Лясная песьня

беларуская патрыятычная песьня 1950 году

«Лясная песьня» — беларуская патрыятычная песьня 1950 году.

«Лясная песьня»
Песьня выканаўцы Ісідара Балоціна і Міхаіла Дзянісава
зь міні-альбому Беларускія песьні
Мова беларуская
«Д—00366»
Напісаная 1950
Выдадзеная 1952
Фармат грампласьцінка
Запісаная 1951
Працягласьць 3:02
Лэйбл Беларускі радыёкамітэт
Аўтар(ы) Адам Русак
Кампазытар(ы) Уладзімер Алоўнікаў
Прадусэр(ы) Рыгор Пукст, Марк Шнэйдэрман

Вобразна апявае разгортваньне партызанскага руху падчас нямецкай акупацыі Беларусі 1941—1944 гадоў. У 1950 годзе верш для песьні напісаў паэт-песеньнік Адам Русак. Словы вершу на музыку паклаў кампазытар Уладзімер Алоўнікаў. У якасьці мэты беларускіх партызанаў песьня падае свабоду роднага краю і яго росквіт у шчасьці. Нацыянальна расьпеўная музыка «Лясной песьні» мае лірычна-задушэўную афарбоўку. У 2014 годзе 1-ы галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» (1987—2006) Міхась Шавыркін адзначыў, што песьня набыла настолькі шырокую папулярнасьць, што стала музычна-паэтычным увасабленьнем сваёй эпохі[1].

У 1952 годзе Беларускі радыёкамітэт выпусьціў песьню на 2-й з дзьвюх грампласьцінак Беларускія песьні. Твор выконвалі народныя артысты Ісідар Балоцін і Міхаіл Дзянісаў, якія былі опэрнымі сьпевакамі Дзяржаўнага тэатру оперы і балету Беларусі. Гуказапіс праходзіў пры ўдзеле хору Беларускага радыёкамітэту пад кіраўніцтвам Рыгора Пукста і Сымфанічнага аркестру Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пад дырыгенцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Марка Шнэйдэрмана[2]. У 2004 годзе рок-гурт «Незалежная Рэспубліка Мроя» ўклаў уласную аранжыроўку «Лясной песьні» ў складанку Генералы айчыннага року.

Ой, бярозы ды сосны —
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты, лес малады!
Толькі сэрцам пачую

Тваю песьню лясную —
Ды ўспомню былыя гады.
Ды ўспомню пажары,
І варожыя хмары,

І завеі халодных вятроў,
І слату, і нягоды,
І начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў.

Край любімы мой, родны,
Ты навекі свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі

Ты ня быў у няволі,
Каб заўсёды ў шчасьці ты жыў.
Адышлі тыя годы,
Адгрымелі паходы.

Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны —
Партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцьці не забыць.

— Адам Русак, «Лясная песьня»

  1. ^ Міхась Шавыркін. Лясная песьня // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2014. — № 110 (27720). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Беларускія песьні // Каталёг савецкі пласьцінак, 9 лютага 2017 г. Праверана 17 студзеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць