Таргавіцкая канфэдэрацыя: розьніца паміж вэрсіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Cymus (гутаркі | унёсак)
пачатак
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 00:15, 2 ліпеня 2011

Таргавіцкая канфэдэрацыя – аб’яднаньне шляхты Рэчы Паспалітай з мэтай вяртаньня палітычнай сістэмы дзяржавы і шляхецкіх правоў, ліквідаваных Канстытуцыяй 3 траўня 1791 г. Канфэдэрацыя была арганізаваная з ініцыятывы Кацярыны ІІ ў 1792 г.

Станіслаў Шчасны Патоцкі

Перадумовы

У 1788-1792 гг. у Варшаве адбываўся Чатырохгадовы сойм, у межах якога былі распрацаваныя шэраг рэформ, што закраналі амаль усе сферы жыцьця тагачаснага грамадства Рэчы Паспалітай. Кульмінацыяй гэтых рэформаў стала падпісаньне 3 траўня 1791 г. “Урадавага закону” – новай канстытуцыі, якая, сярод іншага, уводзіла спадчыннасць трону, абмяжоўвала выбарчыя правы беднай шляхты, пашырала правы свабодных гарадоў і іх месьцічаў. Гэтыя новаўвядзеньні прыйшліся не даспадобы некаторым прадстаўнікам шляхты, і асабліва магнатэрыі Рэчы Паспалітай. У знак пратэсту найбольш актыўныя прадстаўнікі апазыцыі ўжо ў сярэдзіне 1791 г. з’ехалі за мяжу: вялікі гетман каронны Францішак Браніцкі – у Вену, польны гетман каронны Севярын Жавуцкі - ў Пецярбург, рускі ваявода і гэнэрал кароннай артылерыі Шчасны Патоцкі – у Вену. Кацярына ІІ, уцягнутая на той момант у вайну з Турцыяй таксама была моцна незадаволеная тым, як разгортваліся падзеі.

 
Талер, выбіты ў гонар Таргавіцкай канфэдэрацыі

Утварэньне канфэдэрацыі

У кастрычніку 1791 г. у Ясах адбылася сустрэча Ф. Браніцкага, С. Равуцкага і С. Патоцкага, дзе абмяркоўваліся будучыя пляны стварэньня канфэдэрацыі. У канцы гэтага ж года ўсе ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя ў Пецярбург, дзе бавілі час да сакавіка 1792 г. У сакавіку 1792 г. пры ўдзеле Кацярыны ІІ ў Пецярбургу адбылася тайная сустрэча, дзе было прынятае рашэньне аб стварэньні новай канфэдэрацыі, якая будзе змагацца за вяртаньне парушаных правоў, а Расея дасць для гэтага свае войскі. 27 красавіка у Пецярбурзе быў падпісаны “Акт канфэдэрацыі”, якая ў гісторыю ўвайшла, як Таргавіцкая. Яе маршалкам стаў Станіслаў Шчасны Патоцкі. Кіраўніком каронных войскаў канфедэрацыі прызначаны гетман Браніцкі. "Акт канфедэрацыі" падпісалі таксама: Севярын Жавуцкі, Шымон Касакоўскі, Антоні Святаполк-Чацвярцінскі, Ежы Вельгорскі, Антоні Златніцкі, Адам Машчэнскі, Уладзімерскі Ян Загорскі, Ян Сухаржэўскі, Міхал Кабылецкі, Ян Свейкоўскі, Францішак Гулевіч і Дызма Бонча Тамашэўскі. Канстытуцыя Таргавіцкай канфэдэрацыі мела 23 пункты і прадугледжвала вяртаньне ўсіх былых шляхецкіх вольнасьцяў, і сярод іншага, аднаўленьне былой фэдэратыўнай сыстэмы Рэчы Паспалітай. 12 траўня расейскія войскі пад кіраўніцтвам гэнэрала паручніка Міхайла Кутузава і гэнэрала паручніка Івана Дуніна перайшлі Днестр і ўвайшлі на тэрыторыю Кароны Польскай.

 

 
Шыман Марцін Касакоўскі

Гэнэральная канфэдэрацыя ВКЛ

22 траўня 1792 г. карпусы Беларускай арміі пад кіраўніцтвам гэнэрала Міхаіла Крачэтнікава увайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыя канфэдэрацыі на землях ВКЛ была даручана прадстаўніку буйнога магнацкага рода Віленшчыны, генерал-маёру расійскай арміі Шымону Касакоўскаму. Актыўна падтрымліваў яго ў гэтай справе брат - інфляндзікі біскуп Юзаф Касакоўскі. За наступныя паўгады Таргавіцкая канфэдэрацыя была абвешчана ва ўсіх буйнейшых гарадах ВКЛ. Шляхта гарадоў часта прысягала новай канфедэрацыі пад прымусам і пагрозай пазбаўленьня маёмасьці[1]. 12 чэрвеня 1792 г. у Вільні было абвешчана аб стварэньні Гэнэральнай канфедэрацыі ВКЛ. Ейным маршалкам стаў канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега. Шыман Касакоўскі быў абвешчаны гетманам ВКЛ “з волі народа”. Канфэдэрацкія улады ў гарадах Рэчы Паспалітай замянілі сабой былыя органы ўлады. Іх асноўнай задачай была пастаўка фуражу і правіянту для расейскіх войскаў.  

Найясьнейшая канфэдэрацыя абодвух народаў

23 ліпеня 1792 г. пад ціскам сваіх прыбліжаных, у першую чаргу канцлера Яўхіма Храптовіча, Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі. Гэта абазначала заканчэньне вайны з Расеяй. 6 верасmня 1792 г. у Берасьці быў падпісаны акт аб’яднаньня канфэдэрцыяў ВКЛ і Кароны ў адзіную Найясьнейшуя канфэдэрацыю абодвух народаў. Яна ставіла перад сабой тыя ж задачы, што і яе папярэднікі. Цэнтрам канфедэрацыі стала Горадня.

 
Каралеўскі замак у Гародні

Гарадзенскі сойм

У пачатку лютага 1792 г. стала вядома аб уварваньні на тэрыторыю Кароны прусскіх войскаў, якое адбывалася згодна з таемнай дамовай Расеі і Прусіі ад 23 студзеня. У той жа час у Гародню прыехаў новы расейскі пасол Якуб Сіверс, які сьпярша адмаўляў датычнасьць Расеі да гэтых падзеяў. Аднак 29 сакавіка ён прачытаў таргавічанам сумесную дэклярацыю Расеі і Прусіі, у якой гаварылася, што

“Непонятное заблуждение нации (французской), некогда столь цветущей, теперь униженной, раздираемой и находящейся на краю пропасти, это заблуждение вместо того чтобы послужить предметом ужаса для беспокойных (польских умов), напротив показалось им предметом достойным подражания… Столь опасный очаг естественно возбудил внимание соседних держав; они сообща обсудили средства задушить зло в самом зародыше и предохранить от заразы собственные границы. Её величество императрица Всероссийская и его величество король Прусский, по соглашению с его величеством императором Римским, признали самою действительною мерой: заключить Польскую республику в более тесные границы, чтоб облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроеное правительство, которое было бы в состоянии обуздать беспорядки и партии, столь часто нарушавшие спокойствие республики и её соседей”.[2]

Кіраўнікі канфэдэрацыі, убачыўшы, што іх падманулі, з’ехалі з Гародні або за мяжу, або ў свае ўладанні. Засталіся толькі браты Касакоўскія, якія і ўзялі на сябе кіраваньне канфедэрацыяй ў апошнія месяцы. У адпаведнасці з дэклярацыяй 17 чэрвеня 1793 г. быў скліканы Гарадзенскі сойм, які спачатку зацвердзіў 2 падзел Рэчы Паспалітай, а пасля 18 верасня, распусціў Таргавіцкую канфедэрацыю.

Значэньне

Таргавіцкая канфэдэрацыя з аднаго боку была спробай магнатэрыі Рэчы Паспалітай і незадаволенай шляхты вярнуць кардынальныя правы, парушаныя Канстытуцыяй 3 траўня, але з іншага боку канфедэрацыя стала інструментам у руках Кацярыны ІІ для апраўданьня свайго уварваньня на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а пазней і яе чарговага падзелу.

Спасылкі

  1. ^ Smolenski W. Konfederacja Targowicka. Kraków. 1903, с. 124
  2. ^ Иловайский Д. И. Гродненский сейм 1793 года. М. 1870 г., с.39

Літаратура