Іван Цьвікевіч

беларускі мэдык, грамадзкі і навуковы дзеяч, публіцыст

Іван Іванавіч Цьвікевіч (лістапад 1891, Берасьце — 1 ліпеня 1938[2], Усьць-Канск Алтайскага краю) — мэдык, беларускі грамадзкі і навуковы дзеяч, публіцыст. Выкарыстоўваў псэўданімы Іван Трызна, І. Яцьвяг.

Іван Цьвікевіч
Род дзейнасьці мэдык, грамадзкі і навуковы дзеяч, публіцыст
Дата нараджэньня лістапад 1891
Месца нараджэньня Берасьце
Дата сьмерці 1 ліпеня 1938(1938-07-01)[1]
Месца сьмерці Усьць-Канск Алтайскага краю, Расея
Грамадзянства Расейская імпэрыя, СССР
Месца вучобы
Занятак лекар, інтэлектуал
Месца працы
Бацька Іван Цьвікевіч
Дадаткова Выкарыстоўваў псэўданімы Іван Трызна, І. Яцьвяг

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся ў лістападзе 1891 году ў Берасьці ў сям’і фэльчара Івана Цьвікевіча, які працаваў у чыгуначнай лякарні. Меў старэйшага брата Аляксандра Цьвікевіча, які стаў прэм’ер-міністрам БНР і якому быў заўсёды паплечнікам. Як і брат, вучыўся ў мужчынскай гімназіі ў Берасьці (цяпер у гэтым будынку адзін з карпусоў БрДУ імя А. Пушкіна). У 1914 скончыў мэдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Жывучы ў Маскве, доктар Іван Цьвікевіч разам з братам А. Цьвікевічам быў сярод кіраўнікоў мясцовай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, актыўна працаваў у складзе Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэту, які аб’ядноўваў беларускіх уцекачоў, што жылі ў розных кутках Расеі. Спрычыніўся да стварэньня ў Маскве Беларускай народнай грамады.

У 1917—1921 гг. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў дывізіённым лекарам. У 1920 дывізія, у якой ён служыў, была інтэрнаваная ў Нямеччыне. У 1921—1923 гг. працаваў у Бэрліне ў савецкім пасольстве ў Нямеччыне, падтрымліваў кантакты з дзеячамі БНР. У 1924 годзе пераехаў у Менск. Зьяўляўся сябрам калегіі Наркамату аховы здароўя БССР, працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве.

Навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Доктар Іван Цьвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую мэдычную тэрміналёгію. Разам зь вядомымі дзеячамі БНР Вацлавам Ластоўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім Іван Цьвікевіч у 1923 годзе падрыхтаваў першы беларускамоўны падручнік у галіне мэдычных ведаў — «Фізыолёгія і анатомія чалавека» (перакладзены ім з расейскай), які прызначаўся для школ і які быў выдадзены Бюро па ўкладаньні і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асьветы БНР.

З 1924 г. ён узначальваў Мэдычную сэкцыю Інбелкульту (з 1928 г. — у складзе Інстытуту навуковай мовы Беларускай Акадэміі навук) і Тэрміналягічную камісію пры ёй. Плёнам працы камісіі пад яго кіраўніцтвам стала праца, выдадзеная ў 1926—1929 гг.,- «Nomina Anatomica Alborutenica — Анатамічныя назвы» (у 3-х тамах). Была распачатая таксама праца над фізіялягічнай і інфэкцыйнай тэрміналёгіямі, але яна не была скончана і засталася ў рукапісах.

Іван Цьвікевіч — аўтар гістарычнага нарысу «Канстантын Каліноўскі», які быў надрукаваны пад псеўданімам Іван Трызна ў часопісе ўраду БНР «Беларускі сьцяг» у 1922 г. Гэта была адна зь першых прац пра кіраўніка паўстаньня 1863 г. у Беларусі, у якой абгрунтоўвалася думка пра К. Каліноўскага як сьвядомага змагара за незалежнасьць беларускага народу. І аўтар першай беларускай навуковай публікацыяі пра Кастуся Каліноўскага ў часопісе Полымя № 2 (10) за 1924 год[3]. Іван Цьвікевіч займаўся таксама перакладамі мастацкіх твораў на беларускую мову (Рабіндранат Тагор і інш.).

Арышт і пакараньні рэдагаваць

У канцы 1929 падчас «чысткі» кіруючых органаў БССР ад нацдэмаў не пабаяўся на адкрытым сходзе ў Наркамаце асьветы выступіць у абарону першага старшыні ўраду БССР, беларускага пісьменьніка Зьмітра Жылуновіча. Гэтая мужная пазыцыя была кваліфікаваная сталіністамі як «чарговая вылазка беларускага нацыянал-дэмакратызму» і ў хуткім часе адгукнулася рэпрэсіямі супраць яго самога.

Доктар Іван Цьвікевіч быў арыштаваны 18 ліпеня 1930 па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны 10 красавіка 1931 году на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Нарыме, зьяўляўся начальнікам санчасьці Нарымлага. Затым пасяліўся ў горадзе Усьць-Канск Алтайскага краю, дзе працаваў лекарам у раённай бальніцы. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Івана Цьвікевіча прадугледжвалася «спальваць»[4]. Паўторна арыштаваны 5 сакавіка 1938 году і 1 ліпеня 1938 году прыгавораны да расстрэлу Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 19 верасьня 1960 году.

Бібліяграфія рэдагаваць

Пераклады
  • Пер. І. Ц. З Рабіната Тагора. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускi сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 19.
  • Н. Малышэў. Фiзыялëгiя] i анатомiя чалавека : падручнiк для сярэднiх школ. / переклад з расейскай I. Цьвiкевiча ; агульная рэдакцыя В. Ластоўскага й К. Дуж-Душэускага. — выданьне Мiнiстэрства беларускiх спраў у Лiтве. — Коўна: Друкарня Бр. М. i Л. Гурвiч, 1923. — 120 с.
  • Бах, Стивен. Цар-голад : папулярныя, эканамiчныя нарысы. / пераклаў з некаторымi пераробкамi i скарочаньнямi з Бэрлiнскага выданьня Ладыжнiкава С. Яцьвяг. — выданьне Цэнтральнага сэкрэтарыяту Беларускае сялянска-работнiцкае грамады. — Вільня: Беларуская друкарня iмя Фр. Скарыны, 1926. — Т. Ч. 1. — 41 с. — (Бiблiятэка Беларускае сялянска-работнiцкае грамады).

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Міхнюк У. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні — С. 92.
  2. ^ Міхнюк, Уладзімер. Цвікевіч Іван Іванавіч//Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2 — С. 92.
  3. ^ Дзмітрый Матвейчык. «Станаўленне і развіццё ў БССР гістарыяграфіі паўстання1863–1864 гг. (1919–1931 гг.)» / Максім Гальпяровіч // Беларускі гістарычны часопіс : навуковы, навукова-мэтадычны ілюстраваны часопіс. — Менск: сакавік 2017. — № 3 (212). — С. 12 —24.
  4. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.

Літаратура рэдагаваць


Вонкавыя спасылкі рэдагаваць