Тэорыя: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Створана старонка са зьместам ''''Тэорыя''' ({{мова-grc|θεωρία}} — назіраньне, дасьледаваньне) — гэта нутран...'
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 12:58, 30 чэрвеня 2016

Тэорыя (па-старажытнагрэцку: θεωρία — назіраньне, дасьледаваньне) — гэта нутрана несупярэчлівая сыстэма ведаў, якую характарызуюць лягічная залежнасьць адных элементаў ад іншых, выводнасьць зьместу тэорыі зь нейкай сукупнасці сьцверджаньняў і паняцьцяў (зыходнага базісу тэорыі) па пэўных лёгіка-мэтадалягічных прынцыпах і правілах. Пры выкарыстаньні тэорыі сфармуляваныя ў ёй веды апасродкуюцца рознымі прамежкавымі звёнамі, канкрэтызавальнымі фактарамі. Тэорыя – асноўная, найбольш разьвітая форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленьне пра заканамернасьці й істотныя сувязі пэўнага абсягу рэчаіснасьці. Тэорыю трэба адрозьніваць ад іншых формаў ведаў — гіпотэз, законаў навукі, клясыфікацый, тыпалёгій ды іншых, якія могуць папярэднічаць утварэньню тэорыі і скласьці базу яе фармаваньня. У структуры тэорыі вылучаюць: зыходную (эмпірычную) аснову з мноствам фактаў, зафіксаваных у той галіне ведаў, якую вывучае теорыя; зыходную тэарэтычную аснову — мноства першасных дапушчэньняў, аксіём, агульных законаў, якія ў сукупнасьці апісваюць ідэалізаваны аб'ект тэорыі; лёгіку тэорыі — мноства дапушчальных у рамках тэорыі правілаў лягічнага вывядзеньня і доказу; сукупнасць атрыманых у тэорыі сьцверджаньняў зь іх доказамі. Элементамі тэорыі зьяўляюцца паняцьці, іх азначэньні, выказваньні і высновы, доказы ды іншае. Гэтыя элементы выяўляюцца ў моўных ці знакавых выразах, якія ў сваю чаргу складаюць у межах тэорыі сыстэму навуковай мовы. Тэорыя як сыстэма знакаў, моўнага і іншага знакавага тэксту мае прыкметы значэньня і сэнсу. Значэньне тэорыі — гэта сувязь яе элементаў з прадметнай галіной, а сэнс — зьмест паняцьцяў, меркаваньняў і іншых формаў, якія ў яе ўваходзяць. Зыходным у тэорыі зьяўляецца яе ідэалізаваны аб'ект — тэарэтычная мадэль істотных сувязяў рэчаіснасьці, якія паказаныя з дапамогай пэўных гіпатэтычных дапушчэньняў і ідэалізацыі. Напрыклад, у геаметрыі Эўкліда гэта абстракцыі матэматычнага пункта, простай лініі, плоскасьці ды іншыя, якім нададзены пэўныя ўласцівасьці з дапамогай сыстэмы аксіём. Дачыненьні ідэялізаваных аб'ектаў (як зыходныя, так і выведзеныя) і ёсьць тэарэтычнымі законамі, што фармулююцца не непасрэдна на аснове доследных зьвестак, а шляхам пэўных дзеяньняў з ідэялізаванымі аб'ектамі. Таму законы, сфармуляваныя ў рамках тэорыі, маюць непасрэднае дачыненьне да ідэалізаваных аб'ектаў (мадэляў рэчаіснасьці) і толькі апасродкаванае, з пэўным набліжаньнем — да самой эмпірычнай рэчаіснасьці. Бываюць тэорыі апісальнага тыпу (гэтак званыя якасныя тэорыі) і матэматызаваныя (калі працэдура праведзеная да канца, то ўтвараецца фармальная сыстэма), якія будуюцца і разьвіваюцца з дапамогай аксіяматычнага мэтаду і з выкарыстаньнем фармалізаваных моваў. У прыватнасьці, у матэматыцы створаныя тэорыі пра яе асноватворныя структуры і паняцьці (тэорыя альгарытмаў, тэорыя графаў, тэорыя імавернасьцяў, тэорыя інфармацыі, тэорыя лікаў, тэорыя мностваў, тэорыя функцый ды інш.), тэорыі дастасоўнага прызначэньня (тэорыя аўтаматаў, тэорыя гульняў, тэорыя карыснасьці, тэорыя масавага абслугоўваньня, тэорыя надзейнасьці, тэорыя паверхняў, тэорыя памернасьці, тэорыя памылак, тэорыя раскладаў, эргадычная тэорыя ды інш.). Часам назоў тэорыі ўтвараецца ад прозьвішча яе стваральніка (напрыклад, тэорыя Галуа) ці адлюстроўвае характар або ўзровень выкарыстаных мэтадаў (напрыклад, аналітычная тэорыя дыферэнцыяльных раўнанняу, дэскрыптыўная тэорыя мностваў, камбінаторная тэорыя групаў, канструктыўная тэорыя функцый, элементарная тэорыя). Тэорыя, аб'ект дасьледаваньня якой — нейкая іншая тэорыя, называецца мэтатэорыяй.