Андрэй Засьпіцкі

беларускі скульптар

Андрэ́й Міха́йлавіч Засьпі́цкі (1924, цяпер Высокае Мазавецкае, Падляскае ваяводзтва, Польшча — 2019, Менск, Беларусь) — беларускі скульптар.

Андрэй Засьпіцкі
Дата нараджэньня 16 лютага 1924
Месца нараджэньня Мазавецк, Беластоцкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 9 сакавіка 2019
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня Паўночныя могілкі
Адукацыя Ленінградзкі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры
Занятак скульптар
Працы помнікі Янку Купалу ў Менску (1972) і маці-патрыёткі ў Жодзіне (1977)
Пад уплывам Аляксей Глебаў
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія БССР (1974), Дзяржаўная прэмія СССР (1977)
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны

Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1977), ляўрэат Дзяржаўных прэміяў Беларускай ССР (1974) і СССР (1977)[1], ганаровы грамадзянін Менску[2].

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і мастака-літографа Міхаіла Засьпіцкага і настаўніцы музыкі. Дзед таксама быў мастаком. У дзяцінстве наведваў курсы лепкі і маляваньня ў Варшаве, куды пераехаў з бацькамі. У выніку атрымаў пасьведчаньне для бясплатнага наведваньня ўсіх музэяў Варшавы, у якія стаў хадзіць штодня. Пасьля пачатку нямецкага ўварваньня ў Польшчу 1939 году пераехаў зь сям’ёй ў Менск (Беларуская ССР), дзе бацька ўладкаваўся каляровым літографам у Беларускі дом друку. У 15 гадоў паступіў на выхаваньне ў Дом народнай творчасьці. На Маскоўскай выставе 1-й дэкады беларускага мастацтва і літаратуры атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР за бюст Дзяржынскаму[2]. У 1940—1941 гадах навучаўся ў Ленінградзкім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (Расейская СФСР)[1].

 
Скульптуры на «Браме Менску» (2012 год)

22 чэрвеня 1941 году ў дзень пачатку Нямецка-савецкай вайны вярнуўся ў Менск на вакацыі. У выніку з бацькамі выехаў у Сталінградзкую вобласьць (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся малатабойцам на кузьні ў калгасе. У лютым 1942 году па дасягненьні 18 гадоў яго заклікалі ў Чырвоную армію, дзе ў артылерыі страляў з 45-мілімэтровай гарматы. Увосень 1944 году пасьля апэрацыі «Багратыён» па вызваленьні Беларускай ССР перайшоў на службу ў Галоўнае кіраўніцтва контрвыведкі «Сьмерш» Народнага камісарыяту абароны СССР. Удзельнічаў у лясных баях супраць нямецкіх выведнікаў. Пасьля вайны маляваў у вайсковай частцы плякаты і ляпіў партрэты Георгія Жукава, Леніна і Сталіна. У 1947 годзе дэмабілізаваўся і зьехаў да бацькоў у Горадню, дзе ўладкаваўся маляваць шыльды пад кіраўніцтвам галоўнага мастака горада. Пасьля вырабу шыльды для мясцовай кавярні «Піва-воды» тамсама пазнаёміўся з Васілём Быкавым, якому прапанаваў супольную працу. У 1948 годзе Быкаў запрасіў яго ў Менск, дзе накіраваў у майстэрню Аляксея Глебава на вуліцы Някрасава. Пасьля 2 дзён лепкі Глебаў прыняў яго на стажыроўку, якая доўжылася да 1956 году[2].

Творчасьць рэдагаваць

 
Скульптуры на фасадзе Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні (2010 год)

Пасьля 1948 году на замову міністра дзяржаўнай бясьпекі БССР Лаўрэнція Цанавы ўдзельнічаў у афармленьні будынка КДБ БССР паводле праекту свайго сябра Паўла Белавусава. У 1957 годзе стварыў партрэт Алаізы Пашкевіч ў Астрыне (Шчучынскі раён) і кампазыцыю «Партызан-падрыўнік». У 1958-м — станковы твор «У полі». У 1960 годзе стварыў партрэт Фрэдэрыка Шапэна. У 1964-м — кампазыцыю «Сяброўства». У 1971 годзе зрабіў станковы твор «Гімнасткі». У 1972-м — помнік Янку Купалу ў Менску з Анатолем Анікейчыкам і Львом Гумілеўскім, за які атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У 1973 годзе стварыў помнік Францішку Скарыне ў Полацку. У 1977 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за манумэнт маці-патрыёткі Настасьсі Купрыянавай ў Жодзіне, у выкананьні якога супрацоўнічаў са скульпатармі Іванам Міском ды Рыжанковым і архітэктарам Алегам Трафімчуком. Купрыянава згубіла на вайне 5 сыноў. Словы да манумэнта падбіраў 1-ы сакратар Кампартыі Беларусі Пётар Машэраў, а ўхваляла яго Валянціна Церашкова на чалве Камітэту савецкіх жанчынаў. У 1989-м зваяў помнік у гонар вызваленьня Віцебска зь Мікалаем Рыжанковым. У 1992 годзе стварыў помнік ахвярам фашызму ў Стоўпцах. У 1995-м — бюст Адама Міцкевіча. У 1996-м — кампазыцыю «Рэквіем». Яго творам былі ўласьцівыя выразны лінейны рытм, кантрастныя сьвятлацені і сувымернасьць маштабу з масай[1]. Таксама стварыў помнікі Максіму Горкаму, Канстанціну Цыялкоўскаму (1965) і Аляксею Глебаву ў Менску. У 2006 годзе стварыў барэльеф «Гусьляр» для новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У 2013 годзе стварыў помнік Міхаілу Савіцкаму. Таксама зрабіў барэльеф «Крэпасьць» у гонар Берасьцейскай крэпасьці[2].

Асабістае жыцьцё рэдагаваць

Жонка — Ніна Сьцяпанаўна, зь якой пражыў 60 гадоў да яе сьмерці. Стварыў барэльеф на магіле жонкі. Меў дачку, 2-х унучак і праўнука. Стаў даўгавечнікам, пражыўшы 95 гадоў. Захоўваў сілу для лепкі ў веку за 90 гадоў праз шторанішнюю разьмінку ў выглядзе 50 прысяданьняў і заняткаў з гірамі ў спартзале сваёй майстэрні[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Валеры Буйвал. Засьпіцкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 572. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  2. ^ а б в г д Вераніка Канюта. Вечна малады Андрэй Засьпіцкі // Зьвязда : газэта. — 6 сьнежня 2013. — № 230 (27595). — С. 6. — ISSN 1990-763x.