Рэчыца — места, адзін з гістарычных цэнтраў Панізоўя, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Панарама места. А. Вэстэрвэльд, 1651 г.

Раньнія часы

рэдагаваць
 
Панарама места. А. Вэстэрвэльд, 1649 г.

Існуе меркаваньне[1], што Рэчыца ўпершыню ўпамінаецца пад 1079 годам у паданьні пра Ўваскрасенскую царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі датуюць першы ўпамін 1213 годам, калі паселішча ўпамінаецца ў Густынскім летапісе як горад Чарнігаўскага княства.

У ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Рэчыца знаходзілася ў валоданьні кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У XIV стагодзьдзі за часамі княжаньня Гедыміна Рэчыца далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 1392—1430 гадох яна знаходзілася ў валоданьні вялікага князя Вітаўта, які збудаваў тут умацаваны замак «з хваёвага дрэва». З XV стагодзьдзя места стала цэнтрам староства.

У лісьце ад 30 траўня 1529 году кароль Жыгімонт Стары засьведчыў, што рэчыцкі дзяржаўца Сямён Палазовіч[2]

в той волости нашой Речыцкой своими немалыми наклады чынил и великою пильностью и нелитованьем горла своего, на пустом месте на нас, господаря, замок збудовал и оборонами всякими за свои властныи пенязи тот замок наш вспомог, и который люди, подданные наши тамошнии, для великого нагобанья от неприятелей наших Москвич и Татар и Турков розышлись были розно прочь, он тых подданных наших собрал и место под тым замком осадил.

26 жніўня 1561 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў Рэчыцы рэвізорскую уставу, пацьверджаную 15 траўня 1596 году Жыгімонтам Вазам. Гэтая ўстава ўсталёўвала павіннасьці і правы жыхароў места і часам памылкова разглядаецца як прывілей на Магдэбурскае права. Існуе меркаваньне (на падставе пячаткі гродзкага суду), што ў XVІ стагодзьдзі Рэчыца пачала карыстацца гербам: «у срэбным полі чырвоная двухраговая харугва з Пагоняй на ёй»[3]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Рэчыца стала цэнтрам павету Менскага ваяводзтва. У 1596 годзе места на пэўны час захапілі казакі Налівайкі[4].

 
Плян места. К. Эйгірд, 1663 г.

У 1603 годзе ў Рэчыцы спыняўся будучы губэрнатар адной з брытанскіх калёніяў ў Паўночнай Амэрыцы Джон Сьміт, які пакінуў апісаньне места: Рэчыца — места, разьмешчанае на правым стромкім беразе Дняпра, на самым беразе стаяў замак, які займаў тэрыторыю аднаго гектара, меў пяць вежаў у форме шматграньніку, якія былі пакрытыя стрэшкамі-шатрамі. Замак злучаўся зь местам пад’ёмным мостам. Па-за замкам знаходзіўся Рынак, будынкі магістрату, дамы больш заможных месьцічаў, гасьціны двор. Рынак у Рэчыцы на той час быў вельмі багаты, з бліжэйшых вёсак прывозілі жыта, пшаніцу, мёд, воск, гародніну, мясныя і малочныя вырабы, з замежжа — розныя крамныя рэчы, турэцкую бакалею. Прадаваліся на Рынку мясцовыя вырабы з жалеза. У 1634 годзе ваявода менскі Аляксандар Слушка, які раней быў старостам рэчыцкім, заснаваў тут дамініканскі кляштар і касьцёл Сьвятой Тройцы. Кляштар меў невялікую бібліятэку ў 270 тамоў (у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у 1862 годзе згарэў драўляны касьцёл). З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе казацкія загоны Залатарэнкі спалілі Рэчыцу і замак. Пачаўся заняпад мескіх умацаваньняў. У 1734 годзе Рэчыцкае староства перайшло ў валоданьне Радзівілаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рэчыца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе таксама стала цэнтрам павету Менскай губэрні. На 1825 год у месьце было 325 двароў, дзеялі 4 царквы, працавалі 12 корчмаў, на 1848 год — 445 двароў, на 1862 год — 2 мураваныя і 588 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы, касьцёл, сынагога і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2-клясная жаночая царкоўнапрыходзкая школа і 22 крамы. Праз Рэчыцу праходзіў тракт з Рагачова ў Чарнігаў, існавала паштовая станцыя. Дзеяла прыстань і паромная пераправа праз Дняпро, будаваліся невялікія рачныя судны.

На 1878 год у Рэчыцы дзеялі 3 царквы (1 мураваная), касьцёл і сынагога, працавалі павятовая і царкоўнапрыходзкая вучэльні, лякарня, аптэка. У 1886 годзе празь места прайшлі Палескія чыгункі. На 1904 год — 1414 жылых дамоў, у тым ліку 4 мураваныя, 70 газавых ліхтароў, 3 лякарні, аптэка. 25 і 26 красавіка 1910 году праз Рэчыцу перавозілі мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1914 годзе працавала 8 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку запалкавая фабрыка «Дняпро» і 5 лесапільняў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Рэчыцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Рэчыцу, якая знаходзілася пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі УНР.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Нерэалізаваны праект касьцёла, 1861 год[5]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рэчыца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[6]. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[7]. Тым часам 15 чэрвеня 1918 году Рэчыцу зрабілі цэнтрам Палескай губэрні (з кастрычніка цэнтар перамясьціўся да Мазыра), прытым старастай (губэрнатарам) гетман Украінскай дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы»[8].

1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыца ўвайшла ў склад Беларускай ССР[9], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 6—9 траўня 1920 году Палеская група польскага войска на пэўны час адбіла Рэчыцу ў бальшавікоў[10].

У 1926 годзе Рэчыцу вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1938 году ў Гомельскай вобласьці). 27 верасьня 1938 году Рэчыца атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 28 жніўня 1941 да 18 лістапада 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1964 годзе ў ваколіцах Рэчыцы знайшлі нафту, што паклала пачатак разьвіцьцю нафтаздабыўнай прамысловасьці ў Беларусі. У 1998 годзе тут здабылі 100-мільённую тону нафты.

Сакральныя будынкі

рэдагаваць
  1. ^ Егоров Ю. Градостроительство Белоруссии. — Москва, 1954.
  2. ^ М. А. Ткачоў. Рэчыца. // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя / Рэд.: В. В. Гетаў і інш. — Мінск: БЭ, 1993. С. 553—554
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 228.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 532.
  5. ^ Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Менск, 2011. ISBN 978-985-6825-62-0
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne. Nr. 15.
  8. ^ Метлицька В. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны)
  9. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  10. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 313.

Літаратура

рэдагаваць