Беларусы ў Мэльбурне: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Gleb Leo (гутаркі | унёсак)
Створана старонка са зьместам ''''Беларусы ў Мэльбурне''' ўпершыню зьяўляюцца ў 1948 годзе. Арганізаванае беларускае жыцьцё ў Мэльбурне пачынаецца з 1950 году. Першая паваенная суполка беларусаў прыбыла ў мэльбурнскі порт 28 чэрвеня 1948 годк й праз два дні была раз...'
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 18:18, 25 лістапада 2021

Беларусы ў Мэльбурне ўпершыню зьяўляюцца ў 1948 годзе. Арганізаванае беларускае жыцьцё ў Мэльбурне пачынаецца з 1950 году.

Першая паваенная суполка беларусаў прыбыла ў мэльбурнскі порт 28 чэрвеня 1948 годк й праз два дні была разьмешчаная ў лягеры Банагіля за 400 км ад места. Такі шлях прайшло шмат беларускіх імігрантаў сюды ў 1949—1950[1]. Некаторыя ў час адпрацаваньня кантрактаў або па іх вярталіся ў сталіцу штату Вікторыі, каб палепшыць сваё жыцьцё. Як мяркуе Натальля Гардзіенка, на той час у Мэльбурне налічвалася блізу 200 беларусаў[1].

1950-я гады

У 1950 годзе ў Мэльбурне быў заснаваны Беларускі Клюб, які павінны быў быць апалітычнай арганізацыяй беларусаў, але праіснаваў нядоўга, падзяліўшыся на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР[1]. Прыхільнікі БЦР ужо ў 1950 годзе выступілі як Беларускае Аб’еднаньне ў штаце Вікторыі (аддзел Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі), а прыхільнікі Рады БНР ў 1952 годзе — як Згуртаваньне Беларусаў у Вікторыі[1].

Прыхільнікі БЦР прыкладалі намаганьні ў стварэньні будаўнічага каапэратыву, каб дапамагаць будаваць дамы беларусам, але невядома ці была рэалізаваная гэтая ідэя. Вядома, што падобныя супольныя будаваньні ладзіліся рэгулярна[2]. Цягам 1950-х гадоў яны выдавалі ў Мэльбурне часопісы «Новае Жыцьцё», «Ёрш» «На варце», а таксама некаторыя беларускія кнігі і брашуры[2]. Рэгулярна ладзіліся сьвяткаваньні 25 Сакавіка, 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу, Слуцкага збройнага чыну і гэтак далей. Падтрымліваліся кантакты з замежнымі выданьнямі «Беларускае Слова», «Беларускі Патрыёт», «Незалежная Беларусь». Дзейнасьць Аб’еднаньня з прычыны таго, што ў ягоным складзе было шмат былых вайскоўцаў, ішла супольна зь мясцовым аддзелам Беларускага Вызвольнага Руху[2]. Пад апекай БВР дзейнічала таксама спартовая каманда «Зубар», спачатку футбольная, потым валейбольная[3].

Прыхільнікі Рады БНР дзейнічалі асобна ад прыхільнікаў БЦР. У пачатку 1953 року быў адмыслова высьвячаны дом Міколы Скабея і Пётры Мікуліча, дзе знаходзіўся штаб прыхільнікаў Рады БНР. Тут была створаная кніжня Згуртаваньня, чыталіся лекцыі па беларусазнаўстве. Пры іх таксама дзейнічаў фонд дапамогі для суайчыннікаў, прычым ня толькі на тэрыторыі Аўстраліі. Актыўна бралі ўдзел у антыкамуністычных дэманстрацыях[3]

У 1952 годзе з ініцыятывы Міколы Нікана быў створаны Каардынацыйны Камітэт Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі[3].

У Мэльбурне беларусы спрабавалі зарганізаваць і рэлігійнае жыцьцё. Спачатку беларусы далучыліся да парахвіі Ўкраінскай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы. Потым аформілі сваю парахвію пры гэтай парахвіі і раз на месяц праводзілі беларускую Службу Божую, на якой успаміналіся сьвятыя і гіерархі БАПЦ. У 1958 годзе беларускую парахвію пераняў прыбылы з Брысбэйну архімандрыт Мадэст Яцкевіч. Так пачалася гісторыя БАПЦ у Мэльбурне[4], а парахвія стала парахвіяй Трох Віленкіх Пакутнікаў БАПЦ[5]. Празь некалькі гадоў архімандрыт Мадэст, будучы ў канфлікце з архіяпіскапам Сяргеем, абвясьціў аб пераходзе пад юрысдыкцыю Сусьветнага Патрыярхату і стварэньне ў Мэльбурне асобнай парахвіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ) Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. На чале парахвіі БАПЦ застаўся Аляксандар Кулакоўскі, які афіцыйна зарэгістраваў яе толькі ў 1963 годзе[6], а таксама ён падтрымліваў кантакт з парахвіяй у Адэлаідзе і кіраўніцтвам БАПЦ[7]. Парахвія архімандрыта Мадэста дзейнічала цягам 1960-х і да яе далучыліся прыхільнікі БЦР, якія раней былі супраць дзейнасьці сьвятара (Сяргей Розмысл, Уладзімер Седлярэвіч і інш.). архімандрыт Мадэст у гэты час выдаваў свой часопіс «Праваслаўным Шляхам». Парахвія Мадэста існавала да ягонай сьмерці[6].

Цягам 1950-х гадоў у Мэльбурне існавалі тры арганізацыі беларускіх вайскоўцаў: аддзел Беларускага Вызвольнага Фронту, аддзел Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў, Згуртаваньне Беларускіх Камбатантаў[4].

З-за наяўнасьці ў мястэчку арганізацыяў прыхільнікаў як БЦР, так і Рады БНР, у «Бацькаўшчыне» з боку прыхільнікаў Рады БНР сустракаліся напады й абвінавачваньні ў спачуваньні камуністам[4], а прыхільнікі БЦР на гэта адказвалі сатырычнымі нарысамі на старонках «Ярша»[8].

З другой паловы 1950-х гадоў прыхільнікі БЦР і Рады БНР пачалі дзейнічаць супольна. У 1955 годзе была адкрытая беларуская школа, якая знаходзілася ў раёне Сэнт-Албансе (які прызнаваўся за БЦРаўскі) і якой кіраваў Адам Жураўлевіч. На чале Школьнага Камітэту стаяў прафэсар Мікола Нікан[9], потым Эўлялія Яцкевіч. У школе вучылася 25 дзяцей, ладзіліся адмысловыя калядныя святы[10].

Таксама беларускія арганізацыі дзяліліся на сьвецкія і духоўныя[5], але сур’ёзнага супрацьстаяньня не было[6].

1960-я

Адначасова з арганізацыяй школы ў 1955 годзе ўпершыню была супольна адсьвяткаваная гадавіна Слуцкага збройнага чыну. Такое паўтаралася да 2 ліпеня 1961 року, калі быў створаны Камітэт Ладжаньня Супольных Сьвяткаваньняў. У 1963 годзе была створаная адзіная арганізацыя беларусаў Мэльбурну Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі (БЦВК), што таксама сымбалізавала канец канфлікту БЦР і Рады БНР тут[10]. Ад імя гэтай арганізацыі беларусы ўдзельнічалі ў міжнародных фэстывалях, выставах, у працы аўстралійскіх грамадзкіх установаў[11].

У 1968 годзе парахвія Трох Віленскіх Мучанікаў БАПЦ прыдбала ўласную дзялянку на могілках Фоўкнэр, дзе з таго часу пачалі хаваць беларусаў[6].

У 1960-я гады назіраўся спад актыўнасьці беларусаў Мэльбурну[11].

1970-я

У 1972 годзе быў адкрыты Беларускі Дом. Яшчэ ў 1957 годзе быў створаны Камітэт Набыцьця Беларускага Дому ў Вікторыі (пазьней Каапэратыў), які выдаваў свой Інфармацыйны Бюлетэнь. Бюлетэнь рэдагаваў Данат Яцкевіч, які не дажыў да набыцьця дома. У гэты дом перабралася і новая беларуская школа, створаная ў 1970 годзе ў адмыслова абсталяваным гаражы сям’і Грушаў[5].

Набыцьцё будынка падштурхнула беларусаў на грамадзкую актыўнасьць у Мэльбурне. Сьвяткаваньні сталі разнастайнейшымі (у мастацкім аспэкце), дзякуючы адмыслова створанаму ў 1972 годзе Беларускаму Жаночаму Камітэту на чале з Вольгай Сьлесарэвіч[5].

У 1976 годзе на беларускіх могілках быў пастаўлены помнік «На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў»[7].

Беларусы Мэльбурну таксама дасягнулі працы першай беларускай сэкцыі радыё ў Аўстраліі, якая праіснавала два гады (1976—1977)[5]. Гэтаксама ў тутэйшым асяродку нараджаецца ідэя Сустрэчаў Беларусаў Аўстраліі. Першая такая Сустрэча прайшла ў сьнежні 1976—студзені 1977 гадоў. На Сустрэчы была створаная Фэдэралная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі (ФРБАА) з уласным Інфармацыйным Бюлетэнем. Такім чынам, значнасьць беларусаў Мэльбурну ў дзейнасьці беларусаў Аўстраліі ў канцы 1970-х—пачатку 1980-х гадоў ўзрасла[5].

1980-я

У 1981 годзе парахвія Трох Віленскіх Мучанікаў БАПЦ набыла ўласны будынак царквы для беларускіх набажэнстваў. Таксама пры парахвіі былі створаныя Сястрыцтва і адмысловы танцавальны і сьпеўны гурток «Каліна»[6]. Парахвія праіснавала да 1990-х гадоў[7].

1990-я

У 1990-я гады беларускае жыцьцё ў Мэльбурне цярпела крызу: лік удзельнікаў дзеяў зьмяншаўся, моладзі заставалася мала. Але агульнааўстралійскія праекты яшчэ актыўна ладзіліся, напрыклад Чарнобыльскі Фонд або запрашэньне да сябе гасьцей зь Беларусі[7].

З-за матэрыяльных цяжкасьцяў Беларускі Дом быў прададзены. Сьвяткаваньні цяпер праводзіліся ў прыцаркоўнай залі або на кватэры некага зь сяброў БЦКВ. Заняпаў Беларускі Жаночы Камітэт[7].

У 1994 годзе пры парахвіі быў заснаваны Беларускі Сацыяльны Клюб, які ладзіць пасяджэньні і забавы для беларусаў сталага веку. Працягвае выступаць «Каліна», хоць і са зьменай у пакаленьнях[7].

Крыніцы

  1. ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 66.
  2. ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 67.
  3. ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 68.
  4. ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 69.
  5. ^ а б в г д е Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 74.
  6. ^ а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 75.
  7. ^ а б в г д е Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 76.
  8. ^ Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 70.
  9. ^ Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 71.
  10. ^ а б Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 72.
  11. ^ а б Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 73.

Літаратура