Інгуры

рака на Каўказе

Інгуры (па-грузінску: ენგური, па-абхаску: Егры, Egry) — рака на Заходнім Каўказе, цячэ ў асноўным у Заходняй Грузіі, у ніжнім цячэньні працякае па грузіна-абхаскай мяжы. Даўжыня 213 км, плошча басэйну 4060 км². Жыўленьне ледніковае і дажджавое. Сярэдні гадавы расход вады зблізку вусьця складае 170 м³/сэк. Паводка з сакавіка па верасень. Сплаў лесу. Воды абмежавана выкарыстоўваюцца для арашэньня. Рака адыгрывае вялікую ролю для эканомікі Грузіі. На Інгуры разьмешчаная Інгурская ГЭС магутнасьцю 1300 МВт. Яна была ўведзеная ў эксплюатацыю ў 1987 годзе і забясьпечвае каля 40% патрэб Грузіі ў электраэнэргіі.

Мост цераз раку Інгуры
Фізычная мапа Абхазіі

Бярэ пачатак некалькімі вытокамі зь ледавікоў Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вялікага Каўказу, асноўны выток знаходзіцца на паўднёвым схіле гары Шхара, ля аднайменнага ледавіка, іншыя — у сьнежніках на схілах Эльбрусу і Ўшбы. У вярхоўях цячэ па Сванецкай катлавіне, ніжэй — у глыбокай і вузкай цясьніне, затым у даліне, якая паступова пашыраецца; ля гораду Джаўры выходзіць на Калхідзкую нізіну. Упадае ў Чорнае мора.

Пасьля пачатку грузіна-абхаскага канфлікту абодва бакі трымаюць узброеныя сілы на берагах ракі. Таксама там разьмяшчаюцца міратворчыя сілы Расеі. Адзіным легальным пунктам пераходу зьяўляецца Інгурскі мост даўжынёй 870 мэтраў, пабудаваны ваеннапалоннымі немцамі ў 1944—1948 гадах. Таксама цераз раку пракладзена некалькі нелегальных пераправаў.

Літаратура рэдагаваць

  • Ингури // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.