Зямля пад белымі крыламі

нарыс Уладзімера Караткевіча

„Зямля́ пад бе́лымі кры́ламі“ (па-ўкраінску: Земля під білими крилами) — нарыс беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча пра Беларусь. Першапачаткова быў выдадзены ў Кіеве ў 1972 годзе на ўкраінскай мове, а пасьля — і на беларускай.

Зямля пад белымі крыламі
Аўтар: Уладзімер Караткевіч
Мова арыгіналу: беларуская

У нарысе Караткевіч па-мастацку падрабязна расказаў пра Беларусь, ейную культуру, мову, літаратуру, фальклёр і прыроду. У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасьці да 1970-х гадоў, закрануў найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдзкая бітва 1410 году, Люблінская ўнія 1569 году, а таксама іншыя важныя моманты з гісторыі Беларусі[1].

Стварэньне

рэдагаваць

Лёс Уладзімера Караткевіча быў сьцісла зьвязаны з Украінай. Ён правёў у Кіеве некалькі месяцаў у 1944 годзе пасьля ягонага вызваленьня, потым навучаўся ў Кіеўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Т. Р. Шаўчэнкі й працаваў настаўнікам у школе вёскі Лесавічы Тарашчанскага раёну Кіеўскае вобласьці.

Невыпадкова першы варыянт кнігі быў пабудаваны на паралелях двух брацкіх народаў. Нарыс сьпярша пісаўся для ўкраінскіх вучняў старэйшых клясаў і быў выдадзены на ўкраінскай мове ў Кіеве ў 1972 годзе пад назвай «Зямля пад белымі крыламі: Мая Беларусь» (па-ўкраінску: „Земля під білими крилами: Моя Білорусь“) — на ўкраінскую мову з рукапісу пераклалі В. Іскра, Г. Ткачэнка, К. Скрыпчанка, Н. Цішчанка.

На беларускай мове кніга была ўпершыню выдадзена ў 1977 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Беларускае выданьне кнігі — гэта ейна новая рэдакцыя. Яно адрозьніваецца больш ґрунтоўным дасьледаваньнем гісторыі беларускае зямлі, ейнае культуры, мовы й літаратуры, а таксама значным скарачэньнем экскурсаў у гісторыю Ўкраіны.

Рукапіс першага варыянта нарысу захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі з указаньнем даты заканчэньня працы: 12 ліпеня 1971 году[2].

  1. ^ Макарэвіч А. М., Яфімава М. Б., і інш. Уладзімір Караткевіч // Беларуская дзіцячая літаратура / Пад рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. — Мн.: Вышэйшая школа, 2008. — С. 459—481. — 688 с — 3500 ас. — ISBN 978-985-06-1440-7
  2. ^ Зямля пад белымі крыламі. Уладзімір Караткевіч

Літаратура

рэдагаваць
  • Караткевич У. Земля під білими крилами: Моя Білорусь. — К.: Веселка, 1972. — 179 с
  • Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі. — Мн.: Маст. літ., 1977.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць