Інстытут глебазнаўства і аграхіміі

Каардынаты: 53°51′0″ пн. ш. 27°30′27″ у. д. / 53.85° пн. ш. 27.5075° у. д. / 53.85; 27.5075

«Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» («ІГА») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў 1931 годзе ў якасьці Навукова-дасьледчага інстытуту аграглебазнаўства.

«Інстытут глебазнаўства і аграхіміі»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 1931
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск, Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 90
Ключавыя фігуры Віталь Лапа, Мікалай Цыбулька, Міхаіл Рак і Аксана Юхнавец
Галіна сельская гаспадарка
Паслугі распрацоўка ўгнаеньняў, укараненьне захадаў павышэньня ўрадлівасьці глебаў
Лік супрацоўнікаў 72 дасьледнікі (2018 г.)
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

На канец 2018 году Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) аграглебазнаўства, 2) аграхімія. Інстытут аказваў наступныя паслугі: 1) распрацоўка ўгнаеньняў, 2) распрацоўка паказьнікаў гаспадарчай і энэргетычнай выніковасьці прымяненьня ўгнаеньняў, 3) вывучэньне арганічных угнаеньняў для станоўчага балянсу перагною, 4) распрацоўка ашчаднага выкарыстаньня ўгнаеньняў пад сельскагаспадарчыя расьліны, 5) распрацоўка спосабаў узважанага выкарыстаньня разбураных земляў, 6) укараненьне захадаў павышэньня ўрадлівасьці глебаў, 7) ацэнка ўласьцівасьцяў і складу глебаў, 8) удасканаленьне спосабаў аграхімічнага абслугоўваньня сельскай гаспадаркі[1]. З 2004 году Інстытут выдае па-расейску часопіс «Глебазнаўства і аграхімія» (ISSN 0130-8475), які Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь з 2014 году ўнесла ў Пералік навуковых выданьняў для апублікаваньня вынікаў дысэртацыйных дасьледаваньняў. З 2011 году часопіс мае он-лайн-выданьне[2].

Падразьдзяленьні рэдагаваць

На канец 2018 году УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» улучала:

  • 8 лябараторыяў — 1) сыстэмаў угнаеньня і харчаваньня расьлінаў, 2) мікраэлемэнтаў, 3) новых формаў угнаеньняў і мэліярантаў, 4) арганічнага рэчыва глебы, 5) мікрабіялёгіі і біяхіміі глебаў, 6) аграфізычных уласьцівасьцяў і абароны глебаў ад эрозіі, 7) маніторынгу ўрадлівасьці глебаў і экалёгіі, 8) глебава-аграхімічных аналізаў;;
  • 2 сэктары — 1) аграглебазнаўства, лічбавага картаграфаваньня і ацэнкі глебаў, 2) укараненьня навуковых распрацовак[1].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1931 годзе Беларуская акадэмія навук стварыла Інстытут аграглебазнаўства (ІАГ), які ўзначаліў Якаў Афанасьеў(be) (1931—1937). Іншымі найбольш знанымі глебазнаўцамі Інстытуту былі Павал Рагавы(be), Андрэй Мядзьведзеў, Іван Лупіновіч, Мікалай Булгакаў, Уладзімер Пілько і Васіль Чацьверыкоў. У 1932—1937 гадах супрацоўнікі Інстытуту правялі аграхімічны аналіз глебы і дасьледаваньне ўплыву вапны на ўраджай на шэрагу машынна-трактарных станцыяў (МТС) суцэльнага хімізаваньня. Таксама падабралі 22 дзяржаўныя ўчасткі гатункавыпрабаваньня збожжа. У 1933 годзе ІАГ атрымаў назву Інстытут аграглебазнаўства і ўгнаеньняў (ІАГУ). У 1938 годзе ІАГУ ўвайшоў у Інстытут сацыялістычнай сельскай гаспадаркі (ІССГ). У 1949 годзе супрацоўнікі ІССГ склалі Глебавую мапу Беларускай ССР на падставе маршрутных дасьледаваньняў глебы ў абласьцях. У 1952 годзе на яе аснове выдалі манаграфію «Глебы БССР» пад рэдакцыяй Лупіновіча і Рагавога, што зьмяшчала першы відападзел глебаў Беларусі і парады па іх выкарыстаньні. 14 лютага 1956 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову аб перадачы ІССГ у падпарадкаваньне Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, дзе яго перайменавалі ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут земляробства (БелНДІЗ). 24 студзеня 1957 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 36 «Аб стварэньні пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі БССР Акадэміі сельскагаспадарчых навук», куды ўвайшоў БелНДІЗ. У 1958 годзе БелНДІЗ пераўтварылі ў Беларускі НДІ глебазнаўства (БелНДІГ), які ачоліў Павал Рагавы[3].

Цягам 1958—1964 гадоў БелНДІГ дасьледаваў землі ўсіх калгасаў і саўгасаў БССР на плошчы звыш 130 000 км² (63% земляў БССР). У выніку для кожнай гаспадаркі склалі глебавыя і геабатанічныя мапы ў маштабе 1 : 10000, што суправаджаліся картаграмамі кісьліннасьці, зьмяшчэньня фосфару і калю, парадамі па выкарыстаньні земляў. На падставе дасьледаваньня стварылі глебавыя мапы раёнаў і вобласьцяў Беларускай ССР. З 1961 году пачалі выдаваць навуковы зборнік «Глебазнаўства і аграхімія». У 1964 годзе заснавалі абласныя занальныя аграхімічныя лябараторыі (ЗАЛ), што дазволіла павялічыць лік штогадовых досьледаў з угнаеньнямі з 35 да 170 за кошт выкарыстаньня палёў калгасаў і саўгасаў. У 1965 годзе БелНДІГ перадалі ў склад Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (УАСГН). У 1969 годзе БелНДІГ перайменавалі ў Беларускі НДІ глебазнаўства і аграхіміі (БелНДІГА). У 1970 годзе ў БелНДІГА стварылі аддзел эрозіі глебы ў сувязі з выяўленьнем таго, што лёгкія паводле грануламэтрычнага складу глебы складалі каля 36% ворных земляў Беларусі. У 1974 годзе выйшла манаграфія «Глебы Беларускай ССР» пад рэдакцыяй П. Рагавога, Тамары Кулакоўскай(be) і М. Сьмяяна. У 1976 годзе манаграфію ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй БССР. З 1976 годзе пачалі дасьледаваць глебы пад лесам. У 1977 годзе выдалі Глебавую мапу Беларускай СССР у маштабе 1 : 600 000 пад рэдакцыяй Мікалая Сьмяяна і Івана Салаўя. Цягам 1987—1991 гадоў супрацоўнікі Інстытуту — Мікалай Сьмяян, Э. Д. Шагалава, Іван Марцуль і Антон Шмігельскі — склалі мапы гамафону і адабралі ўзоры глебаў па рэпэрных кропках для аналізу на ўтрыманьне цэзу-137 і стронцу-90. Картаграфаваньне глебы на ўтрыманьне радыёнуклідаў правялі ў маштабе 1 : 25000 ва ўсіх абласьцях Беларусі, што дазволіла вызначыць распаўсюд забруджваньня земляў. У 1992 годзе БелНДІГА ўвайшоў у склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (ААНРБ), дзе з 1996 году стаў унітарным прадпрыемствам «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» («ІГА»)[3].

У 1990—2005 гадах «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» праводзіў дасьледаваньні паводле дзяржаўнай праграмы «Сельскагаспадарчая радыёлёгія» пад кіраўніцтвам акадэміка Восіпа Багдзевіча. У 1997—1999 гадах «ІГА» правёў першую ў Беларусі ўнутрыгаспадарчую падзялянкавую кадастравую ацэнку земляў сельскіх гаспадарак прадпрыемстваў і сялянаў. На 1997 год асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў Інстытуту былі: павышэньне ўрадлівасьці глебавага покрыва Беларусі; ахова глебаў ад ветравога і воднага разбурэньня і забруджваньня; распрацоўка прыладаў выкарыстаньня мінэральных угнаеньняў[4]. У 2002 годзе «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» ўвайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасьля далучэньня да яе ААНРБ у якасьці Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. З 2006 году «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» падпарадкавалі Навукова-практычнаму цэнтру земляробства НАНБ (Жодзін, Менская вобласьць).

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут глебазнаўства і аграхіміі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  2. ^ Навуковы часопіс «Глебазнаўства і аграхімія» (рас.) // УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі», 2018 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  3. ^ а б Да 80-годзьдзя «Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі» (рас.) // УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі», 2018 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  4. ^ Глебазнаўства і аграхіміі інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 291. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць