Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944): розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
крыніца — https://be.wikipedia.org/wiki/Нямецкая_акупацыя_Беларусі_1941-1944?oldid=1493258
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 12:45, 4 жніўня 2014

Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) — акупацыя нямецкімі войскамі ў 19411944 тэрыторыі БССР (у межах 1941 году). Пасьля поўнага захопу нямецкімі войскамі (1941) тэрыторыя БССР была падзелена на наступныя зоны кіраваньня: тылу армейскай групы «Цэнтар», райхскамісарыятаў «Остлянд» і «Ўкраіна», генэральнай акругі Ўсходняя Прусія.

Файл:Soviet guerilla.jpg
Савецкія партызаны ў Беларусі (1943)
Нямецкая карта-справаздача айнзацгрупы A

На акупаванай тэрыторыі зь першых дзён Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі савецкія партызанскія фармаваньні. Таксама з 1941 сюды распаўсюджвалася дзейнасьць польскіх партызанскіх сілаў. У шэрагу раёнаў Берасьцейскай вобласьці дзейнічалі ўкраінскія АУН і УПА.

Нацыянальная палітыка

На захопленай Трэцім райхам тэрыторыі БССР пад акупацыяй апынулася каля 8 млн чалавек, а таксама 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных[1]. Нямецкая адміністрацыя праводзіла палітыку генацыду, рабаваньня і гвалту. Усё гэта адбывалася паводле пляну «Ост».

Першым крокам акупантаў стала ўвядзеньне абмежаваньняў грамадзянскіх свабод мясцовага насельніцтва. Было абвешчана надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва, якое пражывае на акупаванай тэрыторыі, падлягала абавязковаму ўліку і рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасьць усіх арганізацый, а таксама правядзеньне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым і камэнданцкая гадзіна. Зь першых дзён вайны немцы праводзілі масавыя чысткі: забівалі камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. З асаблівай жорсткасьцю зьнішчалася «расава шкодная» частка насельніцтва: жыды, цыганы, фізычна і псыхічна хворыя.

Масавае зьнішчэньне насельніцтва ажыцьцяўлялі асаблівыя апэратыўныя групы — айнзацгрупы, якія падзяляліся на спэцыяльныя і апэратыўныя[2].

На тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана 260 канцэнтрацыйных лягераў, іхніх філіяў і аддзяленьняў[3]. Самым буйным зьяўляўся Трасьцянецкі лягер сьмерці, у якім за гады вайны было зьнішчана 206,5 тыс. чалавек[4].

У гарадах арганізоўваліся спэцыяльныя зоны пражываньня жыдоў — гета. Усяго ў Беларусі было створана, паводле розных зьвестак, ад 111 да больш чым 200, а паводле зьвестак доктара гістарычных навук Эмануіла Іофэ(ru) — 299 гета ў 277 населеных пунктах на даваеннай тэрыторыі БССР, зь якіх на сучаснай тэрыторыі Беларусі — 238 гета ў 216 населеных пунктах. Найбольш буйныя гета меліся ў Менску, Горадні, Бабруйску, Баранавічах, Берасьці, Пінску, Слоніме, Гомлі. Жыды падвяргаліся сыстэматычнаму мэтанакіраванаму зьнішчэньню ў рамках палітыкі «канчатковага рашэньня жыдоўскага пытаньня».

У мэтах барацьбы з антынямецкім супрацівам нямецкія акупацыйныя ўлады шырока выкарыстоўвалі карныя экспэдыцыі. Зьнішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў «зоны пустыняў». За час акупацыі БССР было праведзена звыш 140 карных экспэдыцый. Першая зь іх — «Прыпяцкія балоты» — адбылася ў ліпені — жніўні 1941 на тэрыторыі Берасьцейскай, Менскай, Пінскай і Палескай абласьцей. За час апэрацыі нямецкімі карнымі атрадамі было расстраляна 13 788 чалавек[5]. За ўвесь час нямецкай акупацыі было зьнішчана 628 населеных пунктаў разам з жыхарамі, 5295 населеных пунктаў зьнішчаныя з часткай жыхароў[6].

Найбольш буйнымі карнымі апэрацыямі зьяўляліся «Арол», «Трыкутнік», «Чароўная флейта», «Котбус», «Герман». У справаздачы пра вынікі экспэдыцыі «Герман» (ліпень — жнівень 1943), праведзенай на тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудзкага і Юрацішкаўскага раёнаў, Курт фон Готбэрг паведамляў у Бэрлін, што забіта 4280 чалавек, узята ў палон 20 944 чалавекі, у тым ліку 4180 дзяцей. Нямецкімі жаўнерамі было рэквізавана 3145 курэй, 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечка, 1517 сьвіняў і звыш 100 сельскагаспадарчых машын[6].

 
Улётка часоў акупацыі

Нямецкія акупацыйныя ўлады часта выкарыстоўвалі дзяцей у якасьці донараў крыві. Мясцовае насельніцтва прыцягвалася да расчысткі замініраваных участкаў, было жывым шчытом у баявых апэрацыях супраць партызан і войскаў Чырвонай Арміі. Нямецкай адміністрацыяй ужывалася дэпартацыя насельніцтва на прымусовыя працы ў Нямеччыну, Аўстрыю, Францыю, Чэхію. Такіх «добраахвотных» работнікаў называлі остарбайтарамі. Зь Беларусі было вывезена каля 400 тыс. чалавек. 186 тыс. беларусаў загінулі на працах[7].

Усе эканамічныя і прыродныя рэсурсы захопленых раёнаў былі абвешчаныя нямецкай уласнасьцю. Уводзілася абавязковая працоўная павіннасьць. Пра сутнасьць эканамічнай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе (уключаючы Беларусь) можна меркаваць з патрабаваньняў райхсмаршала Г. Герынга да райхскамісараў у жніўні 1942[7]:

Вы накіраваныя туды для таго, каб працаваць на дабрабыт нашага народу, а дзеля гэтага неабходна забіраць усё магчымае. Пры гэтым мне абсалютна ўсё роўна, калі вы мне скажаце, што людзі акупаваных абласьцей паміраюць з голаду. Хай паміраюць, абы толькі былі жывыя немцы. Я зраблю ўсё — я прымушу выканаць пастаўкі, якія на вас ускладаю, і калі вы гэтага ня зможаце зрабіць, тады я пастаўлю на ногі органы, якія пры любых абставінах вытрасуць гэтыя пастаўкі.

Насельніцтва Беларусі павінна было плаціць непасільныя плацяжы: 3-4 цэнтнэры збожжа з гектара, 350 л малака з кожнай каровы, 100 кг сьвініны з аднаго двара, 35 яек ад кожнай курыцы, 6 кг птушкі з двара, 1,5 кг воўны з кожнай авечкі і ў сярэднім 100 рублёў на чалавека[8].

Усе гэтыя мерапрыемствы, якія праводзіліся нямецкай адміністрацыяй на тэрыторыі Беларусі, спрыялі ўздыму вызваленчага руху. Зь першых дзён вайны беларусы пачалі аказваць супраціўленьне нямецкім акупацыйным уладам. Пасьля ўвядзеньня розных абмежаваньняў і падаткаў незадаволенасьць сярод мірнага насельніцтва нарастала ў геамэтрычнай прагрэсіі, што дазволіла пасьпяхова арганізаваць партызанскі рух на Беларусі.

Пачынаючы з 1941 В. Кубэ, які кіраваў грамадзянскай адміністрацыяй у генэральным камісарыяце «Вайсрутэнія» («Беларусь») праводзіў палітыку г. зв. «вайсрутэнізацыі», якая, між іншым, вылікала сур’ёзныя канфлікты між ім і кіраўніцтвам нацысцкай партыі, аб’ектыўна паспрыяла ўзмацненьню беларускага не-савецкага нацыянальнага пачуцьця і пацягнула за сабой шэраг трывалых палітычных наступстваў, у тым ліку ў савецкай пасьляваеннай нацыянальнай і дэмаграфічнай палітыцы.

Пачынаючы з 1942 дадаткова да дапаможнай паліцыі нямецкія ўлады фарміравалі на тэрыторыі Беларусі ваенна-паліцэйскія сілы, у тым ліку беларускія (Беларускі корпус самааховы).

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

  • Каваленя А., Лемяшонак У., Далгатовіч Б. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Пад рэд. А. Кавалені, М. Сташкевіча. — Мн.: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2004. — 279 с.

Вонкавыя спасылкі