Ле́сьвіца тро́ляў (па-нарвэску: Trollstigen) — адно з самых папулярных турыстычных месцаў Нарвэгіі. Знаходзіцца ў паўночнай частцы заходняй Нарвэгіі (рэгіён Вэстлян).

Лесьвіца троляў. Выгляд з назіральнай пляцоўкі.

Лесьвіца троляў зьяўляецца часткай нарвэскай нацыянальнай дарогі RV63, якая злучае месты Ондалснес у камуне Роўма і Валдал у камуне Нордаль у фюльке Мёрэ-ог-Румсдал. Гэтая дарога была адкрытая каралём Гоканам VII 31 ліпеня 1936 пасьля 8 рокаў будаўніцтва. Нават у нашыя дні Лесьвіца троляў можа служыць прыкладам інжынэрнага і канструктарскага мастацтва. Дарога ў час уздыму робіць 11 рэзкіх паваротаў, вышыня ўздыму часам складае 9%. Прыкладна на сярэдзіне ўздыму знаходзіцца мост праз вадаспад Стыгфосэн. На самай вяршыні (858 мэтраў над узроўнем мора) ёсьць вялікая паркоўка і мноства сувэнірных крамак. У некалькіх хвілінах хады ад паркоўкі разьмешчаная аглядная пляцоўка, зь якой адкрываецца від на сэрпантын Лесьвіцы троляў і на вадаспад Стыгфосэн, вышыня якога складае 180 мэтраў.

Месцамі шырыня дарогі не перавышае 3,3 мэтры, таму праезд аўтамабіляў, даўжыня якіх больш, чым 12,4 мэтры, забаронены.

Увосень і ўзімку Лесьвіца троляў зачыненая для праезду. Звычайна гэты ўчастак дарогі адкрываецца ў другой палове траўня і зачыняецца ў кастрычніку, але ў залежнасьці ад надвор’я гэтыя даты могуць карэктавацца.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць