Уладзімер Фінькоўскі: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Створана старонка са зьместам '{{Асоба |імя = Уладзімер Фінькоўскі |арыгінал імя = |партрэт ...'
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 13:54, 28 верасьня 2012

Уладзі́мер Фінько́ўскі (13 лютага 1906, Гальшаны — 26 студзеня 1988, Булёнь) — беларускі праваслаўны сьвятар, архімандрыт (1947).

Уладзімер Фінькоўскі
Род дзейнасьці сьвятар
Дата нараджэньня 13 лютага 1906
Месца нараджэньня Гальшаны
Дата сьмерці 26 студзеня 1988
Месца сьмерці Булёнь
Месца пахаваньня

Жыцьцяпіс

Пастрыжаны ў манахі ў 1927 року, іерадыякан (1931), іераманах (1936)[1]. Быў асабістым сакратаром віленскага архіяпіскапа Феадосія. За супраціў палянізацыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1935 року высланы зь Вільні. Працаваў у Пінску, пасьля да чэрвеня 1941 року жыў і сьвятарыў у Пружанах[2].

Улетку 1941 року іераманах Фінькоўскі разам з часткамі нямецкіх войскаў прыбыў у Менск, дзе, выдаўшы сябе за ігумена, дамогся ад СД пасады сьвятара Прэабражэнскай царквы[3]. Адразу заняўся працай па ўзнаўленьні сьвятыняў у Менскай акрузе, узначаліў царкоўна-будаўнічы камітэт. Ужо ў жніўні ў Прэабражэнскай царкве адбылося першае набажэнства зь вялікай колькасьцю вернікаў, у тым ліку моладзі. Пазьней у ягонай царкве знайшоў сабе прытулак створаны Саюз беларускай моладзі[4].

З дапамогай СД узьведзены ў сан япіскапа Менскай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Карыстаючыся падтрымкай нямецкіх уладаў, прызначаў у адчыненыя цэрквы Ўсходняй Беларусі сьвятароў без узгадненьня з праваслаўнай ярархіяй у Заходняй Беларусі[3]. Ягоны сучасьнік інжынэр Іван Касяк адзначыў, што іераманах Уладзімер паходзіў зь беларускай сялянскай сям’і[5], аднак ігнараваў заклікі беларускага актыву ў Менску (Радаслава Астроўскага і інш.) да беларусізацыі праваслаўнага жыцьця[6]. Ён ахвотна супрацоўнічаў толькі зь немцамі[7]: павесіў ва ўласным пакоі партрэт Гітлера і наказваў наведнікам хрысьціцца на яго; у адной з казаняў абвясьціў, што «Беларусь не павінна зрабіцца незалежнай дзяржавай, застаючыся назаўжды пад нямецкім сувэрэнітэтам»[8].

Пасьля таго, як БАПЦ ачоліў архіяпіскап Панцеляймон, Уладзімер Фінькоўскі адмовіўся саступіць займаны ім архірэйскі дом і напрыканцы 1941 року быў пазбаўлены права адпраўляць набажэнствы. Супраць яго таксама было высунутае абвінавачаньне ў прысабечаньні некаторых публічных рэчаў зь Дзяржаўнага музэю. Па выніках праверкі матэрыялы справы былі перададзеныя ў царкоўны суд, які прыгаварыў Уладзімера Фінькоўскага да турэмнага зьняволеньня, аднак нямецкія ўлады вызвалілі яго з умовам неадкладнага ад’езду ў Варшаву[7].

У 1944 эміграваў у Заходнюю Нямеччыну, пасьля ў Францыю, дзе таксама адпраўляў набажэнствы. Так, на сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР 25 сакавіка 1945 року ў Парыжы служыў імшу разам з айцом Францішкам Чарняўскім[9]. У 1947—1949 настаяцель прыходу правялебнага Серафіма Сароўскага ў Шале[10] ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату[11].

Пры канцы 1950-х Уладзімер атрымаў годнасьць архімандрыта і 10 красавіка 1960 (паводле іншых зьвестак — у 1958) пераехаў у Чыкага[9] (ЗША). Тут 5 лістапада 1958 року было абвешчана пра стварэньне яшчэ адной Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ-2), нікім не прызнанай на эміграцыі. Уладзімер Фінькоўскі быў высьвечаны ў япіскапы гэтай царквы і стаў сьвятаром створанай парафіі сьв. Юрыя ў Чыкага (анг. Saint George Belarusian Orthodox Church). Браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

Аднак у хуткім часе, пасьля ўмяшальніцтва сьвецкага і царкоўнага актыву, Фінькоўскі быў адхілены ад пасады сьвятара і вярнуўся ў Францыю. Парафія сьвятога Юрыя перайшла пад юрысдыкцыю канстантыпольскага патрыярха, а БАПЦ-2, якая фактычна складалася толькі з аднае гэтае парафіі, перастала існаваць.

Памёр у Булёні пад Парыжам, пахаваны на мясцовых Новых могілках.

Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Владимир (Финковский, Финьковский) // Российское зарубежье во Франции 1919—2000: биогр. слов.: в 3 т. / под общ. ред. Л. Мнухина, М. Авриль, В. Лосской. — М.: Наука; Дом-музей Марины Цветаевой, 2008—. — ISBN 978-5-02-036267-3; 978-5-93015-104-6
  2. ^ Лявон Юрэвіч. Асобы й рэаліі // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5
  3. ^ а б Вяртаньне ў Менск // Дз. Касмовіч. За вольную і сувэрэнную Беларусь…
  4. ^ Лявон Юрэвіч. Бачына трэцяя. «Вашая Дзіна…» // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5
  5. ^ Анатоль Грыцкевіч. Праваслаўная царква ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны // Наша слова. — 2005. — № 37 (723).
  6. ^ Мікола Волаціч. 7. Падрыхтоўка й арганізацыя БАПЦ…
  7. ^ а б Силова С.В. Отношения православной церкви с нацистским оккупационным режимом и белорусской коллаборацией // Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.). — Гродно: ГрГУ, 2003. — ISBN 985417-508-4
  8. ^ Leonid Rein. The Kings and the Pawns: Collaboration in Byelorussia During World War II. — New York: Berghahn Books, 2011. — С. 202. — ISBN 978-1845457761
  9. ^ а б Панькоў Мікола. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне // Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984) / Гардзіенка Алег. — Мн.: Беларускі гістарычны агляд, 2001. — (Бібліятэка часопіса Беларускі Гістарычны Агляд).
  10. ^ Белорусский совет православных церквей в Северной Америке (рас.) Иерархия литургических церквей Праверана 28 верасьня 2012 г.
  11. ^ Архимандрит Владимир (Финьковский) (рас.) Религиозные деятели русского зарубежья Праверана 28 верасьня 2012 г.

Літаратура