Аляксандар Ельскі

беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф, публіцыст
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ельскі.

Алякса́ндар Е́льскі (літаратурныя псэўданімы: Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін[1]; 16 чэрвеня 1834, вёска Дудзічы Ігуменскага павету, цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці — 10 верасьня 1916, маёнтак Замосьце, цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці[2]) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф, публіцыст. Сябра Акадэміі ведаў у Кракаве (1892).

Аляксандар Ельскі
Аляксандар Ельскі. Партрэт работы І. Урублеўскага
Аляксандар Ельскі. Партрэт работы І. Урублеўскага

Герб «Пелеш»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 чэрвеня 1834
Дудзічы Ігуменскага павету
Памёр 10 верасьня 1916 (82 гады)
Пахаваны
Род Ельскія
Бацькі Караль Ельскі
Людвіка Штайнбэр
Жонка Алена з Калячынскіх
Дзеці Аляксандра Банавэнтура, Ян
Дзейнасьць публіцыст, пісьменьнік, літаратуразнаўца, перакладнік, паэт, краязнавец, гісторык, этнограф, краязнаўца, бібліяфіл

Аляксандар Ельскі — адзін зь першых гісторыкаў беларускай літаратуры і зьбіральнікаў беларускіх рукапісаў.

Біяграфія рэдагаваць

 
Маёнтак Замосьце, сядзібны дом Аляксандра Ельскага
 
Аляксандар Ельскі з дачкой Алесяй
 
Помнік на магіле Аляксандра Ельскага на сямейным пахаваньні Ельскіх ва ўрочышчы Кобань

Прадстаўнік шляхецкага роду Ельскіх гербу «Пелеш», сын Караля Ельскага і Людвікі Штайнбэрг[3]. Дзед Аляксандра Ельскага Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага і быў у шлюбе з графіняй Розай Прозар, дачкою віцебскага ваяводы. Яго бацька Караль Ельскі, уладальнік маёнткаў Дудзічы і Замосьце, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафэсійную падрыхтоўку ў вядомых музыкантаў Кіфэлінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і «Палянэз 1837 году», ажаніўся са сваёй гувэрнанткай Людвікай Штайбух, ад гэтага шлюбу нарадзіліся Міхал — музыкант і кампазытар, уладальнік Дудзічаў, Аляксандар — уладальнік Замосьця, Юзаф — маладым памёр у Сыбіры пад час службы ў расейскім войску, Станіслава (у шлюбе Грушвіцкая).

Пачатковую адукацыю атрымаў у гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), скончыў Менскую гімназію (1852). Служыў у войску, браў удзел у Крымскай вайне 1853—1856 гадоў. Быў міравым судзьдзёй.

Каля 1850 году пабраўся шлюбам з Аленай Калячынскай, зь якой меў дачку Аляксандру Банавэнтуру і сына Яна.

У 1864 годзе ў сваім маёнтку Замосьце (Ігуменскі павет) зладзіў прыватны краязнаўчы музэй, у фондах якога было каля 7 тыс. кніжак, 20 тыс. рукапісаў, больш за 1 тыс. гравюраў, калекцыя карцінаў, зборы манэтаў, мэдалёў, прадметаў археалягічных знаходак[4].

Першы біёграф і сябар В. Дунін-Марцінкевіча, ад якога прыняў частку архіву, перапісваўся з Ф. Багушэвічам і іншымі беларускімі пісьменьнікамі[5].

Памёр 10 верасьня 1916 году ў сваім маёнтку ў Замосьці[6], пахаваны ва ўрочышчы Кобань ля Дудзічаў і Замосьця.

Дасьледаваньні і творчасьць рэдагаваць

Літаратурна-публіцыстычная дзейнасьць А. Ельскага пачалася з допісаў у газэту «Віленскі весьнік» прысьвечаных пераважна вызваленьню сялянаў ад прыгону.

Дасьледаваў гісторыю, этнаграфію, фальклёр, мову і літаратуру Беларусі. Пісаў на беларускай, польскай і расейскай мовах, добра ведаў францускую і нямецкую мовы. Іншамоўныя працы прысьвячаліся пераважна мінуламу Беларусі, яе гісторыі, эканоміцы.

Напісаў каля 10 тыс. гістарычна-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыкляпэдыі». У «Геаграфічным слоўніку…» апісаў мясцовасьці амаль усіх беларускіх паветаў, дзе называў мясцовыя гарадзішчы, курганы, замчышчы, земляныя валы.

Выдаў зборнік «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народу» (1908). Аўтар працаў: «Піва і варэньне піва ў нашым мінулым» (1883), «Заўвагі пра сялянскае пытаньне» (1884), «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэньня беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Напамін пра бібліятэку Юльяна Бэргеля, пастара ў Слуцку» (абедзьве 1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленьні з народнымі звычаямі ад першабытных да астатніх часоў» (т. 1—2, 1893—1897), «Гістарычныя зьвесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Нарыс звычаяў шляхты ў супастаўленьні з эканомікай і доляй народу ў Польшчы і Літве» (т. 1—2, 1897—1898), «Гістарычныя зьвесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899), «Згубны культ чужаземшчыны ў нас у сьвятле айчыннай літаратуры» (1901). «Нарыс гісторыі Менскага біскупства» (1907) і іншых.

Аўтар верша «Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу, беларускаму паэту», дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на беларускай мове ў духу асьветніцтва і хрысьціянскай маралі «Сынок» (1895), «Выбірайма я ў прочкі! Скарэй у Томск!», «Нашы перасяленцы» (абедзьве 1896), «Слова аб праклятай гарэлцы…» (1900), «Гутарка аб тым, якая мае быць „Зямля і Воля“ сельскаму народу» (1906). У іх асуджаў асобныя маральныя заганы тагачаснага грамадзтва, заклікаў да прыватных рэформаў, рацыянальнага вядзеньня гаспадаркі.

На беларускую мову пераклаў 1-ю частку паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1893), асобныя ягоныя вершы, кнігу польскага эканаміста Ю. Супінскага «Сем вечароў», перакладаў паэму А. Мальчэўскага «Марыя».

Рукапісныя і кніжныя зборы А. Ельскага па ягонай сьмерці апынуліся ў Кракаве, Варшаве (фонд Прозараў і Ельскіх у Галоўным архіве старажытных актаў), часткова — у Менску і Вільні.

У нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве ў аддзеле рукапісаў знаходзіцца «Кніга для запісу асобаў, якія аглядаюць зборы ў Замосьці, пачатая ў 1882 годзе». Тут ёсьць запісы на беларускай, расейскай, францускай і нават дацкай мовах. Пра маштабы зьбіральніцкай дзейнасьці А. Ельскага сьведчаць яго лісты, адрасаваныя вядомаму польскаму раманісту Ю. І. Крашэўскаму, якія захоўваюцца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Пасьля паўстаньня 1863—1864 А. Ельскі апынуўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму вымушаны быў распрадаваць сваю вялікую калекцыю, у тым ліку звыш 2000 гравюраў, эскізаў і малюнкаў галяндзкіх, ангельскіх, польскіх і айчынных мастакоў, каля 60 карцінаў, бібліятэка 10 тыс. кніг, сярод іх старадрукі 17 ст., хронікі, матэрыялы паўстаньняў і вайны 1812 году, лісты А. Міцкевіча і Т. Касьцюшкі, а таксама іх асабістыя рэчы, каштоўныя калекцыі фарфору, шкла, слуцкіх паясоў, каля 20 тыс. аўтографаў і дакумэнтаў.

Выйшлі ўспаміны пляменьніка А. Ельскага — Уладзіслава Ельскага (1859—1946) «На зямлі продкаў»[7], дзе між іншым згадваецца А. Ельскі, падрабязнасьці яго жыцьця і дзейнасьці, і ўзнаўляецца радавод Ельскіх. Апублікаваны рэестар (зроблены ў асноўным па памяці ўнукам пісьменьніка — Генрыхам Ельскім) калекцыяў А. Ельскага[8]. Па чутках у А. Ельскага былі непрыязныя адносіны з Янкам Купалам. Быццам Ельскаму не падабаліся творы Купалы і яго лібэральна-асьветніцкія погляды.

Аляксандар Ельскі і беларускае адрадженьне ў другой палове XIX ст.

Аляксандар Ельскі ў разуменьні В. Барысенкі, «быў адным з тых рэакцыйных белетрыстаў 80-90-х гадоў, якія  выступалі апалагетамі памяшчальніцка-буржуазнага ладу». Клеймо рэакцыянера і апалагета «памяшчальніцка-буржуазнага ладу» дзесяцігодзьдзі «ўпрыгожвала» чало А. Ельскага. Ды і сёньня яно не змыта яшчэ з яго канчаткова, хоць у сярэдзіне 1960-х гг. А. Мальдзіс у сваіх публікацыях паступова і асьцярожна  пачаў "рэабілітацыю" А. Ельскага: "У 70-90-я гады XIX ст. яго погляды вызначаліся адноснай прагрэсіўнасцю, «…» сімпатыі пісьменьніка былі на баку беларускага народа."…" Карысную справу рабіў Ельскі, папулярызуючы здабыткі польскай літаратуры ў Беларусі (пераклады Пана Тадэвуша Міцкевіча, Сямі вечароў  Супінскага, Марыі Мальчэўскага) і беларускай літаратуры ў Польшчы. Не без значэньня і той факт, што А. Мальдзіс горача вітаў публікацыю твораў А. Ельскага ва  «ўніверсітэцкай» хрэстаматыі (у тым ліку і фрагмэнт перакладу  Пана Тадэвуша) у сваёй палымянскай рэцэнзіі.

Зрэшты, недаацэньвалі А. Ельскага  ад самага  пачатку  XX стагодзьдзя. Як адзінае выключэньне — некралог аўтарства Антона Луцкевіча ў  газэце «Гоман», дзе Ельскі названы «праўдзівым патрыярхам беларускага руху», а таксама "ідэолагам  «шляхецкага дэмократызму» ", які  "прызнаваў   сваю  павіннасць працаваць для беларускага народу,  апекавацца «меньшымі  братамі», вясці іх па дарозе цноты і боязні Божай.

Нашаніўцы не надалі належнай ўвагі А. Ельскаму не таму, што ягонная беларускамоўная спадчына была невысокай мастацкай вартасьці; хутчэй за ўсё, прычынаю сталі сацыялістычныя погляды нашаніўцаў. У выніку А. Ельскі  быў адхінуты  нават не на другі, а на трэці плян гісторыі  нацыянальнага руху. Вельмі верагодна — з-за апублікаванае ім у 1906 г. Hutarki ab tom, jakaja maja byc «Ziamla i Wola» sielskamu narodu, пра якую дарэмна шукаць хоць  якіх згадак у публіцыстычай і  навуковай літратуры.

Рэабілітацыя А. Ельскага ў 1990-я гг. адбылася — як часцей за ўсё гэта бывае ў нас — частковая, няпоўная. Ягонная спадчына ўсё яшчэ застаецца недасьледаванная. Выдадзены «Беларускім кнігазборам» зборнік Выбранага — справа, вядома, значная. Аднак цяжка пагадзіцца з укладальнікамі, што тут сабрана «ўсё самае значнае».

Грунтоўнае знаёмства з літаратурнай і публіцыстычнай спадчынай А. Ельскага дазваляе ўнесьці пэўныя карэктывы ў наша разуменьне першага беларускага адраджэньня: А. Ельскі быў адным з тых, хто падрыхтаваў гэтае адраджэньне. Так, менавіта ён, А. Ельскі, застаўшыся ў краі па паўстаньні 1863—1864 гг., стаў на чале беларускіх дасьледваньняў.

Вядома таксама, што А. Ельскі перакладаў з польскай мовы на расейскую працы філёсафа, псіхолага і вынаходніка Юльяна Ахаровіча. І толькі на прыканцы 1870-х гг. заняўся больш  адпаведнаю для сябе працаю. Пачаў рыхтаваць, як сам называў «манаграфіі», цягам дваццаці гадоў іх было апублікавана каля 10 тыс.

А. Ельскі адзначна сьцьвярджае: «Беларуская мова можа быць спакойная за сваю будучыню і развівацца на ўласнай глыбе, толькі  б добрая і грамадзянская  воля аўтараў умела выказваць гэтай мовай усё высакароднае, прагрэсіўнае і карыснае».

Вядома, А. Ельскі не быў адзіным, хто займаўся ў 1870—1880-я гг. беларускай праблематыкай. Аднак менавіта ягоны  даробак зьяўляецца тою асноваю, на якой узьнікла нацыянальнае адраджэньне ў 1890-я гг. Немалаважна і тое, што А. Ельскі стаўся тым зьвяном, якое лучыла папярэдні дапаўстанцкі этап  беларускага нацыянальнага  руху з наступным. А. Ельскі, стаўся прадаўжальнікам традыцый В. Дунін-Марцінкевіча, бо добра разумеў значнасьць зробленага Беларускім Дударом. Ф. Багушэвіч напачатку ішоў іншым шляхам, шляхам адпрэчваньня таго, што зрабілі папярэднікі. І знаходзіў абгрунтаваньне сваёй канцэпцыі. А вось А. Ельскі зусім інакш ставіцца да беларускай спадчыны: «Трэба ратаваць гаворку братоў-беларусаў  шляхам збірання як этнаграфічнага, так і літаратурнага матэрыялу для больш шчаслівай будучыні» — піша ён Яну Карлавічу.

Аляксандар Ельскі звычайна ахвотна ішоў на кантакты з сучасьнікамі. Асабліва, калі гэта датычыла беларускіх справаў. Да яго зьвярталіся з просьбаю дапамагчы набыць  тую ці іншую кнігу, дзяліліся сваімі развагамі адносна будучыні беларускае мовы, дасылалі рукапісы і друкаваныя выданьні. Ён карэспандаваў са шматлікімі вядомымі  і зусім  невядомымі людзьмі  з розных краін Еўропы. У сьвятле гэтага застаюцца незразумелымі ягонныя дачыненьні з колам менскай творчай інтэлігенцыі, якая з красавіка 1886 па 1902 г. два, а ў асобныя гады і тры-чатыры разы на тыдзень выдавала прыватную газэту «Мінскій лісток». І гэта пры тым, што газэта зрэдчас друкавала матэрыялы, зьвязаныя зь беларускаю  тэматыкаю, а таксама і беларускамоўныя  творы А. Шункевіча, Янкі Лучыны і інш. Але адсуднасьць непасрэдных кантактаў з рэдакцыяй «Мінскаго Лістка» не дазволіла А. Ельскаму пазнаёміцца зь Янкам Лучынаю, адным з найбольш здольных беларускіх паэтаў таго часу.

Апублікаваная ў XIX—XX стст. і рукапісная спадчына А. Ельскага пацьвярджае думку пра аграмадную ролю гэтае асобы ў станаўленьні беларускага нацыянальная руху ў апошняй чвэрці ў XIX ст. А. Ельскі фактычна  быў адным зь лідараў  тагачаснага  беларускага нацыянальная адраджэньня, сваім публікацыямі стварыўшы тую базу, на якой напачатку ў XX ст. узнікла нашаніўства.

Бібліяграфія рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Адам Мальдзіс. Ельскі Аляксандр Карлавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 349.
  2. ^ Uładzimir Chilmanowicz Białoruski kalendarz historychny. — Białystok: 2011. — С. 127. — ISBN 978-83-930408-8-9
  3. ^ Aleksander Jelski h. Pielesz (пол.). Potomkowie Sejmu WielkiegoПраверана 17 сакавіка 2011 г.
  4. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 492.
  5. ^ Адам Мальдзіс. Ельскі Аляксандр Карлавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 350.
  6. ^ А. Н. Александар Ельскі. (Нэкралёг) // Гоман : газэта. — 1916, 29 верасьня. — № 66. — С. 1, 2.
  7. ^ Ельскі, У. На зямлі продкаў // Уклад. Уладзімір Мархель, перакл. з польск. Ірыны Марачкінай. / Шляхам гадоў. №?(?), 199?. (Успаміны захоўваліся ў нашчадкаў Ельскіх, ніколі не выдаваліся.)
  8. ^ Шляхам гадоў. № 1, 1990.

Літаратура рэдагаваць