Žygimont VAZA: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 2:
'''žygimont VAZA''' — беларускі музычны гурт.
 
Аўтар - Антон Вярсоцкі.
==Гісторыя==
 
Гурт заснаваны ў [[1987]] годзе [[Сяргей Скрыпнічэнка|Сяргеем Скрыпнічэнкам]].
Пісаць гісторыю žygimont VAZA вельмі і вельмі складана. Пры ўсім тым, што можна ў любы момант скантактавацца з кімсьці з удзельнікаў – былых ці цяперашніх, і запытаць пра нейкія факты гісторыі гурта. Але, шмат чаго перамяшалася з часам. Легенды і сапраўдныя падзеі часам пераходзяць адное ў другое, людзі кажуць пра адныя й тыя ж падзеі не зусім аднолькавыя рэчы. Спроба апісаць žygimont VAZA-ўскія падзеі застанецца менавіта спробай.
 
Адзначу адразу, што ўзяўся я рабіць ня жыцьцяпіс Сяргея «Скрыпы» Скрыпнічэнкі, а менавіта жыцьцяпіс гурта žygimont VAZA, таму ўсе падзеі асабістага жыцьця ўдзельнікаў застаюцца па-за канвой апавяданьня. З аднаго боку гэта ня зусім верна. Аднак, паўтаруся, апісаньне ЎСЯГО, ШТО АДБЫЛОСЯ можа стацца сапраўдным эпасам – прынамсі паводле аб’ёму. Таму маё апавяданьне ўяўляе сабой менавіта апрацаваны збор розных зьвесткаў, якія па-просту храналягічна парадкуюцца.
 
Аднак, паспрабуем...
 
Увесну 1987 году Скрыпа, маючы ў мінулым музычную школу (фартэпіяна), ўжо больш-меньш валодае гітарай, але толькі на ўзроўні акордавага граньня – прынамсі падабраць і роўна заграць нейкую песьню ўжо ў стане. Але галоўнае – ІДЭІ. Яны глыбейшыя за «зьняцьцце» нейкіх чужых тэмаў. Хочацца ствараць уласную музыку. Скрыпа слухае ў той час: Led Zeppelin, Dire Straits, Foreigner, Rolling Stones, Pink Floyd, Rainbow, Creedence, Deep Purple, The Police, EL&P, Patty Smith і шмат чаго яшчэ. Увесь час у адным, потым у іншым сутарэньні пад уласным домам ладзяцца «кропкі» для рэпетыцый. Прыходзяць нейкія людзі, спрабуюць нешта граць. Але з цягам часу высьветляецца, што ўсе падлеткі спрабуюць уласныя сілы ў рознае занятках – спорт, музыка, мастацтва, цыгарэты і алькаголь. Спрабуюць і ня больш – сьвядомае жыцьцё толькі пачынаецца, хочацца паспрабаваць літаральна ўсяго. Таму ніхто больш за пару-тройку тыдняў на «кропцы» не затрымліваецца. Скрыпа жа наадварот – больш і больш разважае пра будучыя музычныя праекты. Больш думае, чымся грае, бо граць трэба яшчэ вучыцца як сьлед. Але, галоўнае – нутраны зарад, – калі яго бракуе, дык не дапаможа аніякае ўменьне.
 
Пад канец лета ствараюцца нейкія «арт-рокавыя» канцэпцыі. У гэтых канцэпцыях больш уласна «канцэпцыяў», чым уласна музыкі. І тут (лёс, выпадак ці нешта падобнае) – у верасьні Скрыпа прыходзіць на тэлецэнтар, дзе маюцца адбыцца здымкі адное з найпапулярнейшых праграмаў тагачаснае тэлевізіі – «Маладзёжнага тэлецэнтру». У праграме бярэ ўдзел гурт «Бонда». Як кажа сам Скрыпа: «...уражаньні такое моцы ў жыцьці можна літаральна па пальцах пералічыць. Бо на той час савецкі рок перастаў быць цікавым і візыт на тэлебачаньне быў толькі чарговай тусоўкай. Нічога цікавага я там і ня спадзяваўся пачуць ці пабачыць. Але тое, што і пачуў, і пабачыў агаломшыла мяне. Усё – стыль, выкананьне, словы, драйв, паводзіны музыкаў, – аказалася ТАКІМ ЯК МАЕ БЫЦЬ.»
 
Адразу пасьля здымкаў Скрыпа знаёміцца з «бондаўцамі», якія даюць яму колькі стратэгічных парадаў. У тым ліку Ваня Маркаў, калі даведаўся пра нейкія Скрыпіны «арт-рокавыя» канцэпцыі, параіў ня дурыць галавы і зьвяртацца да самае рокавых каранёў – да блюзу.
 
Скрыпа: «...гэта зьмяніла ўсё маё стаўленьне да музыкі, дакладней, – да стварэньня музыкі. Быццам вочы расплюшчыліся!»
 
Пачалася праца над новымі песьнямі. Калі раней думалася пра мову – ангельская? расейская? беларуская? – дык зараз сумненьняў ня было – па-беларуску. У вадначасьсе трапілася кружэлка «Nowe sytuacje» польскага гурта «Republika» і, ўвогуле адкінуліся ўсе сумненьні-разважаньні. Сталася ясным дзе, хто і як.
 
Скрыпа: «...у адзіны момант усе савецкія гурты – «Аквариум», «ДДТ», «Наутилус», «Алиса», «Кино» і іншыя па-просту зьніклі з мае сьвядомасьці. Я адчуў сябе чалавекам Усходняе Эўропы – ня больш, але й ня меньш».
 
Што тычыцца назвы гурта. Да сёньняшняе было яшчэ далёка. А спачатку было немаведама колькі варыянтаў: «Faraon», «Physical Graphity», «Iron Fist», «Rising» etc. Але выбралася назва «BASTINDA», якая пасьпяхова пратрымалася больш за год.
 
Заставаўся яшчэ матэрыял (аж на два альбомы) па-расейску. Ён ніколі ня быў запісаны. А шкада, бо варты слуханьня. У музычным пляне адбыўся сапраўдны прарыў – ад няпэўных, нясьмелых (і, чаго праўды хаваць – часам даволі няўмелых) псэўдаартавых мэдытатыўных «лабаньняў», – у бок канкрэтнага, забойнага рытм-энд-блюзу, хаця шмат песьняў былі вельмі павольныя, нават дэпрэсыйныя і цяжкія. Такі сабе хард-хард-блюз. Першымі удзельнікамі сапраўднага ДЗЕЙНАГА гурта, апроч самога Скрыпы на гітары сталіся: Воўка па мянушцы «Вуля» – вакал, Сяргей «Серы» – бас і Лёня Патэнт на бубнах. Таксама сталым удзельнікам рэпетыцый быў сусед Дзяніс Шынгер, які пазычаў сваю гітару – «Этэрну», зробленую ва Ўсходняй Нямеччыне.
 
Канец вясны і ўсё лета 1988 году прайшлі ў вельмі пасьпяховых рэпетыцыях. Ды тутака Скрыпа падаўся ў Мірскае мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча.
 
17-гадовыя падлеткі, якія выбраліся ад бацькоў у цікавы вялікі сьвет, як вядома, сумаваць ня стануць. Таму ў Міры спачатку было не да музыкі. Хаця ўжо пад канец восені пачаў стварацца новы склад «Басьцінды». Больш таго, адміністрацыя вучэльні набыла апаратуру – узмацняльнікі, мікрафоны, бубны, гітары, клявішы etc. Савецкія, але іншых тады не магло быць. Сталася дзе рэпетаваць і на чым. Дадало карысьці знаёмства з мясцовым музыкам Алесем ТТ – гітарыстам-віртуозам. Карысьці ў пляне выкананьня, ідэяў. Нават сваю першую ўласную гітару (ГДР-скую паўакустыку) Скрыпа прыдбаў у яго. Зьявіліся думкі наконт зьмены назвы гурта, бо «Басьцінда» ад моманту зьяўленьня ўважалася праз Скрыпу ня больш як працоўны варыянт. Памятаецца адна з прапановаў: «Цэгла», у сувязі з рэстаўрацыйным профілем вучэльні. І ўсё бы нічога, ды ўжо напрыканцы лютага Скрыпа вяртаецца ў Менск.
 
Вясною ён працуе ў інстытуце «Белспэцпраектрэстаўрацыя», што ў Траецкім прадмесьці, у будынку, які знаходзіцца акурат паміж кнігарняй «Вянок» і легендарнай «Шпакоўняй» – кавярняй на другім паверсе, – кузьняй нацыянальна сьведамае, культурніцкае й ня толькі кадры. Напрыканцы красавіка, калі ўжо сталася даволі цёпла, маючы 4 дні выходных, Скрыпа з прыяцелем выпраўляецца ў Палангу. Там, падчас бадзяньняў па пляжы, ён знаёміцца з Астай Станкявічуце – равесьніцай з Аліты (па-летувіску Алітус) і яе сябрамі – музыкамі з Коўны. Сябры аказваюцца значна больш прасунутымі ў тусовачнае фішках, чымся іхныя калегі-тусоўшчыкі зь іншае частак СССР-у. Усе яны маюць каляровыя (!) татуіроўкі (калі хто ня ведае – за савецкім часам культура тату была ўвасаблена толькі ў крымінальным сьвеце, значна меньш – сярод матросаў і, хаця і ня так наварочана, – сярод жаўнераў). Усе тату носяць выражаны нацыянальна-адраджэнскі характар: «Пагоня», «Калюмны», «Ярылаў Крыж», гэрбы шляхты etc.
 
У Асты, паміж іншымі, была выява гэрбу «Сноп» – родавае эмблемы швэдскага каралеўскага роду Вазаў. І аднойчы Скрыпа даўмеўся, што назвы для гурта, лепшае, чым «Жыгімонт Ваза», не знайсьці. Нават ствараецца некалькі песьняў (адразу на «птушынае» мове – з тым, каб потым напісаць для іх канкрэтныя тэксты). Пасьля ад’езду, ўсе – Скрыпа ў Менску, новыя сябры – ў Коўне, рэпетуюць новы матэрыял, які ўвасобіўся праз некалькі тыдняў у весялейшы выступ на нелегальным рок-фэсьце «FUCK COM» (Fuckin Communism, – аўт.) у памяшканьнях закінутага складу недзе ў ковенскіх ваколіцах.
 
Дарэчы, нейкія пазьнейшыя аповяды пра žygimont VAZA, у якіх узгадваліся вышэйапісаныя летувіскія падзеі, прычыніліся да шэрагу непаразуменьняў, калі інфармацыя пра гурт žygimont VAZA падавалася як пра гурт летувіскі.
 
Праект меўся стацца даволі цікавым – Скрыпа прадумваў канцэпцыю, тэксты і пачаў пісаць музыку, але...
 
8 ліпеня 1989 году, разам з дадатковым наборам, Скрыпу замялі ў савецкае войска. Апісаньне Скрыпінае «службы» – праца ў пяць тамоў. Я ж разглядаю толькі музычны аспэкт падзеяў.
 
Такім чынам скончыўся першы пэрыяд гісторыі гурта žygimont VAZA – пэрыяд фармаваньня, пошуку, першых спробаў і першых выступаў.
 
У войску, паміж усім іншым, давялося граць канцэрты. Па словах Скрыпы, вопыт, набыты падчас «здыманьня» песьняў тагачаснае савецкае эстрады, не параўнальны ні з чым. Бо раней гралася тое, што самім прыдумвалася. Зараз жа трэба было «здымаць», развучваць шмат твораў іншых кампазытараў. Разумець чужую падачу, чужое адчуваньне, што вельмі добра паўплывала на разьвіцьцё тэхнікі выкананьня. Што тычыцца ўласна творчасьці, то было створана каля 4 (!) альбомаў рознае музыкі. І ў чэрвені 1991 году лідэр гурта вяртаецца дахаты, маючы вялізарны стос паперы – музыка і тэксты.
 
Невялікі дадатак – напрыканцы 80-х вялікае распаўсюджваньне атрымоўвае відэа. Прагляд відэакасэтаў стаецца сталае справай нават у савецкім войску – сама меней 2 разы на тыдзень. Фільмы розныя, паводле жанраў – баевікі, камедыі, драмы. Але галоўнае – музыка. Скрыпа ўслухваецца ўвесь час у музыку, што гучыць на працягу кінадзеяньня. Слухае і марыць аб тым, што хутка ўжо «савок» лясьне і, ва ўжо вольнай Беларусі, пачнуць здымаць добрыя, сучасныя, цікавыя фільмы. Фільмы, да якіх абавязкова трэба будзе ствараць саўндтрэкі (праўда тады гэткага слова яшчэ ня ведалі). І саўндтрэкі пачынаюць стварацца – да стужкаў, якія яшчэ не зьнятыя. Гэткі сабе праект на будучыню. Галоўнае – настрой, стан музыкі. Усё гэта рабілася ўначы ў клюбе. Музыка запісваецца на паперу і адкладваецца да свайго часу. Мы яшчэ вернемся да гэтага кавалку музычнай працы, калі гаворка пойдзе пра сёньняшнія дні.
 
Такім чынам другі пэрыяд разьвіцьця гурта можна назваць «завочным», бо музыка і тэксты ствараліся, нават рэпетаваліся з «бэндам» – Скрыпінымі саслужыўцамі, але гэта ўсё рабілася на пэрспэктыву – да часу вяртаньня дахаты.
 
І вось – дома. Наступны, трэці пэрыяд гісторыі žygimont VAZA. Некалькі месяцаў прайшлі у «адаптацыйным рэжыме». Але Скрыпа пасьпеў добра зыграцца са сваім старым «парнацкім» сябром Алесем «Цімохам» Цімошчанкам («Парнат» – Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка). Цімоха на той час таксама пераадольваў бар’ер – ад граньня па-просту чужых песьняў – да спробаў стварэньня нечага ўласнага. Дуэт аказаўся вельмі плённым – песьні ствараліся быццам на канвэеры. Адна да адной, альбом да альбому. Прыходзілі і сыходзілі музыкі. Запіс не рабіўся, бо і рэпетыцыі былі зьявай ня частай. І вось, напрыканцы лета 1992 году, урэшце складваецца трывалы калектыў: студэнты Беларускай Акадэміі мастацтваў Скрыпа і Цімоха – гітары, вакалы, Дзяніс «Аліса» Барбуха, што скончыў на той час мэдычную вучэльню – на басе і Сяржук Ражноў, студэнт БДПА – на бубнах. Студэнцкі амаль гурт. Сталыя рэпетыцыі, моцная фільтрацыя створаных тэмаў (скасавана, дапоўнена, скамбінавана альбо перароблена працэнтаў 70 матэрыялу, створанага разам з Цімохам) прыводзяць да зьяўленьня добра зьбітай, насычанай энергічнай музыкай праграмы «Шыба 48». Трэба ўлічваць, што гэтыя ўсе песьні паўставалі на самым пачатку і Цімохавае, і Скрыпінае дзейнасьці, калі шмат чаго рабілася ўпершыню, у тым ліку і пісаньне словаў. Таму некаторыя тэксты наўпрост браліся з кніжак (« Рута...», «Клятва», «Жніўны дзень» Ул. Караткевіча), ці часопісаў («Рыцар» Л. Рублеўскай).
 
25 сьнежня 1992 году нарэшце адбываецца доўгачаканы выступ паўнавартаснага гурта з добра адрэпетаванай праграмай. Канцэрт прайшоў у памяшканьні студэнцкага тэатру БелАМ. Канцэрт быў бяз перабольшваньня пасьпяховым, не зважаючы на пэўныя недакладнасьці і «абломы» падчас падрыхтоўкі, адстройкі апарату etc. Музыкі былі акрыленыя. Яшчэ б! Першы сур’ёзны выступ і адразу без праблемаў.
 
Зноўку пачаліся рэпетыцыі. Згуртаваньне беларускіх студзентаў зладзіла было Вялікодны канцэрт у красавіку, куды запрасілі граць žygimont VAZA і ЎЛІС, але канцэрт гэты не адбыўся па нейкіх ідыёцкіх прычынах.
 
І тут Скрыпу «панесла». Ён пачаў ствараць новую, цалкам адрозную ад папярэдняй, праграму «Stotis» («Вакзал» па-летувіску, – аўт.). Адрозную, як паводле ўласна музыкі, так і паводле тэкстаў. Раней песьні былі збольшага пра вёску, такія сабе жартаўлівыя кпіны з калхознага жыцьця, альбо наўпрост паталягічныя здзекі-пародыі на беллітаратуру савецкага пэрыяду, накшталт «Закахаўся Янка». Зараз жа, са словаў самога Скрыпы: «...хацелася ствараць ПРОСТА МУЗЫКУ, менавіта музыку». Зьмяніліся і тэксты. Гэта ўжо ня былі нейкія «тэксты ў дадатак да мэлёдыяў». Гэта былі творы, што нараджаліся самі па сабе, нараджаліся адразу ў выглядзе песьняў, дзе словы і музыка зьяўляліся неад’емнымі часткамі адзінага цэлага. Карацей, герой нашага апавяданьня ўжо безаглядна глядзеў некуды наперад і яму не хапала часу, ці цьвярозага погляду на тое, каб азірнуцца на «Шыбу 48».
 
Дакладнага адказу на тое, што адбылося ўвесну 1993 году паміж удзельнікамі гурта, я так ніколі і не пачуў. Чуў варыянты. Але яны досыць розьняцца адносна адзін аднаго. Вынікам – усе засталіся добрымі сябрамі. Скрыпа, пакінуўшы сабе брэнд «žygimont VAZA» пачаў рэпетаваць у сутарэньні ўласнага дому. Да яго далучыўся сусед Валодзя Мулявін Jr. на басе. Сталага бубнача не было. Бракавала і апаратуры. Але хлопцы дамовіліся са сваімі знаёмымі з гуртоў Pathologist Department і Barfly’s Dreams аб каапэрацыі і ўсё пайшло як па накатанай каляі. Дарэчы, першыя рэпетыцыі «Stotis»’y адбываліся пры ўдзеле Аляксандра Памідорава ў якасьці вакаліста.
 
Так адбыўся пераход да чарговага – чацьвертага пэрыяду гісторыі каманды.
 
Канцэрт, прысьвечаны ўгодкам Аршанскае бітвы ў верасьні 1993 году адыгралі трохі «ня ў тэму», бо гурт запрасілі граць меньш, чым за тыдзень да самога канцэрту. А бубнача ня было. Запрасілі першага, хто трапіў. Рэпетавалі мала. Ня вызначыліся з рэпертуарам. Віця «Bon» Літвіноўскі барабаніў так сабе, на троечку. Карацей, аблажацца не аблажаліся, але, як у той показцы – асадак непрыемны застаўся. Плюс да таго, ўражаньне склалася ў тых, хто раней ня чуў музыкі гурта, што каманда – такія сабе пачаткоўцы.
 
Аднак, выступ перад вялізарнай колькасьцю людзёў на ганку опэрнага тэатру застаўся адным з мацнейшых успамінаў. І, мяркую, ня толькі для саміх музыкаў.
 
Праз колькі дзён пасьля канцэрту патэлефанаваў нейкі чалавек і прадставіўся як прадстаўнік фірмы «Дайнова», якая была вядомая сваёй падтрымкай беларускамоўных бэндаў. Дамовіліся пра сустрэчу. Сустрэліся. Чалавек прапанаваў выпусьціць паўнавартасную касэту з добрай паліграфіяй. Прапанаваў таксама прафінансаваць запіс на студыі. Плюс яшчэ колькі прапановаў спакусьлівых зрабіў. Музыкі разам зь ім паехалі на знакамітую студыю, што па вуліцы Чыгладзэ ў Менску (на той час – ці не адзіная прыватная студыя) і дамовіліся з уладальнікамі пра час, кошты і тэхнічныя аспекты. Пачаліся ўзмоцненыя рэпетыцыі.
 
Аднак...
 
Нешта прадстаўнік «Дайновы» пачаў «круціць». Спачатку паведаміў, што ўкладкі ў касэты ня будуць друкавацца афсэтным спосабам. Потым прапанаваў ідыёцкія альтэрнатыўныя варыянты – фотаспосабам (і гэта – напрыканцы ХХ ст!), альбо на чорна-белым ксэраксе, але, паводле ягоных словаў: «...на добрым ксэраксе». Карацей, з кожнай новай сустрэчай, магчымасьці ў дапамозе дэкляраваліся меньшыя і меньшыя, ажно пакуль не было заяўлена, што ня будзе ўвогуле нічога. А на пытаньні аб прычыне такіх зьменаў прадстаўнік нешта цьмяна й загадкава тлумачыў. Паводле адное зь яго вэрсыяў: «...нехта нешта наплёў Адаму Палюховічу (уладальнік «Дайновы», – аўт.) нядобрае пра žygimont VAZA і той адмовіўся фінансаваць гэты праект...». Як бы там ня было, але справа сарвалася. Задума была вялікая – апроч уласна песьняў, плянавалася выкарыстаньне шмат якіх не музычных гукаў – цягнікі, шум натоўпу, вуліцы, абвесткі на вакзалах etc. Да таго ж – народныя сьпевы – беларускія і летувіскія. Канцэпцыя альбому ўвогуле была такая беларуска-летувіская, што на той час зьяўлялася досыць актуальным.
 
Увосень зрабілі дэма-запіс «Stotis-y». Менавіта ДЭМА. Так, каб хаця б паслухаць як гэта ўсё можа гучаць. У пагоні за якасьцю, якую былі ў стане даць магчымасьці побытавай ці напаўпрафэсыйнай апаратуры, спалучылі жывыя бубны з рытм-машынай. Накладку можна было зрабіць толькі адну – голас і другую гітару. Адным словам – ДЭМА. Тая касэта, якую ў 1998 годзе выпусьціла БМА – ня што іншае, як вышэйзгаданае дэма. Паводле плянаў Скрыпы, ня выключана і, нават пажадана, што шматпакутны «Stotis» станецца-такі рэалізаваны ў нейкае больш-меньш блізкае будучыні.
 
Дарэчы, пра запісы альбомаў. Увесну 1993 году Скрыпа сабраў сэсыйных музыкаў і, выкарыстаўшы нечаканую магчымасьць, запісаў цалкам «Шыбу 48» – песьні 1989 – 1992 гадоў. Запіс быў зроблены на САМАРОБНЫМ 8-КАНАЛЬНЫМ МАГНІТАФОНЕ (!), які пісаў на відэастужку, вынутую з касэты і наматаную на нейкую бабіну. Праблема паўстала літаральна праз пару тыдняў – гаспадар магнітафону, па прычыне банальнае п’янкі, выпадкова спіхнуў свой агрэгат са стала і магнітафон разьбіўся. Калі правялі нейкі рамонт, аказалася, што галоўкі зьмясьціліся і зараз немагчыма адпаведныя дарожкі прайграваць і, зразумела, сталася немагчымым зьвядзеньне запісу. Віноўны абяцаў нешта прыдумаць, але справа зацягнулася на гады. Тым больш, што сэсыйныя музыкі разьехаліся літаральна па ўсёй Эўропе, а рэпетаваць па-новай, з новымі людзьмі і зноў рабіць запіс было зусім недарэчы на той момант. І вось нядаўна – летам 2003 году, той шматпакутны запіс «Шыбы 48» усё ж здолелі прайграць і «загнаць у лічбу». Зьвядзеньне адбудзецца ў бліжэйшы час і станецца магчымым выхад самага першага альбому žygimont VAZA.
 
Скрыпа сам граў усе гітарныя партыі на гэтым альбоме – і за сябе, і за Цімоху, максымальна набліжаючы да слухача манэру йгры вышэйзгаданага музыкі. Плянавалася, што Цімоха сам заграе зараз уласныя партыі, каб усё гучала «як тады» – у 1992-м. Аднак у жніўні 2003 году Алесь «Цімоха» Цімошчанка трагічна загінуў пры досыць загадкавых і да канца ня высьветленых абставінах. Такая сумная гісторыя здарылася гэтым летам.
 
Знакаміты «Скрыпін падвал» на Сурганава, 42 зьведаў у тых часох (1993 – 1994) такую віхуру падзеяў, што можна паўнафарматную мастацкую стужку здымаць. Аднак, хаця й пілі піва там увесь час, і гарэлку, і «мар’ю іванаўну» палілі, але рабілі гэта ўсё менавіта ПАСЬЛЯ РЭПЕТЫЦЫЯЎ. Бо гралі з ранку да вечару. Pathologist Department, Barfly’s Dreams і žygimont VAZA па чарзе праганялі свае праграмы, увесь час нешта стваралі, разам абмяркоўвалі, аспрэчвалі, дзяліліся назіраньнямі. Больш за тое, пачала дзейнасьць фірма «Music & Tour Industry» (Кастусь «КАТ» Музыраў, Віктар «BON» Літвіноўскі і Скрыпа). Пачалі арганізоўваць мэтал-канцэрты. Спачатку здымалі ДК БелТГ па вуліцы Ўральскай, затым – кінатэатр «Авангард». Пра ўсё гэта можна таксама кіно здымаць. Дарэчы, відэаздымкі рабіліся. Ёсьць, напрыклад, запіс «Першага фэста незалежнай музыкі» (люты 1994). На той час у žygimont VAZA бубначом быў BON, а басыстам – знакаміты праз шмат праектаў Алег «Паганіні».
 
Пасьля парлямэнцкага перавароту 1994 году, калі «пасунулі» Шушкевіча, Скрыпа прыдумаў акцыю пратэсту. Зьяўляючыся на той час актывістам Партыі аматараў піва, ён адразу знайшоў аднадумцаў і M&TI, разам з ПАП, зладзілі канцэрт пад назвай «NO PASARAN – ЯНЫ НЯ ПРОЙДУЦЬ». Адбылося ўсё у актавай залі «ін’яза» – Лінгвістычнага Унівэрсытэту. Апроч уласна žygimont VAZA, былі запрошаныя , Barfly’s Dreams і МРОЯ. Пасьля канцэрту пачаліся гучныя «разборкі» – ажно да суду дайшло, бо камуністы вельмі пакрыўдзіліся і абасралі ўвесь гэты сэйшн праз сваю газэту «Мы и время». Але ўсё гэта адбывалася ў часы росквіту махровае (нават гіпэрзанадта) дэмакратыі ў Беларусі. Таму камуністы атрымалі «по первое число».
 
На пачатку 1994 году ў Скрыпы пачала складвацца канцэпцыя новага альбому. Назва паўстала адразу – «Стан галюцынацыі», – паводле тытулу адное песьні з альбому «Stotis».
 
Кампазыцыі ствараліся на працягу адрэзку часу: студзень – кастрычнік. Улетку адбылося шмат розных падзеяў – развал M&TI, некалькі чарговых зьменаў у складзе žygimont VAZA, плюс тое, плюс гэтае. Карацей, у кастрычніку прыйшоў час запісваць новы матэрыял. Запіс «Стану галюцынацыі» рабіўся на, тады яшчэ толькі створанай, студыі «СКАТ Рэкардз». Бюджэт быў – 100$ пры коштах – 10$ за гадзіну. Пачынаючы ад «Стану галюцынацыі», слухач можа заўважыць на вокладках касэтаў і дыскаў žygimont VAZA падзякі розным вытворцам музычнага абсталяваньня. Бо менавіта на «СКАТ Рэкардз» хлопцы ЦАЛКАМ, сыстэмна сутыкнуліся з сапраўдным прафэсыйным абсталяваньнем. Гэта ўразіла іх настолькі, што захацелася неяк пазначыць сваю падзяку за якасьць на вокладках без усялякага «эндорзмэнту». Так сабе – як кажуць, ад душы. У запісы , апрача самога Скрыпы, узялі ўдзел басыст Вадзім «VADYKS» Юрэвіч і бубнач Хатаб – абодва з Pathologist Department – унікальнага, моцнага, звышпрафэсыйнага і сапраўды культавага калісьці, беларускага гурта. Час быў абмежаваны. Усё рабілася апэратыўна. Па словах Зьмітра Лукьянчыка (ех-ТРОЙЦА), які завітаў у тыя гадзіны на «СКАТ Рэкардз»: «на студыі адбывалася нейкае фантастычнае дзеяньне – Скрыпа, запісаўшы альбом, гойсаў вакол гукарэжысэра са стосам бабінаў з Белдзяржрадыё – гукі натоўпу, транспарту, розных сытуацыяў etc. І рабіў ня што іншае, як зьвядзеньне фанаграмаў: Так-так! ГЭТА – ТУДЫ! Гэта – сюды! Тут – грамчэй, там – цішэй, а вось тут – дадаць рэверберацыі! Ну і далей – у тым жа рытме». Сапраўды, альбом атрымаўся такім «дзікім», запісаным з першае спробы, але, разам з тым, вельмі жывым і натуральным.
 
На пачатку 1995 году Скрыпе прыходзіць да галавы думка адзначыць 23 лютага, але не як «Дзень абаронцаў айчыны» – клон саўдэпаўскага «Дня Савецкай арміі», але як дзень Беларускай краёвай абароны, мабілізацыя ў якую пачалася ў той самы дзень 1944 году. Такі, ведаеце, момант ісьціны. Бо пачалі людзі адчуваць – нешта загадкава-незразумелае адбываецца на прасторах незалежнай Беларусі.
 
І што ж?
 
Дакладна!
 
Савецкі райвыканкам забараніў канцэрт (паміж іншымі – у асобе сп. Калякіна, – вядомага зараз антылукашэнкаўскага апазыцыянэру). Хлопцы вырашылі, як кажуць «ісьці на прынцып» і перацягнулі апаратуру на балькон кватэры Юрася Пузікава, які жыў каля месца правядзеньня канцэрту. Афішы (паўнавартасныя, каляровыя, афсэтныя) былі ж расклееныя па Менску і людзі пачалі падцягвацца. Атрымаўшы інфармацыю, што канцэрт фактычна забаронены, але мусіць адбыцца на суседнім панадворку, народ і скіраваўся на гэты самы панадворак. Гэта ўжо было сапраўднае парушэньне грамадскага супакою і некантраляванае перасоўваньне «шырокіх народных масаў». Асабіста я ніколі не забудуся на тое, як міліцыянты роўнымі калонамі падцягваліся да пузікаўскае шматпавярхоўкі, а клявішнік Pathologist Department Мікола пачаў на ўвесь раён граць гімн усіх савецкіх мянтоў «Наша служба и опасна, и трудна…»
 
Усіх, распіхаўшы па «лунаходах», павезьлі ў пастарунак, які быў літаральна на адлегласьці 150 мэтраў ад «месца злачынства». А там... Усё ж гэта быў час «торжества демократии», але паводзіны мянтоў былі больш чым нярвовыя. Хаця ўсіх адпусьцілі праз якіх поўгадзіны-гадзіну, але прыйшлося вытрымаць пэўныя зьдзекі, нечаканыя на той час.
 
Праз якую гадзіну на кухню Юрася Пузікава прыбыла нават Вольга Акуліч з апэратарам – тады яна была вядучай праграмы на тэлебачаньні. Прысутныя – Пузікаў, Скрыпа, Славамір Адамовіч, Махмуд і іншыя далі аб’ёмнае інтэрвію пра тое, што адбылося. Але неяк справа суціхла.
 
На першы погляд.
 
Бо, калі праз месяц зьявіліся афішы, якія запрашалі наведаць «Сьвяточны Вялікодны канцэрт» з удзелам «ГАЮ» і «žygimont VAZA», улады адрэагавалі ўмомант і , заўважыўшы знаёмую назву на плякаце, «не мудрствуя лукаво» забаранілі і гэты канцэрт.
 
Праз які тыдзень усё ж-такі адыгралі хлопцы у «Трох парсючках» – кавярні Палацу культуры трактарнага заводу.
 
Наступнай акцыяй стаўся перадвыбарны канцэрт, зладжаны Скрыпам 12 траўня 1995 году на стадыёне БДУ пад эгідай ПАП і яе выбарнай кампаніі. Запрасілі таксама амаль усіх тагачасных беларускамоўных выканаўцаў: «Краму», «НРМ», «Гай» і «Новае Неба». Пасьля сэйшну Скрыпа і «крамаўцы» паехалі да Андруся «Бормана» Рамашэўскага, дзе пілі піва і іншыя напоі. Нараніцу ўсе прачнуліся ва ўжо іншае краіне, зь іншымі прынцыпамі існаваньня і іншымі плянамі на будучыню. Але гэта, як кажуць, – справа гісторыкаў дзяржавы. Мы ж дасьледваем гісторыю аднаго рок-гурта.
 
Некалькі новых песьняў склалі аснову новага альбому. З назвай адразу ня было пэўнасьці. Але, пасьля выбараў прэзыдэнта, самое слова «прэзыдэнт» пачало выкарыстоўвацца ва ўсіх СМІ, ва усіх сытуацыях, ва ўсіх праблемных пытаньнях. Карацей, гэта было найбольш распаўсюджанае слова на той час. Нават сама асоба А.Г.Лукашэнкі не праявілася тады, але слова «прэзыдэнт» ужо жыло ўласным жыцьцём. Таму праграма, што гралася на пачатку 1995 году і складалася зь пяці новых песьняў і шэрагу старых, атрымала назву «Prezydent Collection». Выйшаў гэты альбом у дзьвух вэрсыях. Першая – канцэртнік (ледзь ня самы першы канцэртнік у Беларусі), які канцэртнікам можна назваць досыць умоўна, бо запіс быў дапоўнены пасьля рытм-гітарай і пэўнымі гукаапрацоўкамі, якія, нажаль, ніколькі не палепшылі, а толькі пагоршылі агульны стан рэчаў і дадалі нейкае штучнасьці ў гучаньне.
 
Другая вэрсыя – студыйная. Запіс зроблены на студыі радыё «Мір», якое толькі-толькі пачало тады працаваць.
 
Пасьля сумнавядомага рэферэндуму Скрыпа (як, зрэшты і шмат хто з беларусаў) перажыў пэўную трансфармацыю сьвядомасьці, якая даволі моцна тармазнула разьвіцьцё музычнае думкі. Хаця, шчыра кажучы, не надоўга. Ужо ў жніўні адбыўся канцэрт лідэраў тагачаснае беларускае экстрэмальнае сцэны: Sarcastic Green, Barfly’s Dreams, žygimont VAZA, Pathologist Department + запрошаныя госьці зь Берасьця – гурт Gladiator. Фэнаменальны (што да беларускае журналістыкі, увогуле) часопіс «LEGION Magazine» якраз падрыхтоўваў тады свой першы матэрыял і інтэрвію Скрыпы сталася адным зь першых інтэрвію гэтага праекту ўвогуле.
 
А потым настала паўза.
 
Паўза доўгая.
 
Незразумелая.
 
Але й яна скончылася.
 
Карацей, настаў час, які можна назваць «пятым пэрыядам гісторыі гурта».
 
1996 год... Год нечаканых падзеяў. Год, калі шмат хто (і досыць лягічна) разьвітваўся з незалежнасьцю Беларусі. А нехта нават (я асабіста такіх ведаў!) падрыхтоўваўся да пачатку Трэйцяе сусьветнае вайны. Гэтым разам – вайны «гарачае».
 
Карацей, паўстаў праект «Der Dritte Krieg» («Трэйцяя Вайна» па-нямецку, – аўт.)
 
Пачалі зьдзяйсьняцца Скрыпіны візыі альбомаў (яшчэ ад часоў «Stotis»), калі, апроч самое музыкі, настрой складае паралельны трэк гукаў – прырода, людзі etc.
 
Але, галоўнае, час працы над альбомам быў практычна неабмежаваны. Таму сталася магчымым дасягнуць па-першае – адпаведнага гучаньня, а па-другое – дапоўніць музыку адмысловымі дадаткамі ў выглядзе гукавых эфэктаў і нестандартных рашэньняў.
 
1997 год можна адзначыць толькі адзіным выступам žygimont VAZA на купальскім канцэрце ў менскім парку імя Горкага.
 
На пачатку жніўня 1998 году мусіў адбыцца нейкі фэст экстрэмальнае музыкі, куды быў запрошаны і žygimont VAZA. Але бракавала людзёў у складзе гурта. Таму Скрыпа, з дапамогай кампутара, хутка падрыхтоўвае своеасаблівую «балванку» – штучныя бубны і бас для такога сабе амаль імправізацыйнага канцэрту. Канцэрт адбыўся недзе на ўзьбярэжжы Менскага мора. žygimont VAZA там, дарэчы, ня выступаў. Але матэрыял «балванкі» натхніў Скрыпу на стварэньне праграмы, аб якой ён марыў яшчэ ад лета 1993 году. Праграмы экстрэмальна-тэхналягічнай, сінтэтычна-хімічнай паводле свайго гучаньня. Канвэерна-аднастайнай паводле энергетыкі. Альбом атрымаў адпаведную назву – «КАМБІНАТ». Уся музыка і тэксты былі напісаныя на працягу ПЯЦІ ДЗЁН. Напісаныя і адразу часткова запісаныя (бубны, клявішы і віяланчэль) на студыі таго ж самага радыё «Мір». Толькі праз два месяцы – у кастрычніку 1998 году, былі канчаткова запісаныя усе гітарныя і вакальныя партыі. Задача была выканана – гучаньне альбому зьяўляецца гімнам тэхналягічна-ненатуральнаму пачатку ў музыцы. Давядзеньне ўсяго праекту да суцэльнага абсурду падкрэсьлілася маўляў цалкам імправізаваным (але, насамрэч, добра асэнсаваным і дакладна – па нотах, сыграным) гітарным сола ў песьні «Камбінат».
 
Што тычыцца тэкстаў, то тут Скрыпа «узгадаў» шмат падзеяў, зьяваў і рэчаў. Як з асабістага жыцьця, так і з асабістых назіраньняў з пэрыяду 1993 – 1998 гадоў. «Камбінат», які быў цалкам зьведзены, дарэчы, толькі ў траўні 1999 году, зьяўляецца адной з самых дасканалых працаў žygimont VAZA. Альбом, калі задуманае ня толькі стопрацэнтова рэалізуецца, але калі падчас працы узьнікаюць пэўныя слушныя заўвагі саміх музыкаў і гукарэжысэраў і ўсё гэта ўвасабляецца ў жыцьцё бяз аніякае рызыкі апынуцца «па-за логікай працэсу».
 
Дарэчы, пра гукарэжысэраў. З часоў «Prezydent Collection» гурт стала і досыць плённа супрачоўнічае з Сяргеем «Шлёмам» Лабандзіеўскім і, часткова, з Алегам Пятровічам – асобамі больш чым вядомымі ў беларускае музыцы.
 
Затым настае пэрыяд, які сам Скрыпа апісвае наступным чынам: «...ліпень 2000-га году. Мне ў галаву трапляе атамная куля.»
 
Сталага складу гурта žygimont VAZA ня існуе. Скрыпа разграбае ўласныя праблемы асабістага жыцьця. Праблемы, якія створаныя ім самім. Але музычная праца працягваецца. Падчас побыту ў Вільні і Брно (травень – ліпень 2000 г.) ён стварае канцэпцыю спэктаклю пантамімы і музыку да яго. Спэктаклю паводле беларускае народнае п’есы ХІХ ст. «Цар Максыміліян». Музыка станецца запісанай і зьведзенай у лістападзе. Апроч таго запісваецца частка новага альбому žygimont VAZA «Каін». Але потым...
 
Потым ад’езд у Варшаву на неакрэсьлены час. Як бы там ні было, а гэты самы час пралятае. Пралятае чарговы год.
 
Пачынаем адлічваць шосты пэрыяд...
 
Скрыпа вяртаецца дахаты. Зноў пэрыяд пэўнае адаптацыі. Супрацоўніцтва са старым прыяцелем Паўлам Заручэўскім (басыст «Зьнічу»). Красавік 2002 году – выступ на канцэрце-прэзэнтацыі праекту «Сэрца Эўропы in rock». Вакал – Аляксандр Памідораў.
 
Пачынаецца праца над завяршэньнем запісу «Каіну». Пасьля нечаканага ад’езду Заручэўскага ў ЗША зрываецца заплянаваны record-session, які павінен завяршыць шматпакутную трохгадовую эпапэю «Каіну». Тэрмінова шукаецца басыст. І ён знаходзіцца! Гэта – Кастусь Калесьнікаў, які адначасова зьяўляецца басыстам гурта «IQ-48». Без аніякіх праблемаў, на студыі Юрася «Франца» Выдронка, альбом «Каін» дапісваецца і пачынаецца зьвядзеньне. У запісу, паміж іншымі, ўзялі ўдзел джаз-рокавы бубнач Ёнас Будкявічус з Летувы і вакалістка «Яру» Маша «Яр» Лагодзіч.
 
Вяртаючыся да «саўндтрэкавага» праекту 1990-1991 гадоў, адзначым, што недзе напрыканцы 2002 году да Скрыпы зьвярнуўся Янук Латушка – вядомы вэб-майстар, які прапанаваў стварыць саўндтрэк да свайго праекту – фільму «CONTRAБАНДА» – своеасаблівага «нашага адказу» на «Карты. Грошы. Дзьве рулі». Скрыпа па-просту дастаў са сховішчаў запісаныя партытуры дванаццацігадовае даўніны і зразумеў, што нічога прынцыпова новага ствараць ня трэба – усё ўжо створана! Справа за малым – запісаць, запатрабаваны ўрэшце, матэрыял. Запіс быў зроблены на студыі Цэнтру народнае творчасьці Мінскае вобласьці ў чэрвені 2004 году. Штопраўда, фільм «CONTRAБАНДА» яшчэ не здымаецца і невядома, ці будзе здымацца ўвогуле. Аднак, па меркаваньні Скрыпы: «...няхай музыка да праекту, які толькі плянуецца, жыве ўласным жыцьцём».
 
Летам 2004 году žygimont VAZA выступаюць на «Басовішчы» – дарэчы, упершыню. Тамака музыкі знаёмяцца з Вольгай Самусік – журналісткай «Музыкальной газеты». Высьвятляецца, што яна мае нейкі склад музыкаў і жаданьне сьпяваць, але ім бракуе як музыкі, так і тэкстаў. Скрыпа мае стос нерэалізаванага матэрыялу і адразу прапануе Вользе свае паслугі ў якасьці аўтара песьняў. Праходзіць час і вышэйадзначаны музычны калектыў увогуле перастае існаваць. Супрацоўніцтва з Вольгай «падвісае» на пэўны час, але не надоўга. У сакавіку 2005 году ствараецца новы альбом пад назвай «Distortion». Акурат да чарговага «Басовішча» новыя песьні пачынаюць рэпетавацца. І менавіта з Волей Самусік у якасьці вакалісткі. Таксама, пад час падрыхтоўкі да «Басовішча», у якасьці сэсыйнага музыкі стаецца запрошаны яшчэ адзін гітарыст – Паша Яноўскі з гурта «Пару Рублей». Новыя і старыя песьні прагучалі ў абсалютна нязвыклым для фэнаў складзе на фэсьце ў Гарадку. І гэта сталася вельмі неадназначна ўспрынята прыхільнікамі гурта. Падобных радыкальных зьменаў ня было ў гісторыі гурта ніколі перад тым. Тым не менш супрацоўніцтва працягвалася. З-за звыклых для беларускіх музыкаў праблемаў запіс новага матэрыялу адкладваўся пэўны час, аднак у траўні 2006 году музыкі ўсё ж заселі ў студыі «Хата» і, працуючы па суботах (пару разоў – яшчэ і па нядзелях), да ліпеню запісалі «Distortion».
 
Паўсталі звыклыя «нестыкоўкі» у часе зьвядзеньня запісу, калі вельмі складаным бывае сынхранізацыя дзеяньняў музыкаў і гукарэжысэру. І гэта змусіла неяк радыкальна перагледзіць пытаньне запісу і зьвядзеньня матэрыялу ўвогуле. Вырашыўшы, што досыць падстройвацца пад хісткія графікі спэцыялістаў працы з гукам, Скрыпа ўвосень набывае ў крэдыт неабходнае абсталяваньне. І альбом «Distortion» стаецца зьведзены ужо пад 100% кантролем музыкаў. БМА выдае яго ў студзені 2007 году на CD, які зьяўляецца першым у гісторыі гурта.
 
Музыкі выступаюць у клубах «Стэп», «Рэактар» і на «Амбасовішчы-2007». Да жніўня паўстае новая праграма. Яна паціху рэпетуецца і частку яе можна было пачуць ужо на выступе ў часе фэстывалю «Be Free» улетку 2008 году.
 
Апроч іншага, Воля Самусік нечакана пачынае адначасова сьпяваць у гурце «Тарпач», які застаўся без вакалісткі, пасьля сыходу Сьветы Сугака.
 
Скрыпа ж тым часам пачынае максымальна карыстацца паўстаўшай тэхнічнай незалежнасьцьцю і запісвае цэлы шэраг даволі разнапланавае музыкі. Тут і праект «ТУР», і інструмэнтальны альбом «Fire King’s Diary», і своеасаблівы блюзавы дзёньнік за 20 год «Blues Mood». Апроч гэтага стаецца цалкам рэстаўраванымі запіс «Шыбы 48», студыйнай вэрсыі «Stotis», вяртаецца літаральна з таго сьвету амаль страчаны запіс «Стану галюцынацыі» (падзяка для Шлёмы). Таксама робіцца рэмастэрынг і падрыхтоўка ўвогуле ўсяго, запісанага гуртом за ўсю ягоную гісторыю, да выданьня, якое, спадзяемся, не за гарамі.
 
Трэба дадаць, што студыйныя магчымасьці гурта яшчэ больш павялічыліся апошнім часам. І ўжо хутка музыкі прыступяць да запісу новага альбому, пад час якога адбіваць рытм будзе Антон Мацулевіч, вядомы па ўдзеле ў «IQ48» і «Пару Рублей».
 
==Дыскаграфія==