Міграцыйны крызіс на граніцы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам (2021)

мігранцкі крызіс у 2021 року

Міграцыйны крызіс на граніцы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам — міграцыйны крызіс у Беларусі, які пачаўся ўвесну 2021 году і зьяўляецца часткай міграцыйнага крызісу ў Эўропе, справакаванага арганізаваным прыбыцьцём імігрантаў з Іраку, Аўганістану і іншых краін Блізкага Ўсходу, а таксама Афрыкі празь беларуска-летувіскую[1][2][3] і беларуска-латвійскую граніцу[4].

Мапа асноўных напрамкаў нелегальнай міграцыі
Прыток мігрантаў у Летуву, справакаваны пагранічным крызісам
Пагранічныя знакі з плотам на летувіскім баку

У 2021 годзе беларускія ўлады перасталі спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваліся ў Эўразьвяз спачатку праз тэрыторыю Летувы, Латвіі, а пазьней таксама і Польшчы. Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Уладзімер Макей прызналі, што падтрымка трансгранічнай перакідкі нелегальных мігрантаў зьяўляецца адказам на санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя праз фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі. Перакідка людзей праз граніцу ажыцьцяўляецца пры актыўнай дапамозе беларускіх пагранічных службаў. Адначасова беларускія ўлады ўвялі нязручнасьці для паездак грамадзян сваёй краіны як на граніцы з Шэнгенскай зонай, так і на беларуска-ўкраінскай граніцы[3][5].

Перадгісторыя рэдагаваць

У 2015 годзе ў Эўропе пачаўся найцяжэйшы міграцыйны крызіс. Асноўны паток ішоў з Сырыі і Аўганістану, значную долю склалі выхадцы з Іраку і Лібіі. Прыкладна 25% прыбылі з афрыканскага кантыненту[6]. Раней у краінах Блізкага Ўсходу і Афрыкі ўспыхнуў шэраг буйных ваенных канфліктаў, якія суправаджаліся цяжкай эканамічнай і дэмаграфічнай сытуацыямі. Некалькі мільёнаў чалавек вымушаныя былі бегчы за граніцу. Асноўны ўдар прынялі на сябе Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Эўропа. Прыток бежанцаў у Прыбалтыку і Польшчу быў мінімальны[7][8].

Частку нелегальных мігрантаў стрымлівалі беларускія пагранічнікі, якія затрымлівалі парушальнікаў яшчэ на сваёй тэрыторыі[9]. На абсталяваньне граніцы з ЭЗ Беларусь атрымлівала эўрапейскія гранты.

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Паводле зьвестак ЦВК рэспублікі, перамогу на іх атрымаў дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка з вынікам 80,08% галасоў. Сьвятлана Ціханоўская, якая была ягоным асноўным канкурэнтам, набрала 10,09% галасоў. Апазыцыя абвясьціла вынікі сфальсыфікаванымі. У Менску й іншых гарадах краіны пачаліся масавыя акцыі пратэсту[10]. Сьвятлана Ціханоўская пакінула Беларусь, знайшоўшы прытулак у суседняй Летуве. Краіны Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку Летува, Латвія і Польшча, падтрымалі беларускую апазыцыю, што пагоршыла іх адносіны з афіцыйным Менскам.

Хада падзеяў рэдагаваць

Увесну 2021 году на фоне пагаршэньня адносін з Беларусьсю (санкцыі і да т. п.) Летува заявіла аб росьце колькасьці нелегальных мігрантаў, якія пачалі пранікаць у краіну празь беларуска-летувіскую граніцу. У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Летуву, па стане на верасень 2021 — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.

Рэагуючы на крызіс, Летува і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. У Летуве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы. Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой. 7 жніўня 2021 году пад ціскам Эўразьвязу і ЗША Ірак прыпыніў усе пасажырскія рэйсы ў Беларусь з-за наплыву нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу з боку Беларусі[11].

30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Летуве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. 6 лістапада, каб спыніць рост колькасьці мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, пастановай МЗС Іраку былі закрыты Генэральнае консульства Беларусі ў Багдадзе і Ганаровае консульства ў Эрбілі. Прычынай закрыцьця дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі стала спрашчэньне візавых працэдур для грамадзянаў Іраку[12].

Да 8 лістапада ў Беларусі, недалёка ад граніцы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Раніцай тысячы людзей рушылі ў бок дзяржаўнай граніцы паблізу пункту пропуску «Брузгі». Не дайшоўшы 300 мэтраў да пераходу, сілавікі накіравалі калёну ў лес. Прэс-сакратар міністра-каардынатар спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын назваў гэта найбуйнейшай спробай сілавога ўварваньня ў Польшчу[13]. Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак паведаміў, што на граніцы нясуць службу больш за 12 тыс. жаўнераў, таксама быў павышаны стан баявой гатовасьці Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы[14]. Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай граніцы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай пагранічнай варты і Мінабароны. А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву граніцы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякер, бярвеньняў, рыдлёвак і абцугоў.

Паводле Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Беларусі ад 8 лістапада, перад польскімі агароджамі на лініі граніцы знаходзілася больш за 2 тыс. уцекачоў[15]. Паводле розных ацэнак польскага боку, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь. 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу. Ад раніцы 9 лістапада польскі бок прыпыніў дзейнасьць пагранпераходу ў Кузьніцы[16]. Летувіскі бок 9 лістапада паведаміў, што ўночы больш за 500 мігрантаў з групы на польскай граніцы былі перакінутыя на беларуска-летувіскую граніцу каля Гародні. У Летуве Кабінэт міністраў узгадніў ўвядзеньне ў памежных зь Беларусьсю раёнах рэжыму надзвычайнага становішча з 10 лістапада на 1 месяц. Неўзабаве пытаньне разгледзіць сэйм[17].

10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць. 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі. 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.

У ноч на 17 лістапада 2021 году Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі разьмясьціў у транспартна-лягістычным цэнтры каля пункту пропуску «Брузгі» (Гарадзенскі раён) палову з 2000 ірацкіх курдаў[18], якія прыбылі да беларуска-польскай мяжы за 9 дзён[19]. 18 лістапада ўсе ірацкія курды са стыхійнага лягеру на беларуска-польскай мяжы перамясьціліся ў транспартна-лягістычны цэнтар з прычыны пахаладаньня. Там Дзяржпамежкамітэт Беларусі забясьпечыў прыбылых іншаземцаў гарачай ежай, цёплай вопраткай і прадметамі гігіены[20].

Наступствы рэдагаваць

Зь 2020-га па 2023 год урад Польшчы закрыў тры з шасьці пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы[21].

10 лістапада 2021 году ўрад Летувы ўвёў надзвычайнае становішча ў раёнах, прылеглых да беларуска-летувіскай мяжы. Пазьней НС пашырылі на ўсе землі Летувы. Увосень 2022 году прастору дзеяньня НС звузілі да памежных раёнаў. 2 траўня 2023 году Міністэрства ўнутраных справаў Летувы паведаміла пра спыненьне НС. Пры гэтым працягвала дзейнічаць экстрэмальнае становішча, што дазваляла вяртаць перасяленцаў у Беларусь[22].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Jacek Raubo (2021-08-05) Białoruś uderza w litewską granicę. Pogranicznicy pomagają imigrantom dostać się do UE? – InfoSecurity24. infosecurity24.pl. Праверана 2021-08-31 г.
  2. ^ Kryzys migracyjny na Litwie. Białoruscy pogranicznicy przy pomocy broni palnej zmuszają ludzi do przekraczania granicy. onet.pl (2021-08-06). Праверана 2021-08-31 г.
  3. ^ а б Nikita Grekowicz (2021-07-27) Łukaszenka zarabia na przemycie ludzi z Bliskiego Wschodu. oko.press. Праверана 2021-08-31 г.
  4. ^ Video footage taken by Latvian border guards show participation of Belarusian militarized units in trafficking of migrants to the border with Latvia. baltictimes.com (2021-08-14). Праверана 2021-08-31 г.
  5. ^ Witold Repetowicz (2021-07-10) Broń „D” i Białoruś — scenariusze dla Polski [KOMENTARZ]. defence24.pl. Праверана 2021-08-31 г.
  6. ^ Миграционный кризис в Европе. Досье ТАСС
  7. ^ OECD: Migration Policy Debates. «OECD» (2015-09). Праверана 2015-10-18 г.
  8. ^ Asylum and first time asylum applicants by citizenship, age and sex Monthly data (rounded). Eurostat (2015-09-02).
  9. ^ Антон Ходасевич. ЛУКАШЕНКО МСТИТ ЗАПАДУ МИГРАНТАМИ // Независимая газета, 3 августа 2021
  10. ^ История акций протеста в Белоруссии против результатов выборов президента // ТАСС, 13 августа 2020
  11. ^ سلطة الطيران المدني سلطة الطيران المدني العراقي (ар.) العراقي عن تعليق Праверана 2021-11-06 г.
  12. ^ Belars’un Erbil ve Bağdat’taki konsoloslukları kapatıldı (тур.) Rûdaw Праверана 2021-11-06 г.
  13. ^ polskieradio.pl
  14. ^ polskieradio.pl
  15. ^ belta.by
  16. ^ Радыё Свабода
  17. ^ Літва зьбіраецца ўвесьці надзвычайнае становішча на мяжы, Радыё Свабода, 9-11-2021
  18. ^ Дзеці гуляюць, дарослыя будуюць хаціны і чакаюць дапамогі: пяты дзень лягера бежанцаў на польскай граніцы // БелТА, 17 лістапада 2021 г. Праверана 28 лістапада 2021 г.
  19. ^ ДПК: бежанцаў прадаўжаюць разьмяшчаць у цёплых памяшканьнях // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 лістапада 2021 г. Праверана 28 лістапада 2021 г.
  20. ^ ДПК: усе бежанцы добраахвотна перамясьціліся зь лягера ў ТЛЦ з-за халадоў // Газэта «Зьвязда», 18 лістапада 2021 г. Праверана 18 лістапада 2021 г.
  21. ^ Дзеяньні польскіх улад могуць прывесьці да калапсу. ДПК аб закрыцьці пункта пропуску «Баброўнікі» // БелТА, 10 лютага 2023 г. Праверана 11 лютага 2023 г.
  22. ^ Летува адмяняе дзеяньне рэжыму НС на граніцы зь Беларусьсю і РФ // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 траўня 2023 г. Праверана 2 траўня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць