Кіт (фільм, 2022)

фільм 2022 году

«Кіт» (па-ангельску: The Whale) — амэрыканскі псыхалягічны драматычны фільм 2022 году рэжысэра Дарэна Аранофскі. Сцэнар быў падрыхтаваны сцэнарыстам Сэм’юэлам Д. Гантэрам і базуецца на аднайменным спэктаклі 2012 году[6]. Галоўныя ролі выканалі Брэндан Фрэйзэр, Сэйдзі Сынк, Гон Чаў, Тай Сымпкінз і Саманта Мортан. Сюжэт распавядае аб замкнёным, хваравіта атлусьцелым выкладчыку ангельскае мовы, які спрабуе аднавіць стасункі з сваёй дачкой-падлеткам[7]. Прэм’ера фільму адбылася на 79-м Вэнэцыянскім кінафэстывалі 4 верасьня 2022 году. У ЗША абмежаваная прэм’ера ладзілася 9 сьнежня, а на шырокія экраны кінастужка патрапіла 21 сьнежня. Кінакрытыкі падзяліліся ў сваіх адзнаках, але асабліва былі вылучаныя за выкананьне сваіх роляў Брэндэн Фрэйзэр і Гон Чаў. У пракаце «Кіт» назьбіраў 55 мільёнаў даляраў пры бюджэце ў 3 мільёны даляраў. За сваю ролю Фрэйзэр атрымаў сваю першую статуэтку прэміі Оскар як найлепшы актор. Фільм таксама атрымаў прэмію за найлепшы макіяж і фрызуру, а таксама намінацыю Гон Чаў на найлепшую акторку другога пляну.

Кіт
па-ангельску: The Whale
Жанр драматычны фільм[d] і псыхалягічны драматычны фільм[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Заснаваны на Кіт[d]
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Эндру Ўайсблум[d]
Вытворчасьць Protozoa Pictures[d]
Распаўсюд A24[d][1], ADS Service[d][2] і ARP Sélection[d][3]
Дата выхаду 4 верасьня 2022, 11 верасьня 2022[4], 9 сьнежня 2022[4] і 16 лютага 2023[2]
Працягласьць 117 хвіліна[5][3]
Краіна
Мова ангельская мова
Бюджэт 3 000 000 $
Прыбытак 17 233 000 $[1]
Старонка на IMDb

Сюжэт рэдагаваць

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Чарлі (Брэндан Фрэйзэр), хваравіта атлусьцелы выкладчык ангельскай мовы, начытвае ў сеціве курс па напісаньні нарысаў. Пры гэтым ён трымае вэб-камэру вымкнутай, каб схаваць ад студэнтаў свой фізычны стан. Мэдычная сястра і ягоная адзіная сяброўка Ліз (Гон Чаў) заклікае мужчыну наведаць шпіталь, бо бачыць сур’ёзную рызыку пашырэньня сардэчнай недастатковасьці, але Чарлі настойвае, што ня можа дазволіць сабе мэдычную дапамогу. Чарлі таксама пачынае наведваць малады хлопец місіянэр з царквы Новага Жыцьця Томас (Тай Сымпкінз), які хоча выратаваць Чарлі. Акрамя таго, да дзьвярэй героя часта завітвае дастаўнік піццы Дэн (Сат’я Срыдгаран), які пакідае замоўленую ежу ля дзьвярэй і тамака з паштовай скрыні забірае грошы, не сутыкаючыся з Чарлі тварам у твар.

Чарлі спадзяецца аднавіць стасункі з сваёй дачкой Элі (Сэйдзі Сынк), якую ня бачыў восем гадоў. Ён прапануе ёй 120 тысяч даляраў з свайго банкаўскага рахунку, калі яна будзе бавіць зь ім час, не інфармуючы пры гэтым маці. Яна пагаджаецца толькі, калі ён таксама прапануе ёй дапамагчы з нарысам, каб палепшыць адзнакі ў школе. У адказ Чарлі просіць яе пакідаць свае думкі ў сшытку. Чарговым разам пабачыўшы Томаса ў гасьцёх у Чарлі, Ліз злуецца на хлопца і загадвае яму больш не прыходзіць да мужчыны, расказваючы ягоную гісторыю. Выяўляецца, што Ліз была прынятая ў сям’ю пастара царквы Новага Жыцьця, і што Алан, памерлы хлопец Чарлі і ейны брат, скончыў жыцьцё самагубствам, што прымусіла Чарлі бескантрольна есьці ажно да атлусьценьня. Томас па-ранейшаму лічыць, што ягоная місія — дапамагчы Чарлі.

Здароўе Чарлі пачынае хутка пагаршацца, і Ліз прыносіць яму інвалідны вазок, каб ён мог заставацца мабільным. Падчас чарговага візыту Элі падсыпвае дрыму ў ежу бацькі, а пасьля таго як да яго завітвае Томас, дазнаецца ў хлопца, што ён хлусіць наконт сваёй місіі. Томас прызнаецца, што скраў грошы ў сям’і і ўцёк з дому, бо адчуваў быў сябе няздатным. Элі таемна запісвае размову. Праз заклапочанасьць Ліз прыводзіць да Чарлі Мэры (Саманта Мортан), ягоную былую жонку і маці іхняй дачкі. Падчас размовы ўчатырох, Чарлі выкрывае, што мае дастатковую суму на сваім банкаўскім рахунку, які ён плянаваў пакінуць Элі. Ліз злуецца на яго, бо ён хлусіў наконт браку сродкаў на вылекваньне. Апасьля сыходзіць і Элі. Застаўшыся ўдвох, Мэры і Чарлі спрачаюцца аб разбурэньні шлюбу і іхных няўдачах як бацькоў. Высьвятляецца, што Чарлі адмовіўся ад Мэры і Элі, каб жыць з Аланам, што прывяло да разжэнства і аддаленьня ад Элі. Калі Мэры сыходзіць, Чарлі прызнаецца, што спадзяецца, што Элі стане пацьверджаньнем таго, што ён хоць штосьці зрабіў карыснае за сваё жыцьцё.

Падчас звычайнай дастаўкі піццы Дэн упершыню бачыць Чарлі і, палохаючыся, зьбягае. Чарлі ў маркоце пачынае жэрці, а таксама адсылае сваім студэнтам электронны ліст, насычаны патасам, кажучы, што яны ігнаруюць заняткі, і просіць іх напісаць што-небудзь сумленнае. У апошні раз Томас наведвае Чарлі, каб паведаміць яму, што ён вяртаецца дадому дзякуючы Элі, якая знайшла ягоную сям’ю і дапамагла зь імі замірыцца. Ён спрабуе даць Чарлі дараду, але Чарлі незадаволены Томасавай заўвай, што сьмерць Алана зьвязаная зь ягонай гомасэксуальнасьцю.

На наступнай анлайнавай лекцыі Чарлі паведамляе, што яго заменіць іншы выкладчык, бо ягоны ўчынак з электронным лістом не дазваляе яму больш працаваць. Ён зачытвае некаторыя лісты студэнтаў, напісаныя на ягоную замову з асаблівай шчырасьцю. Каб адказаць на іхнюю шчырасьць, ён, нарэшце, улучае вэб-камэру, выкрываючы свой стан, чым шакуе студэнтаў. Ён спакойна гаворыць ім, што адзінае, што мае значэньне ў жыцьці — сумленныя рэчы. Чарлі рэзка сканчвае занятак, кідаючы ноўтбук аб лядоўню. Ліз павяртаецца і суцяшае Чарлі, але ягоны стан усё больш пагаршаецца. Да яго прыязджае Элі, якая ў шаленцтве абражае бацьку, бо той падрыхтаваў ёй дрэнны нарыс. Чарлі гаворыць, што ён проста даў ёй ейны стары нарыс аб Мобі Дыку, які яна напісала яшчэ ў восьмай клясе, бо лічыць яго самым сумленным нарысам, які ён калі-небудзь чытаў. Першапачаткова Элі папракае яго, але Чарлі просіць зачытаць памянёны нарыс уголас. Пакуль дзяўчына чытае, Чарлі ўстае і ідзе да яе без дапамогі, што ён спрабаваў зрабіць, але ня даў рады, падчас першага ейнага візыту. Калі Элі сканчвае чытаньне, яны ўдвох усьміхаюцца адзін аднаму, і Чарлі ўздымаецца ўгару ў яскравае белае сьвятло.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Крытыка рэдагаваць

На агрэгатары аглядаў Rotten Tomatoes фільм мае ўхваленьне ў 64% зь сярэднім рэйтынгам 6,6/10, базуючыся на 332 рэцэнзіях крытыкаў. На іхную думку, фільм распавядае гісторыю суперажываньня, якая змусіць гледача хліпаць. Metacritic надаў фільму сярэднеўзважаныя 60 балаў з 100 магчымых, палягаючы на 57 рэцэнзіях кінакрытыкаў, што сьведчыць пра зьмяшаныя ці пасярэднія водгукі. Паводле зьвестак MovieWeb фільм палярызаваў як крытыкаў, гэтак і аўдыторыю[8]. «Кіт» атрымаў станоўчыя водгукі на Міжнародным кінафэстывалі ў Таронта, асабліва былі ўхваленыя выступы Фрэйзэра, Чаў і Сынк[9]. Па абмежаваным рэлізе часопіс Variety паведаміў, што кінастужка атрымала зьмяшаныя водгукі, а асноўная крытыка тычылася адлюстраваньня ў фільме тлустых людзей[10].

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць