Алішэр Усманаў

Расейскі мільярдэр узбэцкага паходжаньня

Алішэр Бурханавіч Усманаў (нарадзіўся 9 верасьня 1953 году, Чуст, Наманганская вобласьць, цяпер Узбэкістан) — буйны прадпрымальнік Расеі ўзбэцкага паходжаньня. У 2012—2015 гадох быў найбагацейшым жыхаром Расеі.

Алішэр Усманаў
узб. Alisher Usmonov
30 чэрвеня 2015 г. (Маскоўскі Крэмль)
Імя пры нараджэньні Алішэр Бурханавіч Усманаў
Род дзейнасьці прадпрымальніцтва
Дата нараджэньня 9 верасьня 1953 (70 гадоў)
Месца нараджэньня Чуст, Наманганская вобласьць, Узбэцкая ССР, СССР
Месца вучобы
Занятак бізнэсмэн, прадпрымальнік, інвэстар, функцыянэр, мэцэнат
Месца працы
Бацька Бурхан Усманаў
Маці Дзільбара Ўсманава
Жонка Ірына Вінэр-Усманава (нар. 1948; з 1992 г.)
Дзеці пасынак (Натан) Антон Вінэр (нар. 1973)
Узнагароды
Ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені
Ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені
Ордэн Пашаны
Ордэн Достык 1 ступені
Ордэн Достык 1 ступені
Сайт usm-group.com

Раньнія гады рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і пракурора Ташкенту (Узбэцкая ССР, цяпер Узбэкістан). Быў старэйшым з 4 дзяцей. У дзяцінстве 2 гады займаўся ў сэкцыі фэхтаваньня, пасьля чаго ўвайшоў у юнацкую зборную Ўзбэцкай ССР па фэхтаваньні. У 1966 г. уступіў у Камуністычны саюз моладзі (камсамол). Затым стаў майстрам спорту СССР і ўвайшоў у зборную СССР па фэхтаваньні. Падчас заняткаў у Палацы спорту Ташкенту пазнаёміўся з гімнасткай Ірынай Вінэр, якая больш як 2 дзесяцігодзьдзямі пазьней выйшла за яго замуж. У 1971—1976 гадах навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных зносін, які скончыў па спэцыяльнасьці «міжнароднае права».

У 1976 г. вярнуўся ў Ташкент, дзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Цэнтру навуковай інфармацыі пры прэзыдыюме Акадэміі навук Узбэцкай ССР. Таксама заняў пасады кіраўніка Зьнешнеэканамічнай асацыяцыі Савецкага камітэту абароны міру і старэйшага рэфэрэнта Цэнтральнага камітэту Камсамолу Ўзбэкістану. У жніўні 1980 г. атрымаў судовы вырак на 8 гадоў пазбаўленьня волі за вымагальніцтва і па 2 іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу разам з опэрупаўнаважаным адмысловага аддзелу КДБ Насымавым, які быў сынам намесьніка старшыні КДБ Узбэцкай ССР. Вырак за вымагальніцтва 30 000 савецкіх рублёў у вайскоўца Савецкай арміі Маёрава вынес вайсковы трыбунал Туркестанскай вайсковай акругі. У выніку бацькоў Усманава і Насымава зьнялі з пасадаў. Падчас зьняволеньня даслаў хустку ў знак прапановы выйсьці замуж гімнастцы Ірыне Вінэр, якая на той час ужо разьвялася. У сакавіку 1986 г. атрымаў умоўна-датэрміновае вызваленьне «з прычыны шчырага раскаяньня» і «за ўзорныя паводзіны». Па вызваленьні стаў намесьнікам кіраўніка ўзбэцка-бэльгійскага сумеснага прадпрыемства «Віта» (Ташкент).

Расея рэдагаваць

Пры канцы 1980-х гадоў на запрашэньне аднакурсьнікаў пераехаў ў Маскоўскую вобласьць (Расейская СФСР), дзе заснаваў каапэратыў «Аграпласт» для вырабу поліэтыленавых пакетаў у цэху Раменскага заводу плястмасы. Пазьней заняўся пастаўкай тытуню. У 1990—1994 гадах — 1-ы намесьнік кіраўніка ЗАТ «Інтэркрос». У 1992 г. ажаніўся з трэнэркай зборнай Узбэкістану па мастацкай гімнастыцы Ірыне Вінэр. У 1994—1998 гадах — кіраўнік сумеснага ЗАТ «Міжбанкаўская інвэстыцыйна-фінансавая кампанія „Інтэрфін“» Адначасна ў 1994—1995 гадах — дарадца кіраўніка Маскоўскага авіяцыйнага вытворчага аб’яднаньня. У 1995—1997 гадах — 1-ы намесьнік старшыні кіраўніцтва МАВА-банку. У 1997 г. скончыў Фінансавую акадэмію пры Ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі па спэцыяльнасьці «банкаўская справа». Зь лістапада 1998 г. па люты 2000 году — 1-ы намесьнік кіраўніка ТАА «Газпрам інвэстхолдынг», якое вяртае «Газпраму» запазычанасьць даўжнікоў. Зь лютага 2000 г. па кастрычнік 2014 году — кіраўнік ТАА «Газпрам інвэстхолдынг». На гэтай пасадзе вярнуў кантрольныя пакеты (больш за 50%) акцыяў: ААТ «Захаднафтагазпрам» (Краснаселькуп, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Уральская фэдэральная акруга), якому належала Паўднёва-Расейскае нафтагазавае радовішча (Краснаселькупскі раён; 1 трлн м³ прыроднага газу); газіфікацыйнага ААТ «Захсыбгазпрам» (Цюмень, Уральская фэдэральная акруга); у 2002 годзе ААТ «СыбУр» («Сыбірска-Ўральская нафтагазахімічная кампанія»).

30 кастрычніка 2000 г. пад яго кіраўніцтвам «Газпрам інвэстхолдынг» і «МІФК „Інтэрфін“» зарэгістравалі ЗАТ «Газмэтал». У студзені 2001 г. статутны капітал ЗАТ «Газмэтал» налічваў 3,9 млрд расейскіх рублёў, якія ўлучалі 81,5% акцыяў ААТ «Лебядзінскі горнаўзбагачальны камбінат» («ЛГУК», 20 млн тонаў жалезаруднага канцэнтрата за год; Губкін, Белгародзкая вобласьць, Цэнтральная фэдэральная акруга) і 71% акцыяў ААТ «Аскольскі электрамэталюргічны камбінат» («АЭМК»; Стары Аскол, Белгародзкая вобл.). «МІФК „Інтэрфін“» атрымаў кантрольны пакет (51,79%) акцыяў ЗАТ «Газмэтал» за ўнясеньне ў статутны капітал 35% акцыяў «ЛГУК» і 54% акцыяў «АЭМК». «Газпрам інвэстхолдынг» атрымаў 48,21% акцыяў ЗАТ «Газмэтал» за перадачу ў статутны капітал 56,5% акцыяў «ЛГУК» і 17% акцыяў «АЭМК». У выніку Алішэр Усманаў стаў асноўным уласьнікам найбольшага ў Эўропе вытворцы жалезнай руды («ЛГУК») і асноўнага яе перапрацоўніка ў сталь («АЭМК») праз валоданьне кантрольным пакетам акцыяў «МІФК „Інтэрфін“», які належаў яго «Emerging Markets Economic Research» (брытанская калёнія Ангілья, г. Вэлі, палаты Гарлоў), «Viticole» (Бэльгія), «Ferrous Investments» (Ангельшчына) і «Revenant» (брытанскае ўладаньне Джэрзі)[2]. З 2001 г. узначаліў Расейскую фэдэрацыю фэхтаваньня.

1 кастрычніка 2003 г. ААТ «Уральская сталь», якое належала Ўсманаву на палову з Алегам Дзерыпаскам, набыло праз аўкцыён Орска-Халілаўскі мэталюргічны камбінат (ОХМК, 3,3 млн тонаў сталі за год; Наватроіцк, Арэнбурская вобласьць, Прыволская фэдэральная акруга) у ААТ «Наватроіцкая сталь» («НаСта») Андрэя Андрэева[3]. У красавіку 2004 г. выкупіў у Алега Дзерыпаскі яго палову акцыяў у ААТ «Уральская сталь». 1 сьнежня 2004 г. разам з Васілём Анісімавым набыў у Бідзіна Іванішвілі 97% акцыяў ААТ «Міхайлаўскі горнаўзбагачальны камбінат» («МГУК», 16,6 млн тонаў жалезнаруднага канцэнтрату; Жалезнагорск, Курская вобласьць, Цэнтральная фэдэральная акруга) за $1,65 млрд. У выніку стаў уласьнікам матчынага ЗАТ «Мэталаінвэст». ТАА «Расейскі камэрцыйны банк» (Кіпр), які належыць дзяржаўнаму ААТ «Зьнешгандальбанк» (Санкт-Пецярбург), пазычыў на куплю $1 млрд[4]. Зь ліпеня 2005 г. стаў старшынём Эўрапейскай канфэдэрацыі фэхтаваньня.

30 жніўня 2006 г. набыў у Бадры Патаркацышвілі за $300 млн акцыянэрнае таварыства «Камэрсант», якое выпускала аднайменную газэту, 2 іншыя газэты і 2 часопісы. На той час маёмасьць Усманава мела вартасьць у $2,6 млрд[5]. 5 сьнежня 2006 г. перайменаваў ЗАТ «Газмэтал» у ТАА «Мэталаінвэст», у якое ўлучыў ЗАТ «Мэталаінвэст». У выніку ў холдынг ТАА «Мэталаінвэст» увайшлі: ААТ «Лебядзінскі горнаўзбагачальны камбінат», ААТ «Аскольскі электрамэталюргічны камбінат», ААТ «Уральская сталь» і ААТ «Міхайлаўскі горнаўзбагачальны камбінат». 23 чэрвеня 2007 г. набыў у «Арс-рэкардс» прадусара Ігара Крутога за $300 млн 75% акцыяў тэлеканала «Муз-ТБ». 17 верасьня 2007 г. набыў у Нью-Ёрку (ЗША) за $112 млн збор 450 прадметаў мастацтва дырыгента Мсьціслаў Растраповіч і яго жонкі Галіны Вішнеўскай, які перадаў ураду Расеі. 1 жніўня 2008 г. набыў 35% акцыў укладальніцкага фонду «Тэхналёгіі лічбавага неба» (Масква; анг. Digital Sky Technologies), празь які прыдбаў: расейскую сацыяльную сетку «Аднаклясьнікі», улетку 2010 г. найбольшы ў Расеі паштовы партал Mail.ru. З 6 сьнежня 2008 г. — старшыня Міжнароднай фэдэрацыі фэхтаваньня (Лязана, кантон Во, Швайцарыя). 24 красавіка 2012 г. яго ТАА «АФ Тэлекам Холдынг» набыло кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства сотавай сувязі «МэгаФон». Увесну 2012 году стаў найзаможнейшым жыхаром Расеі з агульнай вартасьцю маёмасьці ў $18,1 млрд[6].

У сьнежні 2012 г. заснаваў «Усм-Холдынг» (Брытанскія Віргінскія астравы; анг. USM Holdings) для кіраваньня ўсёй сваёй маёмасьцю ў $20 млрд[7]. У тым холдынгу ён меў 100% галасавальных паёў і 60% маёмасных. Рэштай маёмасных паёў валодалі Ўладзімер Скоч (30%), які быў бацькам дэпутата Дзяржаўнай думы Андрэя Скоча[8][9][10], і Ардаван-Фархад Машыры. «Усм-Холдынгу» належалі кантрольныя пакеты акцыяў ТАА «Мэталаінвэст», прадпрыемства сотавай сувязі «МэгаФон» і ТАА «Мэйл.Ру»[11]. 18 сакавіка 2014 г. ТАА «Мэйл.Ру», асноўным уласьнікам якой быў Усманаў, павялічыла сваю долю з 40% да 52% акцыяў найбольшай у Расеі сацыяльнай сеткі «У Кантакце». 16 верасьня 2014 г. «Мэйл.Ру» набыў астатнія 48% акцыяў «У Кантакце», у выніку чаго ўсе 100% акцыяў абышліся ў амаль $2 млрд[12]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ https://www.rbc.ru/business/23/01/2023/63ce53d09a79476a0fa25bc2
  2. ^ «Інтэрфакс». «Газпрам» здаў мэталюргію (рас.) // ТАА «Атон», 4 сьнежня 2001 г. Праверана 27 сакавіка 2017 г.
  3. ^ Учора адбыўся гандаль у форме аўкцыёна для продажу часткі маёмасьці прадпрыемства-даўжніка — ААТ «НаСта» (ОХМК) (рас.) // «Арэнбурскія навіны», 2 кастрычніка 2003 г. Праверана 27 сакавіка 2017 г.
  4. ^ Валер Ігуменаў. Добрасумленныя набывальнікі  (рас.) // Форбс : часопіс. — Сакавік 2005. — № 3.
  5. ^ Вольга Данішэвіч. «Газпрам» купіў адну з апошніх незалежных газэт Расеі // Газэта «Наша ніва», 1 верасьня 2006 г. Праверана 27 сакавіка 2017 г.
  6. ^ Названыя найбагацейшыя бізнэсмэны Расеі // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2012. — № 78 (27193). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Ян Булыга. Бандыцкія мільярды Масквы // Партал «Народная перамога», 2 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 7 траўня 2013 г. Праверана 27 сакавіка 2017 г.
  8. ^ Президент благотворительного фонда Андрей Скоч. Досье | Справка | Вопрос-Ответ | Аргументы и Факты (aif.ru)
  9. ^ Андрей Скоч: бизнесмен, парламентарий, благотворитель. Россия и мир. JustMedia.ru
  10. ^ Скоч Андрей: биография, политическая карьера, благотворительность (abireg.ru)
  11. ^ Алесь Сазонаў, Юлія Фядорынава. Расейскі мільярдэр Усманаў зьвязвае лёс з таварыствам (анг.) // Блумбэрг ТБ, 7 лютага 2013 г. Праверана 27 сакавіка 2017 г.
  12. ^ Ягор Канапкін, Generation.by. Сацыяльная сетка «У Кантакце» перайшла пад 100% кантроль адыёзнага алігарха // Дзедзіч : бюлетэнь. — Кастрычнік 2014. — № 1 (87). — С. 2.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць