Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі

Каардынаты: 53°54′25″ пн. ш. 27°24′48″ у. д. / 53.90694° пн. ш. 27.41333° у. д. / 53.90694; 27.41333

«Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» («ІЭВ») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), створанае ў 1922 годзе ў якасьці Віцебскага вэтэрынарна-бактэрыялягічнага інстытуту.

«Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 1922
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск, Фрунзэнскі раён, вул. Брыкета, д. 28
Ключавыя фігуры Юры Ламака, Андрэй Высоцкі, Алена Сьцяпанава
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя прышчэпка для жывёлаў і птахаў, лекі для пчолаў, супрацьпаразытарныя лекі, лекі і стымулятары імунітэту жывёлаў
Лік супрацоўнікаў 150 (2018 г.)
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

На 2018 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі» месьцілася ў Менску і ўваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўляўся па 5 спэцыяльнасьцях: 1) паразыталёгія, 2) вэтэрынарная мікрабіялёгія (вірусалёгія, эпізааталёгія, мікалёгія і імуналёгія), 3) вэтэрынарная фармакалёгія, 4) вэтэрынарная санітарыя (экалёгія, заагігіена і вэтэрынарна-санітарная экспэртыза), 5) вэтэрынарнае акушэрства (біятэхніка рэпрадукцыі жывёлаў). Інстытут вырабляў: прышчэпкі ад шаленства, вірусных і мікробных хваробаў птушак, сьвіней, буйной рагатай жывёлы і дзікіх драпежных жывёлаў; лекі для пчолаў; супрацьпаразытарныя лекі; лекі і стымулятары імуннай сыстэмы жывёлаў; сродкі дыягностыкі. Таксама інстытут аказваў паслугі дыягностыкі і распрацоўкі лекаваньня жывёлаў[1]. На 2018 год у інстытуце налічвалася 70 навуковых супрацоўнікаў, зь іх 7 дактароў і 40 кандыдатаў навук, у тым ліку 5 прафэсараў і 9 дацэнтаў. У сумесных распрацоўках удзельнічалі Інстытут фізыкі імя Барыса Сьцяпанава і 5 ВНУ Беларусі: Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (Горкі, Магілёўская вобласьць), Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. У міжнародных дасьледаваньнях бралі ўдзел 7 установаў з 3 краінаў:

Падразьдзяленьні рэдагаваць

На 2018 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі» ўлучала віварый, гадавальнік лябараторных жывёлаў, групу навукова-тэхнічнай інфармацыі, сэртыфікацыі і патэнтазнаўства і 10 аддзелаў:

  • вірусных інфэкцыяў;
  • вэтэрынарных тэхналёгіяў;
  • бактэрыяльных інфэкцыяў буйной рагатай жывёлы;
  • малекулярнай біялёгіі;
  • паразыталёгіі;
  • хваробаў птушак, пчолаў і фізыка-хімічных дасьледаваньняў;
  • таксыкалёгіі і незаразных хваробаў жывёлаў;
  • паталёгіі размнажэньня і вэтэрынарнай санітарыі;
  • культураў вузаў і пажыўных асяродзьдзяў;
  • досьледна-экспэрымэнтальны[1].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1922 годзе ў заснавалі Віцебскі вэтэрынарна-бактэрыялягічны інстытут (Расейская СФСР). У 1924 годзе, па 1-м узбуйненьні БССР, яго перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны вэтэрынарна-бактэрыялягічны інстытут (БелДВБІ). У 1937 годзе БелДВБІ пераўтварылі ў Беларускую навукова-дасьледчую вэтэрынарную досьледную станцыю (БелНДВДС), пры якой заснавалі Віцебскую біяфабрыку. 8 сакавіка 1956 году Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР зацьвердзіла Загад № 87, паводле якога на аснове БелНДВДС аддзелу вэтэрынарыі Акадэміі навук БССР стварылі Беларускі навукова-дасьледчы вэтэрынарны інстытут (БелНДВІ) з разьмяшчэньнем у Менску і падразьдзяленьнем у Віцебску. У 1960 годзе БелНДВІ пачаў выпускаць зборнік «Вэтэрынарная навука — вытворчасьці». У 1963 годзе Майсей Юскавец выдаў манаграфію «Тубэркулёз сельскагаспадарчых жывёлаў». У 1964 годзе Савет міністраў БССР разьмясьціў БелНДВІ ў пасёлку Кунцаўшчына Менскага раёну на запыт Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Да 1968 году інстытут налічваў 9 аддзелаў і 47 навуковых супрацоўнікаў. У 1968 годзе ў інстытуце зьявілася асьпірантура. У 1971 годзе Раман Чабаратоў выдаў «Даведнік па вэтэрынарнай і мэдыцынскай паразыталёгіі»[3].

1 сакавіка 1974 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 149 аб наданьні інстытуту імя Сяргея Вышалескага. У 1974 годзе Інстытут пачаў выпускаць зборнік «Дасягненьні вэтэрынарнай навукі і перадавога досьведу — жывёлагадоўлі». 20 жніўня 1975 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 275, паводле якой перайменаваў БелНДВІ ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі (БелНДІЭВ). У 1977 годзе Георгі Аб'едкаў выпусьціў манаграфію «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба зь ім». 30 верасьня 1980 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР ухваліў Указ аб узнагароджаньні БелНДІЭВ Ганаровай граматай за ўкараненьня распрацовак у вытворчасьць. У 1983 годзе Раіса Тузава выдала манаграфію «Тубэркулёз сельскагаспадарчых жывёлаў і птушак». У 1990 годзе Міхаіл Таршыс, Мікалай Кавалёў і П.П. Кузьняцоў выпусьцілі супольную манаграфію «Шаленства жывёлаў». 8 жніўня 2002 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 26, паводле якой перайменавала БелНДІЭВ ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» («ІЭВ»). У Інстытуце працавалі акадэмікі Харытон Гарагляд, Раман Чабаратоў і Майсей Юскавец[3].

На 2004 год УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага» налічвала 7 аддзелаў: 1) сухотаў і лейкозу, 2) вірусных і прыродных інфэкцыяў, 3) мікрабіялёгіі і калекцыі мікраарганізмаў, 4) паразыталёгіі, 5) незаразных хваробаў, 6) экалёгіі і вэтэрынарнай санітарыі, 7) хваробаў птушак, пчолаў і рыбы. Пры «ІЭВ» працавала 2 лябараторыі: 1) культураў вузаў і пажыўных асяродзьдзяў, 2) навукова-тэхнічнай інфармацыі і патэнтазнаўства. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: 1) папярэджаньне, выяўленьне і лячэньне заразных, паразытарных і незаразных хваробаў жывёлаў, птахаў, рыбаў і пчолаў; 2) бясьпека вырабаў жывёлагадоўлі; 3) папярэджаньне і ўсталяваньне прычыны бясплодзьдзя жывёлаў і падзяжу іх маладняку. На 2004 год Інстытут атрымаў 75 аўтарскіх пасьведчаньняў і 15 патэнтаў, укараніў звыш 300 навуковых распрацовак, 35 прышчэпак, 19 лекаў і 13 дыягностык. У Інстытуце выдалі звыш 100 кніг і манаграфіяў. У «ІЭВ» працавалі акадэмік Мікалай Кавалёў і 12 дактароў навук[3]. У 2007 годзе «ІЭВ» увайшоў у склад Навукова-практычнага цэнтру жывёлагадоўлі НАНБ (Жодзін, Менская вобласьць).

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя С.М. Вышалескага) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.
  2. ^ а б Гісторыя (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.
  3. ^ а б в Экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 76. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  4. ^ 95 гадоў РУП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя С.М.Вышалескага» (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 19 лістапада 2018 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Вырабы (рас.) // УП «Інстытут экспэрымэнтальнай вэтэрынарыі імя Сяргея Вышалескага», 2018 г. Праверана 12 лістапада 2018 г.