Інстытут аховы расьлінаў

Каардынаты: 53°47′26″ пн. ш. 27°27′2″ у. д. / 53.79056° пн. ш. 27.45056° у. д. / 53.79056; 27.45056

«Інстыту́т ахо́вы расьлі́наў» («ІАР») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў лютым 1971 году ў вёсцы Прылукі (Менскі раён) у якасьці Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту аховы расьлінаў.

«Інстытут аховы расьлінаў»
наркам. Інстытут аховы раслін
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 17 лютага 1971 (53 гады таму)
Заснавальнікі Усесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук(ru)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менскі раён
Адрас вёска Прылукі, вул. Міру, д. 2
Ключавыя фігуры Сяргей Сарока, Сьвятлана Ярчакоўская
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя сродкі аховы расьлінаў
Паслугі вызначэньне колькасьці пэстыцыдаў у вадзе, глебе і расьлінах
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

На 2019 год УП «Інстытут аховы расьлінаў» уваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. У асьпірантуру набіралі па спэцыяльнасьці ахова расьлінаў. «Інстытут аховы расьлінаў» выпускаў сродкі аховы расьлінаў ад шкодных арганізмаў. Таксама «ІАР» прапаноўваў наступныя паслугі: 1) вызначэньне рэшткавай колькасьці пэстыцыдаў у вадзе, глебе і расьлінах; 2) дасьледаваньне выніковасьці расьлінаахоўных сродкаў, 3) распрацоўка спосабаў аховы сельскагаспадарчых культураў ад шкоднікаў, хваробаў і пустазельля[1]. «Інстытут аховы расьлінаў» месьціцца ў былым палацы Чапскіх. На 2019 год «Інстытут аховы расьлінаў» ажыцьцяўляў сумесныя распрацоўкі з 35 замежнымі ўстановамі 7 краінаў:

  • адной краіны Азіі — Казахстан (3: Казаскі НДІ аховы і карантыну расьлінаў у Карасайскім раёне Алмацінскай вобласьці, Усходне-Казахстанскі НДІ сельскай гаспадаркі ў Глыбокаўскім раёне і Інавацыйны эўразійскі ўнівэрсытэт у Паўладары);
  • 6 краінаў Эўропы — Латвія (Дзяржаўны інстытут сэлекцыі расьлінаў у Прыекулі, Прыекульскі край, Відзэмэ), Летува (Летувіскі інстыту земляробства, Кейданскі раён, Ковенскі павет), Малдова (Інстытут аховы расьлінаў і экалягічнага земляробства), Польшча (7: Дзяржаўны навуковы інстытут аховы расьлінаў у Познані, Польскае таварыства аховы расьлінаў у Познані, Інстытут земляробства і глебазнаўства ў Пулавах, НДІ садаводзтва ў Скернявіцах, Лодзінскае ваяводзтва, Інстытут агародніцтва ў Скернявіцах, Інстытут біялёгіі і аховы навакольнага асяродзьдзя ў Слупску, Паморскае ваяводзтва, Унівэрсытэт прыродазнаўчых навук у Любліне), Расея (9: Усерасейскі НДІ аховы расьлінаў(ru) у Санкт-Пецярбургу, Усерасейскі НДІ лубіну ў Бранску, Усерасейскі НДІ цукровага бурака і цукру ў пасёлрку Рамонь Варонескай вобласьці, Калінінградзкі інстытут перападрыхтоўкі кадраў аграбізнэсу, Усерасейскі НДІ вэтэрынарнай санітарыі, гігіены і экалёгіі, Усерасейскі сэлекцыйна-тэхналягічны інстытут садаводзтва і гадавальнікаводзтва, Інстытут біялёгіі Карэльскага навуковага цэнтру ў Петразаводзку, Велікалуцкая сельскагаспадарчая акадэмія ў Пскоўскай вобласьці і Ўсерасейскі НДІ біялягічнай аховы расьлінаў у Краснадары) і Ўкраіна (11: Інстытут аховы расьлінаў у Кіеве, Інстытут мікрабіялёгіі і вірусалёгіі, Нацыянальны аграэкалягічны ўнівэрсытэт у Жытоміры, Інстытут біяэнэргетычных культураў і цукровага бурака, Інжынэрна-тэхналягічны інстытут біятэхнікі ў Адэскай вобласьці, Сэлекцыйна-генэтычны інстытут насеньняводзтва і гатункавывучэньня ў Адэсе, Інстытут сельскагаспадарчай мікрабіялёгіі ў Чарнігаве)[2].

Падразьдзяленьні рэдагаваць

На 2019 год УП «Інстытут аховы расьлінаў» улучала аддзел інфармацыі, маркетынгу і патэнтных дасьледаваньняў ды 8 лябараторыяў: 1) энтамалёгіі, 2) фітапаталёгіі, 3) гэрбалёгіі, 4) абароны кармавых і тэхнічных культураў, 5) аховы агароднінных культураў і бульбы, 6) абароны пладовых культураў, 7) мікрабіялягічнага мэтаду аховы сельскагаспадарчых культураў ад шкоднікаў і хваробаў, 8) дынамікі пэстыцыдаў[1].

Мінуўшчына рэдагаваць

17 лютага 1971 году Ўсесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук(ru) (УАСГН, Масква) стварыла Беларускі навукова-дасьледчы інстытут аховы расьлінаў (БелНДІАР) на аснове аддзелу аховы расьлінаў Беларускага НДІ земляробства. Беларускаму НДІ аховы расьлінаў перадалі лябараторыю біямэтаду БелНДІ бульбаводзтва і плодаагародніцтва (Самахвалавічы, Менскі раён). Сам БелНДІАР разьмясьцілі ў вёсцы Прылукі Менскага раёну на месцы Менскай навукова-дасьледчай станцыі калярадзкага жука, нэматодаў і раку бульбы, што дагэтуль належала Ўсесаюзнаму навукова-дасьледчаму інстытуту аховы расьлінаў(ru) (УНДІАР) у Ленінградзе (Расейская СФСР)[3]. Да 1972 году ў БелНДІАР стварылі 7 лябараторыяў: сельскагаспадарчай энтамалёгіі, фітапаталёгіі, вірусалёгіі, фітагэльмінталёгіі, імунітэту, прагнозаў і біялягічнага мэтаду аховы расьлінаў. Да пачатку 1980-х гадоў стварылі яшчэ 4 лябараторыі: 1) аналізу рэшткавай колькасьці пэстыцыдаў, 2) эканомікі і арганізацыі службы аховы расьлінаў, 3) новых мэтадаў, 4) мікрабіямэтаду. У 1986 годзе пасьля Чарнобыльскай катастрофы стварылі лябараторыю радыёэкалёгіі[4]. У 1980-я гады Інстытут налічваў звыш 300 супрацоўнікаў[5].

З 1992 году БелНДІАР падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. На 1996 год асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: распрацоўка бясшкодных для навакольля спосабаў і прыладаў аховы расьлінаў ад шкоднікаў, хваробаў і пустазельля; укараненьне кампутараў у фітасанітарную дыягностыку; спосабы ацэнкі адабраных расьлінаў на ўстойлівасьць да патагенаў і шкоднікаў[3]. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры навукі». Згодна з 9-м артыкулам Дэкрэту загадвалася «ўлучыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук». 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацьвердзіла Загад № 41-К «Аб улучэньні арганізацыяў і прадпрыемстваў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», паводле якога УП «БелНДІАР» перайшоў у склад НАНБ. 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэньні навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і некаторых захадах ажыцьцяўленьня навуковай дзейнасьці». Паводле 3-га артыкула Ўказу, УП «Інстытут бульбаводзтва» перайменавалі ў Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва (НПЦБПА), у склад якога ўлучылі УП «Інстытут аховы расьлінаў»[4].

Кіраўнікі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут аховы расьлінаў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Праверана 24 студзеня 2019 г.
  2. ^ Міжнародная супраца (рас.) // УП «Інстытут аховы расьлінаў», 2019 г. Праверана 25 студзеня 2019 г.
  3. ^ а б Аховы расьлін Беларускі НДІ // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 153. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  4. ^ а б Аб інстытуце (рас.) // УП «Інстытут аховы расьлінаў», 2019 г. Праверана 25 студзеня 2019 г.
  5. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Сілай малітвы трымаюцца сьцены // Ігуменскі тракт. — 22 кастрычніка 2013. — № 35 (50). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць