Магілёўскі аўтамабільны завод

аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Беларусі
(Перанакіравана з «МаАЗ»)

«Магілёўскі аўтамабільны завод» («МаАЗ») — аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў ліпені 1935 году ў Магілёве. На 2017 год завод вырабляў:

  • самазвалы падвышанай праходнасьці грузападымальнасьцю ад 25 тонаў (МаАЗ-7505) да 50 тонаў (МаАЗ-75035) з рухавікамі ад «Камінс» (Каламбус, штат Індыяна, ЗША; анг. Cummins) і «Яраслаўскага маторнага завода» (Цэнтральная фэдэральная акруга, Расея);
  • будаўніча-дарожныя пагружальнікі МаАЗ-40483 грузападымальнасьцю 8 тонаў;
  • бульдозэры МаАЗ-40489 з магутнасьцю рухавіка 220 кіляват;
  • шахтавыя самазвалы грузападымальнасьцю ад 22 тонаў (МаАЗ-7529) да 50 тонаў (МаАЗ-75850) з рухавікамі ад «Камінс», «Маторна-турбінавага зьвязу Фрыдрыхсгафэна» (акруга Тубінген, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына; ням. Motoren- und Turbinen-Union Friedrichshafen) і «Яраслаўскага маторнага завода»;
  • пагрузачна-даставачныя машыны для падземнай працы грузападымальнасьцю ад 9 тонаў (МаАЗ-4055) да 16 тонаў (МаАЗ-4075) з рухавікамі ад «Камінс», АТ «Дойц» (Кёльн, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына) і «Яраслаўскага маторнага завода»;
  • падземныя аўтобусы МаАЗ-59052 (69 кіляват) і МаАЗ-75292 (190 кіляват)[2].
  • колавыя пары 957-Г-230 для грузавых чыгуначных вагонаў;
  • чыставыя восі РУ1Ш-ОС-В-2 для грузавых вагонаў.
«Магілёўскі аўтамабільны завод»
Тып філіял
Заснаваная 9 ліпеня 1935 (88 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет народных камісараў БССР
Краіна
Разьмяшчэньне Магілёў, Віцебскі прасп., д. 5
Ключавыя фігуры Павал Мініч
Галіна аўтамабільная прамысловасьць
Прадукцыя бульдозэр, пагружальнік, самазвал
Лік супрацоўнікаў 2500 (2015 г.)[1]
Матчына кампанія «БелАЗ» (Жодзін, Менская вобласьць)

Мінуўшчына рэдагаваць

У жніўні 1932 году ў Магілёве (Беларуская ССР) пачалі будаваць дзяржаўны аўтарамонтны завод № 7 (ДАРЗ-7). 9 ліпеня 1935 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову аб пуску завода, які стаў асноўнай рамонтнай базай для бранятанкавых частак Беларускай вайсковай акругі СССР. Таксама завод стаў першым беларускім прадпрыемствам у галіне аўтамабілебудаваньня. Завод меў месячную магутнасьць ажыцьцявіць капітальны рамонт 400 грузавых і легкавых аўтамабіляў марак ГАЗ-А, ГАЗ-АА і ЗІС-6 ды 800 рухавікоў марак «ГАЗ» (Горкі, Расейская СФСР) і «ЗіС» (Масква). У 1938 годзе завод выйшаў на задуманую магутнасьць. 18 кастрычніка 1940 г. Савет народных камісараў СССР зацьвердзіў Пастанову аб будаўніцтве ў Магілёве авіяматорнага завода № 459 на аснове Магілёўскага аўтарамонтнага завода. 25 чэрвеня — 2 ліпеня 1941 г., падчас Нямецка-савецкай вайны, паводле загаду аб эвакуацыі завод вывезьлі ў Куйбышаў (Расейская СФСР), дзе на ім выраблялі авіярухавікі для штурмавікоў «Іл-2». Пасьля адступленьня 28 траўня 1944 году Ўзброеных сілаў Нямеччыны з Магілёва завод вярнулі пад № 795. 11 студзеня 1946 году ўрад СССР выдаў Пастанову аб пераўтварэньні завода ў лякамабільны. У красавіку 1947 году на заводзе вырабілі першы лякамабіль ЧІП-20 (20 конскіх сілаў). У 1949 г. сталі вырабляць лякамабілі П-75 магутнасьцю 75 конскіх сілаў і алівазапраўнікі ГАЗ-51[3]. У студзені 1955 г. пачалі сэрыйны выраб парасілавых установак СТ-100. У лютым 1956 году запусьцілі вытворчасьць вузлоў маставых кранаў грузападымальнасьцю 5 тонаў[4].

 
Скрэпэр «МаАЗ-546П»

У чэрвені 1958 году Магілёўскі завод пад’ёмна-транспартнага абсталяваньня атрымаў вытворчасьць аднавосевых цягачоў МАЗ-529, якую перавялі зь Менскага аўтамабільнага завода (МАЗ). У лістападзе 1959 году выпусьцілі 1-ю партыю самаходных скрэпэраў МаАЗ-546Е-357Г. Пры канцы 1959 году пры заводзе заснавалі футбольны клюб «Тарпэда», які стаў чэмпіёнам Беларусі ў 1982 годзе. 28 сакавіка 1966 г. прадпрыемства перайменавалі ў Магілёўскі аўтамабільны завод (МаАЗ). У сьнежні 1968 г. вырабілі першы самазвальны аўтацягнік МаАЗ-6401-9585 для падземнай працы, за распрацоўку якога канструктары атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР у галіне навукі і тэхнікі. МаАЗ экспартаваў тады аўтамабілі ў 20 краінаў[3]. У лютым 1973 году асвоілі выпуск аўтацягача МаАЗ-546П і самаходных скрэпэраў МаАЗ-546П-Д357П. У 1975 годзе ўвайшоў у вытворчае аб’яднаньне «БелаўтаМАЗ». 1 студзеня 1977 году ўвялі ў дзеяньне лінію дробнага і сярэдняга ліцьця. 29 сьнежня 1978 году — 2-ю лінію сталеліцейнага цэха. У 1979 годзе ўпершыню ў СССР пачалі сэрыйны выраб поўнапрывадных аўтамабіляў-самазвалаў МаАЗ-522А грузападымальнасьцю 18 тонаў. У 1984 г. выйшла на задуманую магутнасьць 1-я чарга сталеліцейнага цэха. У 1989 г. перайшлі на выпуск аўтацягача МаАЗ-6442 і самаходнага скрэпэра МаАЗ-6014. За 1990 год прадпрыемства паставіла ў больш як 30 краінаў звыш 2500 скрэпэраў, што было найбольшым паказьнікам у сьвеце. У 1993 годзе пачалі сэрыйны выпуск пагружальнікаў МаАЗ-4048 і аўтабэтонамяшальнікаў СМБ-049. У 1997 годзе вытворчасьць скарацілася да 37 скрэпэраў. У 2000 годзе выпусьцілі тысячны самазвал МаАЗ-75051[4]. На 2005 г. завод займаў 59 гектараў, зь якіх 18,5 га былі пад будынкамі, і пачаў выраб аўтасамазвала МаАЗ-75032 грузападымальнасьцю 50 тонаў[3]. У 2004 годзе Магілёўскі аўтамабільны завод увайшоў у вытворчае аб’яднаньне «БелАЗ» (Жодзін, Менская вобласьць), філіялам якога стаў у 2006 годзе. У 2015 годзе Магілёўскі аўтамабільны завод налічваў 2500 супрацоўнікаў[1]. У 2016 годзе звыш паловы вырабаў паставілі ў Расею.

Кіраўнікі рэдагаваць

  • М.К. Бамота (1960-я — 1970-я гады; звыш 17 гадоў)
  • А.Бубелеў (красавік 2004 — ?)
  • Павал Мініч

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Найбуйнейшыя заводы Магілёва спынілі працу // Хартыя’97, 9 сакавіка 2015 г. Архіўная копія ад 9 сакавіка 2015 г. Праверана 21 красавіка 2017 г.
  2. ^ Магілёўскі аўтамабільны завод (рас.) // ААТ «БелАЗ», 5 красавіка 2017 г. Праверана 21 красавіка 2017 г.
  3. ^ а б в Аўтамабільны завод ім. Кірава // Магілёўская абласная бібліятэка, 17 лютага 2006 г. Праверана 21 красавіка 2017 г.
  4. ^ а б Сяргей Расолька, Віктар Пазьнякоў. Дырэктар Магілёўскага аўтамабільнага завода Аляксандар Лакіза: «Наша прадпрыемства — нібы той вэлясыпэдыст: пакуль цісьне на пэдалі — едзе, а перастае іх круціць — паваліцца» // Зьвязда : газэта. — 7 ліпеня 2000. — № 123-124 (23974-23975). — С. 3. — ISSN 1990-763x.