Алесь Бажко

беларускі пісьменьнік і паэт, агент савецкіх спэцслужбаў

Алесь Цімафеевіч Бажко (22 кастрычніка 1918, в. Даўгінава, Наваградзкі павет, Менская губэрня — 17 красавіка 2013) — беларускі пісьменьнік і паэт, агент савецкіх спэцслужбаў.

Алесь Бажко
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 22 кастрычніка 1918(1918-10-22)
Памёр 17 красавіка 2013(2013-04-17) (94 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік, паэт, публіцыст
Мова беларуская мова[1], польская мова[1] і славацкая[1]
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 22 кастрычніка 1918 году ў в. Даўгінава Наваградзкага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і. Закончыў музычны інстытут імя С. Манюшкі ў Наваградку (1936—1938). У 1938—1939 гадох вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, але вучоба была спынена з-за пачатку Другой сусьветнай вайны. У 1940 годзе працаваў дырэктарам мірскага раённага дому культуры.

У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Пасьля раненьня пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэньні першых фармаваньняў Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасьці генэральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўленьня Саюзу польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 году — інструктар Баранавіцкага абкаму камсамолу, першы сакратар Дзятлаўскага райкаму камсамолу.

Са сьнежня 1945 году — на журналісцкай працы: літаратурны супрацоўнік баранавіцкай абласной газэты «Чырвоная змена», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газэтаў «Савецкі селянін», «Чырвоная зьмена», у маладзечанскай абласной газэце «Сталінскі шлях».

У 1955 годзе скончыў завочна Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве [2]. З 1956 году — карэспандэнт, загадчык аддзелу лістоў газэты «Літаратура і мастацтва». З 1959 году — намесьнік рэдактара газэты «Голас Радзімы», з 1962 году — загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь»[2], з 1970 году — намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Літаратура і мастацтва». У 1973—1977 гадох працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Янкі Купалы[2]. У 1977—1978 гадох — галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намесьнік начальніка ўпраўленьня па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР[2]. З 1979 году — пэрсанальны пэнсіянэр саюзнага значэньня.

Справа Саюзу вызваленьня Беларусі рэдагаваць

У 1947 годзе Алесь Бажко далучыўся да патрыятычнай падпольнай арганізацыі Саюз вызваленьня Беларусі (СБВ). У размовах з сябрамі СВБ Бажко прадстаўляўся, як «кіраўнік баранавіцкага падпольля», альбо як «адзін з кіраўнікоў „Чайкі“», падпольнай арганізацыі у Баранавічах[3]. Імаверна, камсамольскі актывіст Бажко быў засланы абласной управай Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі БССР у слаба закансьпіраваную баранавіцкую групу[4]. Бажко ведаў амаль усіх «баранавіцкіх сяброў» і ўсе яўкі. Паводле словаў сьведак, Бажко «ўвесь час падбухторваў да экстрэмісцкіх дзеяньняў, пераконваў зьбіраць зброю»[3], «гаварыў пра намер аб’яднаць усе моладзевыя падпольныя групоўкі»[5].

Пасьля кантакту з Бажко Саюз вызваленьня Беларусі пачаў актыўна распрацоўвацца МДБ БССР. Неўзабаве арганізацыю выкрылі савецкія спэцслужбы. Арышты сябраў арганізацыі прайшлі ўначы 30 траўня 1947 году: адначасова было арыштавана 18 падпольшчыкаў, якіх адвезьлі ў баранавіцкую турму МДБ. Арышты сябраў «Чайкі» і «Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху», каардынацыйнага воргану падпольных груповак, працягваліся да восені 1947 году[6]. Аднак актыўны сябра арганізацыі Алесь Бажко ня быў арыштаваны і засуджаны, а ў далейшым выступаў як публіцыст, які змагаўся з нацыяналізмам. Інфармацыю пра супрацоўніцтва Алеся Бажко з савецкімі спэцыяльнымі службамі пацвярджаў былы выкладчык Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту Браніслаў Ржэўскі: КДБ падаслала Бажко да Ржэўскага, калі той аднойчы быў выкліканы ў Менск, нібы для ўдакладненьня праграмы па беларускай літаратуры — тры дні Бажко ўвіхаўся каля Ржэўскага, а потым зьмест іх размоваў быў прыгаданы на допытах Ржэўскага, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ у 1957 годзе[7].

Творчасьць рэдагаваць

Дэбютаваў у друку нарысамі і нататкамі ў 1945 годзе. Першыя вершы апублікаваў у 1947 годзе. Аўтар аповесьцяў «Перад верасьнем» (1959), «Позьняе ворыва» (1963), «Лясныя крушні» (1981), «Жывыя прывіды» (1986), зборніку нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), кнігі аповесьцяў «Перад верасьнем. Позняе ворыва» (1979). Выйшлі паэмы А. Бажко «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладьдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 годзе выйшлі выбраныя творы (паэмы і вершы). Перакладаў з польскай і славацкай моваў.

Узнагароды рэдагаваць

  • Ордэн Айчыннай вайны II ступені,
  • медалі,
  • Заслужаны работнік культуры БССР (1977).

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Bažko, Ales‘ // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б в г Божко Алесь // Биографический справочник. — Менск, Белорусская советская энциклопедия имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 68.
  3. ^ а б Толочко М. Из-за них следователи НКВД начали читать «Молодую гвардию» // Советская Белоруссия, 2 сьнежня 1992
  4. ^ Кароткі нарыс гісторыі Саюзу Вызваленьня Беларусі
  5. ^ Клыкоўская Ц. Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная, 1996, № 2 (69), студзень
  6. ^ Ёрш С. Па сьлядох «Чайкі» // Наша ніва, 1998, 28 верасьня, № 18. [20]
  7. ^ Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша

Літаратура рэдагаваць

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Менск, Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Бажко Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Менск, БелЭн, 1992—1995.