Васіль Рагаўцоў: розьніца паміж вэрсіямі

беларускі мовазнаўца і паэт
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
W (гутаркі | унёсак)
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 13:23, 22 студзеня 2022

Васі́ль Іва́навіч Рагаўцо́ў (1952, Стрэшын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь — 2016) — беларускі мовазнавец і паэт.

Васіль Рагаўцоў
Дата нараджэньня 4 лютага 1952
Месца нараджэньня Стрэшын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 14 сакавіка 2016[2]
Месца вучобы Мазырскі пэдагагічны інстытут (1973)
Занятак паэт
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Вядомы як аўтар «Расейска-беларускага слоўніка па машынабудаваньні» (1998) і «Анамастычнага слоўніка Магілёўшчыны» (2000)
Навуковая ступень доктар навук (2003)
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
літаратурная прэмія Хомчанкі (2008)

Прафэсар (1993) і доктар філялягічныхх навук (2003). Сябар-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1999). Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2002). Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Хомчанкі Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (2008)[3] за зборнік вершаў для дзяцей «Адмыслоўцы». Заслужаны працаўнік адукацыі Беларусі (2014).

Жыцьцяпіс

У 1967 годзе 15-гадовым юнаком надрукаваў першыя вершы ў жлобінскай раённай газэце «Камуніст». У 1968 годзе скончыў сярэднюю школу ў Стрэшыне, паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Мазырскага пэдагагічнага інстытуту і пачаў выступаць зь вершамі ў агульнакраёвым друку. У 1973 годзе скончыў Мазырскі пэдінстытут па спэцыяльнасьці беларуская мова і літаратура[3].

У 1973—1976 гадох працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Коўчыцкай сярэдняй школе Шацілавіцкага раёну (Гомельская вобласьць). У 1978 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР і працаўладкаваўся ў Магілёўскі пэдагагічны інстытут. У 1979 годзе атрымаў навуковую ступеню кандыдата філялягічных навук. У 1981 годзе стаў суаўтарам «Матэрыялаў да абласнога слоўніка Магілёўшчыны». У 1983—2013 гадох быў загаднікам катэдры беларускай мовы Магілёўскага пэдінстытуту. У 1993-м атрымаў навуковую годнасьць прафэсара. У 1996 годзе стаў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У 1999 годзе атрымаў годнасьць сябра-карэспандэнта Беларускай акадэміі адукацыі. 12 красавіка 2002 году абараніў у Інстытуце мовазнаўства НАНБ доктарскую дысэртацыю «Маўленчае выражэньне камічнага ў беларускай драматургіі», якую напісаў у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце[4].

У 2003-м стаў доктарам філялягічных навук. На 2011 год напісаў звыш 100 навуковых працаў, у тым ліку такія кнігі, як «Уводзіны ў мовазнаўства» (2004) ў суаўтарстве з Антонам Юрэвічам, «Моўны разбор у ВНУ i ў школе» (1998) ў суаўтарстве з Соф'яй Кечык, «Практыкум па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Уводзіны ў мовазнаўства: заданьні для самастойнай работы студэнтаў» (1992), «Сынтаксіс беларускай i расейскай моваў: дыскусійныя пытаньні» (2001), «Практыкум па гіcтopыі агульнага мовазнаўства» (2001), «Расейска-беларускі слоўнік па машынабудаваньні» (1998) і «Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны» (2000). Таксама выдаў 5 паэтычных зборнікаў: «Сутоньне» (1995), «Долягляд» (1998), «Адмыслоўцы» (2007), «На роскрыжы дарог» (2008) і «Імгненьне і вечнасьць». Яго асобныя вершы паклаў на музыку кампазытар Мікалай Яцкоў[5]. У 2008 годзе стаў ляўрэатам літаратурнай прэміі імя Васіля Хомчанкі Магілёўскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі за зборнік вершаў для дзяцей «Адмыслоўцы». У 2010 годзе выбаў «Слоўнік пра камічнае». У 2011 годзе выйшаў бібліяграфічны даведнік «Прафэсар Васіль Іванавіч Рагаўцоў: навуковая і навукова-пэдагагічная дзейнасьць, літаратурная творчасьць». 22 сьнежня — 6 лютага 2012 году Нацыянальная бібліятэка Беларусі прысьвяціла 60-гадоваму юбілею Рагаўцова выставу «Глыток з родных крыніц». На 2012 год ягоныя вершы друкаваліся ў 7 часопісах «Полымя», «Маладосьць», «Роднае слова», «Першацьвет», «Вожык», «Бярозка» і «Вясёлка», а таксама ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газэце» і газэтах «Чырвоная зьмена», «Наша слова» і «Сталіца». Сярод іншага, вершы Рагаўцова ўвайшлі ў анталёгію беларускай паэзіі ХХ ст. «Краса і сіла»[6].

6 лютага 2014 году атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага працаўніка адукацыі Беларусі[7]. На 2018 год напісаў звыш 220 навуковых працаў, сярод якіх было 15 падручнікаў, 4 манаграфіі і 2 слоўнікі. Сярод такіх выданьняў былі: «Слоўнік мікратапонімаў Магілёўшчыны» (2004) ў суаўтарстве, а таксама кнігі «Гісторыя мовазнаўства» (2005), «Агульнае мовазнаўства» (2006), «Агульнае мовазнаўства: Практыкум» (2007) і энцыкляпэдычны даведнік «Мовы сьвету» (2009)[3].

Бібліяграфія

Крыніцы

  1. ^ https://web.archive.org/web/20220122102413/http://catalog.library.mogilev.by/kray/Znak_new/mogreglib/36.htm
  2. ^ Рагаўцоў Васіль Іванавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 14 сакавіка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  3. ^ а б в Рагаўцоў Васіль Іванавіч // Гомельская абласная бібліятэка, 2018 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  4. ^ Рагаўцоў Васіль Іванавіч (абароненая дысэртацыя) // Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2022 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  5. ^ Васіль Іванавіч Рагаўцоў // Магілёўская абласная бібліятэка, 2011 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  6. ^ Сяргей Леўчанка. Васілю Рагаўцову — 60 // Газэта «Маяк Прыдняпроўя» (Быхаў), 31 студзеня 2012 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  7. ^ Заслужаным людзям — заслужаныя ўзнагароды // Зьвязда : газэта. — 7 лютага 2014. — № 23 (27633). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі