Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы

штогадовая прадметная алімпіяда ў праграмаваньні, якую ладзяць з 1989 году сярод школьнікаў

Міжнаро́дная алімпія́да па інфарма́тыцы (МАІ) — штогадовая прадметная алімпіяда ў праграмаваньні сярод школьнікаў, якая адбываецца з 1989 году.

Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы
Апошні сэзон:
2021
Эмблема МАІ
Эмблема МАІ
Дысцыплінаінфарматыка
Дата зьяўленьня16 траўня 1989 (34 гады таму)
АрганізатарМіністэрства адукацыі Сынгапуру
Колькасьць удзельнікаў87 краінаў (2021 год)
КраінаСынгапур
КантынэнтыЭўразія
Дзейны чэмпіёнСьцяг КітаюМіньянь Дэнь (2021 год)
Найбольш тытулаўНацыянальны сьцяг БеларусіГенадзь Караткевіч (3 абсалютных; 6 залатых і 1 срэбраны мэдаль)[1]
Кваліфікацыяпа 4 пераможцы нацыянальных алімпіядаў ад краіны
ЗаснавальнікАрганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (Францыя)
Узровень у пірамідахміжнародны
Фармат турніру2-дзённы

Зь 2007 году Інстытут інфарматыкі і матэматыкі Віленскага ўнівэрсытэту выпускае штогадовы часопіс «Алімпіяды па інфарматыцы»[2].

Правілы рэдагаваць

Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы праходзіць у 2 колы, на кожным зь якіх прапануюць па 3 задачы, якія варта разьвязаць за 5 гадзінаў. Сустракаюцца задачы 2-х відаў: 1) якія маюць поўнае разьвязаньне[3][4] з аптымальным альгарытмам, 2) якія маюць прыбліжаныя разьвязаньні без дакладнасьці[5]. Разьвязаньне задачаў вымагала выкарыстаньня складаных альгарытмаў і структураў зьвестак, а таксама навыкаў праграмаваньня і тэставаньня. Каб разьвязаць кожную задачу, школьнікі складалі праграму, якая для пэўнага набору ўваходных зьвестак давала дакладны вынік. У кожнай задачы былі падзадачы, за правільны разьвязак якіх налічваліся дадатковыя балы. За дакладны разьвязак кожнай задачы магчыма было атрымаць 100 балаў, а за ўсе 6 задачаў — 600 балаў[6]. Залатыя мэдалі атрымлівалі 8 % удзельнікаў. Абсалютным пераможцам можна было стаць пры наборы найбольшага ліку балаў. Мэдалямі ўзнагароджвалі палову ад агульнага ліку ўдзельнікаў алімпіяды[7].

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Бронзавы мэдаль МАІ 2006 году ў Мэксыцы

У кастрычніку 1987 году на 24-й Агульнай нарадзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (ААНАНК; Францыя) баўгарскі прадстаўнік Благавест Сендаў прапанаваў правесьці Міжнародную алімпіяду па інфарматыцы (МАІ). Гэтую прапанову ўлучылі ў 5-ю Асноўную праграму ААНАНК на 1988—1989 гады, таму ААНАНК выступіла спонсарам 1-й МАІ. У траўні 1989 году ў баўгарскім горадзе Правецы правялі 1-ю Міжнародную алімпіяду па інфарматыцы (МАІ). У 1990 годзе ў ёй упершыню ўдзельнічалі беларускія школьнікі, бо 2-ю МАІ правялі ў Менску (Беларуская ССР)[8].

У ліпені 2013 году на 25-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Аўстраліі ўзялі ўдзел школьнікі з 79 дзяржаваў. Спаборніцтва праводзілі на базе Ўнівэрсытэту Кўінслэнду ў Брысбэне[5]. Паводле ліку залатых мэдалёў, найбольш здабылі школьнікі: з Кітаю — 4; з Расеі — 3; з ЗША і Паўднёвай Карэі — па 2; зь Беларусі, Ізраілю, Ірану, Тайваня і Японіі — па 1-м[6]. У ліпені 2014 году на 26-й алімпіядзе ў Тайбэі (Тайвань) выступілі больш 300 школьнікаў з 83-х краінаў. Мерапрыемства ладзіў Тайваньскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт. Пры разьвязаньні задачаў дапускалася выкарыстаньне 2-х моваў праграмаваньня: Паскаль і С++. Найбольш лік магчымых балаў за 6 задачаў у выглядзе 600 балаў атрымалі 4 школьнікі з Аўстраліі, ЗША, Кітаю і Расеі[9]. 26 ліпеня — 2 жніўня 2015 году ў Алмаце (Казахстан) на 27-й алімпіядзе бралі ўдзел 332 школьнікі з 84 краінаў. Алімпіяду прымаў Казаскі нацыянальны ўнівэрсытэт. Пры разьвязаньні задачаў на кампутары школьнікі пісалі праграмы на 6 мовах праграмаваньня: С, С++, Паскаль, Фортран, РНР і Ява[10]. Сярод іншага, у спаборніцтве ўдзельнічала 11 дзяўчынаў (3,4 %). Па выніках алімпіяды ўручылі 161 мэдаль, зь якіх 27 залатых, 55 срэбраных і 79 бронзавых[11]. 12—19 жніўня 2016 году ў Казані (Расея) на 28-й алімпіядзе выступіла 308 школьнікаў з 82-х краінаў[7]. Алімпіяду прымаў Казанскі фэдэральны ўнівэрсытэт[12].

 
19-я МАІ 2007 году ў Заграбе (Харватыя)

28 ліпеня — 4 жніўня 2017 году ў Тэгеране (Іран) на 29-й алімпіядзе выступіла 304 школьнікі з 84-х краінаў[13]. Удзельнікі зь 19 краінаў атрымалі 26 залатых мэдалёў, сярод узнагароджаных якімі былі школьнікі з суседніх Польшчы і Расеі[14]. 2—8 верасьня 2018 году ў Цукубе (Японія) на 30-й алімпіядзе выступіла 335 школьнікаў з 88 краінаў. Першае каманднае месца занялі школьнікі з Кітаю, якія заваявалі 4 залатыя мэдалі. Для беларускай дружыны выступ стаў найбольш пасьпяховым за ўвесь час, што дазволіла заняць 4-е месца з 2-ма залатымі і 2-ма срэбранымі мэдалямі[15]. Больш за ўсіх балаў набраў школьнік з ЗША Бэнджамін Кі — 499 з 600 магчымых. Беларус Аляксандар Кернажыцкі з магілёўскай гімназіі № 2 набраў 430 балаў і стаў 5-м. Другое і 3-е камандныя месцы занялі школьнікі з Паўднёвай Карэі і ЗША[16]. 4—11 жніўня 2019 году ў Баку (Азэрбайджан) прайшла 31-я алімпіяда з удзелам 327 школьнікаў з 87 краінаў. Сярод іх, 28 школьнікаў узнагародзілі залатымі мэдалямі, 54 — срэбранымі і 81 — брознавымі. У камандным заліку 1-е месца занялі школьнікі з Расеі, які атрымалі 4 залатыя мэдалі. На 2-м месцы былі школьнікі ЗША, сярод якіх найлепшы вынік алімпіяды паказаў Бэнджамін Кі з 547 баламі. На 3-м месцы была дружына Кітаю. На гэтай алімпіядзе адмовіліся ад мовы Паскаль[17]. 13—23 верасьня 2020 году ў 32-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ўзялі ўдзел 343 навучэнцы з 87 краінаў. Яе ладзіла Міністэрства адукацыі Сынгапуру. Ад кожнай краіны магло ўдзельнічаць да 4-х удзельнікаў. Алімпіяда праходзіла ў 2 колы, у кожным зь якіх навучэнцы разьвязвалі па 3 задачы з выкарыстаньнем некалькіх моваў праграмаваньня. На выкананьне заданьня адводзілі па 5 гадзінаў у кожным коле[18].

У чэрвені 2021 году на 33-й МАІ, якую ладзіла Мінадукацыі Сынгапуру, выступіў 351 школьнік з 88 краінаў[19].

Беларускі ўдзел рэдагаваць

У 1990 годзе ў 2-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ўпершыню ўдзельнічалі беларускія школьнікі, бо тую праводзілі ў Менску (Беларуская ССР). Тады Алег Таборавец атрымаў срэбраны мэдаль, Сяргей Лінёў — бронзавы[20]. У 1993 годзе Ўладзімер Белы стаў 1-м прадстаўніком Беларусі, які здабыў на МАІ залаты мэдаль[21]. У 2006 годзе 12-гадовы навучэнец гімназіі № 56 Гомля Генадзь Караткевіч заняў 20-е месца на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы[22]. Тады беларуская дружына ўпершыню здабыла 2 залатыя мэдалі, якія атрымалі Ўладзімер Міняйлаў і Мікіта Лесьнікаў. У 2009 годзе залатыя мэдалі заваявалі Генадзь Караткевіч і Зьміцер Багданаў[16].

22 сакавіка 2012 году Міністэрства адукацыі Беларусі зацьвердзіла Пастанову № 21 «Аб усталяваньні пераліку міжнародных алімпіядаў, пераможцы якіх маюць права на залічэньне без уступных іспытаў ва ўстановы адукацыі для атрыманьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі». У пералік 8 алімпіядаў, які зацьвярджаўся штогод, увайшла 24-я міжнародная алімпіяда па інфарматыцы ў Італіі[23]. У 2012 годзе беларускія школьнікі з Гомельскай вобласьці здабылі па 2 залатыя і бронзавыя мэдалі на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы (МАІ)[24]. У 2012 годзе беларуская дружына паказала найлепшы вынік за ўвесь час папярэдніх выступленьняў на алімпіядзе. Беларускія школьнікі з Гомельскай вобласьці здабылі 2 залатых мэдалі і па 1-м срэбраным і бронзавым (Сяргей Кулік). Залатыя мэдалі атрымалі шматразовы пераможца Генадзь Караткевіч і Адам Бардашэвіч з Мазыра, якія ў наступным годзе сталі расейскімі студэнтамі, паступіўшы ў Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі. Пры гэтым Генадзь Караткевіч быў рэкардсмэнам алімпіяды, як 3-кратны абсталютны пераможца, 6-кратны атрымальнік залатых мэдалёў і 7-кратны атрымальнік усіх мэдалёў[6].

У ліпені 2013 году на 25-й міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Аўстраліі беларускія школьнікі здабылі 4 мэдалі. Кіраўніцай беларускай дружыны выступіла загадніца катэдры інфарматыкі Менскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу Ірына Кірыновіч. Залаты мэдаль атрымаў навучэнец школы № 9 Мазыра Сяргей Кулік (490 балаў), які быў пераможцам алімпіядаў у Тайляндзе і Італіі 2011 і 2012 гадоў. Навучэнцы Ліцэю БДУ Канстанцін Сокал (427 балаў) і Ўладзіслаў Падцёлкін (344 балаў) здабылі срэбраны і бронзавы мэдалі. Пры гэтым, Уладзіслаў Падцёлкін таксама перамагаў на папярэдніх алімпіядах у 2011 і 2012 гадах. Таксама бронзавы мэдаль атрымаў навучэнец Забалоцкай школы Вярэнаўскага раёну Канстанцін Вільчэўскі (267 балаў), якога шмат год рыхтаваў ягоны бацька як настаўнік інфарматыкі. Навуковым кіраўніком падрыхтоўчых збораў беларускай дружыны выступаў прафэсар катэдры вылічальных мэтадаў і праграмаваньня БДУІР Анатоль Аксенчык. Трэнэрам на зборах быў кіраўнік прадпрыемства «Яндэкс Бел» Аляксей Сікорскі, які перамагаў на алімпіядзе ў 2002 годзе. Сікорскі быў распрацоўнікам тэставаньня алімпіядных задачаў, кіраўніком іх распрацоўнікаў і іх аўтарам[5].

У ліпені 2014 году на 26-й алімпіядзе ў Тайбэі беларуская дружына ўлучала 4-х школьнікаў з 3-х вобласьцяў Беларусі. Срэбраны мэдаль атрымаў 10-клясьнік Іўеўскай школы № 1 Аляксей Вісьцяж, настаўнікам якога быў Васіль Кеўра. Бронзавыя мэдалі здабылі 10-клясьніца гімназіі № 1 Віцебска Барбара Кускова і 11-клясьнік Гомельскага абласнога ліцэю Зьміцер Дзямідка, якога настаўляў Міхаіл Далінскі. Упершыню за час выступленьняў беларускай дружыны мэдаль здабыла дзяўчына, чыёй настаўніцай была Вераніка Лакціна. Падрыхтоўкай да алімпіяды загадваў асыстэнт катэдры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Тоўсьцікаў. Штодзённыя заняткіх падрыхтоўчых збораў беларускіх школьнікаў доўжыліся каля 6 гадзінаў[9]. 26 ліпеня — 2 жніўня 2015 году на 27-й алімпіядзе ў Алмаце (Казахстан) 2 срэбраныя мэдалі здабылі 11-клясьнік школы № 3 Стоўпцаў Мікіта Сазановіч (настаўнік Уладзімер Радзівон) і гімназістка зь Віцебска Барбара Кускова. Бронзавыя мэдалі атрымалі 10-клясьнік гімназіі № 8 Віцебска Ільля Мядзянікаў і 11-клясьнік Іўеўскай школы Аляксей Вісьцяж[10]. У жніўні 2016 году на 28-й алімпіядзе ў Казані беларускія школьнікі здабылі па 2 срэбраныя і бронзавыя мэдалі. Срэбраныя ўзнагароды атрымалі выпускнік Ліцэю БДУ Міхаіл Наталевіч і Фёдар Карабейнікаў з гімназіі № 51 Гомля. Бронзавыя мэдалі здабылі навучэнцы школы № 8 Віцебска Ільля Мядзянікаў і Артур Петухоўскі[7].

28 ліпеня — 4 жніўня 2017 году на алімпіядзе ў Тэгеране (Іран) беларускія школьнікі здабылі па 2 срэбраныя і бронзавыя мэдалі. Срэбраныя мэдалі атрымалі Артур Петухоўскі з гімназіі № 8 Віцебска і Аляксандар Кернажыцкі з магілёўскай гімназіі № 2 (настаўніца Алена Качанава). Бронзавыя мэдалі здабылі Кірыл Гулін са школы № 2 Лунінца (настаўнік Іван Трыгубаў) і Фёдар Карабейнікаў з гомельскай гімназіі № 51[13]. Паводле набраных балаў Беларусь увайшла ў 15 найлепшых краінаў[14]. За 2008—2017 гады ўдзельнікі гуртка праграмаваньня пры Цэнтры юных пажарнікаў Мазыра здабылі 7 мэдалёў на Міжнародных алімпіядах па інфарматыцы[25]. 2—8 верасьня 2018 году на алімпіядзе ў Цукубе (Японія) беларуская дружына паказала найлепшы вынік за ўвесь час выступленьняў, бо заняла 4-е каманднае месца з 2-ма залатымі і 2-ма срэбранымі мэдалямі. Залатыя ўзнагароды здабылі выпускнік гімназіі № 2 Магілёва Аляксандар Кернажыцкі (430 балаў, 5-е месца) і выпускнікі лунінецкай школы № 2 Андрэй Некрашэвіч (359 балаў, 19-е месца). Срэбраныя мэдалі атрымалі Станіслаў Ціцянок (302 балы), які скончыў гомельскую гімназію № 5, і выпускнік віцебскай гімназіі № 1 Марк Карнейчык[15] (294 балы). Кіраўнікамі беларускай дружыны выступілі старэйшы выкладнік катэдры дыскрэтнай матэматыкі і альгарытмікі БДУ Аляксандар Буслаўскі і старэйшы выкладнік катэдры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Тоўсьцікаў[16].

4—11 жніўня 2019 году ў Баку (Азэрбайджан) беларуская дружына здабыла па 2 срэбраныя і бронзавыя мэдалі. Срэбраныя ўзнагароды здабылі 10-клясьнік гімназіі № 8 Віцебска Яраслаў Барысаў (373 балы) і 10-клясьнік Ліцэю БДУ Сяргей Процкі (настаўнікі Міхаіл Далінскі і Анжаліка Лапо). Бронзавыя мэдалі атрымалі выпускнік школы № 2 Лунінца Аляксей Філіновіч і выпускнік гімназіі № 1 Берасьця Кірыл Шырма (настаўніца Ірына Гарбацэвіч)[17]. 13—23 верасьня 2020 году ў 32-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ад Беларусі ўдзельнічалі 4 пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы 2019/2020 навучальнага году. У міжнароднай алімпіядзе срэбраны мэдаль здабыў выпускнік школы № 13 Мазыра Андрэй Мішчанка. Бронзавыя мэдалі атрымалі выпускнік гімназіі № 8 Віцебска Яраслаў Барысаў і выпускнік Ліцэю БДУ Павал Санкін[18]. У чэрвені 2021 году на 33-й МАІ беларускія школьнікі здабылі 1 срэбраны і 3 бронзавыя мэдалі. Срэбраную ўзнагароду атрымаў выпускнік Цэнтру юных пажарнікаў Мазыра Станіслаў Дамасевіч. Бронзавыя мэдалі здабылі Дзяніс Лагуноў зь Ліцэю БДУ, 11-клясьнік гімназіі № 1 Берасьця Ільля Кучынскі і Андрэй Касьцяны з гомельскай гімназіі № 51. Трэнэрамі беларускай дружыны выступілі выкладнікі факультэту дастасоўнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандар Буслаўскі і Канстанцін Вільчэўскі[19].

Месцы правядзеньня рэдагаваць

Дата[26] Горад (дзяржава) Лік школьнікаў (дзяржаваў) Пераможцы
35 2023 г., 28 жніўня — 4 верасьня Сэгед (Вугоршчына) 351 (89) Кітай
34 2022 г., 7—15 жніўня Джок'якарта (Спецыяльны рэгіён Джок'якарта, Інданэзія) 349 (90) Кітай
33 2021 г., 19—25 чэрвеня Сынгапур (он-лайн) 351 (88) Кітай
32 2020 г., 13—19 верасьня Сынгапур (он-лайн) 343 (87) Кітай
31 2019 г., 4—11 жніўня Баку (Азэрбайджан) 327 (87) Расея
30 2018 г., 1—8 верасьня Цукуба (прэфэктура Ібаракі, Японія) 335 (87) Кітай
29 2017 г., 28 ліпеня — 4 жніўня Тэгеран (Іран) 308 (83) Японія[27]
28 2016 г., 12—19 жніўня Казань (Расея) 308 (80) Кітай
27 2015 г., 26 ліпеня — 2 жніўня Алматы (Казахстан) 322 (83) Кітай
26 2014 г., 13—20 ліпеня Тайбэй (Тайвань) 311 (81) Кітай
25 2013 г., 6—13 ліпеня Брысбэйн (штат Кўінслэнд, Аўстралія) 299 (77) Кітай
24 2012 г., 23—30 верасьня Сірміёнэ (край Лямбардыя, Італія) 310 (81) Кітай
23 2011 г., 22—29 ліпеня Патая (Тайлянд) 303 (78) Кітай
22 2010 г., 14—21 жніўня Уотэрлу (правінцыя Антарыё, Канада) 297 (80) ЗША[28]
21 2009 г., 8—15 жніўня Плоўдзіў (Баўгарыя) 301 (78) Кітай
20 2008 г., 16—23 жніўня Каір (Эгіпет) 283 (78) Кітай
19 2007 г., 15—22 жніўня Заграб (Харватыя) 285 (77) Кітай
18 2006 г., 13—20 жніўня Мэрыда (штат Юкатан, Мэксыка) 282 (74) Кітай
17 2005 г., 18—25 жніўня Новы Сонч (Малапольскае ваяводзтва, Польшча) 276 (72) Кітай
16 2004 г., 11—18 верасьня Атэны (Грэцыя) 291 (76) Кітай
15 2003 г., 16—23 жніўня Кеноша (штат Вісконсін, ЗША) 265 (69) ЗША
14 2002 г., 18—25 жніўня Ён’ін (Паўднёвая Карэя) 276 (78) Кітай
13 2001 г., 14—21 ліпеня Тампэрэ (Фінляндыя) 272 (74) Славаччына[29]
12 2000 г., 23—30 верасьня Пэкін (Кітай) 278 (72) Расея
11 1999 г., 9—16 кастрычніка Бэлек (правінцыя Анталья, Турэччына) 253 (65) Віетнам[30]
10 1998 г., 5—12 верасьня Сэтубал (Партугалія) 241 (68) Кітай
9 1997 г., 30 лістапада — 7 сьнежня Кейптаўн (Паўднёвая Афрыка) 221 (63) Польшча
8 1996 г., 25 ліпеня — 2 жніўня Вэспрэм (Вугоршчына) 220 (57) Кітай
7 1995 г., 26 чэрвеня — 3 ліпеня Эйндговэн (Нідэрлянды) 210 (51) Чэхія
6 1994 г., 3—10 ліпеня Ганінге (Швэцыя) 189 (49) Расея
5 1993 г., 16—25 кастрычніка Мэндоса (Аргентына) 155 (43) Румынія
4 1992 г., 11—21 ліпеня Бон (Нямеччына) 171 (51) Кітай
3 1991 г., 19—25 траўня Атэны (Грэцыя) 68 (23) Чэхаславаччына
2 1990 г., 15—21 ліпеня Менск (Беларуская ССР) 100 (25) Баўгарыя
1 1989 г., 16—19 траўня Правец (Баўгарыя) 46 (13) Баўгарыя

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Заля славы (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  2. ^ Часопіс «Алімпіяды па інфарматыцы» (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  3. ^ Лявон Більдзюкевіч, Ф. Бурак. решение (процесс) — разьвязаньне; решение (результат) — разьвязак // Элемэнтарная матэматыка / рэд. Аляксандар Круталевіч. — Менск: Інбелкульт, 1922. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
  4. ^ Янка Купала, Якуб Колас, Леў Цьвяткоў. решать — разьвязваць; решение задачи — разьвязаньне задачы, разьвязак задачы // Слоўнік матэматычнае тэрмінолёгіі / гал.рэд. Язэп Лёсік. — Менск: Інбелкульт, 1927. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
  5. ^ а б в Надзея Церахава. Крэатыўныя перамогі беларускіх інфарматыкаў // «Настаўніцкая газэта», 18 ліпеня 2013 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  6. ^ а б в Надзея Нікалаева. Па мэдалі — на кожнага // Зьвязда : газэта. — 20 ліпеня 2013. — № 133 (27498). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ а б в Надзея Нікалаева. Мэдальны звон // Зьвязда : газэта. — 20 жніўня 2016. — № 160 (28270). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Спаборніцтвы (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 15 ліпеня 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  9. ^ а б Надзея Церахава. Альгарытм перамогі // «Настаўніцкая газэта», 27 ліпеня 2014 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  10. ^ а б Юныя беларускія інфарматыкі заваявалі на міжнароднай алімпіядзе два сярэбраныя і два бронзавыя мэдалі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 жніўня 2015 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  11. ^ Натальля Калядзіч. Мовы праграмаваньня ведаюць на «выдатна» // «Настаўніцкая газэта», 6 жніўня 2015 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  12. ^ Натальля Калядзіч. На рахунку беларусаў — два сярэбраныя і два бронзавыя мэдалі // «Настаўніцкая газэта», 25 жніўня 2016 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  13. ^ а б Надзея Нікалаева. Беларусы заваявалі мэдалі на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы // Газэта «Зьвязда», 6 жніўня 2017 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  14. ^ а б Натальля Калядзіч. Напраграмавалі на мэдалі // «Настаўніцкая газэта», 10 жніўня 2017 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  15. ^ а б Надзея Нікалаева. Беларусы бліскуча выступілі на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы // Газэта «Зьвязда», 6 верасьня 2018 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  16. ^ а б в Натальля Калядзіч. Зь Японіі — з трыюмфам // «Настаўніцкая газэта», 13 верасьня 2018 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  17. ^ а б Натальля Калядзіч. Два «серабра» і дзьве «бронзы» МАІ-2019 // «Настаўніцкая газэта», 15 жніўня 2018 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  18. ^ а б Надзея Нікалаева. Беларускія школьнікі пасьпяхова выступілі на 32-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы // Газэта «Зьвязда», 26 верасьня 2020 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  19. ^ а б Надзея Нікалаева. Чатыры мэдалі заваявалі беларускія навучэнцы на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы // БелТА, 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  20. ^ Вынікі МАІ 1990 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  21. ^ Вынікі МАІ 1993 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  22. ^ Улада Карніцкая, тэлеканал «Беларусь 1». Генадзь Караткевіч з Гомеля - трохразовы чэмпіён па праграмаваньні «Гугла» // Белтэлерадыёкампанія, 16 жніўня 2016 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  23. ^ У Беларусі пераможцы васьмі міжнародных прадметных алімпіядаў маюць ільготы пры паступленьні ў ВНУ // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 сакавіка 2012 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  24. ^ Ала Клюйко. Для ўзьняцьця прэстыжу настаўніцкай прафэсіі // Настаўніцкая газэта. — 5 лютага 2013. — № 14 (7303). — С. 3. — ISSN 1994-1946.
  25. ^ Ірына Асташкевіч. Як стаць пераможцам у ІT-сфэры // Зьвязда. — 24 лютага 2018. — № 39 (28655). — С. 9.
  26. ^ Статыстыка алімпіядаў (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  27. ^ Вынікі МАІ 2017 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  28. ^ Вынікі МАІ 2010 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  29. ^ Вынікі МАІ 2001 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  30. ^ Вынікі МАІ 1999 году (анг.) // Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 2021 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць