Анатоль Ямяльянавіч Гурыновіч (1924; цяпер в. Вінаградаўка, Ігуменскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1999) — беларускі і савецкі дыплямат. 2-і міністар замежных справаў Беларускай ССР (1966—1990).

Анатоль Гурыновіч
2-і міністар замежных справаў Беларускай ССР
14 траўня 1966 — 17 ліпеня 1990
Прэм’ер-міністар: Ціхан Кісялёў, Аляксандар Аксёнаў, Уладзімер Бровікаў, Міхаіл Кавалёў, Вячаслаў Кебіч
Папярэднік: Кузьма Кісялёў
Наступнік: Пятро Краўчанка
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР
1967 — 1990
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 9 верасьня 1924
вёска Слатвін, Ігуменскі раён, Менская акруга, Беларуская ССР, СССР
Памёр: 9 красавіка 1999
Партыя: КПСС (да 1991 г.), Беларуская сацыял-дэмакратычныя партыя «Грамада» (з 1996 г.)
Сужэнец: жонка Сьцепаніда Іванаўна
Дзеці: сын Сяргей
Бацька: Ямяльян Фаміч
Маці: Васіліса Васілеўна
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1949), Вышэйшая дыпляматычная школа МЗС СССР (1951)
Узнагароды:
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Сяброўства народаў
Мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені
Мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Скончыў Пярэжырскую сярэднюю школу (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць, БССР; цяпер Беларусь), якая цяпер носіць яго імя. Падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў удзельнічаў у савецкім партызанскім руху ў Беларусі. 16 ліпеня 1944 г. узяў удзел у партызанскім парадзе ў Менску. З 1944 г. на савецкай і гаспадарчай працы. Улетку 1945 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, які скончыў у 1949 годзе на выдатна. Улетку 1949 г. паступіў на заходні факультэт Вышэйшай дыпляматычнай школы МЗС СССР у Маскве, які скончыў у 1951 годзе. З 1951 г. працаваў памочнікам загадніка палітычнага аддзела Міністэрства замежных справаў Беларускай ССР. У 1957—1961 гг. — сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Беларускай ССР пры ААН у Нью-Ёрку (ЗША), загаднік аддзела міжнародных эканамічных арганізацыяў МЗС БССР[1].

6 верасьня 1961 г. Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 535 аб яго прызначэньні намесьнікам міністра замежных справаў БССР. 14 траўня 1966 г. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР зацьвердзіў Указ аб яго прызначэньні міністрам замежных справаў БССР. У верасьні 1966 году ўпершыню ўзначаліў дэлегацыю Беларускай ССР на 12-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, якую працягваў узначальваць штораз да 1990 году. Адначасна ў 1967—1990 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 5-і скліканьняў (з 7-га па 11-е). 6 лютага 1968 г. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР зацьвердзіў Указ № 2340-VII аб прысваеньні яму дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара. У 1971—1990 гг. — сябар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі. 17 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Пастанову аб вызваленьні яго ад пасады міністра замежных справаў БССР. 29 сьнежня 1997 г. Загадам Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь № 407-л атрымаў прызначэньне Амбасадарам па асаблівых даручэньнях. Пахаваны ў вёсцы Пярэжыр (Пухавіцкі раён, Беларусь)[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Гурыновіч Анатоль // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 539. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  2. ^ З гісторыі дыпляматыі // Весьнік Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь : часопіс. — 2004. — № 3 (30). — С. 114-116.