Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Stary Jolup (гутаркі | унёсак)
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 14:45, 10 сакавіка 2018

Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусьветнай вайны; адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху. Існаваў у Менску з ліпеня 1915 па 1917 г. як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў красавіку 1915 г.

Гісторыя

Дабрачынная і культурная дзейнасьць

Аддзел налічваў каля 50 чалавек (сьнежань 1916). У камітэт праўленьня аддзелу ўваходзілі Віктар Чавусаў (старшыня), Ядвігін Ш., Уладзіслаў Галубок, Аляксандар Астрамовіч, Ванда Лявіцкая, Зоська Верас і яе маці Э. Сівіцкая, Усевалад Фальскі, сярод актывістаў Павал Аляксюк, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч.

Аддзел адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Менску), 2 бясплатныя сталовыя, «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні. У красавіку-траўні 1916 г. дзейнічалі курсы па садаводзтве, гародніцтве і пчалярстве. У сьнежні 1916 г. хадайнічаў перад менскім губэрнатарам аб правядзеньні лекцыі Максіма Багдановіча «Беларускае адраджэньне» (хадайніцтва адхілена).

Ператварэньне ў менскі Нацыянальны камітэт (1917)

У студзені 1917 г. аддзел узначаліў Раман Скірмунт, а намесьнікам стаў Усевалад Фальскі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расеі аддзел аб'явіў сябе Нацыянальным камітэтам (на чале з Раманам Скірмунтам), ад імя якога ў Менску была распаўсюджана ўлётка да працоўных аб неабходнасьці ўтваварэньня ўласнай беларускай дзяржаўнасьці — у той час, калі ўсходняя і цэнтральная БеларусьМенскам) была пад кантролем Часовага ўрада Расеі, а заходняя — пад кантролем нямецкіх войскаў[1]. Як вынікае з тэксту ўлёткі, галоўнай перашкодай на гэтым шляху кіраўнікам камітэта бачылася амаль поўная адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і пачуцьця народа адзінай зямлі з-за рознасьці канфэсій: «Мы не палякі і не рускія, мы ад вякоў сядзім тут. Мы гаспадары на сваёй роднай зямельцы. Мы, гаспадары гэтага краю, не будзем лічыцца парабкамі другіх народаў, як нас дагэтуль лічылі. Беларусы, мы адзін народ. Дык злучайцеся ў адно, бо ў еднасьці сіла. Няхай нас ніхто не разьдзяляе, хай не будзе сваркі між беларусам праваслаўным і католікам, бо ўсе мы дзеці адной маткі — Беларусі. Гняздом нашым хай будзе менскі Беларускі камітэт»[2].

4 сакавіка 1917 г. Раман Скірмунт на паседжаньні Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны выказаў прапанову абраць Лявона Зайца дэлегатам для кантактаў з Менскім Саветам рабочых дэпутатаў[3]. Сувязь гэтая, праўда, была непрацяглай. Пазьней (за памкненьні Скірмунта наладзіць сувязь таварыства і нацыянальнага камітэта з рабочымі Менску для кансалідацыі сіл для дасягненьня аўтаноміі Беларусі) сацыяліст Леанід Заяц абразьліва абзаве Рамана Скірмунта «старым палітыкам і далёкабачным буржуем»[4].

Першай палітычнай нацыянальнай акцыяй камітэту стала арганізацыя і правядзеньне ў Менску шматлюднай маніфэстацыі 6 сакавіка 1917 г. у зале менскай губэрнскай управы, дзе арганізатары выступілі з прамовамі на беларускай мове пра будучыню беларускага народу і «высокія чалавечыя ідэалы»[5]. неўзабаве яшчэ адной акцыяй Нацыянальнага камітэту стаў мітынг у Менску, на якім выступілі Павал Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр, якія віталі расейскую дэмакратыю, Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і заклікалі беларусаў да адзінства і арганізаванасьці[6].

12 сакавіка 1917 г. у менскім кінатэатры «Гигант» камітэт арганізаваў мітынг, на якім выступілі (на беларускай мове) Раман Скірмунт, доктар філязофіі Масоніўс, Аркадзь Смоліч, Лявон Заяц, Павал Аляксюк, Фабіян Шантыр і Касьцецкі. Сход, выказаўшы вітаньне вэтэранам беларускага руху (паручніку Шаблоўскаму і капітану Адамовічу, якія пацярпелі ад царскай улады), і ўпершыню адкрыта выказаў патрабаваньне аб афармленьні палітычнай суб'ектнасьці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе фэдэратыўнай Расеі. Гэта быў максымум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расеі, які неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расеі». Патрабаваньне плянавалася агучыць і на Устаноўчым сходзе Расеі, які Часовы ўрад Расеі зьбіраўся правесьці восеньню 1917 г. — па пытаньні дзяржаўнага ўладкаваньня новай Расеі: у рэзалюцыі менскага сходу было запісана: «Беларусы, стоячы на грунце краёвай аўтаноміі, будуць выбіраць ва ўстаноўчы сход грамадзян, якія падзяляюць гэты прынцып»[7]. Пасьля мітынгу камітэт правёў кампанію «Дзень беларускага значка» па збору сродкаў на беларускі нацыянальны друк: прадаваліся беларускія нацыянальныя значкі з нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага і белага[8][9]. Газэта «Минская газета» ад 14 сакавіка 1917 г. паведамляла, што ў гэты дзень на вуліцах Менску «ўпершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінэматографах»[10].

Паводле ўспамінаў Вінцэнта Гадлеўскага, выступы Рамана Скірмунта на беларускіх сходах «выдзяляліся і зьместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя з беларускага пункту гледжаньня і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру воплескаў»[11]. Відавочнай бачылася сучасьнікам падзей мэтанакіраванасьць Скірмунта ў адносінах палітычнай суб'ектнасьці Беларусі. Макар Краўцоў (Касцевіч) успамінаў пазьней: «Калі Скірмунт у кожнае слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр сьпяваў гімны рэвалюцыі проста за тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсьць. Абодва яны былі тады разам, за адным столікам прэзыдыюму»[12].

Праграма камітэта, дзе пераважалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, выказвала патрабаваньне 8-гадзіннага працоўнага дня, гарантаваньня мінімуму заработнай платы, але з падачы яго кіраўніцтва на чале са Скірмунтам імкнулася не падкрэсьліваць клясавых адрозьненьняў, а акцэнтаваць увагу на патрабаваньні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі[13].

Нацыянальны камітэт у сярэдзіне сакавіка 1917 г. у Менску прыцягнуў актывістаў БСГ да стварэньня цэнтру асьветы навакольнага сялянства[14]. Таксама ў выніку агульнага сходу служачых губэрнскага камітэту ўдалося арганізаваць адмысловую камісію, якая стварыла Часовы менскі камітэт прапаганды асноў новага грамадскага ладу (Сяргей Кавалік, Павал Аляксюк, У. Марзон і інш.) і пачаць збор ахвяраванняў для арганізацыі такой прапаганды на расейскай і беларускай мовах[15]. Першы мітынг з такой тэматыкай быў арганізаваны 27 сакавіка 1917 г. у Смалявічах[16].

Самай галоўнай акцыяй беларускага Нацыянальнага камітэта ў Менску, які станавіўся важным палітычным цэнтрам беларускага руху па стварэньні палітычнай суб'ектнасьці Беларусі (ва ўмовах калі Вільня знаходзілася пад нямецкай уладай), было правядзеньне 25-27 сакавіка 1917 г. Зьезда беларускіх нацыянальных арганізацый, які абраў Беларускі нацыянальны камітэт[17].

Крыніцы

  1. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27.
  2. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  3. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  4. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  5. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  6. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  7. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  8. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадзка-палітычнае жыцьце ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
  9. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  10. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  11. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  12. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  13. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28—29.
  14. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 29.
  15. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 29.
  16. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 29.
  17. ^ Сяменчык, М.Я.Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Менску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27, 29.

Літаратура