьня склаў манаскія зарокі. Затым служыў у Амэрыцы душпастырам летувіскае каталіцкай супольнасьці.

Служэньне ў Друі рэдагаваць

7 траўня 1924 г. заснаваў кляштар марыянаў у Друі[3]. Таксама яму было даручаныя арганізацыя і апякунства над жаночым кляштарам Сясьцёр Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі, які ў той жа час пачынаў сваё існаваньне ў Друі. У 30 траўня 1925 узначаліў навіцыят пры кляштары. Падвяргаўся рэзкай крытыцы з боку часткі польскае суполкі з-за беларускага характару кляштару марыянаў у Друі — нягледзячы на тое, што ляяльна ставіўся да Польшчы і яе законаў.

За гады знаходжаньня ў Друі заснаваў некалькі пачатковых школаў, а затым і гімназію імя Стафана Баторыя, а таксама жаночая прафэсійная вучэльні кройкі і швіва. Шматнацыянальны і шматканфэсійны характар вучэбных устаноў (у якія прымалі ня толькі хрысьціянаў, але і жыдоў) выклікаў моцнае раздражненьне антысэмітаў. Пры кляштары быў адчынены гарадзкі тэатар, выдавалася рэлігійная міжканфэсійная газэта. Дзейнасьць о. Андрэя спрыяла і гаспадарчаму разьвіцьцю Друі — горад быў электрыфікаваны і ў ім была адчыненая каса ўзаемадапамогі.

Генэрал марыянаў і адміністратар католікаў усходняга абраду ў Харбіне рэдагаваць

У 1933 быў абраны генэральным супэрыёрам (генэралам) Ордэну айцоў марыянаў, увесь час працягваў апекаваць рэлігійныя і адукацыйныя ўстановы Друі. У 1939 быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў усходняга абраду ў Маньчжурыі замест Фабіяна Абрантовіча, які быў арыштаваны восеньню 1939-га савецкімі ўладамі падчас вяртаньня з сваёй радзімы пры спробе нелегальна перайсьці мяжу.

Арышт, лягер, сьмерць рэдагаваць

22 сьнежня 1948 быў арыштаваны кітайскай камуністычнай міліцыяй і 25 сьнежня разам з чатырма іншымі сьвятарамі быў перададзены савецкім органам. З 27 сьнежня знаходзіўся ў папярэднім зьняволеньні ў Чыце, паводле сьведчаньняў, паводзіў сябе на сьледзтве мужна, падвяргаўся катаваньням. Прыклад а. Андрэя Цікоты заахвоціў аднаго зь сьвятароў адмовіцца ад адрачэньня ад Бога і Царквы, да якога яго вымусіў сьледчы. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Пазьней савецкія ўлады, ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, прапанавалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы.[2] Не зважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах і ў выніку допытаў здароўе архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэтую правакацыйную прапанову.

28 верасьня 1949 архімандрыт Андрэй Цікота быў завочна абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнае групоўкі ў ліцэі Сьвятога Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысьць Ватыкану і Японіі па арт. 58-6 ч. 1, 58-4, 58-11.[2] Яму і ўсім харбінскім місіянэрам прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня ў лягеры. Праз Іркуцк яго накіравалі ў “Ангарлаг”, спачатку ў Тайшэт на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Адтуль 19 студзеня 1950 яго забралі і перавезьлі ў Чукшу. З красавіка 1951 ён адбываў пакараньне ў лягпункце Нова-Чунка Шыткінскага р-ну Іркуцкай вобласьці. З чэрвеня 1951 яго зноў вярнулі адбываць пакараньне ў Тайшэт. Увесь гэты час у ён быў цяжка хворы, а перад сьмерцю, паводле ўспамінаў іншых зьняволеных, пазбаўлены мэдычнае дапамогі.

Памёр у зьняволеньні 11 лютага 1952 у шпіталі № 38 (Чукша, 2-і аддзел) асобага лягеру № 7 «Озерлагу» (для палітвязьняў). Пахаваны на шпітальных лягерных могілках у ваколіцах Брацку Іркуцкай вобласьці.[4] Магіла была пазначана простым калком і сёньня яе знайсьці практычна немагчыма. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сардэчнай дзейнасьці пры агульнай інтаксікацыі арганізму, выкліканай тубэркулёзным мэнінгітам.

Крымінальная справа на архімандрыта Андрэя Цікоту знаходзіцца ва Ўпраўленьні ФСБ Расеі па Омскай вобласьці.[4]

Бэатыфікацыя рэдагаваць

З ініцыятывы Каталіцкай Царквы ў Расеі 31 траўня 2003 году ў Рыме афіцыйна быў распачаты працэс беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты. Віцэ-пастулятарам працэсу Слугі Божага Андрэя Цікоты зьяўляецца беларускі сьвятар-марыянін а. Вячаслаў Пялінак, у задачу якога ўваходзіць збор разнастайных дакумэнтаў і пошук сьведкаў.[5]

На радзіме сьвятара на могілках у Жодзішках, побач з магілай старэйшага брата Фэлікса Цікоты — дзеяча беларускага руху, на Дзяды 2003 году гарадзенскімі грэка-каталікамі быў усталяваны сымбалічны памятны крыж архімандрыту Андрэю Цікоту. Яго вырабіў каваль-мастак Юры Мацко, а скульптар Уладзімер Панцялееў выканаў на камені барэльефную шыльду.[1] Асьвячэньне помніка зьдзейсьніў Апостальскі візытатар БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін.

22 траўня 2012 году на былых лягерных могілках каля пасёлку Навачунка, на 116-м кілямэтры ад Тайшэту, дзе пахаваны беларускі рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, манах-марыянін архімандрыт Андрэй Цікота, быў пастаўлены памятны крыж і адслужаная памінальная імша.[6]

Бібліяграфія рэдагаваць

Крыницы рэдагаваць

  1. ^ а б Уладзімір Хільмановіч. Крыж для ўшанаваньня памяці Архімандрыта Андрэя Цікоты // Царква, № 4(39), 2003. С. 14.
  2. ^ а б в Юры Гарбінскі, Ігар Бараноўскі. Нязломны вязень Тайшэцкіх лагероў // Царква, № 2 (33), 2008. С. 8-9.
  3. ^ Аляксандр Надсан. Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі. ст.8
  4. ^ а б Лариса Пешкова. Харбин — русский и католический // Свет Евангелия, № 2-3, 1999. С. 4-5.
  5. ^ О программе и процессе.
  6. ^ Пад Тайшэтам ушанавалі памяць айцоў Цікоты і Станкевіча

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць