Алéна Івано́ўская (часам Хэлена, Галена, Гэлена; па мужу Скіндар; 3 траўня 1885, Лябёдка, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 10 траўня 1973, Казяніцы, гміна Казяніцы, Казеніцкі павет, Келецкае ваяводзтва, Польская Народная Рэспубліка) — папулярызатарка ведаў па беларусазнаўстве, перакладніца, публіцыстка, удзельніца беларускага народнага руху, спэцыялістка ў галіне конегадоўлі; з роду Іваноўскіх.

Алена Іваноўская
Дата нараджэньня 3 траўня 1885(1885-05-03) або 1 траўня 1885(1885-05-01)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 траўня 1973(1973-05-10) (88 гадоў)
Месца сьмерці
Грамадзянства Польшча
Месца вучобы Кембрыдзкі ўнівэрсытэт
Занятак навукоўца, хатняя гаспадыня
Навуковая сфэра беларусіка, фальклёр
Псэўданімы Г. Ів., Алена
Бацька Леанард Іваноўскі
Маці Ядвіга Іваноўская
Узнагароды

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзілася 3 траўня 1885 году ў Лябёдцы (Лідзкі павет, Віленская губэрня)[2].

Дачка Леанарда і Ядвігі Іваноўскіх, сястра Вацлава, Тадэўша, Станіслава і Юрыя (Ежы) Іваноўскіх. Выхоўвалася ў Варшаве, у дзяцінстве часта бывала ў фальварку Іваноўскіх Лябёдка (цяпер у межах вёскі Галавічполе, Шчучынскі раён)[3].

Каля 1905 года Алена Іваноўская прыехала на навучаньне ў Ньюнам каледж Кембрыдзкага ўнівэрсытэту. Там зь ейным ўдзелам склаўся гурток студэнтаў пераважна з ангельскай арыстакратыі, якую дасьледнік Гай Пікарда назваў «Кембрыдзкая хеўра». У ёй бралі ўдзел паэт Рупэрт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл і Гуя Онслаў і інш. Удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклёрам, сяброўка Рупэрта Брука Кэтрын Кокс у 1912 годзе некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы. У 1914 г. Алена Іваноўская зьмясціла ў лёнданскім часопісе «Folk-Lore» («Фальклёр») тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларусьсю і ейнымі праблемамі. Упершыню ў ангельскай тэрміналёгіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «Wite Russia». Новая назва дапаўнялася тлумачэньнем: «No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply tha the was Russian» («Ніводны беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён — рускі»). У 1914—1922 гадах часопіс «Folk-Lore» выдрукаваў 38 беларускіх песень з ваколіцаў Лябёдкі[4]. Падзеі Першай сусьветнай вайны разбурылі Кембрыдзкую суполку[5]. Алена Іваноўская зьехала на радзіму, дзе ў 1915 годзе спрабавала адкрыць у Васілішках беларускую школу. Займалася конегадоўляй, захаплялася коннай яздой, гадавала хартаў[6].

Супрацоўнічала з земляробчым часопісам «Саха» як спэцыялістка ў конегадоўлі, пісала гаспадарчыя парады для земляробаў-беларусаў. За 1912—1913 гады ў першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў, і ўсе яны напісаныя на вельмі добрай, жывой беларускай мове[7].

З канца 1914 году Алена Іваноўская ў Лідзкім павеце зьяўлялася прадстаўніцай Віленскага адзьдзелу таварыства дапамогі ахвярам вайны[8].

На скачках у Лодзі ўпала з каня, доўгі час лячылася ў шпіталі.

З прыходам у 1939 годзе савецкай улады ейнага мужа вывезлі на ўсход, сама яна хавалася ў Вільні. Затым у родным фальварку перажыла нямецкую акупацыю. Тут схавалі ад нацыстаў дзвюх жанчынаў жыдоўскага паходжаньня — Эму Альтбэрг (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995)[9].

У 1944 годзе перабралася ў Варшаву. Пэўны час жыла ў Любліне. З 1946 года працавала перакладніцай для місіі ангельскіх квакераў у Казяніцах, пражыла тут 26 гадоў[10].

Апошнія гады жыла ў Казяніцах, на поўдзень ад Варшавы. Памерла ў 1973 годзе[11].

 
Сядзіба Іваноўскіх у Лябёдзцы, 1933 год.

22 кастрычніка 2001 году за ўратаваньне жыдоў званьне «Праведнікаў народаў сьвету» было нададзенае: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх, Ганне Карнецкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу[12].

Выбраная бібліяграфія рэдагаваць

• Iwanowska I., Onslow H. Some White Russian Folksongs // Folk lore. Vol. 25. London,1914. Р. 91—109; 212—226; Vol. 35. London, 1922. Р. 64—82[13].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Skinderowa Helena (1885 - ? ) // The Righteous Among the Nations Database (анг.)
  2. ^ Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мінск: Медысонт, 2006.
  3. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  4. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  5. ^ Пікарда Г. Раньняя англа-беларуская вясна (1915) Гуя Онслаў, Галена Іваноўская і Кембрыдзкая «хеўра» // Беларус. № 511. 2005.
  6. ^ Лаўрэш Л. Алена Скінадар з Іваноўскіх // НАША СЛОВА № 38 (1345), 20 верасня 2017. // на pawet.net, http://pawet.net/library/history/city_district/data_people/zother/helena_skinder/%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%B0_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%80_%D0%B7_%D0%86%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85.html
  7. ^ Скінадар з Іваноўскіх // НАША СЛОВА № 38 (1345), 20 верасня 2017. // на pawet.net, http://pawet.net/library/history/city_district/data_people/zother/helena_skinder/%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%B0_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%80_%D0%B7_%D0%86%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85.html
  8. ^ Iwanowski K., Iwanowska Kornecka A.[pl] Skinderowa Helena z Iwanowskich // Ziemianie polscy XX wieku. Słownik biograficzny. Cz. 6. Warszawa, 2002. — S.170—171.
  9. ^ Skinderowa Helena (Iwanowska), The Righteous Among the Nations Database, https://righteous.yadvashem.org/?searchType=righteous_only&language=en&itemId=4321726&ind=NaN
  10. ^ 15 фактаў пра Алену Скіндар Іваноўскую // Новы Час, 25-03-2020, https://novychas.online/asoba/15-faktau-pra-alenu-skindar-ivanouskuju
  11. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  12. ^ Historia rodziny Iwanowskich, sprawiedliwi.org.pl, https://sprawiedliwi.org.pl/pl/historie-pomocy/historia-rodziny-iwanowskich
  13. ^ Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мінск: Медысонт, 2010. — 620 с