Андрэ́й Сла́дкавіч (па-славацку: Andrej Sládkovič), сапраўднае імя Андрэй Браксатарыс (славац. Andrej Braxatoris, псэўданімы Андрэй Браксатарыс-Сладкавіч, Андрэй Сладкавіч, Онджэй Красіслаў Сладкавіч; 30 сакавіка 1820, Крупіна — 20 красавіка 1872, Радвань над Гронам) — славацкі эвангельскі сьвятар, паэт, літаратурны крытык, публіцыст і перакладнік. Прадстаўнік г. зв. пакаленьня «штураўцаў». Разам з Сама Халупкам, Янам Бота і Янка Кралем належыць да найвыбітнейшых паэтаў эпохі славацкага рамантызму.

Андрэй Сладкавіч
Andrej Sládkovič
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Andrej Braxatoris
Нарадзіўся 30 сакавіка 1820
Сьцяг Габсбурскай манархіі Крупіна
Памёр 20 красавіка 1872
Сьцяг Аўстра-Вугоршчыны
Сьцяг Аўстра-Вугоршчыны
Радвань над Гронам
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, крытык, публіцыст, перакладнік
Кірунак рамантызм
Жанр паэзія
Мова славацкая
Значныя творы «Марына» (1846)
«Дзетван» (1853)
Подпіс

Бацька Марціна Мілаша Браксатарыса, таксама эвангельскага сьвятара, паэта, рэдактара і перакладніка; дзед Паўла Браксатарыса, лібрэтыста і песеньніка, сузаснавальніка славацкай апэрэты.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў незаможнай пратэстанцкай сям’і настаўніка і літаратара, у 1826—1830 роках навучаўся ў Крупіне, пасьля ў 1830—1831 у Пэрэчанах, у 1831—1832 наведваў піярскую гімназію ў Крупіне, у 1832—1840 навучаўся ў эвангелісцкім ліцэі ў Шэльмецбані, у 1840—1842 — у эвангелісцкім ліцэі ў Прэсбургу, нарэшце ў 1843—1844 вывучаў тэалёгію ва ўнівэрсытэце ў Гале.

У 1839—1840 роках вучыўся ў хаце Паўла Пішла, дзе пазнаёміўся з Марынай Пішлавай, у 1838 працаваў памочнікам настаўніка ў Ладзанях. У 1841 року разам з Самуэлем Юркавічам заснаваў «славацкі нацыянальны тэатар» у Собацішці. У 1842—1843 быў выхавацелем у Годрушы, па вяртаньні з навучаньня ў Гале стаў выхавацелем у сям’і Паўла Безэга ў Рыбарах.

У 1847 высьвячаны на сьвятара і стаў пастырам у Грохаці. З захапленьнем сустрэў рэвалюцыю 1848—1849 рокаў. Верыў, што ідэалы свабоды, роўнасьці і братэрства пранікнуць у сьвядомасьць народаў. У 1849 быў затрыманы. Ад 1856 да сьмерці служыў сьвятаром у Радвані над Гронам. Браў удзел у мэмарандавым сходзе ў Марціне, дзе быў пісарам, стаў адным з заснавальнікаў Маціцы славацкай, сябрам яе літаратурнага аддзелу. Па сьмерці Караля Кузмані ў 1867 року стаў старшынём сьпеўнікавага камітэту, задачаю якога было выданьне духоўных сьпеваў і набажэнскіх кніга. У 1868 цяжка захварэў на вадзянку, ад якой ужо не акрыяў.

Творчасьць рэдагаваць

 
Помнік у Банскай Бістрыцы

Першыя вершы апублікаваныя ў альманаху «Нітра». У сваёй рамантычнай паэзіі спалучаў матывы славацкага фальклёру зь філязофскім уяўленьнем пра ідэальную маральнасьць, прыгажосьць і дасканаласьць чалавека. Моцнай натхняльнай крыніцай былі ўласны досьвед, эмацыйнае жыцьцё, асабістыя канфлікты, пошук жыцьцёвай раўнавагі ў цяжкім становішчы народнага і грамадзкага жыцьця. Зьвяртаўся да розных жыцьцёвых пытаньняў, адкрываў «неадкрытае» хараство ў славацкай прыродзе, у людзе і ягонай культуры.

Быў пад моцным уплывам Людавіта Штура і адносіўся да вядучых асобаў ягонай суполкі. Стаў адным з заснавальнікаў Маціцы славацкай, спрычыніўшыся да ажыўленьня славацкага жыцьця. Падтрымліваў кантакты з выбітнымі прадстаўнікамі славянскіх народаў. На ягонае мысьленьне ўплыў аказала таксама філязофія Гегеля.

Акрамя пастырскай дзейнасьці, пісаў і на рэлігійную тэматыку. Ягоная знакамітая паэма «Марына», якая ўслаўляе любоў ня толькі да жанчыны, але і да народу, і лірычна-эпічная паэма «Дзетван» уважаюцца вяршыняй ягонага вершаванага майстэрства. «Марына» стала найбольш перакладаным ягоным творам (двойчы на вугорскую, чэскую, польскую, францускую мовы).

Займаўся таксама перакладамі з расейскай (Аляксандар Пушкін), францускай (Вальтэр, Жан Расін), нямецкай (Ёган Вольфганг фон Гётэ) моваў; пісаў публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі і водгукі, якія мелі высокі тэарэтычны ўзровень.

Памяць рэдагаваць

Ад 1960 шторок ладзіцца Сладкавічава Радвань — конкурс мастацкай дэклямацыі.

Імем Андрэя Сладкавіча названая малая плянэта і гімназія ў Банскай Бістрыцы.

Беларускія пераклады рэдагаваць

Паасобныя вершы на беларускую мову пераклаў Лявон Баршчэўскі[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ І боль, і прыгажосць…: выбраныя творы паэтаў Еўропы і Амерыкі ў перакладах Лявона Баршчэўскага. — Мінск : Зміцер Колас, 2016. — 452, [1] с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 73).

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць