Русь

гістарычная вобласьць Усходняй Эўропы, населеная славянамі
(Перанакіравана з «Руская зямля»)

Русь або Руская зямля — сярэднявечная этнапалітычная супольнасьць[1]. Ад назвы Русі паходзіць гістарычны эндаэтнонім, палітонім і канфэсіёнім русіны.

Лічыцца, што назва Русь прыйшла да славянаў з Швэцыі[2] і ўзыходзіць да стараскандынаўскіх двухскладовых кампазытаў тыпу *rōþ-s-karlar або *rōþs-mannar (þ — літара торн, гук [θ]) з значэньнем 'весьляры, каманда вясьлярнага судна'. Самі гэтыя словы ўзыходзяць да кораню *rōþ- 'веславаньне'[3].

Альтэрнатыўныя вэрсіі, збудаваныя з пазыцыяў антынарманізму (спробы зьвязаць назву Русі з загадкавым народам «hros» бізантыйскага аўтара VI стагодзьдзя Захарыя Рытара альбо з ракой Росьсю ў сярэднім Падняпроўі), значна горш адпавядаюць лучнасьці фактаў[1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Апавяданьне пра запросіны варагаў у Аповесьці мінулых часоў, сьпіс Лаўрэнцеўскага летапісу: «І ад тых варагаў празвалася Руская зямля. Наўгародцы ж — тыя людзі ад вараскага роду, а раней былі славяне»[4]

Упершыню Русь упамінаецца ў 839 годзе, калі група варагаў (швэдаў) назвала сябе пры двары германскага імпэратара пасламі «кагана Русі»[1].

Частка крыніцаў IX—X стагодзьдзяў атаясамлівае Русь з славянамі, але большасьць — з варагамі (нарманамі) або проста адрозьнівае ад славянаў. У трох умовах зь Бізантыяй — 907, 911 і 944 гадоў — імёны амаль усіх паслоў ад «рускага роду» маюць германскае паходжаньне. Першае падрабязнае апісаньне Русі, складзенае ў сярэдзіне X стагодзьдзя бізантыйскім імпэратарам Канстантынам VII Парфірародным, паведамляла пра валадара Русі Ігара і «вонкавую Русь» з Ноўгарадам («Немагардам»), дзе княжыў сын Ігара Сьвятаслаў. Там жа апісваўся збор «русамі» даніны з славянаў і падаваліся асобныя ад славянскіх «рускія» назвы дняпроўскіх парогаў, якія маюць германскую этымалёгію[1].

У бізантыйскіх і арабскіх крыніцах другой паловы IX стагодзьдзя паведамлялася пра морскія набегі Русі на паўднёвыя берагі Чорнага і Касьпійскага мораў. Баварскі географ сярэдзіны IX стагодзьдзя зьмясьціў Русь у пераліку народаў Усходняй Эўропы пасьля бужанаў і ўлічаў, але перад вуграмі і хазарамі, што разглядаецца як сьведчаньне пра яе лякалізацыю ў Падняпроўі. З пачатку X стагодзьдзя ў некалькіх арабскіх краніцах паўтараўся сюжэт пра знаходжаньне Русі на нейкім востраве, яе напады на славянаў і гандаль рабамі з Баўгарыяй і Хазарыяй. Гішпанскі географ Ібрагім бэн-Якубі каля 966 паведамляў пра дзьве Русі, зь якіх адна мяжуе з Польшчай з усходу, а іншая на караблях нападае з захаду на прусаў. З другой X стагодзьдзя заходнія крыніцы часам называлі Русь «Ругіяй» або, наадварот, зьвязвалі яе з востравам Ругенам і прылеглымі славянскімі землямі на паўднёвым узьбярэжжы Балтыйскага мора[1].

Уласныя пісьмовыя крыніцы Русь паходзяць з XI стагодзьдзя. Аповесьці мінулых часоў паведамляла, што плямёны чудзь, наўгародзкія славене, мера, весь і крывічы сьпярша плацілі даніну варагам, а потым выгналі іх за мора. Але неўзабаве сярод плямёнаў пачаліся разлады, і тады чудзь, славене, крывічы і весь выправілі да варагаў паслоў з прапановай заняць княскі сталец. У 862 годзе на запросіны адгукнуліся тры браты. Старэйшы Рурык пачаў княжыць у Ноўгарадзе, Сінявус — у Белавозеры, а Трувар — у Ізборску. Праз два гады Сінявус і Трувар памерлі і ўся ўлада перайшла да Рурыка. Два дружыньнікі (баяры) Рурыка Аскольд і Дзір выправіліся на поўдзень да грэкаў, але ў дарозе завіталі ў Кіеў, дзе засталіся княжыць. У 879 годзе Рурык памёр, а яго сваяк Алег з дружынай і малалетнім сынам Рурыка Ігарам выправіўся ўніз Дняпром, забіў Аскольда і Дзіра і завалодаў Кіевам[2].

 
«Руская зямля» ў вузкім значэньні: 1 — паводле Пятра Талочкі; 2 — паводле Арасеня Насонава; 3 — паводле Барыса Рыбакова

У крыніцах XII—XIII стагодзьдзяў захавалася некалькі ўпамінаў Русі датычна беларускіх земляў (япіскап Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», у полацкай грамаце 1264 году падкрэсьлівалася, «што Руськая земля слывет Полочьская», польская Вялікая хроніка называла Берасьце «горадам Русі»), якія разглядаюцца як азначэньне Русі ў шырокім сэнсе (палітоніму). Разам з тым, у летапісах сярэдзіны XII стагодзьдзя і пазьнейшых сустракаецца паняцьце Русі ў вузкім сэнсе, якое тычылася толькі краіны Кіева — Чарнігава — Пераяслава. У гэтым сэнсе Русь супрацьпастаўлялася Наўгародзкай, Полацкай, Суздальскай, Галіцкай землям[5].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д Насевіч В. Русь // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 145.
  2. ^ а б Дзярновіч С., Штыхаў Г. Нарманская тэорыя // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 282.
  3. ^ Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи: Новые находки и интерпретации. — М., 2001. С. 266—268.
  4. ^ Повесть временных лет (по Лаврентьевскому списку 1377 года) / Перевод с древнерусского Д. С. Лихачёва, О. В. Творогова. — СПб., 2012.
  5. ^ Насевіч В. Русь // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 146.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць