Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
W (гутаркі | унёсак)
+Пачатак
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 11:43, 3 сьнежня 2018

Каардынаты: 53°35′23″ пн. ш. 31°55′43″ у. д. / 53.58972° пн. ш. 31.92861° у. д. / 53.58972; 31.92861

«Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1858 годзе ў Клімавічах шляхціцам Карлам Камінскім.

«Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1858
Заснавальнікі Карл Камінскі
Уласьнікі «Белдзяржхарчпрам»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёўская вобласьць
Адрас Клімавічы, Набярэжная вул., д. 10
Ключавыя фігуры Эдуард Арэшка, Андрэй Чышчэня
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя гарэлка, джын, настойка, этаноль
Абарачэньне 336,057 млрд недэнам. руб[1] (2015 г.; $20,959 млн)
Апэрацыйны прыбытак -27,476 млрд недэнам. руб (2015 г.; -$1,714 млн)
Чысты прыбытак -667 тыс. рублёў (2017 г.; -$334 тыс.)
Лік супрацоўнікаў 667 (2018 г.)
Матчына кампанія ААТ «Менск Крышталь»
Даччыныя кампаніі Касьцюковіцкі сьпіртзавод

На 2018 год завод выпускаў гарэлку «Альфа лінія», «Каласы» і «Срэбраныя ключы», этаноль і настойкі, у тым ліку «Клімград» з мацункам 22%. Прадпрыемства было найбольшым у Клімавіцкім раёне паводле колькасьці супрацоўнікаў. На яго прыпадала 10% алькагольнага рынку Беларусі. Звыш паловы выручкі заводу ішло на падаткі[2].

Мінуўшчына

У 1858 годзе шляхціц Карл Камінскі заснаваў у Клімавічах (Магілёўская губэрня) рэктыфікацыйны завод на беразе ракі Лабжанка. На завод паступаў сьпірт-сырэц з сырцовых заводаў Клімавіцкага павету, якія належалі Камінскаму. Сьпірт-сырэц дастаўлялі гужавымі павозкамі ў бочках, але вымярэньні ажыцьцяўлялі ў вёдрах. Выраблены сьпірт-рэктыфікат адпраўлялі ў Чэрыкаў (Магілёўская губэрня), дзе зь яго выраблялі гарэлку. У лістападзе 1917 году бальшавіцкі ўрад Расеі нацыяналізаваў завод. У 1934 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў пладавінзавод, дзе выраблялі джэм, яблычнае пюрэ і сочыва, пладова-ягаднае віно. У 1935 годзе аднавілі выпуск гарэлкі з разьлівам у пляшкі па 0,1 літра, 0,5 літра, 1 літар і 3 літры. У 1937 годзе ўсталявалі канвэер. Пасьля ўсталяваньня 2-га канвэера вытворчасьць вырасла да 5000 дэкалітраў за год. У 1939 годзе на канвэеры працавала 12 чалавек. Ваду пампавалі з ракі Лабжанкі і артэзіянскай скважыны пры дапамозе паравых насосаў. У кацельні дзейнічаў кацёл Шухава-Бэрліна, які забясьпечваў завод парай. Крыніцай электраэнэргіі служыла паравая машына. Заводу падпарадкавалі гарэлачную краму ў Клімавічах, што да 1939 году належала Цэнтрасьпірту — саюзнаму аб'яднаньню дзяржаўных вінакурняў. У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезьлі ў Нямеччыну рэктыфікацыйны апарат і падарвалі завод[3].

У 1944 годзе на заводзе аднавілі вытворчасьць гарэлка са сьпірту-сырцу, які прадавалі ў бочках. У 1947 годзе пабудавалі кацельню з 2 катламі на торфе. У 1948 годзе аднавілі разьліў гарэлкі ў пляшкі. У 1950 годзе аднавілі цэх рэктыфікацыі, пабудавалі лікёрны ўчастак і аддзяленьне посуду. У 1953 годзе ўкаранілі аўтаматычную лінію разьліву на 3000 пляшак за гадзіну, сталі выпускаць гарэлку трох мацункаў — 40%, 50% і 56% — а таксама лікёры і настойкі. У 1955 годзе ўсталявалі пляшкамыечную машыну. У 1958 годзе рэктыфікацыйны апарат замянілі на новы магутнасьцю 750 дэкалітраў за содні з адначасным аддзяленьнем сівушнага алею і этэраальдэгіднай фракцыі (ЭАФ). Цэх разьліву налічваў 4 аўтаматычныя лініі, на трох зь якіх разьлівалі ў паўлітровыя пляшкі. На яшчэ адной лініі разьлівалі ў пляшкі па 0,25 літра. У 1959 годзе ўсталявалі пляшкамыечную машыну на 6000 пляшак за гадзіну і прыпынілі выраб гарэлкі мацункам 40%. У 1960 годзе лікёрны цэх пераабсталявалі ў вінны магутнасьцю 8000 дэкалітраў за месяц. У 1966 годзе пабудавалі дадатковую артэзіянскую скважыну з выдаткам 60 м³ вады за год. У 1967 годзе налічвалася 312 супрацоўнікаў, зь іх 274 работнікі, 24 інжынэры і тэхнікі, 14 службоўцаў. У 1968 годзе ўсталявалі 5 аўтаматычных лініяй разьліву гарэлкі магутнасьцю на 6000 пляшак за гадзіну. У 1980 годзе ўзьвялі будынак з рэктыфікацыйнай устаноўкай на 2000 дэкалітраў за содні і 3-павярховы адміністратыўны корпус. У 1984 годзе магутнасьць віннога цэху дасягула 1,41 млн дэкалітраў за месяц. У красавіку 1987 году Клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу падпарадкавалі Касьцюковіцкі сьпіртзавод. У 1987 годзе ў Клімавічах наладзілі выраб безалькагольнага кактэйлю «Рубінавы». У будынках аўтабазы стварылі кандытарскі цэх, дзе пачалі выпускаць такія ўсходнія ласункі, як фруктовы лукум (250 тонаў за год) і казінакі (100 тонаў). У 1989 годзе прадпрыемства налічвала 310 супрацоўнікаў[3].

У 1992 годзе пабудавалі цэх з прэсформамі для вырабу скрыняў з поліэтылену нізкага ціску. У 1994 годзе пусьцілі нямецкую аўтаматычную лінію «Нагема» на 6000 пляшак за гадзіну з укупоркай «пад шруб». У 1996 годзе скончылі будаўніцтва сьпіртасховішча на 150 000 дэкалітраў. Уласны аўтапарк дастаўкі сыравіны налічваў 68 грузавікоў. У 1997 годзе пусьцілі аўтаматычныя майстэрні. У 1999 годзе кацельню перавялі з вадкага паліва на прыродны газ. У 2001 годзе ўсталявалі італьянскую лінію разьліву «Маг» для пляшак ад 0,25 літра да 1 літра з магчымасьцю прымяняць кроненкорку для ўкупоркі і 2-пазыцыйнай этыкеткі. Таксама паставілі лінію разьліву віна. У 2002 годзе паставілі 3 прэсы «Бухер» для перапрацоўкі 15 тонаў яблыкаў за гадзіну і вакуўм-выпарную ўстаноўку для вырабу канцэнтраванага соку. У 2004 годзе набылі газавы храматограф для вызначэньня мікрадамешкаў у сьпірце і гарэлцы. У 2005 годзе заклалі сад на 110 гектараў з 7 відамі расьлінаў: алыча, вішня, чарнаплодная рабіна, чорныя і чырвоныя парэчкі, яблыня. У 2006 годзе УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м па велічыні вытворцам гарэлкі у Беларусі. Вытворчая магутнасьць заводу складала: па сьпірту-сырцу — 2,87 дэкалітраў за содні і 876 000 дэкалітраў за год; па сьпірту-рэктыфікату — 4000 дэкалітраў за содні і 1,25 млн дэкалітраў за год; па гарэлцы — 2,5 млн дал за год; па настойках — 180 000 дал за год; па вінаградным віне — 271 200 дал за год. Гадавая магутнасьць па вырабе ўсходніх ласункаў складала 204 тонаў, у тым ліку грыльяжу, казінакаў і лукуму. Гадавая магунасьць па выпуску поліэтыленавых скрыняў складала 280 000 адзінак[3].

У 2007 годзе набылі аўтаматычны станок для прастаўленьня этыкетак і акцызных марак. У 2008 годзе адрамантавалі скважыну і паставілі ўстаноўку зьмякчэньня вады і фільтар абезжалезваньня. У 2009 годзе на Касьцюковіцкім сьпіртзаводзе замянілі 3-калённую брагарэктыфікацыйную ўстаноўку на 6-калённую. У чэрвені 2010 году ў Касьцюковічах увялі новае варачнае аддзяленьне. У верасьні 2010 году пусьцілі ўстаноўку срэбранай фільтрацыі. У студзені 2011 году паставілі ўстаноўку паліравальнай фільтрацыі. У верасьні 2013 году УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» асвоіла выпуск сьпірту з найвышэйшай у Беларусі ступеняй ачысткі «Белальфа», што прадугледжвала зьмяшчэньне ня больш як 0,003% бясколернай атруты мэтылавага сьпірту ў пераліку на бязводны сьпірт. Пагатоў дагэтуль выкарыстоўвалі сьпірт вышэйшай ачысткі, дзе дапускалася 0,03% бясколернай атруты мэтылавага сьпірту[4]. 17 ліпеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынгу па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі» пад кіраўніцтвам ААТ «Менск Крышталь», якому падпарадкавалі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»[5]. На час улучэньня ў холдынг «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м найбольшым падаткаплатнікам Магілёўскай вобласьці. 16 траўня 2018 году Магілёўскі абласны суд зацьвердзіў 1,5 гадовы плян санацыі заводу ў сувязі зь неплатаздольнасьцю па запазычанасьці на 59 млн рублёў[2].

Кіраўнікі

Крыніцы

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод // Радыё «Свабода», 16 траўня 2018 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
  3. ^ а б в г Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод // Магілёўская абласная бібліятэка, 2006 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
  4. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 19 верасьня 2013. — № 176 (27541). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 г. № 326 «Аб стварэньні і дзейнасьці холдынгу па вытворчасьці алькагольнай прадукцыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт партал Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2015 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.
  6. ^ Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва // Радыё «Свабода», 24 жніўня 2017 г. Праверана 3 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі