Інстытут цепла- і масаабмену

Дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1952 году пад назвай Інстытут энэргетыкі.

Каардынаты: 53°54′47″ пн. ш. 27°36′12″ у. д. / 53.91306° пн. ш. 27.60333° у. д. / 53.91306; 27.60333

Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава (анг. Heat and Mass Transfer Institute) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасьні 1952 году пад назвай Інстытут энэргетыкі.

Інстытут цепла- і масаабмену
рас. Институт тепло- и массообмена

2019 год
Абрэвіятура ІЦМА
Папярэднік энэргетычны сэктар Інстытута торфу
Дата ўтварэньня 5 верасьня 1952 (71 год таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта стварэньне энэргаашчаднага абсталяваньня
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. П.Броўкі, д. 15
Дзейнічае ў рэгіёнах Горадня
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Алег Пенязькоў
Намесьнік па інавацыйнай дзейнасьці Валянцін Асташынскі
Намесьнік па навуковай працы Ігар Ігнаценка
Навуковая сакратарка Сьвятлана Данілава-Трацяк
Асноўныя асобы Сяргей Чыжык, Валянцін Барадуля, Павал Грынчук і Мікалай Паўлюкевіч[1]
Кіроўны орган Навуковая рада
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Навукова-дасьледчы цэнтар праблемаў рэсурсазьберажэньня (Горадня)
Колькасьць супрацоўнікаў 600 (2010 г.)
Сайт itmo.by
Колішняя назва Інстытут энэргетыкі (да 1963 году)

На 2018 год ІЦМА ажыцьцяўляў набор ў асьпірантуру па 4 спэцыяльнасьцях: 1) мэханіка газу, вадкасьці і плязмы; 2) цеплафізыка і тэарэтычная цеплатэхніка; 3) хімічная фізыка, гарэньне і выбух, фізыка скрайніх станаў рэчыва; 4) прамысловая цеплаэнэргетыка. У дактарантуру набіралі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) цеплафізыка і тэарэтычная цеплатэхніка; 2) прамысловая цеплаэнэргетыка. Інстытут ажыцьцяўляў: 1) распрацоўку энэргаашчадных прыладаў цеплаабмену; 2) распрацоўку абсталяваньня на плязьменных тэхналёгіях; 3) выраб досьледнага абсталяваньня ў галіне фізыкі гарэньня; 4) распрацоўку абсталяваньня для перапрацоўкі адкідаў; 5) распрацоўку абсталяваньня для атрыманьня нанаматэрыялаў; 6) выраб топак і кацельняў, цеплаабменьнікаў на цеплавых трубах, цеплавых помпаў і лядоўняў[2]. З 1958 году Інстытут выдаваў па-расейску «Інжынэрна-фізычны часопіс» (ISSN 0021-0285), які ў Нідэрляндах выходзіў у ангельскамоўнай рэдакцыі.

Будова рэдагаваць

На 2018 год Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава ўлучаў Гарадзенскую філію «Навукова-дасьледчы цэнтар праблемаў рэсурсазьберажэньня» і 6 аддзяленьняў: 1) энэргетычных сыстэмаў, 2) фізыкі і хіміі нераўнаважных асяродзьдзяў, 3) цеплаабмену і мэханікі мікра- і нанапамерных сыстэмаў, 4) матэматычнага мадэляваньне, 5) фізыкі плязмы і плязьменных тэхналёгіяў, 6) інфармацыйных сыстэмаў[2].

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Уваход у ІЦМА (2019 г.)

5 верасьня 1952 году Акадэмія навук БССР зацьвердзіла Загад № 427 аб заснаваньні Інстытуту энэргетыкі на аснове энэргетычнага сэктару (існаваў з 1946 году) Інстытута торфу. Адразу пачала працаваць асьпірантура. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Інстытут праводзіў дасьледаваньні ў галіне касьмічнай і авіяцыйнай тэхнікі, ядзернай энэргетыкі, стварэньня цепламасаабменных спосабаў і прыладаў гаспадарчага прызначэньня. У Інстытуце правялі дасьледаваньні ўзаемазьвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстым целе, дыспэрснай сыстэме, рэалягічным асяродзьдзі, аэратэрмааптычным прыстасаваньні і генэратары нізкатэмпэратурнай плязмы. У 1963 годзе назву зьмянілі на Інстытут цепла- і масаабмену (ІЦМА). 22 чэрвеня 1965 году зь ІЦМА вылучылі Інстытут ядзернай энэргетыкі. Таксама са складу ІЦМА ўтварылі Інстытут водных праблемаў і філію Энэргетычнага інстытуту імя Глеба Крыжаноўскага (Масква, Расейская СФСР), які з 1986 году стаў Беларускім навукова-дасьледчым цеплаэнэргетычным інстытутам. У 1969 годзе ІЦМА атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР. У ІЦМА сфармулявалі раўнаньні для апісаньня пераносу энэргіі і рэчыва ў асяродзьдзі пры фазавым і хімічным пераўтварэньні, зьнежнім узьдзеяньні і ва ўмовах плыні. У 1975 годзе ІЦМА надалі імя Аляксея Лыкава. У ІЦМА працаваў акадэмік Міхаіл Ельяшэвіч, сябры-карэспандэнты С.С. Забродзкі і Б.М. Смольскі[3].

 
Таблічка ІЦМА (2019 г.)

У 1977 годзе Вярхоўны Савет БССР узнагародзіў ІЦМА Ганаровай граматай. У Інстытуце прапанавалі дыфэрэнцыйныя раўнаньні ўзаемазьвязанага цеплапераносу для апісаньня кінэтыкі хімічных працэсаў, апісалі заканамернасьці пераносу энэргіі і рэчыва. У 1980 годзе супрацоўнікі Інстытуту атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. У 1982 і 1983 гадах — прэміі Савета міністраў СССР. У 1991 годзе зьявілася дактарантура. У 1992 годзе супрацоўнікаў ІЦМА ўзнагродзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі. На 1998 год у складзе Інстытуту працавала: 22 лябараторыі, канструктарска-тэхналягічныя падразьдзяленьні і досьледная вытворчасьць. Інстытут выдаваў па-расейску «Інжынэрна-фізычны часопіс», які паракладалі на ангельскую для краінаў Заходняй Эўропы і ЗША. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: цеплаперадача і масаперанос у капілярна-порыстым целе, дыспэрснай сыстэме, рэалягічным асяродзьдзі, турбулентным неаднародным патоку, нізкатэмпэратурнай плязьме і пры ўзаемадзеяньні выпрамяненьня з рэчывам; прылады і спосабы сушкі; плязьменныя распрацоўкі; энэргазьберагальныя спосабы цепламасаабмену, прылады выяўленьня цеплавых працэсаў і дынамікі вадкасьцяў і газаў; энэргазьберажэньне і навуковыя асновы энэргетыкі; спальваньне цьвёрдага паліва і адкідаў; высокадакладнае паліраваньне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў жывых арганізмах у справе мэдыцыны; мэмбранны масаперанос; цеплаабменьнік на цеплавых трубах, цеплавая помпа і лядоўневае абсталяваньне; цеплафізычныя ўласьцівасьці рэчываў; цепламасаабмен у нераўнаважнай сыстэме; ачыстка газавых выкідаў і вадкага асяродзьдзя; прамочваньне шпалы і драўніны; распрацоўка цеплаабменных спосабаў і прыладаў, навуковых асноваў геліятэхнікі і геліяэнэргетыкі. На 1998 год у ІЦМА працавалі Барыс Калавандзін і Анатоль Шашкоў, сябры-карэспандэнты Н.М. Дарожкін і Мікалай Паўлюкевіч[3].

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Навуковая рада (рас.) // Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава, 2018 г. Праверана 23 верасьня 2018 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізіка-тэхнічных навук (Інстытут цепла- і масаабмену) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 жніўня 2018 г. Праверана 23 верасьня 2018 г.
  3. ^ а б Уладзімер Драгун. Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 274-275. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць