Азіяцкі банк разьвіцьця

міжурадавы банк

Азіяцкі банк разьвіцьця — міжурадавы банк, заснаваны ў сьнежні 1966 году ў Маніле (Філіпіны).

Азіяцкі банк разьвіцьця
анг. Asian Development Bank

Эмблема

Дзяржавы-ўдзельніцы рэгіёну (зялёным) і па-за ім (сінім)
Абрэвіятура АБР
Дата ўтварэньня 19 сьнежня 1966 (57 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус міжурадавая арганізацыя
Мэта гаспадарчае разьвіцьцё і супраца ў Азіі і на Далёкім Усходзе
Штаб-кватэра Нацыянальны сталічны край, Мандалуён, прасп. Азіяцкага банку разьвіцьця, д. 6[1]
Месцазнаходжаньне Філіпіны
Каардынаты 14°35′16″ пн. ш. 121°3′30″ у. д. / 14.58778° пн. ш. 121.05833° у. д. / 14.58778; 121.05833Каардынаты: 14°35′16″ пн. ш. 121°3′30″ у. д. / 14.58778° пн. ш. 121.05833° у. д. / 14.58778; 121.05833
Дзейнічае ў рэгіёнах 27 краінаў Азіі, 3 краіны Акіяніі, ЗША і Нямеччына (2022 год)
Сяброўства 68 урадаў (2022 год)
Афіцыйныя мовы ангельская[2]
Старшыня Масацугу Асакава
Галоўны распараднік Вучон Ум[3]
Намесьнік па Заходняй і Паўднёвай Азіі Шысін Чэн[4]
Намесьнік па Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Азіі Ахмэд Саід[5]
Асноўныя асобы Ашок Лаваса, Брус Госпэр, Рабэрта Казалі (намесьнікі)[6]
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў[7]
Бюджэт 819 млн даляраў ЗША (2021 год)[8]
Колькасьць супрацоўнікаў 3687 (2022 год)[9]
Сайт adb.org

На 2022 год налічваў 68 урадаў-сябраў, зь іх 49 з Азіі і Акіяніі[10]. Паводле 16-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця», прадугледжвалася, што АБР спаганяў камісійны збор за наўпроставую пазыку ў памеры прынамсі 1 % за год. Згодна зь 51-м артыкулам маёмасьць і сродкі банку вызваляліся ад адабраньня і ператрусу, а таксама выкупу пры дапамозе выканаўчай або заканадаўчай пастановы. Архівы АБР абвяшчаліся недатыкальнымі. У 54-м артыкуле прадугледжвалася, што маёмасьць і сродку банку таксама вызваляліся ад заканадаўчых абмежаваньняў. Паводле 55-га артыкула, супрацоўнікі банку не падлягалі судоваму перасьледу за службовую дзейнасьць. Згодна зь 56-м артыкулам маёмасьць і сродкі, даход і дзейнасьць, у тым ліку аблігацыі, дывідэнды і парукі банку, не абкладаліся мытам і падаткамі. Тое самае тычылася заробкаў і ўзнагароджаньняў службоўцаў банку[2].

Паўнамоцтвы рэдагаваць

Паводле 2-га артыкула Манільскага пагадненьня 1965 году «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця», АБР меў паўнамоцтвы:

  1. прасоўваць укладаньне ў рэгіёне грамадзкага і прыватнага капіталу дзеля задачаў разьвіцьця;
  2. выкарыстоўваць сродкі ў сваім распараджэньні для фінансавага разьвіцьця разьвіцьцёвых краінаў-сябровак у рэгіёне з наданьнем перавагі тым рэгіянальным, падрэгіянальным, так і дзяржаўным праектам і праграмам, якія найбольш удала спрыяюць згоднаму гаспадарчаму росту рэгіёна як цэлага, а таксама з адмысловай увагай да патрэбаў меншых або найменш разьвітых краінаў-сябровак у рэгіёне;
  3. задавальняць запыты сяброў у рэгіёне наконт дапамогі ім ва ўзгадненьні палітыкі і плянаў разьвіцьця з намерам дасягнуць лепшага выкарыстаньня іх багацьцяў, зрабіць іх гаспадаркі больш узаемадапаўняльнымі і прасоўваць упарадкаванае пашырэньне іх замежнага гандлю, у прыватнасьці ўнутрырэгіянальнага;
  4. даваць тэхнічную дапамогу для падрыхтоўкі, фінансаваньня і выкананьня праектаў і праграмаў разьвіцьця, у тым ліку для акрэсьленьня адмысловых праектных прапановаў;
  5. супрацоўнічаць з Арганізацыяй аб'яднаных нацыяў (ААН), яе органамі і падпарадкаванымі ўстановамі, у тым ліку ў прыватнасьці з Гаспадарчай камісіяй для Азіі і Далёкага Ўсходу (Тайлянд), а таксама з міжурадавымі міжнароднымі арганізацыямі і іншымі міжнароднымі ўстановамі, гэтак і зь дзяржаўнымі або прыватнымі нацыянальнымі арганізацыямі, якія займаюцца ўкладаньнем сродкаў разьвіцьця ў рэгіёне, а таксама зацікавіць такія ўстановы і арганізацыі ў новых магчымасьцях укладаньня і дапамогі[2].

Сяброўства рэдагаваць

Паводле 3-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця», сяброўства ў банку адкрыта для: 1) сяброў і залучаных сяброў Гаспадарчай камісіі ААН для Азіі і Далёкага Ўсходу (Тайлянд), 2) іншых краінаў рэгіёну і разьвітых краінаў па-за ім, якія ёсьць сябрамі Арганізацыяй аб'яднаных нацыяў (ААН) і яе ўсяляга адмысловага агенцтва. Пры гэтым, урады могуць прыняць у сябры банка пасьля галасаваньня ў падтрымку 2/3 ад агульнага ліку кіраўнікоў, якія прадстаўляюць прынамсі 3/4 ад агульнай вагі галасоў сябраў[2].

Капітал і падпіска на паі рэдагаваць

Згодна 4-м артыкулам Пагадненьня «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця» статутны капітал на 31 студзеня 1966 году складаў 1 млрд даляраў ЗША, падзеленых на 100 000 паёў па 10 000 даляраў кожны. Першапачатковы статутны капітал падзялілі на аплачаныя паі і паі да запатрабаваньня. Рада кіраўнікоў магла павялічыць статутны капітал 2/3 галасоў ад агульнага ліку кіраўнікоў, якія прадстаўляюць прынамсі 3/4 ад агульнай вагі галасоў сябраў. Паступова статутны капітал павялічвалі. Апошні раз Рада кіраўнікоў ухваліла Рашэньне № 232 аб яго павелічэньні на 17,705 млрд $ да 34,791 млрд $. У 5-м артыкуле Пагадненьня згадвалася забарона на падпіску на паі, якая вядзе да зьніжэньня валоданьня паямі рэгіянальнымі сябрамі да менш як 60 %. Прадугледжвалася, што Рада кіраўнікоў мела пераглядаць статутны капітал прынамсі кожныя 5 гадоў. Пры яго павелічэньні кожны сябар меў магчымасьць падпісацца на такую долю паёў, што адпавядала папярэдняй долі. Сярод іншага, Рада кіраўнікоў мела зьвяртаць асаблівую ўвагу на зварот усялякага рэгіянальнага сябра зь менш як 6 % статутнага капіталу наконт павелічэньня яго долі[2].

Паводле 6-га артыкула, заснавальнікі АБР мелі аплаціць свае долі ў статутным капітале 5 роўнымі часткамі. Першую частку выплочвалі цягам 30 дзён пасьля набыцьця моцы Пагадненьнем 22 жніўня 1966 году. Другую частку — цягам году пасьля набыцьця моцы Пагадненьнем. Астатныя 3 часткі выплачвалі цягам году ад наступленьня тэрміну выплаты папярэдняй. Сярод іншага, пры падпісцы на капітал роўная колькасьць прыпадала на аплачаныя паі і паі да запатрабаваньня. Першасную падпіску на спачатны статутны капітал аплачаных паёў рабілі на 50 % за кошт валюты сябра АБР і на 50 % за кошт вымянальнай (канвэртаванай) валюты або золата. Пры гэтым, банк меў прыняць ад ўсялякага сябра безадсоткавыя вэксэлі і іншыя аблігацыі яго ўрада або вызначанага сябрам дэпазытарыя для аплаты 50 % паёў у айчыннай валюце. Кожны плацёж сябра ў айчыннай валюце меў адпавядаць абменнаму курсу да даляра ЗША, усталяванаму Міжнароднм валютным фондам (МВФ)[2].

Кіраваньне рэдагаваць

 
Рада кіраўнікоў (2018 год)
  • Рада кіраўнікоў. Склікалася штогод. Складалася з кіраўніка і ягонага намесьніка ад кожнага ўрада-сябра. Правамоцная пры ўдзеле большасьці кіраўнікоў, якія прадстаўлялі 2/3 колькасьці галасоў сябраў у адпаведнасьці з долямі паёў у капітале. Кожны кіраўнік меў па асноўных галасоў, якія раўнамерна разьмяркоўваліся між сябрамі і складалі 20 % ад агульнага ліку галасоў, а таксама меў прапарцыйныя галасы ў колькасьці, адпаведнай ліку набытых паёў у капітале банку па 10 000 даляраў за кожны пай. Прымала новых сябраў і павялічвала статутны капітал банку. Ухваляла заключэньне пагадненьняў аб супрацы зь міжнароднымі арганізацыямі. Абірала дырэктараў на 2 гады з правам перавыбраньня і старшыню банка на 5 гадоў з правам перавыбраньня. Дырэктараў ад краінаў Азіі вызначалі адборам прынамсі 7 сярод атрымальнікаў найбольшага ліку галасоў пры ўмове прынамсі 10 % пададзеных за іх ад Азіі галасоў. Прынамсі 3-х дырэктараў ад іншых частак сьвету вызначалі падачай прынамсі 25 % галасоў ад іншых краінаў. Зацьвярджала бухгальтарскі балянс і заяву аб прыбытку пасьля разгляду справаздачы аўдытара. Вызначала запасы і разьмеркаваньне чыстага прыбытку банка.
  • Рада дырэктараў. Складалася з прынамсі 7 фінансістаў ад сябраў з Азіі і прынамсі 3-х ад сябраў зь іншых частак сьвету. Правамоцная пры ўдзеле большасьці дырэктараў, якія прадстаўлялі 2/3 колькасьці галасоў сябраў у адпаведнасьці з долямі паёў у капітале. Кожны дырэктар прызначаў сабе па намесьніку з грамадзянствам сваёй краіны. Прадпрымала рашэньні датычна пазыкаў і парукаў, укладаньняў у капітал і запазычваньняў, а таксама аказаньня тэхнічнай дапамогі. Ухваляла бюджэт банку і падавала фінансавыя рахункі за год на ўхвалу Раду кіраўнікоў. На параду старшыні банку прызначала ягоных намесьнікаў. Старшыня банку, які быў грамадзянінам азіяцкай краіны, меў права толькі вырашальнага голасу ў выпадку роўнасьці галасоў[2].

Будова рэдагаваць

На 2022 год Азіяцкі банк разьвіцьця ўлучаў:

У іншых краінах працавалі:

Мінуўшчына рэдагаваць

4 сьнежня 1965 году ў Маніле (Філіпіны) прадстаўнікі ўрадаў 19 дзяржаваў Азіі і 8 іншых краінаў падпісалі па-ангельску Пагадненьне «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця». 22 жніўня 1966 году Пагадненьне набыло моц пасьля таго, як 15 дзяржаваў з падпіскай на прынамсі 65 % паёў, зацьвердзілі яго. 19 сьнежня 1966 году АБР адчынілі ў Маніле з удзелам 31 сябра. Ад Азіі і Акіяніі заснавальнікамі сталі 19 дзяржаваў з падпіскай на 642,08 млн $ (67 %) капіталу: 1) Японія — 200 млн (20,9 %), 2) Індыя — 93 млн (9,7 %), 3) Аўстралія — 85 млн (8,9 %), 4) Іран — 60 млн (6,3 %), 5) Філіпіны — 35 млн (3,7 %), 6) Пакістан — 32 млн (3,3 %), 7) Паўднёвая Карэя — 30 млн (3,1 %), 8) Новая Зэляндыя — 22,56 млн (2,4 %), 9) Малайзія — 20 млн (2,1 %), 10) Тайлянд — 20 млн (2,1 %), 11) Тайвань — 16 млн (1,7 %), 12) Цэйлон — 8,52 млн (0,9 %), 13) Паўднёвы Віетнам — 7 млн, 14) Сынгапур — 4 млн, 15) Аўганістан — 3,36 млн, 16) Камбоджа — 3 млн, 17) Нэпал — 2,16 млн, 18) Лаос — 420 тыс., 19) Заходняе Самоа — 60 тыс. Ад іншых частак сьвету заснавальнікамі сталі 2 дзяржавы Паўночнай Амэрыкі і 10 дзяржаваў Эўропы з падпіскай на 316 млн $ (33 %) капіталу: 1) ЗША — 200 млн (20,9 %), 2) Заходняя Нямеччына — 30 млн (3,1 %), 3) Канада — 25 млн (2,6 %), 4) Нідэрлянды — 11 млн (1,2 %), 5) Вялікабрытанія — 10 млн (1 %), 6) Італія — 10 млн (1 %), 7) Бэльгія — 5 млн, 8) Данія — 5 млн, 9) Аўстрыя — 5 млн, 10) Нарвэгія — 5 млн, 11) Фінляндыя — 5 млн, 12) Швэцыя — 5 млн[2].

Першым старшынёй банку стаў Такесі Ватанабэ, які быў прадстаўніком Японіі, як і ўсе ягоныя наступнікі. Да канца 1960-х гадоў АБР засяроджваўся на спрыяньні вытворчасьці харчаваньня, бо ў тагачаснай Азіі асноўнай галіной была сельская гаспадарка. У 1969 годзе пазычаньне з боку АБР больш як падвоілася з 42 млн да 98 млн даляраў ЗША за год. У 1970 годзе пазычаньне зноў падвоілася больш як да 246 млн даляраў, у тым ліку за кошт першага выпуску аблігацыяў АБР на 16,7 млн $ у Японіі. У 1974 годзе стварылі Азіяцкі фонд разьвіцьця для нізкаадсоткавых пазыкаў найбяднейшым краінам-удзельніцам пасьля нафтавага крызісу 1973 году. У 1976 годзе ўзровень пазычаньня дасягнуў 776 млн $. У 1968—1976 гадох АБР накіраваў палову абсягу пазыкаў на 1,75 млрд $ у краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яшчэ 694 млн $ — ва Ўсходнюю Азію, 490 млн $ — у Заходнюю і Сярэднюю Азію, 368 млн $ — у Паўднёвую Азію і 64 млн $ — у Акіянію[14].

На хвалі нафтавага крызісу 1979 году пашырылі пазычаньне на разбудову энэргетычнай інфраструктуры. Таксама павялічылі мікрафінансаваньне і пазыкі на ўзьвядзеньне лякарняў і школ, ахову навакольнага асяродзьдзя і дапамогу жанчынам. У 1982 годзе адчынілі першае палявое прадстаўніцтва ў Банглядэшы. Пасьля гэтага ўвялі наўпроставае галіновае пазычаньне прыватным прадпрыемствам без урадавай парукі, а таксама распачалі ўкладаньні ў капітал прадпрыемстваў. У 1984 годзе ўзровень пазычаньня дасягнуў 2,234 млрд $, пасьля чаго ўпершыню скараціўся ў 1985-м да 1,817 млрд $. У 1986 годзе выдалі першую пазыку для Індыі і Кітай стаў сябрам АБР. У 1978—1986 гады палову пазыкаў таксама выдалі краінам Паўднёва-Ўсходняй Азіі на 8,3 млрд $, яшчэ 2,96 млрд $ вылучылі для Паўднёвай Азіі, 2,84 млрд $ — для Заходняй і Сярэдняй Азіі, 1,58 млрд $ — для Ўсходняй Азіі і 370 млн $ — для Акіяніі. Пасьля сканчэньня Халоднай вайны да ўдзелу ў АБР далучыліся краіны Сярэдняй Азіі. АБР пераехаў на новую сядзібу ў Мандалуёне (Нацыянальны сталічны край Філіпінаў). У 1993 годзе пазычаньне дасягнула 5,23 млрд $, пасьля чаго ў 1994-м упала да 3,73 млрд $. У 1987—1996 гады доля пазычаньня ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі скарацілася да 1/3, але само пазычаньне падвоілася да 17,56 млрд $. У Паўднёвай Азіі пазычаньне патроілі больш як да 11,61 млрд $, ва Ўсходняй Азіі яго павялічылі больш як 4-кратна да 6,92 млрд $, у Заходняй і Сярэдняй Азіі падвоілі да 6,21 млрд, а ў Акіяніі павялічылі да 520 млн $[14]. На канец 1994 году статутны капітал АБР складаў 30,151 млрд даляраў, зь якіх 69,4 % (20,938 млрд $) прыпадала на 29 краінаў Азіі і Акіяніі, за выняткам Турэччыны, але з улікам Брытанскага Ганконгу. Астатнія 30,6 % (20,938 млрд) належалі Турэччыне, ЗША і Канадзе, а таксама 13 дзяржавам Эўропы[2]. У адказ на Азіяцкі фінансавы крызіс 1997 году АБР выдаў разавую пазыку Паўднёвай Карэі на 4 млрд $. Таксама распачалі падтрымку банкаў і забесьпячэньне даходу для найбяднейшых[14].

 
Харухіка Курода — 8-ы старшыня АБР

У 1998 годзе абсяг пазычаньня ўпаў з 9,54 да 6,11 млрд даляраў, а ў 1999-м — да 4,99 млрд $. У 2003 годзе ў адказ на эпідэмію цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому АБР стаў пазычаць на ахову здароўя ад птушынага грыпу і вірусу імунадэфіцыту чалавека[14]. 4 чэрвеня 2003 году Азіяцкі банк разьвіцьця пазычыў ураду Аўганістана 150 млн даляраў на будоўлю дарог і электрастанцыяў, а таксама на пабудову газаправодаў[15]. Таксама АБР вылучыў 850 млн $ Індыі, Інданэзіі, Мальдывам і Шры-Ланцы на пераадоленьне наступстваў землятрусу ў Індыйскім акіяне 2004 году. Сярод іншага, банк аказаў дапамогу ахвярам землятрусу ў Кашміры 2005 году (Пакістан) на 1 млрд $. У 2006 годзе абсяг пазычаньня вырас да з 6,33 да 8,05 млрд $. У 1997—2006 гадох пазыкі разьмеркавалі амаль па 1/4 між: Паўднёва-Ўсходняй Азіяй — 18,03 млрд $, Паўднёвай Азіяй — 17,18 млрд $ і Ўсходняй Азіяй — 16,34 млрд $. Рэшта прыпадала на Заходнюю і Сярэднюю Азію — 11,08 млрд $ і Акіяную — 780 млн $[14].

У 2009 годзе Ўправа кіраўнікоў АБР патроіла капітал банка з 55 да 165 млрд $ у адказ на сусьветны фінансавы крызіс 2008 году. Аднак у 2010 годзе пазычаньне скарацілася з 15,76 да 13,66 млрд $. У красавіку 2014 году АБР аднавіў сваю дзейнасьць у М’янме, дзе адчыніў 2 сядзібы ў Найп’ідзе і Янгоне. У 2015 годзе абсяг пазычаньня вырас да з 13,53 да 16,28 млрд $[14]. 21 жніўня 2015 году Азіяцкі банк разьвіцьця ўхваліў вылучэньне пазыкі ўраду Казахстана на 1 млрд даляраў на 5 гадоў. Сродкі прызначаліся для зьмякчэньня абвалу казахстанскага тэнге на 30 % днём раней у сувязі з падзеньнем цэнаў на нафту[16]. У 2007—2016 гадох краіны Паўднёвай Азіі ўпершыню атрымалі найбольшую суму пазыкаў на 42,47 млрд $. У Паўднёва-Ўсходнюю Азію накіравалі 37,75 млрд $, у Заходнюю і Сярэднюю Азію — 37,75 млрд $, ва Ўсходнюю Азію — 19,23 млрд $ і ў Акіянію — 2,55 млрд $[14]. 15 траўня 2020 году Азіяцкі банк разьвіцьця павысіў прагноз стратаў ад каронавіруснай пандэміі з 2-х да 4,1 трлн даляраў (4,5 % сукупнага сусьветнага прадукту) пры ўмове зьмякчэньня яе ўзьдзеяньня на 40 % за кошт карантыну[17].

У 2021 годзе Азіяцкі банк разьвіцьця скараціў выкананьне абавязкаў з 31,6 да 22,8 млрд даляраў, а выплаты — з 23,6 да 18,2 млрд $. Зь іх выкананьне абавязкаў датычна каронавіруснай пандэміі склала 13,5 млрд $, а адпаведныя выплаты — 7 млрд $. Чысты прыбытак упаў з 1,372 млрд да 730 млн $, але яго разьмеркаваньне вырасла да 1,161 млрд $. Балянс непагашаных пазыкаў вырас на 7,4 млрд да 137,2 млрд $. Укладаньні ў ліквіднасьць вырасьлі на 2,7 млрд да 44,9 млрд $. Запазычаньні павялічылі на 10,6 млрд да 135,2 млрд $. Пры гэтым, выпуск аблігацыяў застаўся на ўзроўні 35,8 млрд $. Сярод 68 урадаў-сябраў АБР на 49 сябраў з Азіі прыпадала 63,4 % паёў у капітале, а на 19 разьвітых краінаў зь іншых частак сьвету — астатнія 36,6 % капіталу[8]. На канец 2021 год Азіяцкі банк разьвіцьця вылучыў пазыкі на 182 млрд даляраў, у тым ліку 137,9 млрд $ непагашаных пазыкаў і 44,1 млрд $ неасвоеных пазыкаў. Сярод іх 72 % (130,9 млрд) выдалі сувэрэнным дзяржавам, 23 % (42,1 млрд) ільготных сувэрэнных пазыкаў і 5 % (9 млрд) прыватным прадпрыемствам. Больш за ўсё пазычылі на: 1) транспарт — 28,5 %, 2) энэргетыку — 18,8 %, 3) дзяржаўнае кіраваньне — 15 %, 4) водазабесьпячэньне — 9,3 %, 5) сельскую гаспадарку і здабычу карысных выкапняў — 8,5 %, 6) фінансы — 7,4 %, 7) адукацыю — 5,1 %. Найбольшую долю пазыкаў атрымалі: 1) Індыя — 16,4 %, 2) Кітай — 14,9 %, 3) Пакістан — 9,8 %, 4) Банглядэш — 9,7 %, 5) Філіпіны — 8,1 %, 6) Інданэзія — 8 %, 7) Віетнам — 5,9 %[9].

Старшыні рэдагаваць

 
Такехіко Накао — 9-ы старшыня АБР
  1. Такесі Ватанабэ (24 лістапада 1966 — 24 лістапада 1972)
  2. Шыро Іноўэ (25 лістапада 1972 — 23 лістапада 1976)
  3. Тароічы Ёсіда (24 лістапада 1976 — 23 лістапада 1981)
  4. Масао Фудзіёка (24 лістапада 1981 — 23 лістапада 1989)
  5. Кімімаса Тарумідзу (24 лістапада 1989 — 23 лістапада 1993)
  6. Міцуо Сато (24 лістапада 1993 — 15 студзеня 1999)
  7. Тадао Чыно (16 студзеня 1999 — 31 студзеня 2005)[14]
  8. Харухіка Курода (1 лютага 2005 — 18 сакавіка 2013)[18]
  9. Такехіко Накао (28 красавіка 2013 — 16 студзеня 2020)[14]
  10. Масацугу Асакава (ад 17 студзеня 2020 году)[19]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж з Пагадненьне «Аб заснаваньні Азіяцкага банку разьціцьця» (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  3. ^ Вучон Ум (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 8 лістапада 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  4. ^ Шысін Чэн (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 7 лістапада 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  5. ^ Ахмэд Саід (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 17 лістапада 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  6. ^ Арганізацыя (кіраўніцтва) (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  7. ^ Рада кіраўнікоў (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  8. ^ а б Фінансавая справаздача за 2021 год (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, сакавік 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  9. ^ а б АБР зь першага погляду (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, чэрвень 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  10. ^ Хто мы такія (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  11. ^ Функцыянальная арганізацыйная схема (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, верасень 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  12. ^ Дзе мы працуем (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  13. ^ Арганізацыя (краёвыя сядзібы) (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  14. ^ а б в г д е ё ж з Пра АБР (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  15. ^ Усясьветная харчовая праграма ААН падпісала пагадненьне з Афганістанам // Беларуская служба Радыё «Свабода», 4 чэрвеня 2003 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  16. ^ Азіяцкі банк развіцця даў Казахстану мільярд даляраў // Зьвязда : газэта. — 22 жніўня 2015. — № 160 (28018). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Азіяцкі банк развіцця ацаніў страты сусьветнай эканомікі з-за каронавіруса - да $8,8 трлн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 траўня 2020 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  18. ^ Палітыкі тыдня: Харыка Курода, Леанід Кучма, Дзітрых Кітнер // Газэта «Новы час», 3 сакавіка 2013 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.
  19. ^ Масацугу Асакава (анг.) // Азіяцкі банк разьвіцьця, 15 лістапада 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Наборы зьвестак (анг.) // Бібліятэка зьвестак АБР, 21 верасьня 2022 г. Праверана 19 лістапада 2022 г.