Іва́н Іва́навіч Замо́цін (па-расейску: Иван Иванович Замотин; 1 лістапада 1873, Крывулін, цяпер Цьвярская вобласьць, Расея — 25 траўня 1942, Горкі) — беларуска-расейскі літаратуразнавец. Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).

Іван Іванавіч Замоцін
Иван Иванович Замотин
Дата нараджэньня 1 лістапада 1873
Месца нараджэньня Бежацкі павет, Цьвярская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 траўня 1942
Месца сьмерці Горкі, Горкаўская вобласьць, РСФСР, СССР
Месца вучобы Пскоўская мужчынская гімназія (1893)
Пецярбурскі гісторыка-філялягічны інстытут (1897)
Занятак літаратуразнаўца
Навуковая сфэра літаратуразнаўства
Месца працы Імпэратарскі Варшаўскі ўнівэрсытэт, БДУ, БДПУ, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі
Навуковая ступень доктар філялягічных навук (1934)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Крывуліне Бежацкага павета Цьвярской губэрні.

У 1893 годзе скончыў з залатым мэдалём Пскоўскую гімназію, у 1897 годзе Пецярбурскі гісторыка-філялягічны інстытут.

Пачаў працу ў гімназіях Санк-Пецярбургу й Варшавы. У 1904 годзе атрымаў навуковую ступень магістра. У тым жа годзе ён становіцца прыват-дацэнтам Імпэратарскага Варшаўскага, а потым Пецярбурскага ўнівэрсытэтаў. З 1908 году прафэсар Імпэратарскага Варшаўскага ўнівэрсытэту, у 1917 годзе ўжо Данскага ўнівэрсытэту.

З 1922 году прафэсар Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту ў Менску. За два гады дасканала вывучыў беларускую мову. Адзін з пачынальнікаў беларускага літаратуразнаўства XX стагодзьдзя. Першы загадчык катэдры беларускае літаратуры і этналёгіі БДУ. Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), сябар-карэспандэнт АН СССР (1929), доктар філялягічных навук (1934). Адначасова з 1925 году працаваў у Інбелкульце, з 1929 году ў БелАН. У 1931—1933 гадах дырэктар Інстытуту літаратуры і мастацтва БелАН. З 1931 годе прафэсар Менскага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту. Складальнік і рэдактар выданьняў Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Паўлюка Труса, Цёткі й інш.

Арыштаваны ДПУ БССР 4 красавіка 1938 году па адрасе: вул. Савецкая, д. 19, кв. 3. 5 жніўня 1939 году, паводле пастановы калегіі АДПУ СССР, асуджаны як «удзельнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» да зьняволеньня ў лягерах тэрмінам на 8 гадоў. Знаходзіўся ў Комі АССР. Памёр 25 траўня 1942 году ў турэмным шпіталі ў Горкім.

 
Іван(недаступная спасылка) Замоцін, здымак з крымінальнае справы.

Пасьмяротна рэабілітаваны судовай калегіяй у крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 18 красавіка 1956 году. Асабовая справа № 5890-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Аўтар працаў па гісторыі расейскае літаратуры XVIII—XX стагодзьдзяў. Найбольш значныя працы прысьвечаныя расейскаму рамантызму 1820—1830-х гадоў ва ўзаемасувязі з заходнеэўрапейскай літаратурай, станаўленьню рэалістычнага мэтаду ў расейскай літаратуры 1840—1860-х гадоў (творчасьць Вісарыёна Бялінскага, Мікалая Чарнышэўскага, Івана Тургенева, Фёдара Дастаеўскага, Льва Талстога)[1]. Напісаў шэраг працаў па гісторыі беларускай літаратуры пачатку XX ст.: «Пуціны беларускай літаратуры (Якуб Колас — „Новая зямля“)» (1924), «Паэма Якуба Класа „Сымон-музыка“ як аўтахарактарыстыка» (1924), «Беларуская драматургія, ч. I — Драматычныя творы Я. Купалы» (1927), «М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс» (1927) і інш[2].

Працуючы выкладчыкам ВНУ, Замоцін распрацоўваў пытаньні мэтодыкі вывучэньня беларускае літаратуры ў новай школе. Сярод настаўнікаў-філёлягаў асабліва папулярнымі былі два выпускі ягоных мэтадычных нарысаў «Мастацкая літаратура ў школьным выкладаньні» (1927—1928)[2].

Памяць рэдагаваць

На будынку Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў Менску ўсталяваная памятная дошка на гонар Івана Замоціна.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Памяці вучонага. Замоцін Іван Іванавіч. nasb.gov.by. Праверана 28-8-2019 г. Архіўная копія ад 28-8-2019 г.
  2. ^ а б Замоцін Іван Іванавіч. elib.bspu.by. Праверана 28-8-2019 г. Архіўная копія ад 28-8-2019 г.

Літаратура рэдагаваць