Менскі падшыпнікавы завод: розьніца паміж вэрсіямі

дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
W (гутаркі | унёсак)
+Пачатак
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 16:30, 3 жніўня 2021

Каардынаты: 53°52′56″ пн. ш. 27°38′6″ у. д. / 53.88222° пн. ш. 27.635° у. д. / 53.88222; 27.635

«Ме́нскі падшы́пнікавы заво́д» («МПЗ») — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў траўні 1948 году ў якасьці «Дзяржаўнага падшыпнікавага заводу № 11».

«Менскі падшыпнікавы завод»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 20 траўня 1948 (75 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет міністраў СССР
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Заводзкі раён, вул. Жылуновіча, д. 2[1]
Ключавыя фігуры Анатоль Савянок, Сяргей Мароз[2]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя падшыпнік, ролік, сьвердзел
Абарачэньне 50,056 млн рублёў (2018 год; 24,534 млн $)
Апэрацыйны прыбытак -9,012 млн рублёў (2018 год; -4,417 млн $)
Чысты прыбытак -9,012 млн рублёў[3] (2018 год; -4,417 млн $)[4]
Лік супрацоўнікаў 2000 (2021 год)
Матчына кампанія «Беларускі мэталюргічны завод» (Жлобін)
Аўдытар ТАА «Эрудыт» (Менск)

На 2021 год уваходзіў у 10-ку найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Налічваў каля 2000 супрацоўнікаў. Займаў звыш 38 гектараў у Заводзкім раёне Менску. Выпускаў звыш 600 мадэляў падшыпнікаў пад таварным знакам «МПЗ» ад 1 см прамерам і 10 грамаў вагой да 98 см прамерам і да 880 кг вагой. Вырабляў каля 70 % канструктыўных групаў падшыпнікаў, якія існавалі ў сьвеце. За 2020 год вырабілі звыш 5 млн падшыпнікаў, зь якіх 40 % новых узораў 2010-х гадоў. Доля ролікавых сфэрычных 2-радных падшыпнікаў склала 65 % продажаў і каля 90 % паставак за мяжу ў больш як 20 краінаў. Асноўнымі пакупнікамі былі прадпрыемствы 7 галінаў прамысловасьці — машынабудаўнічай, горназдабывальнай, мэталюргічнай, энэргетычнай, будаўнічай, нафтагазавай і абароннай. Прадпрыемства ўваходзіла ў Міжрэспубліканскі саюз вытворцаў падшыпнікаў (Расея)[5]. «Менскі падшыпнікавы завод» меў станцыю выпрабаваньня падшыпнікаў зь лябараторыяй на 60 выпрабавальных машынаў ВНІПП мадэляў 537 і 542—545. Гэта дазваляла выпрабаваць падшыпнікі карданных валаў, аўтамабільніх ступіцаў, рухавікоў і вадзяных насосаў на вібрацыю і шум[6]. Для патрэбаў супрацоўнікаў завод меў аздараўляльны летнік і буфэт, 2 страўні і 3 гуртажыткі[7].

Вырабы і паслугі

На 2021 год «Менскі падшыпнікавы завод» вырабляў 77 узораў ролікаў і 788 узораў падшыпнікаў, у тым ліку:

  • 661 ролікавы (85 %) — 491 радыяльны сфэрычны 2-радны (62 %), 116 радыяльных ігольчатых, 12 радыяльна-ўпорных канічных, па 9 упорна-радыяльных сфэрычных і упорных, 7 радыяльных цыліндрычных, 5 радыяльных 1-радных тараідальных, 4 упорна-радыяльныя сфэрычныя 1-радныя і 3 радыяльныя сфэрычныя 2-радныя;
  • 90 шарыкавых — 62 радыяльных, 15 упорна-радыяльных і 13 радыяльна-ўпорных;
  • 37 шарнірных[8].

Таксама на заводзе выпускалі: прывадныя ролікавыя ланцугі для трактароў, дэталі ровараў, сьвердзелы, мэблевую фурнітуру, адкрывалкі бляшанак і пляшак[9], а таксама дэталі для чыгуначнага палатна[10], пакоўку і раскатныя кольцы[11]. Урэшце «МПЗ» аказваў праз сваю лябараторыю, выпрабавальню і цэх перавозак паслугі: хіміка-спэктральнага аналізу мэталаў; вымярэньня ўнутраных зазораў, дакладнасьці кручэньня і геамэтрычнай дакладнасьці падшыпнікаў; вымярэньня рэшткавай намагнічанасьці і шурпатасьці паверхні; памераў і нормаў дакладнасьці ролікаў, лінейных памераў для ўнутраных і вонкавых паверхняў; пасажырскіх перавозак мікрааўтобусамі і грузаперавозак да 40 тонаў, здачы ў наём аўтавышкі, аўтакрана, пагрузчыка і экскаватара[12].

Збытавая сетка

На 2021 год «Менскі падшыпнікавы завод» меў 25 гандлёвых прадстаўнікоў у 36 гарадах 16 краінаў:

Мінуўшчына

 
Галоўная прахадная «Менскага падшыпнікавага заводу» (лістапад 2019 году)

17 траўн 1948 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 5959-РС «Аб будаўніцтве падшыпнікавага заводу № 11 у г.Менску». 20 траўня 1948 году міністар аўтамабільнай і аўтатрактарнай прамысловасьці СССР Г.С. Харламаў падпісаў Загад № 77, якім прадпісаў «у дэкадны тэрмін утварыць і накіраваць камісію для выбару пляцовак пад будаўніцтва падшыпнікавага заводу № 11 у г. Менску». Завод прызначаўся для забесьпячэньня падшыпнікамі грузавікоў «Менскага аўтамабільнага заводу» і трактароў «Беларусь». У красавіку 1950 году ў Красным урочышчы на ўскрайку Менска пачалі ўзводзіць завод. 13 жніўня 1951 году майстарка Л.Ф. Арлова сабрала 1-ы беларускі падшыпнік пад таварным знакам «ДПЗ-11»[15]. У сьнежні 1956 году на прадпрыемстве стварылі газэту «Адзінаццаць»[16]. 7 верасьня 1960 году на заводзе выпусьцілі 100-мільённы падшыпнік. 16 верасьня 1969 году ў 2-м корпусе ўвялі ў дзеяньне цэх ролікавых сфэрычных падшыпнікаў. У 1975 годзе ўпершыню ў сьвеце правялі звышглыбокае бурэньне турбабурамі з падшыпнікамі «ДПЗ-11». 21 траўня 1975 году Галоўны камітэт Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР узнаградзіў «ДПЗ-11» дыплёмам 1-й ступені за ўкараненьне электракаагуляцыйных збудаваньняў для ачысткі прамысловых сьцёкавых водаў, а распрацоўнікаў — залатым, срэбраным і бронзавым мэдалямі[15]. Да 1977 году ўвялі ў дзеяньне карпусы № 2, 3 і 4 з 4-ма цэхамі: тэрмічны, літых сэпаратараў, інжынэрна-побытавы і лябараторна-побытавы[17]. 13 лютага 1982 году на заводзе выпусьцілі мільярдны падшыпнік. У 1987 годзе выпусьцілі рэкордныя 55,5 млн падшыпнікаў[15].

У 1995 годзе стварылі ўчастак плястмасавых і гумава-тэхнічных вырабаў[17]. 25 сьнежня 1995 году завод перайменавалі ў арэнднае прадпрыемства «Менскі падшыпнікавы завод» («МПЗ»). Таксама ў 1995 годзе сабралі 1-ы буйнагабарытны падшыпнік 3680 вагой 637 кг для «Крывароскага горна-ўзбагачальнага камбінату акісьленых рудаў» (Кіраваградзкая вобласьць, Украіна)[15]. На 1999 год «МПЗ» выпускаў шарыкавыя, ролікавыя і шарнірныя падшыпнікі, мэталарэзныя станкі і кантрольныя вымяральнікі[17]. 10 лютага 2000 году прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У сакавіку 2000 году адчынілі заамежнае прадстаўніцтва ў Маскве (Расея). У 2013 годзе «МПЗ» увайшоў у склад холдынгу «Беларуская мэталюргічная кампанія», якім кіраваў «Беларускі мэталюргічны завод» (Жлобін, Гомельская вобласьць)[15]. У 2010—2013 гадах для зьмяншэньня выдаткаў газу і электраэнэргіі перааснасьцілі кавальска-нарыхтоўчае і тэрмічнае абсталяваньне заводу на 70 млн даляраў. У 2013 годзе пачаліся пастаўкі падшыпнікаў у Польшчу і Турэччыну[18]. 4 чэрвеня 2015 году на беларуска-індыйскім форуме «МПЗ» заключыў дамову на пастаўку падшыпнікаў у Індыю на 1 млн даляраў[19]. У жніўні 2015 году ў 1-м корпусе запусьцілі кольцараскатны ўчастак зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) і адпальвальным агрэгатам з поўначы Італіі (край Вэнэта). У 2016 годзе ўсталявалі 29 і асучасьнілі 16 прыбораў для вытворчасьці ролікасфэрычных падшыпнікаў. У выніку замены газавыя награвальныя печы абсталявалі аўтаматычнай загрузкай і выгрузкай. Укаранілі загартовачна-адпускныя агрэгаты і звышфінішаваньне кольцаў падшыпнікаў. 21 ліпеня 2017 году адчынілі аўтаматычную лінію загатовак кольцаў прамерам ад 22 да 60 см[15].

У 2018 годзе 77 % вырабаў паставілі за мяжу, пераважна ў Расею. На ліпень 2019 году прадпрыемства налічвала каля 1800 супрацоўнікаў[20]. 28 сьнежня 2020 году ўвялі ў дзеяньне газанагравальную печ, што стала апошнім 41-м прыборам у мадэрнізацыі коштам 44 млн эўра зь 2010 году[21]. 21 студзеня 2021 году «МПЗ» адгрузіў ў Нямеччыну 4 падшыпнікі для шахтавых вэнтылятараў коштам 55 300 эўра[22].

Кіраўнікі

  • Георгі Кармілкін (20 красавіка 1949 — 1952)
  • Пётар Яшчарыцын (1952—1962), акадэмік і доктар тэхнічных навук
  • Іван Гаўрылаў (1962—1968)
  • Аркадзь Высоцкі (1968—1988)
  • Анатоль Зінкевіч (1988—1991)
  • Анатоль Цыгалаў (1991—1994)
  • Валер Пенза (1994—2004)
  • Віктар Можджэр (2005 — 22 сьнежня 2009)
  • Аляксандар Лабусаў (22 сьнежня 2009 — 2016)
  • Мікалай Анціпаў (2016 — кастрычнік 2019)[15]
  • Анатоль Савянок (з кастрычніка 2019 году)[21]

Крыніцы

  1. ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  3. ^ Мікалай Анціпаў, М.В. Горбікава. Інфармацыя пра акцыянэрнае таварыства і яго дзейнасьць на 1 студзеня 2019 году (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 9 красавіка 2019 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  4. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублiкi Беларусь за 2018 год (2,0402 за даляр) // Нацыянальны банк Беларусі, 2019 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  5. ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  6. ^ Станцыя для выпрабаваньня падшыпнікаў (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  7. ^ Сыстэма падрыхтоўкі кадраў (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  8. ^ Падшыпнікі (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  9. ^ Тавары народнага спажываньня (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  10. ^ Тавары вытворча-тэхнічнага прызначэньня (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  11. ^ Пакоўкі (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 4 жніўня 2021 г.
  12. ^ Паслугі вытворча-тэхнічнага прызначэньня (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  13. ^ а б Распаўсюднікі ў далёкім замежжы (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  14. ^ Распаўсюднікі ў СНД (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  15. ^ а б в г д е ё Гісторыя (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  16. ^ Газэта «Адзінаццаць» (рас.) // ААТ «Менскі падшыпнікавы завод», 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  17. ^ а б в Менскі падшыпнікавы завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 448. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  18. ^ Менскія падшыпнікі пашыраюць геаграфію // Белтэлерадыёкампанія, 12 жніўня 2013 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  19. ^ МПЗ паставіць у Індыю падшыпнікаў на $1 млн // Газэта «Зьвязда», 4 чэрвеня 2015 г. Праверана 4 жніўня 2021 г.
  20. ^ Марыя Дадалка. Чым жывуць завадчане // Мясцовае самакіраваньне. — 19 ліпеня 2019. — № 29 (514). — С. 2.
  21. ^ а б На МПЗ завяршылі дзесяцігадовую праграму тэхпераўзбраення // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 снежня 2020 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.
  22. ^ Менскі падшыпнікавы завод выйшаў на рынак Германіі // БелТА, 21 студзеня 2021 г. Праверана 3 жніўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі